Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Памёр пісьменнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка

10.11.2018 культура
Памёр пісьменнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка

Напрыканцы кастрычніка ў яго здарыўся інфаркт.

9 лістапада 2018 года не стала таленавітага беларускага пісьменніка, драматурга, кінасцэнарыста Уладзіслава Ахроменкі. Пра гэта Радыё Рацыя.

Яшчэ 29 кастрычніка ў Беластоку ў яго здарыўся цяжкі інфаркт.

Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі. Паходзіў з сям’і інжынера завода РТА і выкладчыцы музычнай вучэльні. Вучыўся ў Гомельскай сярэдняй школе № 26 (1972—1978), сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе фартэпіяна (1978—1981), Гомельскай музычнай вучэльні імя Сакалоўскага (1981—1984), Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1984—1989, клас І. Цвятаевай).

Працаваў выкладнікам музычнай школы ў Лоеве, карэспандэнтам часопіса «Крыніца», рэдактарам аддзела часопіса «Бярозка», адказным сакратаром і рэдактарам аддзела газеты «Культура». З 1993 года працаваў па дамовах з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі. Апошнімі гадамі актыўна супрацаваў з Радыё Рацыя. Жыў у Чарнігаве і Менску.

Як пісьменнік працаваў ў вострасюжэтных, запатрабаваных жанрах — дэтэктыў, трылер, альтэрнатыўная гісторыя. Разам з Максімам Клімковічам быў адным з пачынальнікаў у Беларусі жанру кінарамана.

Дэбютаваў апавяданнем (1988 год) у часопісе «Бярозка». Аўтар кніг прозы «Здані і пачвары Беларусі» (1994, у суаўтарстве з М. Клімковічам; пад псеўданімамі Францішак Хлус і Марцін Юр), «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» (кінараман, 2007, сааўт. з М. Клімковічам), «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша» (2009, сааўт. з М. Клімковічам), «Тэорыя змовы» (2011), «Музы і свінні» (2014), п’есы «Русалка Камсамольскага возера» (2010, суаўт. з М. Клімковічам).

Пад псеўданімамі выдаў каля дзвюх соцень камерцыйных раманаў на расейскай мове, некаторыя з іх экранізаваны. Апавяданні, навелы, эсэ Уладзіслава Ахроменкі друкаваліся ў калектыўных зборніках, альманахах і часопісах.

Творы перакладзены на ўкраінскую, чэшскую, расейскую і польскую мовы. Лаўрэат нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў (Мінск, 1977, 1-я прэмія).

Намінаваўся на літаратурныя прэміі «Гліняны Вялес» і прэмію Ежы Гедройця.

У Уладзіслава Ахроменкі засталіся жонка і трое дзяцей.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]