Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларускае слова 2018 году — БНР

07.12.2018 общество
Беларускае слова 2018 году — БНР

Ідэалы незалежнасці трыумфальна вярнуліся ў нашу моўную свядомасць.

Сёлета беларускім „словам году“ і экспэрты Свабоды, і ўдзельнікі народнага галасаваньня ў сетках згодна назвалі БНР. Скарочанае імя Беларускае Народнае Рэспублікі на стогадовы юбілей трыюмфальна вярнулася ў нашу моўную сьвядомасьць. Але як яго вымаўляць?

Капэрта да 80-годзьдзя незалежнасьці БНР. Выданьне Рады БНР

Але перш — што ў іншых мовах

Рэдактары Оксфардзкіх слоўнікаў выбралі ангельскім „словам 2018 году“ прыметнік toxic ‘таксычны’ і патлумачылі, што слова часта ўжывалася і ў пераносным значэньні (сапраўды, таксычным можа быць ня толькі расейскі „Новичок“, але, скажам, інфармацыйны ўкід).

EU vs Disinfo, Seven Commandments of Fake News – New York Times exposes Kremlin’s methods

Рэдакцыя ангельскага слоўніка Колінза на падставе росту частаты ўжываньня назвала сёлетнім словам прыметнік single-use ‘аднаразовы’. Пашырэньне аднаразовых рэчаў шкодзіць асяродзьдзю, — папярэджваюць лексыкографы.

Нямецкае выдавецтва слоўнікаў Langenscheidt вызначыла „моладзевае слова году“. Ім стала пáра Ehrenmann/Ehrenfrau ‘надзейны чалавек (мужчына ці жанчына)’, даслоўна ‘чалавек гонару’, адпавядае „джэнтэльмэну/ледзі“. Гэта цікавы прыклад адраджэньня слова зь мінулых эпох да новага жыцьця: так маладыя немцы назавуць і проста добрага чалавека, які на вуліцы пакарміў коціка.

У онлайн-галасаваньні іншае слова-лідэр: verbuggt. Прыметнік з кампутарнай сфэры, утвораны ад вядомага ангельскага кораня bug — поўны „багаў“, памылак, хібаў, няправільна складзены. Але ў моладзевай нямецкай мове цяпер так скажуць і пра чалавека, які сваімі хібамі стамляе.

Францускія „словы году“ названыя на Festival du Mot — штогадовым Фэстывалі Слова ў Шарытэ-сюр-Люар. Капітула аднагалосна выбрала „словам 2018 году“ femmes ‘жанчыны’ — менавіта ў множным ліку, гэта пра глябальную жаночую супольнасьць, якая сёлета гучна загаварыла. А інтэрнэт-галасаваньне аддало першынство слову métissage ‘мэтысацыя’ — яно і пра зьмяшаньне культураў.

Японскае „слова 2018 году“ — そだね [sodanē], скарочаны варыянт выразу „ўсё так, усё правільна, згода“ — улюбёнае слова японскай каманды кэрлінгістак на сёлетняй зімовай Алімпіядзе. Дзяўчаты ўпершыню здабылі там трэцяе месца, а падтрымлівалі адна адну, жвава шліфуючы лёд, гэтым добрым словам. Нацыянальны камітэт выбару „слова году“ падкрэсьліў яго натуральнасьць у японскай мове, а таксама „лагоднасьць і мяккасьць — тое, чаго сёньняшняй Японіі трэба сама больш“.

У розных краінах яшчэ працягваецца выбар „cловаў году“. Але ўжо з гэтых прыкладаў відаць адметнасьць кожнае мовы і яе культурна-інфармацыйнага поля.

БНР — ПА-ЗА КАНКУРЭНЦЫЯЙ!

У нас жа бясспрэчна і зь вялікім адрывам перамог скарот БНР— прычым і ў галасаваньні ў сетках (ФБ і ВК), і сярод экспэртаў РС (мовазнаўцаў, журналістаў, рэдактараў). На стагодзьдзе нараджэньня нашае новае дзяржаўнасьці імя тае дзяржавы і ў поўным, і ў скарочаным выглядзе вярнулася ў беларускую моўную сьвядомасьць.

Пра асаблівасьці абрэвіятуры БНР — правілы яе чытаньня і значэньне прыметніка народная — юбілейная публікацыя ад 24 сакавіка 2018 году.

Н = „Народная“. Чаму?

9 сакавіка 1918 году Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду абвясьціў Беларусь Народнай Рэспублікай. А чаму менавіта Народнай? Здавалася б, сам лацінскі выраз res publica — ‘справа народная’, ‘рэч паспалітая’ — ужо мае на ўвазе народаўладзьдзе.

Здаецца, першым у нашым рэгіёне формулу Народная Рэспубліка вынайшаў праф. Міхайла Грушэўскі. 20 лістапада 1917 году на ягоную прапанову ІІІ Унівэрсалам Украінскай Цэнтральнай Рады абвешчаная Ўкраінская Народная Рэспубліка. (А яе незалежнасьць — IV Унівэрсалам ад 22 студзеня 1918 г.)

Цягам некалькіх месяцаў на постымпэрскай прасторы былі абвешчаныя яшчэ некалькі Народных Рэспублік: Крымская (13 сьнежня 1917 г.), Кубанская (28 студзеня 1918 г.), пазьней Азэрбайджанская (28 траўня 1918 г.), Заходнеўкраінская (13 лістапада 1918 г.).

Украінскі альгарытм і ўзоры не маглі не ўплываць на беларусаў. Зрэшты, як Грушэўскі, так і многія заснавальнікі БНР левай арыентацыі пачуваліся ўкарэненымі ў народніцкую грамадзка-палітычную традыцыю (для беларусаў гэта група „Гомон“). У трох нашых Устаўных Граматах слова народ, народы і аднакаранёвыя ўжываюцца 44 разы.

І Устаўная Грамата. 21 лютага 1918 г. (Копія)

ІІ Грамата падводзіць да абвяшчэньня Народнай Рэспублікі адпаведнымі словамі:

(...) Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 5–17 сьнежня 1917 року‚ дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіу на яе землях рэспубліканскі лад. Выпауняючы волю Зьезду і баронючы дзержауные правы народу‚ Спауняючы Камітэт Рады Зьезду гетак пастанауляе аб дзержауным устрою Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народау:

1. Беларусь у рубяжох разсялення і лічбеннай перавагі беларускаго народу абвешчаецца Народнаю Рэспублікай. (...)

Рэспубліка парывала з манархіяй, а эпітэт народны меў падкрэсьліваць і народаўладзьдзе, і адначасова суб’ектнасьць беларусаў як нацыі. Народ тут, відавочна, то ўсе жыхары краіны, то беларусы паводле нацыянальнай прыналежнасьці, а народы ў множным ліку — этнічныя групы.

За сваю францускую яны ня мусяць выбачацца

Здавалася б, прыметнік народны на заходнія мовы мусіў перакладацца аднакаранёва з назоўнікам народ — people’s/popular, populaire, volkes...

Блянк пашпарту БНР

Але ў дакумэнтах БНР — у пашпартох, на пячатках, у перакладах афіцыйных лістоў — па-француску дзяржава завецца la République démocratique. Гэтак у дыпляматычным пашпарце ўзору 1919 году з подпісам прэм’ера Антона Луцкевіча, у лісьце да мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы ў траўні 1919 г., у лісьце Вацлава Ластоўскага на імя старшыні Лігі Нацыяў ад 16 сьнежня 1920 г. ды ў іншых дакумэнтах. (Тады яшчэ слова Беларуская перадавалі ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі: ня толькі de Belarous, але і Blanche-Ruthénienne, de la Ruthénie Blanche, de la Russie Blanche і інш.)

Праўда, Мэмарандум для Лігі Нацыяў падпісаны Пётрам Крачэўскім у ролі Le président de la Republique Nationale de la Ruthénie Blanche (Прага, травень 1926 г.). Але так было рэдка.

І па-ангельску таксама дэмакратычная, як у падпісаным А. Луцкевічам у Парыжы калектыўным пратэсьце супраць міжнароднага прызнаньня адм. Калчака ад 17 ліпеня 1919 г. Там White-Ruthenian Democratic Republic. У навуковых выданьнях па-ангельску прыметнік Democratic пасьлядоўна ўжываецца і пасьля ІІ Усясьветнай вайны, калі ангельская стала галоўнаю міжнароднаю моваю сьвету: Jan Zaprudnik. Constituent Charters of the Byelorussian Democratic Republic (пераклад Thomas E. Bird і Jan Zaprudnik, „Запісы“ № 13, 1975). Перадрукаваныя ў „Byelorussian Statehood: Reader and Bibliography“ ў 1988 г.

Старонкі з кнігі Byelorussian Statehood, 1988

Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусі ў 1991 годзе ў навуковых працах зьяўляецца прыметнік Belarusan, і дзяржава называецца Belarusan Democratic Republic (BDR). Гэтак у кнігах „Belarus: At a Crossroads in History“ Яна Запрудніка (1993), „Belarusans in the United States“ Вітаўта Кіпеля (1999) ды іншых. Гэтая назва (з варыянтам Belarusian) і скарот BDR сталі стандартам у ангельскамоўных тэкстах. Часам даюць і BNR — для пазнавальнасьці.

Відавочна, Народная для айцоў-заснавальнікаў Рэспублікі адпавядала паняцьцю δημοκρατία — народаўладзьдзе. Падобна мысьлілі ў іншых новаабвешчаных дзяржавах. У дыпляматычным пашпарце УНР па-француску — La République Démocratique d’Ukraine. Аналягічна ў Азэрбайджане: Нацыянальная рада абвясьціла Azərbaycan Xalq Cümhuriyyəti. Xalq — народ. Але Дэклярацыя Незалежнасьці мела і францускую вэрсію, а там La République Démocratique de l’Azerbaidjan.

Адрасат Кайзэр выбыў — і загучаў фольк

Аднак па-нямецку пісалі іначай. У згаданым дыпляматычным пашпарце БНР ёсьць і нямецкі тэкст: Wir, die Regierung der Weissruthenischen Volksrepublik… (Мы, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі…) — з даслоўным перакладам тэрміну Народная як volks-.

Кайзэр Вільгельм ІІ, адрасат

Чаму ж менавіта на нямецкую пераклад інакшы? У нямецкамоўнай прасторы пасьля сыходу праславутага кайзэра зь яго ліставаньнем зьявіліся дзяржавы з азначэньнем „народная“: Volksstaat Hessen (Народная дзяржава Гэсэн), Freier Volksstaat Württemberg (Свабодная народная дзяржава Вюртэмбэрг), Volksstaat Reuß (Народная дзяржава Ройс) у цяперашняй Турынгіі, урэшце Volksstaat Bayern. Назваю адмяжоўваліся ад манархічнай мінуўшчыны. І яна ня сьведчыла пра камуністычнасьць, адрозна ад прыметніка „савецкая“.

Яшчэ прыклад некамуністычнай народнай рэспублікі ў Цэнтральнай Эўропе — Magyar Népköztársaság, Вугорская Народная Рэспубліка (зь перапынкам зь лістапада 1918 па лета 1919 г.). Каб ня блытаць з пасьляваенным савецкім сатэлітам, яе часьцей называюць Першай Вугорскай рэспублікай, апускаючы прыметнік народная як збыткоўны.

Каб ня блытаць

Так, народныя рэспублікі двух відаў блытаць нельга. За прывабны эпітэт народны ішла барацьба. Ім паляпшалі свой імідж бальшавікі: успомнім хаця б „народных комиссаров — наркомов“ ды „наркоматы“. Назва марыянэткавай „Украінскай народнай рэспублікі Саветаў“ (Харкаў, 25 сьнежня 1917 — 19 сакавіка 1918 г.) відавочна перанятая ад УНР з мэтаю заблытаць грамадзтва і адкалоць ад апошняй тэрыторыю. Гэта была першая ўзурпацыя бальшавікамі тэрміну народная рэспубліка. Пазьней былі Бухарская (1920–1924) і Харэзьмійская (1920–1923) „народныя савецкія рэспублікі“; сатэліты камуністычнай Масквы — Тувінская (1921) і Мангольская (1924) Народныя Рэспублікі.

Ну а пасьля ІІ Усясьветнай вайны вайны азначэньне пашырылася на Цэнтральную і Паўднёвую Эўропу, якую кантраляваў СССР (тут „народнымі рэспублікамі“ пабывалі Альбанія, Баўгарыя, Вугоршчына, Польшча, Румынія, фэдэрацыйная Югаславія). Такія назвы ўжо адназначна перакладаліся на ангельскую і францускую як People’s і populaire ды сыгналізавалі, што дзяржава недэмакратычная і, хутчэй за ўсё, залежыць ад Крамля.

„ДНР“ перакладаюць як „People's Republic“

Менавіта з тымі МНР і „рыфмуюцца“ цяперашнія „ДНР-ЛНР“.

БЭ-ЭН-ЭР — не „дыныры“

Як вымаўляць абрэвіятуру БНР? Зразумела, літара за літарай. Усе яны ў новай беларускай азбучнай традыцыі назваў не мянялі: БЭ-ЭН-ЭР. (Такі фармат назваў — звычайна „выбухны зычны + Э“ і „Э + невыбухны зычны“ — стварылі яшчэ рымляне.) Носьбіты беларускай клясычнай моўнай (і БНРаўскай палітычнай) традыцыі — як Івонка Сурвіла — выразна і пасьлядоўна кажуць Бэ-эН-эР.

То адкуль жа бярэцца вымаўленьне „бэ-нэ-эр“? Яго не патлумачыш імкненьнем да мілагучнасьці: і ў першым, і ў другім выпадку ёсьць зьбег галосных „э-э“. Значыць, cherchez le Russe?

Але і ў расейскім вымаўленчым стандарце, зафіксаваным у слоўніках пад рэдакцыяй культавага Д. Розэнталя, абсалютную бальшыню літарных абрэвіятураў вымаўляюць паводле назваў літараў: ХДС [хадээс], СНЛАД [эсэнэладэ], СФРЮ [эсэфэръю], МНР і ПНР як эМ-эН-эР і Пэ-эН-эР (чатыры апошнія ўжо сталі гістарычнымі). Цягам ХХ стагодзьдзя расейская норма рабіла пэўныя саступкі прастамоўнаму называньню літараў, але толькі для сьвісьцячых С і Ф: ФРГ [фээргэ]. Называць літары для санорных гукаў прастамоўным чынам (як МЭ) у скаротах не дазваляецца. На жаль, у „Арфаэпічным слоўніку беларускай мовы“ 2017 г. (да якога шмат іншых пытаньняў) літарных абрэвіятураў няма ўвогуле.

Каб панізіць статус зьявы, яе называюць прастамоўна. У тым ліку прастамоўнымі, непісьменнымі назвамі літараў. Менавіта таму псэўдадзяржаўныя ўтварэньні жартам называюць, прыкладам, „дыныры-лыныры“. Чытаньне скароту БНР праз „Нэ“ недапушчальнае з гледзішча моўнай культуры (і па-беларуску, і па-расейску!). Высокі статус гістарычнай зьявы БНР не дапускае прастамоўя ў яе называньні.

Толькі БЭ-ЭН-ЭР, а яшчэ лепш не скарачаючы: Беларуская Народная Рэспубліка.

У першай пяцёрцы — „Курапаты“, „незалежнасьць“, „гарадавы“

Пасьля БНР найвышэй у рэйтынгах сетак і журы стаяць наступныя словы: Курапаты; на 3-м месцы або дзедаўшчына/дзядуха, або гарадавы; у пяцёрцы і слова незалежнасьць. У доўгім сьпісе былі таксама словы ґвалт, загон, краўдфандынг, фэмінізм, тойхтоняскача ды іншыя.

Наватвораў няма, усе словы ў мове былі і раней, але актуалізаваліся сёлета праз увагу грамадзтва да значных падзеяў і зьяваў.

Курапаты. Ноч расстраляных паэтаў. 29 лістапада 2018 г.

Прыклад — тапонім Курапаты (пра этымалёгію якога мы пісалі раней). Некаторыя словы крыху зьмянілі або канкрэтызавалі значэньне, як гарадавы (ён стаў мэталічным стодам) і загон (ён стаў БРСМаўскім).

Да сьпісу галасаваньня ўдзельнікі дадалі слова бакханалія. Яго вывеў у лідэры кіраўнік дзяржавы, назваўшы так выбарчую кампанію. Што ж, ён меў рацыю. Бо значэньне слова — ‘распусная і разгульная бяседа’, паходзіць ад імя грэцкага бога віна Вакха/Бахуса (Βάκχος, праз лацінскую Бахус ці Бакхус, ён жа Дыёніс). У нас сустракаюцца абедзьве формы слова — усходняя бізантыйская з В і заходняя рымская з Б (падобна Васіль — Базыль, варвар — барбар). Трохмоўная (беларуска-польска-лацінская) інтэрмэдыя„Бакханалія“ 1725 году — аб прыгодах пана Смаргонскага, зашытага ў мядзьведжую шкуру.

Слова гарадавы нечакана стала актуальным дзякуючы крэатыўнасьці міністэрства нутраных справаў. І слова, і названы ім аб’ект — родам з Расейскай імпэрыі, слова ад прыметніка „городовой“, азначае найніжэйшы паліцэйскі чын у горадзе. На беларускай глебе яно не магло ўзьнікнуць, бо ў нас, па-першае, для ўрбаністычнага паселішча ўжывалася слова места, а па-другое, свае ахоўнікі парадку зваліся іначай. Цікава, што ўжо ў новы час слова для абазначэньня царскага паліцыянта па-беларуску крыху адаптавалася: гарадавік („Наша ніва“, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны). Ці варта яго папулярызаваць замест яўнага і адпаведнага рэаліі русізму гарадавы — шчыра кажучы, ня ведаю.

„Дзедаўшчына“ ці „дзядуха“? Зрэшты, як ні назаві...

Трэцім пры галасаваньні ў сетцы ВК і другім у рэйтынгу экспэртаў стала слова з варыянтамі — дзедаўшчына або дзядуха. Прычына рэзкага росту яго ўжываньня вядомая.

Чаму два варыянты? Спрадвечнае слова дзéдаўшчына ў беларускай мове добрае, станоўчае. У старабеларускай мове дзéдаўшчы(з)на азначала дзедава валоданьне, спадчыну (сынонім — дзедзіна). Значэньне ‘спадчына пасьля дзеда’ засталося і ў сучаснай мове; гэтаксама слова дзедаўшчына азначае ‘дзедаўскі, старадаўні спосаб, звычай’ (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. — Т. 2. — 1978). Яно зьвязанае з словам дзедзіч ‘спадкаемца’.

Суфікс -шчын-а (-чын-а) ставіць слова дзéдаўшчына ў сымпатычны шэраг назваў зьяваў — мінуўшчына, цяпершчына, беларушчына, Айчына, спадчына, старасьвеччына. Падобна па-беларуску ўтвараюцца тапонімы ад імя першапасяленца ці ўласьніка: Мікалаеўшчына, Курасоўшчына, назвы абшараў і краін: Турэччына, Нямеччына, Вугоршчына, Маскоўшчына ўрэшце. Словаў гэтай мадэлі з адмоўнай афарбоўкай няшмат: дарэмшчына, непатрэбшчына.

А слова дзедаўшчы́на ў значэньні нестатутнай сыстэмы гвалту ў арміі прыйшло з расейскай, дзе „дедовщина“ ад „дед“ (вайсковец тэрміновай службы ранейшага прызыву). Яно аднае мадэлі з шматлікімі словамі накшталт белогвардейщина, иноземщина, хлестаковщина, небывальщина і г. д. Расейскія словы з суфіксам -щин-а перадусім абазначаюць „общественно-бытовые явления, идейные течения с отрицательной окраской“ (В. Вінаградаў).

З гледзішча беларускай словаўтваральнай лёгікі дзядуха— больш адпаведная назва гэтай бяды. Яна ў шэрагу назваў рознай немачы — залатуха, жаўтуха, калатуха, сьвярбуха. І, як выглядае, гэтае слова ўжываецца перадусім у Беларусі, а не ў Расеі. Каб жа зьнікла ў ім патрэба.

Вінцук Вячорка, «Радыё Свабода»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2018 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]