Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Што бывае, калі комік становіцца губэрнатарам

17.04.2019 политика
Што бывае, калі комік становіцца губэрнатарам

Пра лёс таленавітага коміка Міхаіла Еўдакімава, які ў росквіце артыстычнай кар’еры вырашыў пайсьці ў вялікую палітыку.

Назіраючы за тым, як няўхільна і немінуча кожны дзень набліжае Ўладзіміра Зяленскага да крэсла прэзыдэнта Ўкраіны, я часта ўспамінаю лёс іншага таленавітага коміка і шоўмэна, які ў росквіце сваёй артыстычнай кар’еры вырашыў пайсьці ў вялікую палітыку. Пайшоў. І перамог — імкліва, ярка і пераканаўча. Але што было далей?

Магчыма, ва Ўладзіміра Зяленскага, калі ён стане прэзыдэнтам, усё складзецца зусім па-іншаму і ён шчасьліва абміне ўсё тое, што паўтара дзесяцігодзьдзі таму напаткала на ўладным Алімпе ягонага калегу па цэху. Магчыма. Але паралелі і аналёгіі настолькі празрыстыя, што міжволі схіляюць да параўнаньняў.

«Просты алтайскі мужык» супраць «алтай-башы»

15 гадоў таму, у красавіку 2004 году, на выбарах губэрнатара Алтайскага краю (аднаго з рэгіёнаў Расеі на поўдні Заходняга Сібіру) нечакана для ўсіх перамог Міхаіл Еўдакімаў — на ўвесь Савецкі Саюз вядомы комік і парадыст эпохі перабудовы, зорка гумарыстычных шоў і ўсенародны ўлюбёнец. У 1980-1990-я гады ягоныя маналёгі ад імя прастадушнага вясковага мужыка, аматара выпіць, схадзіць у лазьню і памянціць языком, грымелі па ўсім СССР.

На выбарах Міхаіл Еўдакімаў ішоў супраць «алтай-башы» — Аляксандра Сурыкава, дасьведчанага намэнклятурнага апаратчыка, які да таго нязьменна кіраваў рэгіёнам ужо два тэрміны — з 1996-га па 2004 год. На Сурыкава працаваў увесь адміністрацыйны рэсурс, але гэта яму не дапамагло. Народная любоў да «простага алтайскага мужыка», абаяльнага гаваруна і таленавітага жартаўніка, была настолькі ўсеабдымнай, што ў Сурыкава проста не было шанцаў. Людзі прагаласавалі за «сумленнага мужыка з народу», які ішоў на выбары пад лёзунгам «Жарты ўбок», абяцаў стаць народным губэрнатарам, які вызваліць сваю малую радзіму ад прыгнёту карумпаваных чыноўнікаў.

Пры гэтым варта заўважыць: абодва бакі актыўна выкарыстоўвалі «чорны піяр». Супраць самога Сурыкава таксама былі ўжытыя адмысловыя выбарчыя тэхналёгіі (напрыклад, аднафамілец-самавылучэнец Віталь Сурыкаў, які ў выніку адцягнуў 2,6 % галасоў).

Ці спрабаваў Зяленскі капіяваць крокі Еўдакімава? Тут можна згадаць хаця б зьняты ў 1998 годзе фільм «Не послать ли нам... гонца?», дзе Еўдакімаў зьняўся ў ролі народнага заступніка, і параўнаць яго з украінскім сэрыялам «Слуга народу», якім фактычна заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі Зяленскі.

Шчыра хацеў зрабіць як найлепш — проста ня ведаў, як…

Ужо празь некалькі месяцаў пасьля прыходу да ўлады ў новага, недасьведчанага ў намэнклятурных сувязях губэрнатара пачалося жорсткае супрацьстаяньне з краявым «парлямэнтам». Большасьць дэпутатаў абвінавацілі яго ў правале эканамічнай палітыкі, няўдалай уборачнай кампаніі, частковым зрыве ацяпляльнага сэзону (у шэрагу раёнаў многія будынкі сапраўды засталіся без ацяпленьня), у непасьлядоўнай кадравай палітыцы (за год зьмяніў 17 намесьнікаў губэрнатара), у непразрыстых схемах кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю.

Крыху пазьней кіраўнікі 49 з 72 муніцыпальных утварэньняў краю ў звароце да прэзыдэнта Пуціна абвінавацілі Еўдакімава ў развале алтайскай гаспадаркі і перадзеле дзяржаўнай уласнасьці ў «паўкрымінальным стылі».

І прыхільнікі, і апанэнты Еўдакімава прызнавалі, што яму моцна не хапала палітычнага досьведу, што ён так і ня здолеў дамовіцца зь мясцовымі элітамі і стварыць эфэктыўную каманду для кіраваньня рэгіёнам, што некаторыя блізкія да ўлады асобы проста выкарыстоўвалі яго. Таксама амаль усе прызнавалі, што ён шчыра хацеў зрабіць як найлепш, але проста ня ведаў, як...

Мясцовы парлямэнт двойчы выносіў яму вотум недаверу. Прыхільнікі Еўдакімава выходзілі на плошчу, каб абараніць свайго выбраньніка. Апанэнты амаль адкрыта пагражалі яму...

7 жніўня 2005 году Міхаіл Еўдакімаў ва ўзросьце 48 гадоў загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Жонка і многія іншыя блізкія яму людзі дагэтуль перакананыя, што гібель Еўдакімава не была выпадковай. Пры гэтым зьвяртаюць увагу на тое, што незадоўга да трагедыі ў губэрнатара, які канфліктаваў з краявой міліцыяй, забралі машыны міліцэйскага суправаджэньня.

Выпадкова ці не, неўзабаве пасьля трагічнай гібелі Еўдакімава ў Расеі ўвогуле былі адменены прамыя выбары кіраўнікоў рэгіёнаў.

Магчыма, хтосьці згадае іншыя, больш аптымістычныя прыклады, калі акторы станавіліся палітыкамі і рабілі яркую кар’еру ў новым для сябе амплюа. Найбольш часта ў гэтай сувязі гучаць імёны Рональда Рэйгана ці Арнольда Шварцэнэгера... Але тое — прыклады далёкія і чужыя, з зусім іншай палітычнай культурай, традыцыямі дэмакратыі, стаўленьнем да прававой дзяржавы. А вось былыя савецкія рэгіёны Алтай і Ўкраіна, дзе ў людзей падобныя праблемы і настроі, клопаты і зацікаўленьні, дзе вельмі блізкія грамадзкая сьвядомасьць і палітычная гісторыя — іншая рэч.

Дарэчы, пераможаны Еўдакімавым на губэрнатарскіх выбарах Аляксандар Сурыкаў неўзабаве пасьля паразы быў прызначаны амбасадарам Расеі ў Беларусі, дзе спакойна праслужыў больш за 12 гадоў, пазьбягаючы рэзкіх рухаў і заяваў, чым выразна адрозьніваўся ад сваіх папярэднікаў і наступніка.

Канцэртныя нумары гумарыста Еўдакімава дагэтуль нярэдка паказваюць па расейскіх фэдэральных тэлеканалах. А ягоныя калегі-акторы, з сумам успамінаючы пра сябра, нязьменна шкадуюць, што ён у свой час пайшоў у палітыку.

Валянцiн Жданко, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]