Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Выйшаў першы студыйны альбом Віктара Шалкевіча

26.03.2019 культура
Выйшаў першы студыйны альбом Віктара Шалкевіча

Гэтай падзеі прыхільнікі гарадзенскага музыкі чакалі 15 гадоў.

Віктар Шалкевіч запісаў студыйны альбом новых песень ды яшчэ ў поўным гуку. Рэліз выйшаў падвоеным з 14 гітамі выканаўцы ў дадатак, паведамляе nn.by.

Пра свой намер наведаць студыю, каб запісаць альбом Віктар Шалкевіч абвесьціў яшчэ пяць гадоў таму. Але далей за прэзэнтацыю канцэртных вэрсіяў новых песень справа за гэты час так і не даходзіла. Папярэднія два альбомы гарадзенскага барда «Шчасьлівая сямёрка» (2010) і «Гарадзенец прызямліўся ў Менску» (2006) таксама ўяўлялі зь сябе канцэртныя запісы. І вось нарэшце на 60-годзьдзе музыкі пабачыў сьвет падвоенны CD «Такая доўгая зіма» з новымі запісамі і даўнімі гітамі. Усяго ў рэліз увайшло 33 трэкі — 9 зь іх зусім новыя, якія запісваліся ў студыі кляштару ў Баранавічах. Да кожнага зь іх музыка запісаў яшчэ прадмову. А ў другі дыск увайшло 14 абраных гітоў Шалкевіча, якія ў свой час былі запісаныя і зьведзеныя ў студыі «Радыё Беласток». Адмыслова да прэзэнтацыі на TuzinFM аўтар альбому падрыхтаваў прадмову.

- Хіба гады з паўтары таму да мяне падышоў вядомы гарадзенскі журналіст, грамадзкі дзеяч і проста харошы чалавек, Павал Мажэйка, дырэктар Цэнтра гарадзкога жыцьця ў Гародні, і запрапанаваў мне да майго 60-гадовага юбілею выдаць альбом…

Альбом запісваць вельмі цяжка. Арганізацыйных пытаньняў больш, чым творчых адказаў — зь кім, калі, дзе, за якія грошы, што, хто будзе рабіць вокладку, дзе друкаваць дыскі, ці добра сыграе той ці гэты? Але грошы знайшліся, і якраз на дзевяць песень…

З вопыту працы над папярэднімі альбомамі ведаеш адно — важна ўсіх пазьбіраць, сустрэць, напаіць, накарміць, прымусіць зайграць тое, што ты хочаш, з другога ці трэцяга дублю, аддаць ганарар, пасадзіць на бліжэйшы цягнік ці ў аўтобус і адправіць дахаты.

Тое, што ты там насьпяваеш — гэта на апошнім месцы … Галоўнае — калектыў…

Ёсьць у файным горадзе Баранавічы пры кляштары айцоў вэрбістаў студыя гуказапісу, стварэньне якой дабраславіў сам кардынал Казімір Сьвёнтак, а парадку там пільнуе Вечаслаў Банкевіч, Слава, вельмі чуйны музыка і выдатны гукарэжысэр. Зь ім мы згаварыліся, што будзем працаваць, і Слава ўзяў на сябе адказнасьць за музычны бок, тым больш што ў яго меўся цэлы сьпіс харошых студыйных баранавіцкіх музыкантаў, сяброў і знаёмых.

Вось мы і запісалі дзевяць твораў, і атрымаўся альбом. Альбом падвойны — апрача новых песень, на другім дыску сабраныя чатырнаццаць найлепшых старых балядаў…

Канцэпцыя ягоная ў ім жа і выкладзена — перад кожнаю песьняю я распавядаю, чаму яна і нашто яна.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2019 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]