Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Кругі на вадзе ад СССР

26.10.2018 политика
Кругі на вадзе ад СССР

Дзяржава намагаецца супрацьстаяць пашырэнню сярод моладзі каштоўнасцей БНР.

“Мы жывем адначасова ў двух гарадах, падваенне асобы зрывае нам дах”, – спяваў некалі Лявон Вольскі ў залатым складзе NRM. Праз 10 гадоў з моманту выхаду альбома “Nul šeść” змянілася многае ў нашай рэчаіснасці.

Гурт NRM распаўся, разляцеўся на аскепкі, якія склеіць наўрад ці магчыма. А вось дыягназ “падваенне асобы”, якім таленавіты Лявон Вольскі ахарактарызаваў стан нашага грамадства, здаецца, стаў выяўляцца яшчэ ярчэй.

29 кастрычніка беларусы згадваюць дзве падзеі, якія падзяляюць грамадства. Адна частка суайчыннікаў носіцца з юбілеем камуністычнага саюза моладзі як з пісанай торбай. Гэтае “свята” дзяржава прапагандуе праз усе магчымыя каналы: установы адукацыі і культуры, дзяржаўныя СМІ і прадпрыемствы.

На некаторыя імпрэзы ў гонар будаўнікоў БАМ-у і “асваіцеляў цаліны” студэнцкую моладзь заганяюць дырэктыўным чынам. У сацыяльных сетках усплываюць раз-пораз фотаздымкі з вечарын, якія праводзяцца ў студэнцкіх інтэрнатах куратарамі з камсамольскім мінулым. У такіх імпрэз і антураж адпаведны: піянерскія горны, барабаны і партрэты правадыроў камсамолу.

Усё гэта нагадвае хутчэй настальгічныя вечарыны “Назад у СССР” у сельскіх клубах альбо трэш-карнавал. На ўбогіх сталах – бутэрброды з паштэтам, пластыкавыя кубачкі і нарэзаныя долькамі апельсіны. Словам, усё тое, што, на думку састарэлых камсамольцаў, сімвалізуе іх яркую маладосць.

Другая дата ладзіцца высілкамі беларускай грамадскасці. Гаворка ідзе пра чарговую гадавіну масавага забойства прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ў 1937 годзе. Тады карнікі НКВД забілі ўзыходзячых зорак беларускай паэзіі, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў. Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар і многія іншыя, без каго беларуская культура была замарожаная на дзесяцігоддзі.

29 кастрычніка з кожным годам прыцягвае ўсё больш увагі з боку беларусаў, якія дбаюць пра захаванне гістарычнай памяці. Калі гадоў 10 таму назад ці не адзінай магчымасцю ўшанаваць памяць бязвінна забітых продкаў было шэсце на Дзяды ў Курапатах, то цяпер у Менску і абласных гарадах праводзіцца столькі мерапрыемстваў, што няма магчымасці нават адсачыць іх, не кажучы ўжо пра ўдзел.

Без падтрымкі дзяржавы грамадзяне ладзяць шэсці, арганізоўваюць прыборкі на могілках рэпрэсаваных, праводзяць вечары памяці і канцэрты-рэквіемы, наведваюць прэзентацыі кніг пра лёсы вязняў савецкіх канцлагераў. Словам, зрухі ёсць.

Дагэтуль застаецца шмат пытанняў, без якіх дасягненне грамадзянскай згоды адносна камуністычнага мінулага немагчыма. Па-першае, архівы беларускіх спецслужб дагэтуль закрытыя для грамадзян. Па-другое, сілавыя структуры дзяржавы працягваюць праслаўляць культ злачыннай арганізацыі НКВД. Па-трэцяе, на дзяржаўным узроўні так і не адбылося асуджэння сталінізма як злачыннай ідэалогіі.

Адметны дыялог адбыўся ў афіцыйным пабліку БРСМ. Адзін з карыстальнікаў наўпрост запытаўся ў лідараў арганізацыі, ці не плануюць пераемнікі камсамолу правесці нейкае асветніцкае мерапрыемства альбо лекцыі наконт масавага забойства беларускіх дзеячаў 29 кастрычніка 1937 года. На гэтае пытанне адказаў цяперашні кіраўнік моладзевага саюза Дзмітрый Варанюк. Ён параўнаў гэтую прапанову з укідам жоўтых СМІ.

Маўляў, “для нас, для саюза моладзі, 29-га – гэта святочная дата і правядзем мы яе з карысцю”. Праз нейкі час кіраўнік БРСМ, праўда, выбачыўся перад тымі, каго закранулі ягоныя паспешлівыя словы пра масавыя расстрэлы ў Беларусі.

Маштабнае адзначэнне 100-годдзя ленінскага камсамолу ў Беларусі – гэта спроба дзяржавы супрацьстаяць пашырэнню сярод моладзі каштоўнасцей БНР. І гэтую спробу, нягледзячы на вялікія фінансавыя ўліванні, цяжка назваць паспяховай. Выглядае на тое, што самі рэалізатары, калі не браць у разлік некалькіх адыёзных таварышаў на міністэрскіх пасадах, не надта вераць у тое, што яны робяць. Таму сёлетняе святкаванне юбілею ВЛКСМ – гэта кругі на вадзе ад камуністычнага тапельца.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]