Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Яго дасьледаваньні сталі таранам, які прабіў глухую сьцяну»

03.01.2019 общество
«Яго дасьледаваньні сталі таранам, які прабіў глухую сьцяну»

Юры Туронак — навуковец, які сымбалізаваў сабой цэлую эпоху ў беларускай гістарыяграфіі.

На 90-ым годзе жыцьця ў Варшаве 2 студзеня памёр гісторык Юры Туронак.

Юры Браніслававіч Туронак нарадзіўся 26 красавіка 1929 г. у Дукштах (сёньня — Літва) у сям’і дзеяча заходнебеларускага руху. Скончыў Дукштанскую пачатковую школу (1942), вучыўся ў Віленскай гімназіі № 1. Зь перадачай Беласточчыны ПНР апынуўся ў Польшчы (1945), перадае «Радыё Свабода».

Скончыў Галоўную школу плянаваньня і статыстыкі ў Варшаве (1952). Працаваў ў Польскай Замежнагандлёвай палаце, дасьледуючы каньюнктуру міжнароднага хімічнага рынку, працаваў у Эўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэнэве.

Гістарычнымі дасьледаваньнямі займаецца з пачатку 1960-х. Доктар гісторыі (1986).

Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне» (1976), «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (шэсьць выданьняў: 1993-2007), «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі» (1992, 2007), «Людзі СБМ» (2006), «Мадэрная гісторыя Беларусі» (2006).

«Першым пачаў казаць праўду пра пэрыяд акупацыі»

Зянон Пазьняк, палітык, грамадзкі дзяяч, археоляг, мастацтвазнавец:

«Сумная вестка.

Гэты быў сапраўдны навуковец, які вельмі аб’ектыўна, з усіх бакоў, стараўся падысьці да гістарычных падзеяў, зьяваў і фактаў. Такі быў ягоны крытэр — аб’ектыўнасьць.

Мы неаднойчы зь ім размаўлялі, і ён казаў, што дасьледчык, сапраўдны дасьледчык, не павінен паддавацца прапагандзе, ён абавязаны шукаць праўду.

Менавіта Юры Туронак быў першым у беларускай гістарычнай навуцы, хто пачаў казаць праўду пра пэрыяд акупацыі 1941-44 гадоў. Ягоныя працы пазбаўленыя бальшавіцкіх фантазіяў у стылі кінафільму „Руіны страляюць...“

Гэта быў сапраўды глыбокі дасьледчык, які зрабіў вялікі ўнёсак у беларускую гістарычную навуку».

«Яго дасьледаваньні сталі таранам, які прабіў глухую сьцяну»

Алесь Пашкевіч, гісторык:

«Юры Туронак — навуковец, які сымбалізаваў сабой цэлую эпоху ў беларускай гістарыяграфіі. Так, менавіта ў беларускай, хоць сам Туронак — так ужо сталася — ніколі ня жыў у Беларусі і ня быў беларускім грамадзянінам. Але Беларусь была ягонай духоўнай радзімай, і беларуская мова была ягонай роднай.

Юры Туронак ня быў гісторыкам паводле адукацыі, але стаў ім паводле пакліканьня. Ён сваім прыкладам давёў, што фармальныя „корачкі“ для прафэсіянала — справа важная, але не вырашальная. Жыцьцё ж нават у сацыялістычнай Польшчы давала куды больш магчымасьцяў для правядзеньня аб’ектыўных навуковых дасьледаваньняў, чым у БССР. Дый дыяпазон тэмаў, магчымых да разгляду, быў там куды шырэйшы.

Туронак актыўна заняўся тымі праблемамі, якія ў БССР было фактычна немагчыма нармальна распрацоўваць да самага краху камуністычнай імпэрыі — гісторыяй беларускага нацыянальнага руху і гісторыяй Беларусі ў гады Другой усясьветнай вайны.

І так сталася, што асноўныя ягоныя працы выйшлі ў самы адпаведны час, у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі ў Беларусі ўздымалася хваля нацыянальнага адраджэньня. Дасьледаваньні Юрыя Туронка былі на той час настолькі наватарскія і грунтаваліся на настолькі арыгінальных крыніцах, што іх проста нельга было ігнараваць. У пэўнай ступені яны сталі таранам, які прабіў глухую сьцяну. Пісаць пра тую самую нямецкую акупацыю Беларусі так, як гэта рабілася раней, для сур’ёзных і сумленных дасьледчыкаў пасьля працаў Туронка стала проста немагчыма.

Са сьмерцю Юрыя Туронка, які ў апошнія гады цяжка хварэў, асірацела беларуская дыяспара ў Варшаве, для якой ён быў адной са знакавых асобаў. Цяжкая страта гэта і для беларускай гістарыяграфіі. Але сышоў ад нас толькі чалавек. Працы ж навечна застаюцца з намі. Яны актуальныя і празь дзесяцігодзьдзі. І яшчэ доўга будуць».

«Беларусь страціла свайго вернага сына, даробак якога недаацэнены і неацэнны»

Валер Булгакаў, філёзаф, галоўны рэдактар часопісу «АРХЭ»:

«Памёр найлепшы беларускі гісторык з Польшчы.

Вялізны том „Мадэрная гісторыя Беларусі“ Юркі Туронка, які мы выдалі першым выданьнем у 2006 тысячным накладам, разьляцеўся за год без астатку. Давялося тэрмінова рабіць дадрук.

Гэта адна з пасьпяховых кніг, якія нам давялося выдаць. Чаму?

Мой прыватны адказ такі: гістарыяпісаньне Туронка можна параўнаць зь яздой на сьвежым „Мэрсэдэсе“: грунтоўна, багата і незабыўна. Нашы людзі не дурныя: яны рублём галасавалі за найлепшыя кнігі.

Рыхтуючы том, мне даводзілася ня раз бываць у аўтара ў яго кватэры на вуліцы Тамка ля Новага сьвету.

Ясны розум, сьветлыя, дапытлівыя вочы. Беларусь страціла свайго вернага сына, даробак якога недаацэнены і неацэнны».

«Чалавек-Інстытут»

Андрэй Катлярчук, гісторык, Стакгольм:

«Юры Туронак быў Чалавек-Інстытут.

Паводле адукацыі эканаміст, ён зацікаваўся беларускай гісторыяй у камуністычнай Польшчы, маючы больш за 50 гадоў.

Выдадзеная ў 1993 годзе ў Менску ягоная доктарская манаграфія „Беларусь пад нямецкай акупацыяй“ стала адкрыццём для чытачоў. Так пра вайну ў Беларусі яшчэ ніхто не пісаў.

Наступнай яскравай яго працай стала кніга пра Вацлава Іваноўскага.

Для спадара Туронка беларуская мова была роднай і любімай нягледзячы на тое, што ён ніколі ня жыў у БССР ці незалежнай Беларусі. Апрача беларускай ён вольна валодаў літоўскай, польскай і нямецкай — узорны набор гісторыка нашых абшараў Эўропы.

Доўгі зямны шлях спадара Туронка скончыўся ў Польшчы, але ягоная спадчына належыць Беларусі. Падарожжа навукоўца замацавала за ім пачэснае месца сярод найлепшых інтэлектуалаў Бацькаўшчыны».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]