Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Стаў сінонімам слова «патрыёт»

01.05.2019 культура
Стаў сінонімам слова «патрыёт»

Жыццё і подзвіг Тадэуша Рэйтана.

Імя Тадэвуша Рэйтана для палякаў даўно, яшчэ з ХІХ стагоддзя, стала ўвасабленнем вобразу самаахвярнага патрыёта. У Беларусі ж гэты чалавек пасля Другой сусветнай вайны быў забыты, нягледзячы на яго мясцовае паходжанне.

Твор напісаны ў 1866 годзе, а выяўленая на ім сцэна нагадвае пра трагічную сітуацыю, якая склалася на Сойме Рэчы Паспалітай у красавіку 1773 года. Ляжачы чалавек у шляхецкім убранні, разарваўшы на грудзях жупан, адчайна закрывае соймавым паслам выхад з памяшкання.

Тадэвуш Рэйтан

Але ў XVIII–XIX стагоддзі закладалі падмуркі культу памяці пра Рэйтана яго землякі-літвіны з Віцебшчыны, Наваградчыны, Брэстчыны і Віленшчыны: пісьменнікі Францішак Князьнін, Юльян Урсын Нямцэвіч, Адам Міцкевіч, Генрык Жавускі (стрыечны ўнук Тадэвуша Рэйтана), Уладзіслаў Сыракомля, мастакі Францішак Смуглевіч і Людвік Горварт. З беларусаў жа ў другой палове ХХ стагоддзя адзіным пісьменнікам, які меў мужнасць згадаць пра Рэйтана ў сваіх творах, стаў Уладзімір Караткевіч.

Сёння, аднак, памяць пра Тадэвуша Рэйтана і ў нас ажыла ды ўсё больш актуалізуецца. Яму ўжо аддае належнае нават сучасная беларуская дзяржава, пра што сведчаць дакументальны фільм, створаны на тэлеканале АНТ, фестывалі, выставы, публікацыі ў дзяржаўных СМІ. Праўда, пакуль у нас няма прысвечаных Рэйтану вуліц, школ, памятных дошак і помнікаў, але трэба спадзявацца, што з часам з’явяцца і яны. Бо, як казаў Адам Міцкевіч, «сам народ прызнаў Рэйтана Вялікім». А той народ, за інтарэсы якога змагаўся Рэйтан, быў не толькі польскім.

Нашчадак крыжакоў

Першыя згадкі пра род Рэйтанаў сягаюць у сярэдзіну XV стагоддзя, і датычаць яны тэрыторыі Усходняй Прусіі. У 1467–1468 гадах Якуб фон Рэйтан атрымаў ад кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна дзве вёскі, за што павінен быў станавіцца ў шэрагі крыжакоў у лёгкім узбраенні. Адкуль быў родам і якога паходжання быў гэты Якуб, да гэтага часу не вядома. Мог ён быць і прусам, і немцам, і анямечаным славянінам з тэрыторыі Саксоніі, адкуль на землі Тэўтонскага ордэна ішоў самы вялікі паток каланістаў. У любым выпадку, у жылах нашчадкаў Якуба цякла мяшаная кроў, бо Рэйтаны актыўна радніліся з мясцовымі родамі, сярод якіх былі як немцы-перасяленцы, так і анямечаныя прусы-аўтахтоны.

У пачатку XVII стагоддзя, падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй, адзін з Рэйтанаў, Фрэдэрык Ян, паступіў на службу да аднаго з літоўскіх магнатаў — Жыгімонта Караля Радзівіла, які быў сваяком. Вярнуўшыся з гэтага паходу разам з Рэйтанам, Радзівіл, «мінуючы сойм», увёў яго ў шляхецтва ВКЛ. З таго часу і аж да пачатку ХХ стагоддзя, калі памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, апошні прадстаўнік роду Юзаф Пётр Павел, Рэйтанаў і Радзівілаў лучылі розныя сувязі: і сваяцкія, і сяброўскія, і адносіны «кліент-патрон».

Бацькі і Грушаўка

У мінскім фарным езуіцкім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі 4 кастрычніка 1739 года адбылася цырымонія вянчання. Маладымі былі Дамінік Рэйтан, гусарскі харужы і наваградскі стражнік, і Тарэза, дачка мінскага стольніка Лявона Паўла Валадковіча. Род Валадковічаў меў вялікі ўплыў на Міншчыне, а іх радавая сядзіба знаходзілася на тым месцы, дзе сёння размяшчаецца Палац Рэспублікі. Мінскім паходжаннем Тарэзы якраз і тлумачыцца, чаму вянчанне адбывалася ў гэтым горадзе — тады была традыцыя рабіць гэта менавіта ў парафіі, да якой належала маладая.

Але жыць наваствораная сям’я стала ў радавым котлішчы Рэйтанаў — маёнтку Грушаўка, які знаходзіцца паміж Ляхавічамі і Нясвіжам. Гэты маёнтак Міхал Рэйтан, бацька Дамініка, набыў у канцы XVII стагоддзя. З таго часу і да 1910 года Грушаўка належала роду Рэйтанаў, а пазней іх сваякам.

Дамінік Рэйтан добра падрыхтаваўся да сустрэчы жонкі. Ім быў узведзены аднапавярховы драўляны сядзібны дом, даволі тыповы для таго і пазнейшага часу. Гэты будынак вядомы з акварэлі Напалеона Орды, які і сам і сваякі якога не раз бывалі ў Рэйтанаў як госці.

Пад харугвамі Радзівілаў

Тадэвуш Рэйтан, якому лёсам было наканавана стаць самым славутым прадстаўніком свайго роду, нарадзіўся праз год пасля шлюбу бацькоў, блізу 28 кастрычніка 1740 года. Атрымаўшы імя ў гонар святога Тадэвуша, добрую хатнюю адукацыю і ўзорнае выхаванне, ён працягнуў навуку, па ўсёй верагоднасці, у нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Завяршыўшы навучанне, Тадэвуш стаў правай рукой свайго бацькі. Паводле даўняй сямейнай традыцыі, Рэйтаны былі прыхільнікамі Радзівілаў. А паколькі па смерці Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі» тагачасны галава гэтага роду, Караль Станіслаў «Пане Каханку», браў актыўны ўдзел у міжусобных магнацкіх войнах, якія разгортваліся на фоне палітычнай нестабільнасці ў краіне, то і Тадэвуш таксама не мог застацца ад гэтага ўбаку. І калі «Пане Каханку» прайграў вайну роду Чартарыйскіх падчас міжкаралеўя 1763–1764 гадоў, часова страціўшы ўсе свае ўладанні і змушана выправіўшыся ў эміграцыю, яго долю падзяліў і малады Рэйтан. Праўда, ужо ў 1766 годзе Рэйтан атрымаў амністыю і змог вярнуцца ў ВКЛ.

Неўзабаве вярнуўся на радзіму і «Пане Каханку». Але ён зноў не ўтрымаўся, каб не ўмяшацца ў бягучыя палітычныя падзеі. Далучыўшыся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і расійскага ўплыву, Радзівіл сабраў войскі ў Нясвіжы і ўступіў у баі з расійскімі падраздзяленнямі. У гэтым яму дапамагалі стары наваградскі падкаморы Дамінік Рэйтан і ягоны сын Тадэвуш. Але сілы аказаліся няроўнымі, канфедэраты прайгралі, а «Пане Каханку» зноў мусіў падацца на эміграцыю, гэтым разам на доўгія 10 гадоў.

У 1769 годзе памёр Дамінік Рэйтан, пасля чаго Тадэвуш стаў галавой усяго роду. На яго зваліліся вялікія побытавыя клопаты, бо трэба было «ставіць на ногі» шматлікіх малодшых братоў і сясцёр. Але мірна займацца гаспадаркай зноў доўга не давялося. Новая пагроза паклікала ваяра ў сядло.

Бацькаўшчына ў небяспецы

У 1772 годзе, пасля патаемных перамоў, якія вялі міжсобку расійскі, прускі і аўстрыйскі манаршыя двары, было прынятае рашэнне аб падзеле Рэчы Паспалітай. У верасні 1772 года войскі аўстрыйскага і расійскага імператараў і прускага караля ўвайшлі на яе тэрыторыю і занялі вызначаныя пад анексію землі. З земляў Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай імперыі мусілі адысці такія гарады, як Полацк, Віцебск, Мсціслаў, Магілёў, Гомель — агулам 92000 квадратных кіламетраў з насельніцтвам блізу 1300000 чалавек.

Каб надаць сваім дзеянням выгляд законнасці (толькі і ўсяго, што вяртанне «спрадвечных тэрыторый»), дзяржавы-захопніцы дамагаліся правядзення надзвычайнага Сойму Рэчы Паспалітай, які меў задачай пацвердзіць падзел і санкцыянаваць новыя межы. Кароль Станіслаў Аўгуст, паддаўшыся вонкаваму ціску, у лютым 1773-га склікаў сенат, які прыняў рашэнне аб правядзенні Сойму. Соймікі, дзе абіраліся дэпутаты на яго, праводзіліся ў сакавіку.

Усяго ў Варшаву з’ехаліся 111 паслоў: 87 з тэрыторыі Польшчы, 24 — з ВКЛ. Намагаючыся забяспечыць сабе на Сойме большасць галасоў, расійскія, прускія і аўстрыйскія агенты — дзе грашыма, а дзе і зброяй — дабіваліся, каб шляхта выбрала дэпутатамі найменш прынцыповых асобаў. І гэта ў цэлым удалося. Але нават у такіх умовах знайшліся дэпутаты, якія ехалі на Сойм бараніць інтарэсы не чужынцаў, а ўласнай дзяржавы.

З такімі думкамі ехалі ў Варшаву і паслы, абраныя ў Наваградскім ваяводстве, — наваградскі падкаморы Тадэвуш Рэйтан (32 гады) і наваградскі земскі пісарэвіч Самуэль Корсак (каля 27 гадоў). Пра тое, што гэтыя паслы ехалі «на смерць», сведчыць адзін з пунктаў іх інструкцыі. Ён загадваў сваім паслам «пад пагрозай страты жыцця і маёнтка» не дазволіць адняць ад краіны нават маленькага кавалка тэрыторыі. Выкананне гэтай інструкцыі было справай маларэалістычнай, але наваградскія паслы, прынамсі, збіраліся паспрабаваць. Мелі яны на мэце і іншае.

Гістарычнае супрацьстаянне

Сойм мусіў урачыста адкрыцца 19 красавіка 1773 года. Праўда, яго замежныя рэжысёры пачалі рэалізоўваць свае планы за некалькі дзён да таго. 16 красавіка на прыватнай кватэры сабраліся на сход тыя паслы, якія да таго часу ўжо прыехалі ў Варшаву. Яны былі папярэдне апрацаваныя і падкупленыя, а таму паслухмяна выканалі дзеянні, якія ад іх патрабаваліся. На сходзе была заснавана шляхецкая канфедэрацыя, маршалкам якой быў абраны расійскі агент Адам Панінскі. Трэба адзначыць, што з амаль 80-ці паслоў, якія заснавалі гэтую канфедэрацыю, толькі сем прадстаўлялі ВКЛ.

Сэнс гэтай камбінацыі быў наступны. Паводле тагачасных законаў Рэчы Паспалітай, у Сойме дзейнічала правіла liberum veto, якое прадугледжвала прынцып аднагалосся пры прыняцці ім рашэнняў. Згодна з гэтым правілам, любы пасол мог спакойна сарваць Сойм, бо пасля ўжывання liberum veto Сойм мусіў спыніць сваю працу. Але правіла пераставала дзейнічаць у тым выпадку, калі Сойм меў статус канфедэрацкага. Каб надаць Сойму менавіта такі статус і такім чынам пазбавіць апазіцыю ўсялякіх магчымасцяў для хоць нейкага ўплыву, акурат і павінна была служыць патаемна заснаваная канфедэрацыя. Праўда, па законах краіны гэта было нечуванае да таго злачынства. Бо канфедэрацыі мусілі стварацца задоўга да Сойму, а не ў апошні дзень.

Пра стварэнне канфедэрацыі і, адпаведна, перафарматаванне Сойму было абвешчана адразу пасля пачатку яго працы. Адам Панінскі быў прадстаўлены як маршалак Сойму.

І тут са свайго месца гучна адазваўся Тадэвуш Рэйтан. Ён заявіў, што скліканне Сойму ў Варшаве ўвогуле незаконнае, бо кожны трэці Сойм мусіць, па законе, праходзіць на тэрыторыі ВКЛ і маршалкам мусіць быць «ліцьвін, абраны адкрытым галасаваннем з прысутных паслоў ВКЛ». Далей Рэйтан засведчыў неадпаведнасць закону створанай на прыватнай кватэры нейкай «канфедэрацыі», а таксама перафарматавання Сойму з вальнага ў канфедэрацкі.

Выступленне Рэйтана мела выбуховы эфект, у залі пасля яго ўзняўся страшэнны шум. Наваградскага пасла падтрымалі 16 іншых паслоў з ВКЛ, а таксама адзінкі з палякаў. Рэйтан не даў Панінскаму прыступіць да выканання абавязкаў маршалка, сам заняўшы адпаведнае крэсла. Гэтым Тадэвуш дэманстраваў, што выбар маршалка на патаемным сходзе з пункту гледжання закона — нікчэмны, і што з такім жа поспехам гэтую функцыю можа выконваць і ён сам, нікім не абіраны.

Пратэсты Панінскага і яго прыхільнікаў нічога не далі. Першае пасяджэнне Сойму скончылася нічыёй. З аднаго боку, Сойм не ўдалося адразу павесці паводле загадзя запланаванага сцэнарыя, з другога — у Рэйтана і яго аднадумцаў не атрымалася пераламаць настроі, арганізаваўшы выбары новага, законнага маршалка. Сесія была толькі перанесеная на наступны дзень.

Змаганне, аднак, працягвалася. Паслы-патрыёты засталіся ў зале пасяджэнняў на ўсю ноч з мэтай прадухіліць яе захоп агентамі Панінскага. А назаўтра жарсці разгарэліся з новай сілай. Рэйтан і яго прыхільнікі голасна даводзілі, што канфедэрацыя ніяк не можа стварацца вось так — на прыватнай кватэры за дзень да Сойму. Бо паслы адпаведнымі ўніверсаламі караля склікаліся на вальны Сойм, і менавіта на яго павятовай шляхтай выпраўляліся, пра што сведчаць іх інструкцыі. Пра канфедэрацыі ж ніякай гаворкі не вялося. Слоўныя баталіі цягнуліся некалькі гадзін, пакуль пасяджэнне зноў было не закрытае і перанесенае на новы дзень. Рэйтан з аднадумцамі зноў начавалі ў памяшканні Сойму.

Такім самым чынам прайшоў і трэці дзень — апошні з тых, якія адводзіліся законам на выбары маршалка Сойму. Калі было абвешчана, што сесія зноў закрываецца і пераносіцца на заўтра, а частка паслоў пацягнулася да выхаду, Рэйтан наважыўся на зусім адчайны крок. Роспачна апелюючы да сумлення паслоў-здраднікаў і заклікаючы іх успомніць пра любоў да Бацькаўшчыны, ён заступіў ім выхад сваім распасцёртым на падлозе целам, у разадраным на грудзях кунтушы і жупане. Сэнс словаў, якімі ён спрабаваў растапіць сэрцы апанентаў, быў такі: «Забіце мяне, не забівайце Айчыну!» Але нічога не дапамагло. Прыхільнікі Панінскага пераступілі праз Рэйтана і выйшлі з залы. Тыя з паслоў, якія не падпісалі акта канфедэрацыі раней, зрабілі гэта цяпер.

Толькі трое паслоў з ВКЛ, — Рэйтан, Корсак і прадстаўнік Мінскага павета Станіслаў Багушэвіч, — засталіся ў Сойме і на трэцюю ноч, каб зранку не даць Панінскаму ўвайсці ў залу з трыумфам. Іх спрабавалі падкупіць, запалохаць ці выманіць адтуль рознымі хітрыкамі, але ўсё было марна. Сышлі яны з залы толькі тады, калі ўвечары каралеўскі сакратар паведаміў пра далучэнне да канфедэрацыі самога Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Далейшы супраціў у такіх умовах рабіўся бунтам супраць караля і дзяржавы. Таму літоўскія паслы пайшлі, і дзверы за імі зачыніліся. Фармальна яны прайгралі, але маральная перамога была на іх баку.

Дарэчы, многія еўрапейскія выданні таго часу адгукнуліся цэлымі серыямі публікацый пра падзеі на Сойме. «Наваградскія паслы Рэйтан і Корсак», не сыходзілі з іх старонак доўгі час. Праз гэта свет даведаўся сярод іншага і пра існаванне беларускага горада.

Негатыўная інфармацыйная хваля, якая, дзякуючы тром паслам з Ляхавічаў, Наваградка і Мінска, знесла ўсе грэблі «легальнасці» падзелаў Рэчы Паспалітай. Дэкарацыі, якія так старанна выбудоўвалі тры імперыі, абваліліся праз намаганні трох чалавек! Свет даведаўся, што гаворка вядзецца пра гвалтоўны захоп чужых земляў, пра выкручванне рук Панятоўскаму праз «трох арлоў, якія мелі на траіх пяць галоваў».

Рэйтан працягваў сваё змаганне з Панінскім, ваюючы словам. Той выдаў загад арыштаваць наваградскага пасла. Калі за Рэйтанам прыйшлі судовы чыноўнік, афіцэр і сем жаўнераў, Тадэвуш з такім імпэтам наляцеў на іх з шабляй, што яны вымушаныя былі збегчы.

У гэты самы час Станіслаў Багушэвіч перадаў з гродзенскім шляхціцам Адамам Кулікоўскім для актыкацыі ў мінскі гродскі суд свой ліст, у якім апісаў усё, што насамрэч адбывалася на Сойме. Усе «подзвігі» Панінскага сталі вядомыя жыхарам ВКЛ. На падставе гэтага ліста і некаторых дакументаў у час Вялікага Сойму Панінскага ўзялі пад варту, асудзілі, пазбавілі чыноў і ўзнагарод і выгналі з краіны. Але Расія не пакінула свайго кліента ў бядзе. Праз некалькі гадоў ён вярнуўся ў Рэч Паспалітую, атрымаў усё адабранае і прыдбаў яшчэ болей.

Здрада не прынесла яму шчасця. Памёр Панінскі ў 1798 годзе ў прыдарожнай канаве, адмовіўшыся ад апошніх паслугаў ксяндза.

А што ж Тадэвуш Рэйтан? Ён прыняў рашэнне застацца ў Варшаве, каб быць сведкам гвалту з краіны. Увесь час быў напагатове, гатовы схапіцца за шаблю, каб задорага прадаць сваё жыццё. Ліставаўся з Радзівілам.

У красавіку 1775 года Сойм яшчэ раз пацвердзіў Акт падзелу ВКЛ і Польшчы. Некаторыя паслы, якія хоць і падпісалі Акт канфедэрацыі, не паставілі свае подпісы пад Актам падзела Бацькаўшчыны. Больш за тое, у апошнія дні Сойму яны занеслі ў суд свае маніфесты, у якіх не прызнавалі падзел законным.

Грушаўка

Смерць не была самагубствам

Пасля завяршэння Сойму Тадэвуш Рэйтан вярнуўся ў Грушаўку. Больш ён ніколі не браў удзелу ні ў якіх палітычных гульнях, заняўшыся, пры падтрымцы братоў, аднаўленнем падупалай сямейнай гаспадаркі. Да траўня 1780 года яго імя можна было часта сустрэць на старонках розных судовых дакументаў.

Памёр Тадэвуш Рэйтан 8 жніўня 1780 года, і яго смерць даволі загадкавая. Да нядаўняга часу лічылася, што ён скончыў жыццё самагубствам. Але гэта міф. З таго, што засталося з апісанняў падзей, якія разыграліся ў Грушаўцы напачатку жніўня 1780 года, а таксама з архіўных дакументаў, вынікае наступнае. Расійскі генерал Іван Міхельсон, які за год да таго набыў у Міхала, малодшага брата Тадэвуша, маёнткі Рэйтанаў каля горада Невеля, што пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расіі, наведаў Грушаўку з візітам ветлівасці. Полк Міхельсона базаваўся недзе непадалёк, а сам Міхельсон яшчэ меў і іншыя эканамічныя інтарэсы ў Наваградскім ваяводстве.

Пабачыўшы ворага — а расійскіх вайскоўцаў ён адназначна лічыў ворагамі, — на сваёй роднай зямлі, Тадэвуш пачаў гнаць яго са двара. Браты, напалоханыя, што гэта можа мець непажаданыя наступствы, зачынілі Тадэвуша ў невялічкім цагляным дамку, так званай Мураванцы (яна захавалася да нашага часу). Вокны ў дамку былі добра закратаваныя. Тадэвуш Рэйтан, разгневаны, што яго браты гасцінна прымаюць ненавісных акупантаў, разбіў шыбы і, спрабуючы вырваць жалеза, моцна пакалечыўся, страціўшы шмат крыві.

Праз два дні ён памёр, сустрэўшы смерць так, як і належыць узорнаму хрысціяніну — у прысутнасці святара, якога да апошняга трымаў за руку. Пахавалі героя ў касцёле ў мястэчку Ляхавічы, чаго ніколі б не зрабілі, каб гаворка ішла пра самагубцу.

Праўда, спакойнага жыцця не было нават і праху Рэйтана. Праз 87 гадоў, пасля паўстання 1863–1864 гадоў, касцёл зачынілі, а праз месяц асвяцілі як праваслаўную царкву. Труну Тадэвуша з крыпты былога касцёла перанеслі на могілкі і, відаць, перапахавалі на родавым магільніку, дзе спалі вечным сном яго браты, пляменнік Дамінік і сын Дамініка Стафан з жонкай. Раскопкі, якія ў 1930 годзе былі праведзеныя ў Грушаўцы і якія ў тагачасных польскіх СМІ грымнулі сенсацыяй «Знойдзена магіла героя!», на самай справе далі адмоўны вынік. Тады была знойдзена цагляная крыпта, у якой знаходзіліся парэшткі жанчыны, ростам каля 161 сантыметра, узростам 40–50 гадоў. Магчыма, гэта была магіла маці Тадэвуша, якая памерла ў Грушаўцы ўлетку 1760 года.

Сямейная капліца Рэйтанаў

Дакладнае ж месца пахавання Тадэвуша Рэйтана дагэтуль не вядомае. Таму, магчыма, нас яшчэ чакае сенсацыя на ўзроўні знойдзеных нядаўна парэшткаў Кастуся Каліноўскага.

А галоўнае, наперадзе паўнагучнае вяртанне з часовай эміграцыі імя Тадэвуша Рэйтана. Гэтым годам пачнуцца аднаўленчыя працы ў Грушаўскай сядзібе, якія будзе праводзіць наша дзяржава. І будзем спадзявацца, што ў наступным годзе ў Ляхавічах, на малой радзіме Рэйтана, з’явіцца і вуліца ў гонар героя. Бо гэта будзе 280-гадавіна нараджэння чалавека, імя якога стала сінонімам слова «патрыёт».

Зміцер Юркевіч, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]