Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Хунвэйбіны Лукашэнкі

29.10.2018 политика
Хунвэйбіны Лукашэнкі

Не дзіўна, што палітычны рэжым звярнуўся да камсамольскага «досведу».

"Ну вот, со спортом разобрался, остаётся молодёжь и вы получите вечного президента". (З выступу Лукашэнкі 15 мая 1997 года пасля абрання яго прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта).

Афіцыйныя беларускія ўлады і «патрыятычная» грамадскасць краіны 29 кастрычніка рыхтуюцца на шырокую нагу адсвяткаваць стагоддзе камсамола. Гэта маладзёвая арганізацыя савецкага кшталту — цікавая і амаль недаследаваная з крытычнага гістарычнага погляду з’ява. Камсамол і да сёння выклікае шмат дыскусій. Многія ўпэўненыя ў станоўчых момантах камсамала, ягонай ролі ў выхаванні моладзі. Аднак, безумоўна, зразумела адно: камсамол з’яўляўся не грамадскай, а дзяржаўнай структурай са сваёй палітыкай і ідэалогіяй, якія давалі пэўныя вынікі. Таму не дзіўна, што дзейны палітычны рэжым звярнуўся да камсамольскага досведу ў ажыццяўленні ўласнай маладзёвай палітыкі.

Дзейнічаць «прямо»!

Стаўшы прэзідэнтам, Аляксандр Лукашэнка, сам яшчэ не стары чалавек, задаўся аднойчы рытарычным пытаннем: ці мае ён падтрымку сярод, як казалі заўсёды, самай перадавой часткі грамадства — моладзі? Адказ напрошваўся неадназначны. Студэнцкія пратэстныя акцыі супраць лукашэнскаўскіх датацый на хлеб і малако ўвосень 1994 года, мітынг студэнтаў гістфака БДУ супраць рэферэндуму ў маі 1995 года казалі пра тое, што не ўсё ў парадку ў дацкім каралеўстве.

Самай непрыемнай для беларускага прэзідэнта стала «мінская вясна» 1996 года, калі тысячы маладых людзей вышлі на вуліцы сталіцы. Сам Лукашэнка потым публічна прызнаваўся, што «с болью» глядзеў адпаведныя кадры кінахронікі. Мабыць тады беларускі кіраўнік канчаткова схіліўся да вырашэння маладзёвага пытання.

Тым больш, што для гэтага мелася добрая нагода: запланаваны рэферэндум па зацвярджэнні новай рэдакцыі Канстытуцыі, якая давала прэзідэнту практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы.

З лета 1996 года Лукашэнка паступова пачынае гульню з моладдзю. 17 чэрвеня 1996 года ён падпісвае ўказ №215, які тычыўся рэалізацыі першапачатковых захадаў маладзёвай палітыкі, а ў сярэдзіне ліпеня сустракаецца са сваім цёзкам — старшынёй Дзяржкамітэта па справах моладзі Аляксандрам Рыгоравічам Пазняком. У ходзе сустрэчы Лукашэнка ў характэрнай для яго дэмагагічнай манеры шчыра прызнаўся, што «не мыслит» свайго палітычнага лёсу без супрацоўніцтва з моладзю. Лукашэнка таксама выказаў ідэю маладзёвых арганізацый «под одной крышей».

У пачатку верасня 1996 года Лукашэнка сустрэўся са студэнцкім актывам БДУ і запэўніў, што на адукацыю будзе выдзяляцца столькі сродкаў, колькі патрэбна, але для гэтага яму неабходна падтрымка на рэферэндуме.

З мэтай перацягнуць моладзь на свой бок, Лукашэнка ўдала пачаў эксплуатаваць адно з самых вострых пытанняў — жыллёвае. 10 верасня 1996 года ён падпісвае ўказ №358 аб захадах па паляпшэнні жыллёвых умоў моладзі. Паводле гэтага нарматыўнага прававога акта, маладыя грамадзяне і сем’і, якія стаялі на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў, мелі права на атрыманне бязвыплатнага крэдыта (льготная катэгорыя грамадзян) альбо звычайнага крэдыта з наступным пагашэннем яго на працягу сарака гадоў з выплатай 5% гадавых.

Палітычная падаплёка гэтага ўказа была настолькі відавочнай, што гэта не мела патрэбы ні ў якіх каментарах. Тым больш, што з мэтай заваёвы яшчэ большага даверу моладзі праз месяц ва ўказ былі ўнесены змены. Яны тычыліся павышэння ўзроставага цэнзу маладых людзей і сем’яў. Так, маладымі людзьмі лічыліся грамадзяне да 30 гадоў уключна, а маладымі сем’ямі — тыя, у якіх мужу альбо жонцы было да 30 гадоў уключна. Нормы змененага ўказа супярэчылі закону ад 24 красавіка 1992 года, які ўсталяваў узроставы цэнз у 25 гадоў.

Напярэдадні рэферэндуму ўлады 20-21 верасня 1996 года арганізавалі т.зв. Форум моладзі, на якім выступіў прэзідэнт. Лукашэнка не скупіўся на абяцанкі, запэўніваў, што дзяржава забяспечыць выпускнікам гарантаванае працоўнае месца. Лукашэнка таксама праінфармаваў, што па ягонай уласнай ініцыятыве ў новай рэдакцыі Канстытуцыі істотна пашыраны артыкул 32, у якім прапісана, што моладзь мае права на сваё духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё.

Па выніках працы Форуму ў цэнтральных дзяржаўных сродках масавай інфармацыі быў апублікаваны зварот яго ўдзельнікаў пад назвай «Моладзь Беларусі — за стабільнасць і прагрэс». Зварот быў вытрыманы ў адкрыта прапрэзідэнцкім рэчышчы, у ім гаварылася аб недапушчальнасці «выкарыстання моладзі ў ідэалагічных баталіях, палітычным і міжнацыянальным супрацьстаянні» і падтрымцы імкнення «кіраўніцтва рэспублікі знайсці шляхі выхаду» з крызіснай сітуацыі.

Некаторыя найбольш актыўныя прадстаўнікі моладзі ўспрынялі словы Лукашэнкі як кіраўніцтва да дзеяння. Ужо ў кастрычніку 1996 года міністэрства юстыцыі зарэгістравала маладзёвую арганізацыю «Прямое действие», стварэнне якой актыўна лабіяваў адыёзны панславісцкі Славянскі Сабор «Белая Русь». Назва новаспечанай арганізацыі была запазычана ад леварадыкальнай французскай групоўкі, што дзейнічала ў разгар «левага руху» ў 1970 гады і не грэбавала тэрарыстычнымі метадамі. Праўда, у статуце «Прямого действия» не было і намёку на што-небудзь падобнае. Наадварот, гаворка ішла аб жаданні арганізацыі садзейнічаць пабудове на прынцыпах дэмакратыі, патрыятызму і інтэрнацыяналізму «свабоднага, сацыяльна справядлівага грамадства».

Неўзабаве на старонках газеты «Знамя юности» было апублікавана інтэрв’ю з лідарамі «Прямого действия» — студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Усеваладам Янчэўскім і Уладзіславам Фральцовым. Абодва наваяўленых палітычных героя, якім ледзь споўнілася па дваццаць гадоў, паспяшаліся выказаць сваю адданасць прэзідэнту. Так, Янчэўскі, відавочна маючы на ўвазе заўзятага суперніка Лукашэнкі, тагачаснага старшыню Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, крыўдзіўся на тое, што некаторыя «престарелые политики расписываются за молодёжь в её оппозиционности». Cева шчыра прызнаўся, што зрабіў кумірам Лукашэнку пасля таго, як той 14 снежня 1993 года агучыў у Вярхоўным Савеце свой «антыкарупцыйны» даклад.

Уладзіслаў Фральцоў (злева) і Усевалад Янчэўскі. Крыніца: Знамя юности, кастрычнік 1996 года

Ужо 30 кастрычніка 1996 года «Прямое действие» ажыццявіла сваю першую акцыю — пікетаванне (каля 200 чалавек) будынку Вярхоўнага Савета 13 склікання. На мітынгу Янчэўскі зноў паўтарыў сваю пазіцыю: моладзі нібыта абрыдла, што састарэлыя палітыканы выкарыстоўваюць яе ў сваіх мэтах.

Стварэнне «Прямого действия» было негатыўна расцэнена апазіцыяй. У звароце III з’езда Аб’яднанай грамадзянскай партыі да моладзі Рэспублікі Беларусь гаварылася, што гэтая арганізацыя — фашысцкага кшталту, якая будзе абапірацца на гвалт.

Напачатку 1997 года «Прямое действие» налічвала ўжо звыш 400 чалавек. Туды запісваліся не толькі сябры, але і цэлыя сем’і. Захаваліся, напрыклад, уліковыя карткі Валянціна Кучуры (1960 года нараджэння) і ягонага сына Аляксандра (1979 года нараджэння).

Арганізацыя цалкам падтрымлівалася дзяржавай. Напрыклад, у сваім лісце на адрас кіраўніцтва справамі прэзідэнта ад 24 марта 1997 года намеснік Янчэўскага Юрый Салаўёў хадайнічаў аб выдзяленні ягонай арганізацыі партатыўнага кампутара, ручнога сканера, капіявальнага апарата, двух тэлефаксаў і 20 пейджэраў для актывістаў Мінска і Мінскай вобласці. Таксама, «учитывая напряженный график работы с постоянными перемещениями и широкий круг решаемых задач», Салаўёў прасіў аб выдзяленні рэдкай і каштоўнай па тых часах тэхнікі — пяці мабільных тэлефонаў.

8 красавіка 1997 года Янчэўскі падпісаў загад №8-001 аб утварэнні ў складзе «Прямого действия» аддзела адукацыі, спорта і турызму. На наступны дзень асобным указам Янчэўскага ў складзе «Прямого действия» быў створаны абаронна-спартыўны клуб з дзіўнай назвай «Русский белый медведь». На чале клуба стаў Іларыён Банько.

БПСМ

Аднак дні «Прямого действия» былі ўжо палічаныя. Пасля перамогі на рэферэндуме 24 лістапада 1996 года ў Лукашэнкі з’явіліся іншыя планы на моладзь. Ён загарэўся ідэяй стварэння ўплывовай маладзёвай арганізацыі з вялікай колькасцю членаў. Такое рашэнне было прынцыпова прынята на нарадзе ў Лукашэнкі 31 снежня 1996 года з удзелам вядомых Уладзіміра Замяталіна і Сяргея Посахава.

28 лютага 1997 года Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі маладзёвых арганізацый і прапанаваў ім «продумать» арганізацыйную і асноўную ідэю аб’яднання. На думку Лукашэнкі, «костяком» новай арганізацыі павінны былі стаць Беларускі Саюз Моладзі і «Прямое действие». Да іх планавалася далучыць Беларускі нацыянальны камітэт маладзёвых арганізацый, Беларускую асацыяцыю клубаў ЮНЕСКА, Усебеларускі саюз скаўтаў, Лігу добраахвотнай працы моладзі і г.д.

Ідэйную глебу новай арганізацыі павінны былі скласці прадстаўнікі «конструктивно настроенной» моладзі, выхаванай на нормах Канстытуцыі, хрысціянскіх каштоўнасцях, патрыятызму і дзяржаўнасці. Новая арганізацыя, заклікаў Лукашэнка, павінна была не толькі ўшчыльную заняцца рашэннем маладзёвых праблем самага рознага ўзроўню, але і прадставіць «конструктивную» і прывабную альтэрнатыву разбуральным інфармацыйным плыням з Захаду і з Усходу.

Лукашэнка паставіў задачу правесці ўстаноўчы з’езд новай арганізацыі не пазней красавіка-траўня 1997 года i распрацаваць да гэтага часу Статут.

Беларускі Саюз Моладзі выказаў рэзкі пратэст супраць свайго ўключэння ў склад новай маладзёвай структуры. На спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў сакавіку 1997 года яго кіраўнік Даронін заявіў, што кіраўніцтва БСМ адмовілася ўвайсці ў аргкамітэт па стварэнні БПСМ. Даронін матываваў гэта тым, што Беларускі Саюз Моладзі — дастаткова магутная арганізацыя з колькасцю каля 84 тысяч чалавек. Даронін назваў БСМ «стабілізатарам маладзёвага руху». Калі, паводле яго словаў, адміністрацыя прэзідэнта разбурыць гэты «стабілізатар», то атрымае новыя праблемы.

У адказ у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі пачалася дыскрэдытацыя БСМ. У адным з нумароў «Вечернего Минска» ў артыкуле «БСМ на сене КВН» сцвярджался, што Беларускі Саюз Моладзі нібыта адмовіўся спансіраваць (нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць) удзел беларускай каманды ў першай лізе КВЗ.

Неўзабаве Даронін быў вызвалены са сваёй пасады, а на ягонае месца прыйшоў Вайцянкоў. Новы кіраўнік БСМ прапанаваў Лукашэнку адкласці ўстаноўчы з’езд новай арганізацыі да восені і стварыць спецыяльную камісію для выпрацоўкі кампраміснага рашэння.

Цвёрдая пазіцыі БСМ дала сваё плён і Лукашэнка вырашыў пакуль не чапаць яго. Аднак устаноўчы сход новай пралукашэнкаўскай арганізацыі пад назвай Беларускі Патрыятычны Саюз Моладзі адбыўся 20-21 мая 1997 года з удзелам 980 членаў, а таксама самога Лукашэнкі, прэм’ер-міністра Сяргея Лінга, старшыні Савета Рэспублікі Паўла Шыпука і старшыні «палаты прадстаўнікоў» Анатоля Малафеева.

станоўчы сход БПСМ. Крыніца: Знамя юности, май 1997 года.

З’езд аднагалосна абраў першым сакратаром БПСМ Усевалада Янчэўскага. Таксама было зацверджана Бюро ЦК БПСМ у складзе Янчэўскага, студэнта БДУ Юрыя Салаўёва, прэзідэнта рэспубліканскай асацыяцыі міжнародных маладзёвых абменаў і турызму Міхаіла Орды, спецыяліста аддзела па выхаваўчай працы з моладзю Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі Сяргея Дарашэвіча і загадчыка аддзела па справах моладзі Слуцкага гарвыканкама Уладзіміра Шпакоўскага.

Цікава, што прозвішча Фральцова нідзе не фігуравала. Відаць, Севе нейкім чынам удалося пазбавіцца канкурэнта.

Усевалад Янчэўскі падчас устаноўчага сходу БПСМ. Крыніца: Знамя юности, май 1997 года.

У сваім выступе Лукашэнка так наказваў сваім «хунвэйбінам»: «Воспитать гражданина-патриота, одухотворённого идеалами добра и социальной справедливости, способного созидать и творить во имя Отечества. Полем идеологической борьбы сегодня стала каждая школа, каждый ВУЗ, трудовой коллектив. Не редки случаи, когда отдельные преподаватели вузов сами с головой уходят в опасное политиканство и тащат в этот омут учащихся и студентов».

Прэзідэнцкая адміністрацыя сканцэнтравала свае намаганні на беспрэцэдэнтнай падтрымцы БПСМ. Згодна з указам Лукашэнкі ад 10 ліпеня 1997 года, прадстаўнікі БПСМ маглі ўключацца ў склад калегій Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнага камітэта па друку, Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, праўленняў спецыяльных прэзідэнцкіх фондаў, мясцовых органаў улады, а таксама грамадскіх кантрольных камісій па праверцы здачы ўступных экзаменаў. Акрамя таго, БПСМ вылучалася з рэзервовага фонду прэзідэнта 100 млрд руб. для рэалізацыі праграмы маладзёвага жыллёвага будаўніцтва і радыёчастата 101,2 у мэтах стварэння маладзёвай радыёстанцыі.

Нахабства — другое шчасце

Самі бпэсэмаўцы маху не далі. Пра гэта сведчыць аналітычная запіска, датаваная 10 сакавіка 1998 года і складзеная інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. У ёй ішла гаворка пра тое, што члены БПСМ у сценах ВНУ вядуць сябе як гаспадары. У прыватнасці, ультыматыўна патрабуюць выдзялення асобных памяшканняў з тэлефонам, дабіваюцца для некаторых студэнтаў графікаў вольнага наведвання заняткаў, імкнуцца ўбіць клін паміж выкладчыкамі і студэнтамі, ствараюць ажыятаж вакол заяваў аб матэрыяльнай дапамозе. Асаблівую небяспеку, гаварылася ў запісцы, новыя камсамольцы неслі прафасаюзам у навучальных установах. Адчуваючы падтрымку «зверху» (Лукашэнка публічна заявіў, што гатовы перадаць маладзёвай арганізацыі частку прафсаюзных функцый), паплечнікі Янчэўскага агітавалі прафсаюзы ВНУ і іншых навучальных устаноў цалкам уступаць у БПСМ. Натуральна, гэта выклікала адпаведную рэакцыю ФПБ. Яе кіраўнік Уладзімір Ганчарык афіцыйна звярнуўся да Лукашэнкі і заявіў аб недапушчальнасці передачы такіх функцый БПСМ.

На сваю дзейнасць БПСМ імкнуўся атрымаць як мага больш грошаў. Калі на другое паўгодзе 1997 года каштарыс расходаў склаў 5,7 млрд руб., то на 1998 год маладыя лукашысты запыталі ажно 110 млрд руб. са штатнай колькасцю 1131 чалавек. Гэта выклікала рэзкі пратэст міністэрства фінансаў: яно заявіла, што запрошаная сума супярэчыць зместу дакладной запіскі №25/28 ад 5 чэрвеня 1997 года, падпісанай кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Мясніковічам і кіраўніком справамі прэзідэнта Ціцянковым. 10 лютага 1998 года мінфін паведаміў ЦК БПСМ, што выдзяляе 76 млрд руб. Але ў наступным 1999 годзе БПСМ атрымаў ужо 186 млрд руб.

Не забывала пра сябе і вузкае кіраўніцтва — супрацоўнікі ЦК БПСМ. Акрамя высокіх прэмій (ад 120 да 150% ад службовага акладу) яны атрымлівалі надбаўкі — за т.зв. «особый характер работы». Першымі ў такіх спісах нязменна фігуравала святая троіца: Янчэўскі, Салаўёў, Орда. Напрыклад, паводле загада Янчэўскага №111 ад 31 ліпеня 2000 года, яны атрымалі надбаўку ў памеры 25%.

Беларускія «хунвэйбіны» паклалі вока на шматлікія прывабныя будынкі. Так, 31 снежня 1997 года сакратар ЦК па сацыяльна-эканамічных пытаннях Салаўёў у адмысловым лісце Пазняку прасіў пасадзейнічаць аб перадачы БПСМ матэля-кемпінга «Мінскі», кінатэатра «Киев», танцзала «Вильнюс», а таксама базы адпачынку «Верасы» пад Віцебскам. Аднак БПСМ атрымаў толькі базу адпачынку. Моцнае сталічнае бюракратычнае лобі не аддало «хунвэйбінам» каштоўныя будынкі.

«Хочешь быть передовым, сей квадратно, гнездовым»

Адным з характэрных напрамкаў дзейнасці БПСМ стала арганізацыя рознага роду спаборніцтваў і конкурсаў сярод моладзі. Асаблівую ўвагу беларускія «хунвэйбіны» надавалі сельскай моладзі: напэўна, улічвалі аграрнае мінулае свайго куміра. Ужо ў лістападзе 1997 года былі агучаны вынікі рэспубліканскага спаборніцтва сярод школьных брыгад па ўборцы капусты, бульбы і карняплодаў. У спаборніцтве ўзялі ўдзел 14 000 школьнікаў і 496 брыгад. Па афіцыйных звестках, было сабрана 8 тыс. т. бульбы, 300 т. капусты і 12,3 тыс. т. карняплодаў. Першае месца заняла брыгада Курманаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна. Для падвядзення вынікаў было выкарыстана маскоўскае выданне 1978 года «Типовые нормы выработки в полеводстве и овощеводстве».

Грошы налева-направа

Калі БПСМ браўся арганізоўваць нейкае мерапрыемства, то імкнуўся выцягнуць з бюджэту як мага больш грошаў. Пра гэта сведчаць маўклівыя лічбы. Напрыклад, арганізацыя абласнога хакейнага спаборніцтва «Залатая шайба» на базе Гродзенскага лядовага палаца 9-12 сакавіка 1999 года абыйшлася дзяржаве ў 83 млн 830 тыс. руб. У сакавіку таго ж года ў лісце да Пазняка Янчэўскі прасіў узгадніць каштарыс расходаў «по финансированию чествования победителей соревнования среди молодых животноводов» у 1998 годзе ў суме 275 млн руб. Мэта акцыі, адзначаў Янчэўскі, наступная: «Привлечение молодёжи к реализации аграрной политики государства, увеличение производства продукции животноводства, повышение эффективности использования техники и оборудования, поощрение молодых работников сельского хозяйста и популяризация идей БПСМ среди сельской молодежи».

Шмат грошаў ішло на «обучение актива» БПСМ. Так, напрыклад, на вучобу начальнікаў планава-эканамічных аддзелаў, бухгалтараў абласных камітэтаў БПСМ на базе Акадэміі кіравання пры прэзідэнце з 16 па 26 сакавіка 1999 года было патрачана 280 млн руб.

Пры гэтым шмат грошаў марнавалася на абсалютна бессэнсоўныя мерапрыемствы. Так, 16 кастрычніка 1997 года другі сакратар БПСМ Міхаіл Орда падпісаў загад аб фінансаванні Форуму «Молодые политики Беларуси и России — за объединение» (каштарыс не захаваўся). Гомельскі абласны камітэт, паводле загада Янчэўскага ад 22 кастрычніка 1997 года, атрымаў 4 млн руб. на арганізацыю гарадскога вечара «Осенний бал». 28 кастрычніка 1997 года Янчэўскі падпісаў загад аб выдзяленні Брэсцкаму камітэту 5 млн 800 тыс. руб. на правядзенне свята працоўнай моладзі «Мы и наши соседи». Аднак самая вялікая сума (69 млн 445 тыс. руб.) пайшла на «святкаванне» гадавіны рэферэндуму-96.

«Стыль»-прапаганда

Беларускія «хунвэйбіны» імкнуліся пашырыць свой уплыў з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. Неўзабаве БПСМ стаў аднім з сузаснавальнікаў «Знамени юности» і стварыў ўласнае радыё пад назвай «Стыль». У снежні 1998 года Янчэўскі даў радыё ажно 781 млн руб., а ў жніўні 2000 года пісаў кіраўніку справамі прэзідэнта Уладзіміру Ганчарэнку, каб той разгледзіў пытанне аб пашырэнні плошчаў радыёстанцыі.

У студзені 2001 года «Стыль» скалынуў скандал. Ягоная дырэктарка ўзяла хабар памерам 1700 долараў ЗША за істотную зніжку аднаму з бізнесменаў на рэкламу. У ходзе расследвання выявілася, што на радыёстанцыі «хунвэйбінаў» парушалася заканадаўства. 11 чэрвеня 2001 года старшы следчы пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска Каледа дакладваў, што з пачатку года рэальны аб’ём рэкламы істотна перавышаў той, які быў запланаваны дамовамі — 4 млн 684 тыс. руб. Гэта стала магчымым таму, гаварыў Каледа, што з боку кіраўніцтва (Першым сакратаром ужо быў Салаўёў, а Сева пайшоў у дэпутаты) адсутнічаў кантроль над працай «Стылю».

Ідэалогія бізнесу не перашкода

Атрымаўшы дзяржаўныя прэферэнцыі, БПСМ кінуўся ў бізнес. Афіцыйна гэта падавалася як пераход на самаакупнасць. Пры саюзе, як грыбы пасля дажджу, пачалі расці розныя прадпрыемствы: «Торговый дом — молодёжный мир», навукова-вытворчае прадпрыемства «Эксперт» (Брэст), Рэспубліканскі цэнтр экалагічнай асветы моладзі (Нарач).

20 кастрычніка 1997 года лукашэнкаўскія камсамольцы пачалі ўласную буйную фінансавую аперацыю. У гэты дзень Янчэўскі падпісаў загад №60: «В связи с производственной необходимостью и в целях эффективного использования бюджетных средств объявить тендер на закупку оргтехники и сопутствующих ей товаров». На загадзе захавалася ўласная рэзалюцыя Янчэўскага: «Тов. Соловьёву. Под личный контроль. Я.»

Знаёмыя ўсе твары

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваліся асабістыя справы тых, хто працаваў на высокіх пасадах у БПСМ. Сярод іх — скандальна вядомы рэжысёр Юрый Азаронак. Цікавая гэта фігура, Азаронак. Ураджэнец Лепельшчыны, ён у 34 гады паступіў у Акадэмію мастацтваў, скончыў яе на «выдатна» ў 1994-м, а ў наступным годзе стрэліў знакамітым фільмам «Дзеці ілжы» супраць БНФ. Да 1989 года Азаронак працаваў выключна ў вытворчасці. У асабістай справе фігуруюць такія пасады: «слесарь-наладчик», «заготовщик химических фабрикатов», «мастер».

25 лістапада 1998 года Азаронак узначаліў аддзел рэкламы і інфармацыі БПСМ, аднак ужо 5 лютага 1999 года сышоў па ўласным жаданні.

Яшчэ адзін лукашэнкаўскі «хунвэйбін», які папрацаваў у БПСМ, — дзейны намеснік мінстра інфармацыі Ігар Бузоўскі (былі кіраўнік БРСМ, былы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, экс-кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска). У 1989 годзе Бузоўскі паступіў у Навасібірскае вышэйшае вайсковае палітычнае вучылішча. У 1992 годзе быў пераведзены ў Мінскае вышэйшае каманднае вучылічша. З 1993 па 1998 гады Бузоўскі працаваў на выхаваўчых пасадах, а са жніўня 1998 года — другім сакратаром Навагрудскага раённага камітэта БПСМ.

24 лістапада 1999 года Бузоўскі піша заяву аб сваім пераводзе на пасаду дырэктара маладзёвага цэнтра «Юность». Ягоная кандыдатура прайшла шмат узгадненняў: свае візы паставілі сакратары ЦК па ідэалогіі, па сацыяльна-эканамічных пытаннях, сакратар па працы з рабочай і сельскай моладдзю, сакратар ЦК па працы з маладымі навучэнцамі, начальнік арганізацыйнага ўпраўлення, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы.

Неўзабаве пасля другіх прэзідэнцкіх выбараў Салаўёў паведаміў Бузоўскаму, што з 3 снежня 2001 года пасада дырэктара «Юности» скарачаецца. Паводле загада Салаўёва ад 30 лістапада 2001 года, Бузоўскі атрымаў выхадную дапамогу ў памеры сярэдняга трохмесячнагага заробку, кампенсацыю за невыкарастаны адпачынак (45 дзён) і быў такі. Аднак, як паказаў час, Ігар, у адрозненні ад Салаўёва не згубіўся.

Чыё кушаю, таго і слухаю

Канешне, Лукашэнка не збіраўся задарма карміць сваю маладую паству. Яна павінна была адпрацаваць. Першы такі іспыт надыйшоў у сувязі з другімі прэзідэнцкімі выбарамі ў 2001 годзе. 8 чэрвеня 2001 года БПСМ публічна заявіў аб падтрымцы Лукашэнкі. «Хунвэйбіны» распрацавалі, на іх погляд, амбіцыёзны план з назвай «За батьку!». У плане было наступнае: пакватэрная агітацыя (20 000 чалавек), агітацыя ў навучальных і працоўных калектывах. З 1 па 9 верасня БПСМ планаваў правесці акцыю сярод школьнікаў «Поговори с родителями». У кожным раёне ствараліся «летучие отряды» БПСМ з мэтай «срыва агитмероприятий других кандидатов и зачистки оппозиционной агитпродукции».

«Хунвэйбіны» распрацавалі некалькі варыянтаў плакатаў у падтрымку Лукашэнкі.

Присмотрись-ка, молодежь,

Лукашенко всем хорош.

И на должность президента

Нету лучше претендента.

Альбо:

Хутка прыйдзе наша свята,

Хутка прыйдзе слаўны дзень.

За Аляксандра Лукашэнку

Апушчу свой бюлетэнь.

Сама назва БПСМ зараз расшыфроўвалася наступным чыным: «Батьку поддержат самые молодые».

Па стане на 13 ліпеня 2001 года БПСМ сабраў 7184 подпісы за Лукашэнку. У тым жа месяцы Салаўёў паведаміў главе прэзідэнцкай адміністрацыі Мясніковічу і кіраўніку КДБ Ерыну, што БПСМ выставіць 26 тыс. назіральнікаў.

3 жніўня 2001 года БПСМ арганізаваў семінар «Организация работы наблюдателей на участках для голосования» з удзелам першага намесніка Мясніковіча Уладзіміра Замяталіна. Аднак пасля выбараў Лукашэнка адразу прыбраў Замяталіна з палітычнай арэны. А праз год знік і сам БПСМ, які ў верасні 2002 года зліўся з БСМ.

Перад новым БРСМ стаялі новыя задачы па ўмацаванні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і ідэалагічнай апрацоўцы моладзі.

Аляксандр Кур’яновіч, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]