Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У дарослае жыццё прыйшло шмат свабодных духам людзей

05.06.2019 общество
У дарослае жыццё прыйшло шмат свабодных духам людзей

Намаганні аўтарытарных правіцеляў і іх прапагандыстаў асуджаны на правал.

Міліцэйскія дубінкі ў Беларусі і паліцэйскія ў Расіі пачалі страчваць сваю ўніверсальнасць і эфектыўнасць. Пратэсты, якія сёння адбываюцца ў многіх гарадах і пасёлках дзвюх краін, сведчаць пра змену сацыяльна-палітычнага настрою насельніцтва, бо ў дарослае жыццё прыйшло шмат свабодных духам людзей.

Для грамадзянскага сталення маладога папаўнення дэмакратычных шэрагаў спатрэбіўся значны час. Успамінаю, як я вучыў дачок з маленства: «Калі вы адстойваеце праўду і справядлівасць, сваю годнасць, то не бойцеся нікога!» Тое ж чулі мае мілыя ўнучка і ўнук. Дзякуючы агульным намаганням дзядоў і бацькоў у амаль таталітарных умовах, выключна цяжкіх для выхавання дзяцей, усё ж вырастаюць, становяцца на ногі адукаваныя, ініцыятыўныя і смелыя людзі. Яны разумеюць хісткую, як беларускую, так і расійскую, унутраную і знешнюю сітуацыю, бачаць беспрасветны тупік, у які фанабэрыстыя правіцелі запаўзлі самі і з сабою завалаклі цэлыя народы, ведаюць цану абяцанкам і «перамогам».

Прытым гэта тычыцца не толькі маладых людзей, якія маюць прэстыжныя пасады або займаюцца складанай працай, звязанай з высокімі тэхналогіямі. Нядаўна давялося запрасіць сталяра, каб адрамантаваў дзверы, і ў гаворцы высветліўся значны багаж ведаў спецыяліста, у тым ліку па гісторыі, літаратуры, яго разважлівае стаўленне да ўласнай прафесійнай будучыні, да сямейных перспектыў. У моладзі склалася сучаснае бачанне разумнага і прыстойнага жыцця, якое абсалютна не супадае з афіцыёзнымі штампамі.

Закасцянелыя рэжымы, якія займаюцца не развіццём краін, а толькі сваім ратаваннем, вельмі занепакоены новымі рэаліямі народнага вальнадумства і стыхійнага масавага супраціву. Каб затармазіць небяспечны для іх працэс і запалохаць грамадзян, яны вышукваюць хітрыя спосабы. Зноў да ўздзеяння на людскую свядомасць падключаны штат ідэолагаў і прапагандыстаў.

На тэлевізійных каналах ударнымі адзінкамі ў замбіраванні насельніцтва сталі рэдактары інфармацыйных блокаў, вядучыя палітычных ток-шоў. Ступень цынічнай хлусні, беспардоннага хамства, брыдкай лаянкі ў адрас апанентаў у час многіх перадач проста зашкальвае. Савецкіх прапагандыстаў у параўнанні з цяперашнімі можна лічыць звышсціплымі манахамі.

Зразумела, што абаронцам аўтарытарызму не ўдасца давесці людзей да такога татальнага страху перад уладай, які быў пры праўленні дыктатара Сталіна ў СССР. Тады ён дасягнуў апагея. Эксперты мяркуюць, што ў сучасных умовах вяртання да рэалій расстрэльнага часу не адбудзецца. Але рэстаўрацыя страху і псеўдапатрыятычна-мілітарысцкага псіхозу пастаўлена на канвеер, яна ідзе паралельна і ўзаемазвязана ў Расіі і Беларусі.

Галоўнае ўпраўленне МУС Расійскай Федэрацыі па Растоўскай вобласці правяло акцыю «Потомки героев». У час яе супрацоўнікаў паліцыі апранулі ў форму сталінскіх нкусаўцаў-садыстаў, якая была ненавіснай большасці савецкіх людзей. Вартаўнікі парадку імітавалі баявыя дзеянні, каля паходных кухняў з апетытам распраўляліся з кашай. Ідэолагі тлумачаць, што акцыя дапамагае «погрузиться в эпизоды из жизни советских солдат и ощутить атмосферу военных лет».

Пасля такіх бадзёрых слоў я раю ідэолагам па-сапраўднаму заглыбіцца ў гістарычную праўду пра мінулую вайну. А яна выглядае жудасна. З першых дзён баёў Чырвоная Армія доўга адступала, здаючы ў палон салдат і афіцэраў (Мінска-Беластоцкі «кацёл» — акружана 300 тысяч, Кіеўскі — 665 тысяч, Уманьскі — 120 тысяч, Смаленскі — 250 тысяч, Вяземскі — 600 тысяч), і толькі ў 1942 годзе пачала вучыцца ваяваць.

Забытая прапагандай Ржэўская бітва — самая грандыёзная ў Вялікай Айчыннай вайне па часе, маштабах, удзелу людзей, тэхнікі і колькасці страт (забітымі 392 тысячы, агульныя — 1 мільён 375 тысяч) — даходліва паказвае, якім «выдатным» палкаводцам і стратэгам быў Сталін. Расійская і беларуская прапаганда яго ўслаўляе, а кінутыя ім у бой дзеля ўласных амбіцый салдаты і афіцэры загінулі, прапалі без звестак. Акружаныя фашыстамі ў лясах і балотах, яны елі не кашу з маслам, а глыдалі кару, жавалі мох. Аперацыі на Ржэўскім выступе сталі надзвычай няўдалымі для маршалаў Г. Жукава і І. Конева, пасля яны не хацелі ўспамінаць пра іх.

Затое ўдзельнік крывавых баёў за Ржэў, гераічны афіцэр П. Міхін у кнізе «Артиллеристы, Сталин дал приказ!» піша: «Наступали на Ржев по трупным полям… Ползешь по трупам, а они навалены в три слоя, распухли, кишат червями, испускают тошнотворный сладковатый запах разложения человеческих тел. Этот смрад неподвижно висит над «долиной» (салдаты называлі такія ўчасткі «далінамі смерці». — С.З.). Разрыв снаряда загоняет тебя под трупы, почва содрогается, трупы сваливаются на тебя, осыпая червями, в лицо бьет фонтан тлетворной вони. Но вот пролетели осколки, ты вскакиваешь, отряхиваешься и снова — вперед».

Выдатны рускі паэт А. Твардоўскі, які працаваў ваенным карэспандэнтам і пабыў на месцы баёў, расказваў: «Впечатления этой поездки были за всю войну из самых удручающих и горьких до физической боли в сердце. Бои шли тяжелые, потери были очень большие, боеприпасов было в обрез — их подвозили вьючными лошадями». Пад грузам убачанага ён не мог адразу напісаць верш «Я убит подо Ржевом», які стаў хрэстаматыйным, пад тэкстам стаіць дата: 1945—1946 гады.

Я убит подо Ржевом,
В безымянном болоте,
В пятой роте,
На левом,
При жестоком налете.

Я не слышал разрыва
И не видел той вспышки, —
Точно в пропасть с обрыва —
И ни дна, ни покрышки.

И во всем этом мире
До конца его дней —
Ни петлички,
Ни лычки
С гимнастерки моей.

Я — где корни слепые
Ищут корма во тьме;
Я — где с облаком пыли
Ходит рожь на холме.

Я — где крик петушиный
На заре по росе;
Я — где ваши машины
Воздух рвут на шоссе.

Где — травинку к травинке —
Речка травы прядет,
Там, куда на поминки
Даже мать не придет.

Прароча гучаць радкі, звернутыя да нашчадкаў:

Горевать — горделиво,
Не клонясь головой.
Ликовать — не хвастливо
В час победы самой.

Пад Ржэвам тлеюць непахаваныя па-людску косці тысяч невядомых герояў, а «трубадуры» з георгіеўскімі стужачкамі гарланяць: «Можем повторить!». Што паўтарыць, такую ж бойню?

Акцёр А. Серабракоў, які бліскуча выканаў ролю камандзіра батальёна ў кінафільме «Штрафбат», кажа: «Есть ощущение неправды от фильмов про войну, которые сейчас снимают», а наконт свята Перамогі канстатуе: «Никакой это не праздник, а день скорби и памяти».

У Беларусі на «Линии Сталина», якая нічым не вызначылася ў вайне, але насуперак логіцы ўключана ў праграму патрыятычнага выхавання, таксама расхаджваюць суб’екты ў форме нкусаўцаў і праводзяцца «пацешныя баі».

У сацыяльных сетках я прачытаў дыялог. Адзін карыстальнік пытаецца: «Карнікі ўжо не хаваюцца, ходзяць адкрыта? Наступіў поўны маразм?», а другі адказвае: «Каб жа толькі быў маразм, гэта яўнае прывучванне да расстрэлаў!»

Лічу, што ўзвялічванне ролі рэпрэсіўных органаў і арміі, іх пастаянны піяр на тэлебачанні, у друку, кіно, тэатры, раздзіманне культу сілы і зброі — гэта таксама адзін са спосабаў нагнятання страху сярод цывільнага насельніцтва.

Але як бы ні спрабавалі аўтарытарныя правіцелі і іх прапагандысты запалохаць сучасных людзей, усе такія намаганні асуджаны на правал.

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости плюс»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]