Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вольга Севярынец: Такое ўражанне, што нам дапамагаюць усе навокал

12.04.2019 политика
Вольга Севярынец: Такое ўражанне, што нам дапамагаюць усе навокал

Жыццё сям'і апазіцыйнага лідэра.

«Паўлу Севярынцу далі 15 сутак. 18 красавіка ў яго яшчэ адзін суд па такіх жа пратаколах… А ўчора Францішак пайшоў», — напісала Вольга Севярынец пасля суда па Курапатах. Заставацца адной з маленькім сынам жонцы палітыка даводзіцца не ўпершыню. Праўда, лягчэй ад гэтага не становіцца. «Вельмі сумую», — прызнаецца яна. Nn.by паглядзела, як праходзяць дні Вольгі і Францішка, пакуль іх мужа і тату па абсурдных прычынах трымаюць за кратамі.

«Калі Пашы няма, жыццё заціхае»

Гэты пахмурны ранак для Вольгі пачаўся нервова. Незнаёмы напісаў ёй, што Паўла, моцна збітага, толькі што прывезлі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, што быццам ён пад кропельніцай і без прытомнасці. Раней Вользе такіх паведамленняў ніколі не слалі. Таму спачатку сэрца ледзь не спынілася ад боязі за мужа, і толькі пасля ў галаву прыйшла здагадка, што гэта — фэйк.

Нарадзіўся ў 1976 годзе ў Оршы. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту». Былы палітвязень. Неаднаразова прысуджаўся да адміністратыўных арыштаў.

У 2005 годзе быў асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасля рэферэндуму-2004. Пакаранне адбываў на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна ў Полацкім раёне.

У 2011 годзе быў асуджаны за ўдзел у Плошчы-2010. Адбываў пакаранне ў Пружанскім раёне.

***

…На тумбачцы ў пярэднім пакоі — букецік з засушаных кветак і вясельнае фота Севярынцаў. Вольга заварвае каву, а маленькі Францішак гартае любімую кнігу — «Першую Біблію».

— Такое ўражанне, што нам дапамагаюць усе навокал, таму што шмат сяброў адразу адгукнуліся, — дзівіцца Вольга. — Матулі актывізуюцца, канечне, сястра мая таксама. Ну і Францішак такі хлопчык харошы, што мы з ім удвух спраўляемся, ён паслухмянае малое.

Жанчына прызнаецца: калі муж на сутках, самае складанае — чакаць.

— Гэтыя дні адрозніваюцца тым, што няма сэрца сямейнага. Звычайна, калі Паша дома, то ў нас вячэры супольныя, абмяркоўваем, чаму новаму Францішак навучыўся, разам чытаем Біблію. Удзень чакаем тату, пірагі пякуцца — жыццё віруе. А калі Пашы няма, яно заціхае і ўсё сканцэнтравана да дня, калі яго будуць вызваляць.

Цяпер замест пірагоў Вольга рыхтуе перадачы — у ізалятары на Скарыны іх прымаюць два разы на тыдзень: у панядзелак і пятніцу. Спіс таго, што можна і што нельга, ведае ўжо на памяць.

— У Пашы на суткі тры рэчы павінны быць абавязкова: папера, асадка і Біблія. Таксама просіць, каб газеты былі свежыя, кніжкі: мы звычайна дамаўляемся з ім, што з мастацкай літаратуры перадаць. Зараз не паспелі абмеркаваць, таму я шукаю, што яму цікава будзе пачытаць. З ежы амаль нічога нельга — толькі печыва, вада, сок, арэхі.

У мінулым годзе ў кватэры Севярынцаў часам стаяў «трывожны чамаданчык» з усім неабходным: тады асуджаных на суткі сталі забіраць не ў залі суда, а з дома — у любы момант пасля пасяджэння. Калі Павел збіраецца на нейкую акцыю, таксама бярэ з сабой патрэбныя рэчы на выпадак затрымання.

— А бывае так, што чамаданчык сабраны, ён выходзіць смецце выкінуць або па садавіну, і яго там хапаюць. Заўсёды ж не будзеш з чамаданчыкам хадзіць.

— Што адчуваеце, калі чарговы раз чуеце, што Пашу затрымалі?

— Тут няма чым пахваліцца, таму што заўсёды, хоць ужо гэтых сутак шмат было, рукі трасуцца, галава баліць, і здаецца, што жыццё прыпынілася. З сабой нічога не магу зрабіць. Розум застаецца цвярозы, але перажываю ўсё роўна. Стараюся зараз дзеля Францішка спакойна ўспрымаць, хоць бы не падаваць віду, таму што ён таксама хвалюецца.

Два месяцы за кратамі — столькі агулам Паўлу Севярынцу каштавала абарона Курапатаў. Колькі штрафаў сплочана і яшчэ належыць сплаціць, Вольга ўжо і не назаве. Прызнаецца: калі даведалася пра знос крыжоў, расплакалася ад бездапаможнасці. Адчувала і злосць, і адчай. Але на наступны дзень, калі ўбачыла, колькі людзей сабралася на малітву ў Курапатах, паверыла, што ўсё будзе добра.

— Што маеце на ўвазе пад словам «добра»?

— Напэўна, у нашай сітуацыі гэта дазвол ставіць крыжы. Каб людзі маглі ўшаноўваць памяць так, як яны хочуць. Зараз нельга паставіць крыж нават тым, хто ведае, што там пахаваны яго расстраляныя родныя. Хочацца, каб не ўлазілі туды з так званым добраўпарадкаваннем. Курапаты — гэта для беларусаў святое месца. І тым, што Паша яго бароніць, вельмі ганаруся.

«Доўга не казала маці, што мы сустракаемся»

Калісьці Вольга і Павел пазнаёміліся праз агульнага сябра — Кастуся Шыталя.

— Яны з Пашам здымалі кватэру, і Кастусь запрасіў нас паглядзець фільм «Плошча». Мы тады з сяброўкай толькі прыехалі паступілі, такія дзяўчаты з правінцыі.

Хто такі Павел Севярынец, Вольга не ведала. Адзначыла проста, што мужчына інтэлігентны, стрыманы і прыгожы. Асабліва запомніліся вочы — глыбокія і пяшчотныя.

Бацькі, калі даведаліся пра абранніка дачкі, спачатку перажывалі.

— Я распавядала ім пра Пашу, што ёсць такі цудоўны чалавек, зачытвала ягоныя тэксты. Матуля, напэўна, падазравала, што гэта не проста так. Але я бачыла, што яна хвалюецца, таму даволі доўга не казала, што мы сустракаемся. Маці прыязна да яго ставілася як да чалавека. І калі мы ўжо прыйшлі знаёміцца, 10—20 хвілін хапіла, каб яна ўбачыла, што ён харошы. Тата больш спакойна рэагаваў адразу.

Вольга ўспамінае, як у яе аднойчы разрадзіўся тэлефон. Пасля ўключае — а там ад матулі 25 непрынятых выклікаў. Тая падумала, што з дачкой штосьці ўжо здарылася.

— Зараз яны вельмі перажываюць, калі Пашу садзяць, падтрымліваюць яго, любяць моцна. Матуля заўсёды перадае нейкія стравы. Карацей, у яго з цешчай цудоўныя стасункі, — усміхаецца яна.

Ці не пужаў саму Вольгу магчымы лёс, што праз затрыманні мужа дома не будзе, дзеці яго не кожны вечар убачаць?

— Ну, я, напэўна, пра гэта не думала. Зараз, канечне, хвалююся, і мне страшна, што нейкі момант, як сёння, акажацца праўдай, а не фэйкам, бо ў нас магчыма ўсё ў краіне. Але я бачу, што гэта Пашава пакліканне, і калі я яго не буду падтрымліваць, то зусім кепска.

Першыя спатканні прыпалі на час, калі Павел адбываў «хімію» ў вёсцы Куплін пад Пружанамі. І хоць для яго гэта быў суровы перыяд, пра гадзіны, праведзеныя там разам, у пары захаваліся цёплыя ўспаміны.

— Паша казаў, што ў яго на падрыхтоўку нашай сустрэчы суткі ішлі. Праз некалькі месяцаў мне сталі дазваляць падымацца ў закратаваны пакой, дзе яны жылі. Адчыняеш дзверы — там усё такое чысценькае, вымытае, ложачкі засланыя, дзесьці ўжо кветкі стаяць, каб на развітанне падарыць, на стале стравы.

Уся камендатура хадзіла глядзець, як Паша вечарам перад сустрэчай гатаваў бульбу, мяса, слінкі пускалі. Так што я там была такая чароўная фея. Мы шмат размаўлялі, планавалі жыццё, вяселле.

Часам закаханыя сустракаліся ў царкве ў Пружанах. У «хімікаў» была магчымасць раз на тыдзень хадзіць у лазню на пару гадзін, і Павел дамогся, каб замест гэтага яго адпускалі ў царкву ў нядзелю.

«Пачкі маіх лістоў на выхадзе аддавалі»

У скрыні на верхняй паліцы шафы Вольга захоўвае лісты ад мужа. Амаль усе яны — з «амерыканкі» ці з Купліна. Павел таксама беражэ лісты каханай.

— Мая матуля паказвала мне аднойчы лісты, якія яна пісала тату з раддому. Я з замілаваннем тыя лісты ўспамінаю, яны такія таямнічыя для падлетка былі, прыгожыя. Падумала, што таксама хацела б, каб нашу перапіску дзеці чыталі. Мне здаецца, што гэта паказвае дзеткам, што яны важныя вельмі, што яны ад вялікага кахання нарадзіліся.

Зараз Вольга лісты не шле: у ізалятар іх не дапускаюць.

— Некалькі разоў мы спрабавалі, але пачкі маіх лістоў Пашу на выхадзе аддавалі, а ягоныя нават і не выходзілі адтуль.

Пра дні, праведзеныя за кратамі, Павел жонцы расказвае не шмат. Ніколі не скардзіцца на турэмныя ўмовы. Больш засяроджваецца на цікавых людзях, з якімі там знаёміцца.

— Я нават часам, калі хтосьці новы пабываў на сутках і пачынае скардзіцца на ўмовы, на ежу, кажу: «Паша, ты ніколі не гаворыш, што там так кепска». Ці тое ён не кажа, каб я не хвалявалася, ці тое прывык да гэтага.

Новыя знаёмыя мужа пасля часта дадаюцца ў сацсетках у сябры да Вольгі, дзякуюць ёй за булкі, што перадавала.

— Паша там ім стварае вобраз ідэальнай жонкі, — жартуе. — Вось з апошняга. У яго пытаюцца: а ў яе якія валасы — белыя ці чорныя? Ён кажа: залатыя.

— А вы самі не лічыце сябе ідэальнай жонкай?

— Якая я ідэальная, пра што гаворка, — сціпла ўсміхаецца Вольга.

Заўважае, што за тыя пяць год, што яны разам, Павел яе многаму навучыў — разуменню пэўных рэчаў, любові да Беларусі.

— Можа, больш цярплівай я стала. Для мяне раней нейкі дабрабыт быў даволі важны, а Паша сваім прыкладам паказаў, што важней аддаваць камусьці — Госпад праз гэта дабраслаўляе і цябе шматкроць. Я захапляюся колькасцю людзей, якія, калі нешта здараецца, гатовы нас падтрымаць. Францішку ўвогуле толькі ежу набываем. Ён увесь апрануты народнай любоўю (усміхаецца). І мы яшчэ частку дзіцячых рэчаў перадаем у сацыяльны цэнтр.

«Для Францішка хочам лепшай будучыні»

Гадавалы Францішак увесь гэты час спакойна слухае дарослыя размовы. Вольга пяшчотна гладзіць малога па валасах і з усмешкай расказвае пра любімы мульцік сына («Свінка Пэпа») і яго першае слова («пэпа»).

Севярынцы даўно марылі пра дзяцей. Але першая цяжарнасць скончылася вялікім болем — хлопчык нарадзіўся з сіндромам Патау і пражыў усяго восем дзён.

— Я не ведаю, як можа жанчына, у якой няма апоры на Госпада, гэта ўсё перажыць. Страшныя рэчы… Паша таксама дапамог сваёй падтрымкай. Ён па-мужчынску ўсё раскладаў па палічках і пераконваў мяне, што жыццё і смерць — гэта ўлада Госпада. І там было столькі цудоўных момантаў, што па-іншаму і не магло быць. Напрыклад, вясёлка на дзень пахавання пасярод зімы. А калі мы маліліся, Янку станавілася рэальна лепш, дактары казалі, што не бачылі такога ў сваёй практыцы.

Ці баялася яна зноў перажыць страту, калі насіла пад сэрцам Францішка, Вольга ўжо не памятае. Кажа: наадварот, здавалася, што калі першы раз усё скончылася настолькі дрэнна, то другі раз будзе цудоўна. Так на самай справе і выйшла: і з родамі, і з самой цяжарнасцю.

— Хоць адчуванне, што можа штосьці кепскае здарыцца, мяне часам паглынае — напэўна, засталося дзесьці ў падсвядомасці, — не хавае маладая мама.

Для Францішка — ці, як яго часам жартаўліва называе тата, «маладога Фронціка» — Вольга з Паўлам, як і любыя бацькі, хочуць лепшай будучыні.

— Больш спакойнай, магчыма. Каб там не трэба было сядзець на сутках толькі за тое, што ты выказваеш сваё меркаванне, і, каб паставіць крыж на магіле, не трэба было браць дазвол. У ідэале — каб Францішак пабачыў уладу, якая паважае чалавека і Госпада. Больш нічога такога яму не жадаем. Нават калі ён вырасце звычайным сціплым чалавекам, які не будзе займацца грамадскай дзейнасцю, мы таксама будзем рады.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]