Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

У Менску ўручылi прэмію імя Міхала Анемпадыстава

07.04.2019 культура
У Менску ўручылi прэмію імя Міхала Анемпадыстава

Прэмію атрымаў мастак з Санкт-Пецярбургу Грыгорый Кацнэльсон.

Прэмію атрымаў мастак з Санкт-Пецярбургу Грыгорый Кацнэльсон, які зрабіў вокладку да беларускага перакладу «Віленскага покера» Рычарда Гавяліса. Сябры журы адзначылі ягоную працу за сьвежы погляд на кніжны дызайн, паведамляе «Радыё Свабода».

Цырымонія ўручэньня прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Пераможцу абвяшчаюць паэт Адам Глобус і старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай.

Грыгорый Кацнэльсон — мастак, графік, афармляе кнігі ўласнага выдавецтва «Асф-АльтЪ ИЗДАТ», як ілюстратар супрацоўнічае з піцерскім часопісам «ЧИЖ И ЁЖ» ды іншымі выданьнямі. Падчас працы над вокладкай да «Віленскага покера» ён стварыў шэсьць мастацка-графічных варыянтаў, творы экспанаваліся на фэстывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». За яго прэмію атрымаў выдавец Ігар Логвінаў.

Паэт Адам Глобус і старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай і кнігавыдавец Ігар Логвінаў

«Гэта самая "анемпадыстаўская" вокладка, — адзначыў паэт Адам Глобус падчас абвяшчэньня пераможцы. — Міхалу б яна вельмі спадабалася».

Цырымонія ўручэньня прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Паэтка, перакладчыца, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай.

На прэмію намінаваліся больш за 60 кніг, фіналістамі сталі:

Анатоль Лазар — Чарльз Букоўскі «Чытво», выдавецтва «Логвінаў»;

Аляксандр Лучына — VEHA «Найлепшы бок», выдавецтва «Янушкевіч»;

Арцём Масюкевіч — Сьвятлана Алексіевіч «Галасы Утопіі», выдавецтва «Логвінаў»;

Агата Пойзан — укладальніца Алена Лапцёнак «Вясна 2017», праваабарончы цэнтар «Вясна»;

Анастасія Стальмахова — Вольга Шпарага «Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии», выдавецтва Медысонт;

Святлана Татарнікава — Уладзімір Ягоўдзік, Павел Татарнікаў «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка: беларускія народныя казкі», выдавецтва «Медыял»;

Сяргей Шаматульскі — Павел Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе», Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», выдавецтва «Логвінаў»;

Уладзіслава Юрчанка — Антон Кулон «Сіняя кніга беларускага алькаголіка ПЛЮС», выдавецтва «Галіяфы.

У журы ўвайшлі пісьменьнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнэр Уладзімір Цэсьлер, пісьменьнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнэрка Алена Дашкевіч, дызайнэр Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.

Цырымонія ўручэньня прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Кіраўнік Саюзу дызайнэраў Беларусі Зьміцер Сурскі.

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава заснаваная сёлета ў памяць пра дызайнэра, паэта, фатографа, культуроляга, які пайшоў з жыцьця год таму. Ініцыятыва адзначаць найлепшую кніжную вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнэраў і «Лятучым унівэрсытэтам», а таксама польскім партнэрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура». Генэральным партнэрам выступіў незалежны тэлеканал «Белсат», прэмія ладзіцца ў межах грамадзкай кампаніі «Беларускамоўныя».

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2019 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]