Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

У Гомелі пройдзе канцэрт да 200-годдзя Станіслава Манюшкі

04.02.2019 культура
У Гомелі пройдзе канцэрт да 200-годдзя Станіслава Манюшкі

Канцэрт пройдзе 27 лютага ў Белай гасцінай палаца Румянцавых і Паскевічаў.

У Белай гасцінай палаца Румянцавых і Паскевічаў 27 лютага адбудзецца канцэрт «Жыццё ў песні. Старонкі «Хатняга спеўніка» Станіслава Манюшкі, прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара, паведамляе nashkraj.info.

Найлепшыя песні са знакамітага цыкла «Хатні спеўнік» Станіслава Манюшкі прагучаць у выкананні выдатных салістаў Вялікага тэатра Беларусі – лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ірыны Кучынскай (сапрана) і Іллі Сільчукова (барытон), а таксама шматгадовага папулярызатара гістарычнай музыкі і архіўных знаходак – ансамбля салістаў «Вытокі» пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў, фагатыста і дырыжора Аляксея Фралова.

Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх.

Гэтай унікальнай праграмай, якая ўсебакова ілюструе жыццё вялікага кампазітара-рамантыка, музычны свет Беларусі распачынае серыю канцэртаў і іншых мерапрыемстваў на шляху да 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі, які будзе адзначацца 5 мая 2019 года.

Праграма заснавана на важнейшай і, мабыць, самай асабістай грані творчасці Манюшкі – зборніках песень, якія аб’яднаны аўтарам пад сімвалічнай назвай «Хатні спеўнік». З яго старонак можна пачуць і думкі самога класіка, і пабычыць кола яго сяброў, геаграфію вандраванняў, адчуць увесь спектр эмоцый кампазітара. Песні прызначаліся да хатняга ўжытку на розныя акалічнасці штодзённага жыцця чалавека. Іх галоўная мэта – адпавядаць розным настроям і патрэбам сэрца, менавіта таму здзіўляе вельмі багатая іх разнастайнасць. Манюшка з адданасцю пісаў прыгожыя, запамінальныя мелодыі на вершы выдатных паэтаў, сярод якіх Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Каханоўскі, Юзаф Крашэўскі і інш. З вялікага збору «Хатняга спеўніка» (некалькі сотняў песень) – у праграме канцэрта прагучаць самыя характэрныя для творчасці аўтара.

Калі: 27 лютага а 19 гадзіне

Дзе: палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, Белая гасцёўня

Кошт квітка: 5 руб.

Куратар праекта – старшы навуковы супрацоўнік Алена Пятроўна Курцянок

Даведкі па тэлефонах: 70-33-41, 75-80-93

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2019 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]