Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзяды пад Віцебскам: каб ахвяры сталінізму не былі забытыя

03.11.2018 общество
Дзяды пад Віцебскам: каб ахвяры сталінізму не былі забытыя

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» наведалі месцы масавых расстрэлаў.

Таксама актывісты усталявалі крыжы з надпісамі пра трагедыю 1930-х гадоў каля перапахаваньняў парэштак расстраляных паведамляе «Радыё Свабода».

Больш не «ахвяры вайны»

На брацкіх могілках

Паводле распараджэньня Мазалаўскага сельсавету, парэшткі ахвяраў сталінізму, знойдзеныя ў 2014-м годзе ў навакольлях вёскі Хайсы, перапахавалі як «ахвяраў вайны» на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна. Ян Дзяржаўцаў, дасьледчык сталінскіх рэпрэсій пад Віцебскам, вырашыў спыніць гэтую недарэчнасьць.

«На месцы перапахаваньня мы ўсталявалі крыж з надпісам „Ахвярам сталінскіх рэпрэсій“. Кожны, хто ўбачыць яго, задумаецца: чаму ахвяры сталінізму пахаваныя разам з загінулымі падчас Вялікай Айчыннай вайны? Таму, што ініцыятары перапахаваньня ўзялі грэх на душу, схлусілі нашчадкам! Наша задача — выправіць несправядлівасьць», — лічыць актывіст.

Крыжы асьвяціў ксёндз Вячаслаў Барок

Два крыжы над адной магілай

З ініцыятывы Яна Дзяржаўцава, крыж з такой самай шыльдай быў усталяваны і на ўскрайку могілак у вёсцы Мазалава: там перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля Хайсоў пазьней, у 2017-м годзе. 22 труны з косткамі закапалі сёлета на гліністым схіле пад крыжам зь няўцямным надпісам — проста «Ахвярам», не вядома, якога часу і якіх падзеяў.

Надпіс на крыжы

Улады абяцалі, што па сканчэньні экспэртызаў, калі высьветліцца праўда, на гэтым месцы будзе памятны знак адпаведнага зьместу. Але час ідзе, а праўду пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясьцінах па-ранейшаму хаваюць.

Два крыжы, зьлева — ананімны, справа — у памяць пра ахвяр сталінізму

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» запісалі на відэа сьведчаньні мясцовых старажылаў, якія памятаюць расстрэлы ў лесе каля вёскі, і перадалі іх раённым уладам. Аднак гэтага аказалася недастаткова, каб засьведчыць асобны статус гэтых мясьцін. Актывісты працягваюць уласныя пошукі, што да лёсаў рэпрэсаваных землякоў.

Трэба адчыніць архівы, каб людзі маглі пакаяцца і памірыцца

У «расстрэльным» лесе ёсьць некалькі крыжоў зь імёнамі загінулых. Вядома, што больш за 100 чалавек былі расстраляныя пад Віцебскам у ноч з 3-га на 4-га лістапада 1937-га году. Сярод іх — шэраг знакамітых мастакоў, талентам якіх не было суджана расквітнець у поўную сілу, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і простыя гараджане.

Ян Дзяржаўцаў выступае каля самаробнага мэмарыялу ў «расстрэльным» лесе

Менавіта гэты дзень актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» вырашылі абвясьціць традыцыйным памінальным днём ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Сёньня тут маліліся і за супакой душаў забітых, і за пакаяньне іхных катаў. У невялікім казаньні да прысутных ксёндз Вячаслаў Барок гаварыў пра неабходнасьць адчыніць архівы КДБ, але ня дзеля помсты. Гэта варта зрабіць дзеля пакаяньня, замірэньня і магчымасьці перагарнуць нарэшце гэтую страшную старонку гісторыі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]