Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

За грошы беларусаў нам вешаюць чужую прапагандысцкую лакшыну

23.02.2019 политика
За грошы беларусаў нам вешаюць чужую прапагандысцкую лакшыну

Вынікі маніторынга прарасейскай прапаганды.

Згодна апублікаваным дадзеным маніторынга прарасейскай прапаганды, выкананага экспертамі БАЖ, працэнт перадач расейскай вытворчасці на тэлеканалах, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет, складае ад 14 % (тэлеканал “Беларусь-2) да 100% (тэлекампанія “МІР”).

Няцяжка здагадацца, што працэнт “расейскацэнтрычных” праграм, якія дэманструюцца ў прайм-тайм, таксама надзвычай высокі – ад 40% да 60%. Такім чынам, можна канстатаваць, што незалежная беларуская тэлевізійная прастора – гэта ўмоўнасць. Гэта тым больш дзіўна, што дзяржаўныя тэлеканалы фінансуюцца наўпрост з дзяржбюджэта, то бок за грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў.

Атрымліваецца, за грошы беларусаў нам вешаюць чужую прапагандысцкую лакшыну. Нягледзячы на абяцанні чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі і кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў адносна павелічэння эфірнага часу за кошт уласна беларускай ТВ-прадукцыі, на практыцы справы выглядаюць інакш. Аўтары маніторынга прапаганды заўважаюць, што на тым жа тэлеканале “Беларусь-1”, дзе сітуацыя параўнальна не найгоршая, расейскіх перадач у прайм-тайм транслюецца каля 38% ад агульнай колькасці перадач.

Але ўжо калі мы возьмем пад увагу расейскія серыялы, то яны займаюць каля 68% эфірнага часу. Адпаведна, падсумоўваюць даследчыкі, можна казаць пра дамінаванне расейскага кантэнту на гэтым тэлеканале. Аўтары маніторынга слушна далучылі да прыхаванай прапаганды забаўляльныя шоу і расейскія серыялы.

Гэтая прадукцыя, хоць наўпрост і не расстаўляе сэнсавыя акцэнты ў важных палітычных і геапалітычных пытаннях, але істотна спрычыньваецца да фармавання расейскацэнтрычнага светапогляду гледачоў. У выніку аўдыторыя такіх тэлеканалаў перастае разглядаць Беларусь як самастойны суб’ект міждзяржаўных адносін, больш цікавіцца ўласна расейскім парадкам дня.

Спажывец такой інфармацыі лепей абазнаны ў ракіроўках ва ўрадзе РФ, ведае прозвішчы губернатара Навасібірскай вобласці, але наўрад ці назаве без дапамогі “гугла” хаця б некалькіх міністраў беларускага ўраду. У беларусаў фармуецца калектыўны комплекс “вывучанай бездапаможнасці”, калі ім бясконца даводзяць тое, што нашая “маленькая краіна”, якая не мае багатых радовішчаў карысных выкапняў, не пражыве без “старэйшага брата”.

Прадстаўлены незалежнымі экспертамі маніторынг расейскай прапаганды паказвае, што заявы высокапастаўленых чыноўнікаў пра неабходнасць абароны інфармацыйнай прасторы – гэта толькі словы, не падмацаваныя рэальнымі дзеяннямі. У той жа час улады не даюць акрэдытацыю тэлеканалу “Белсат” і “Беларускаму Радыё Рацыя”, якія ў істотнай форме маглі б ураўнаважыць дысбаланс дэструктыўнага знешняга інфармацыйнага ўплыву. Прычына, паводле якой кіраўніцтва Беларусі, супрацьдзейнічае легалізацыі замежных беларускамоўных СМІ відавочная: незалежныя СМІ ажыццяўляюць не толькі ахоўную функцыю (клапацяцца пра бяспеку дзяржавы), але і папулярызуюць дэмакратычныя стандарты, да чаго яўна не гатовыя беларускія чыноўнікі.

Мікола Бянько, Радыё Рацыя

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]