Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Мінску адзначылі шостую гадавіну Пантыфікату папы Францішка

28.06.2019 общество
У Мінску адзначылі шостую гадавіну Пантыфікату папы Францішка

Беларускiя каталiкi чакаюць кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы з візітам.

27 чэрвеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр даў афіцыйны прыём з нагоды шостай гадавіны Пантыфікату папы Францішка.

Прыём адбыўся не ў гадавіну абрання сённяшняга наступніка апостала Пятра, якая адзначаецца 13 сакавіка, а напярэдадні ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, што сімвалізуе пераемнасць Апостальскай Традыцыі ў Каталіцкім Касцёле, паведамляе catholic.by.

ФОто: catholic.by

З гэтай нагоды ў Апостальскай Нунцыятуры — прадстаўніцтве Святога Пасаду ў нашай краіне — сабраліся каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Лютэранскай супольнасці, Юдэйскіх і Мусульманскай супольнасцяў. Па запрашэнні прадстаўніка папы Францішка ў Беларусі ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, а таксама амаль усе паслы замежных дзяржаваў, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь.

Сярод запрошаных, агульная колькасць якіх склала каля 300 асобаў, былі прадстаўнікі мясцовага духавенства, манаскіх супольнасцяў, дзеячы навукі, культуры і іншых сфераў грамадскага жыцця.

ФОто: catholic.by

Вітаючы прысутных на англійскай мове, Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр сказаў:

«Для католікаў Святы Айцец — гэта наступнік святога Пятра, які аб’ядноўвае і вядзе за сабою католікаў ва ўсім свеце. Як жа цудоўна, што мы маем магчымасць сабрацца разам як адна сям’я ў „доме Папы“ — у доме нашага духоўнага айца!»

Звяртаючыся перадусім да палітыкаў і дыпламатаў, Апостальскі Нунцый нагадаў, наколькі вялікую ролю яны адыгрываюць у справе захавання міру ў свеце, на што неаднаразова звяртаў увагу папа Францішак:

ФОто: catholic.by

«Католікі і ўсе вернікі глыбока зацікаўленыя ў тым, каб прысвяціць сябе служэнню справе міру, і папа Францішак на працягу шасці гадоў свайго Пантыфікату многіх заахвоціў да гэтага служэння, нагадваючы пра лагоднасць і міласэрнасць Бога і годнасць кожнай чалавечай асобы. Заўсёды клапоцячыся пра людзей у іх канкрэтнай жыццёвай сітуацыі, ён нястомна скіроўвае ўвагу на тых, хто знаходзіцца на духоўнай і жыццёвай перыферыі».

Прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі дадаў:

«Куды б ён ні ехаў, папа Францішак імкнецца развіваць справу міру, узаемапавагу і дыялог, каб будаваць масты паміж народамі і краінамі, не выключаючы бедных і чужынцаў; павышаць павагу да годнасці чалавечай асобы і дару жыцця, а таксама заклікае нас далучыцца да гэтага задання. Удзячны Богу за тое, што шэсць гадоў таму Пан Бог паклікаў на служэнне гэтага Святога Айца, я запрашаю вас разам са мною ўзнесці падзяку Богу за гэтага Папу.

ФОто: catholic.by

Дзякуючы яму наш свет змяніўся да лепшага, і праз ягоныя словы, жэсты і прысутнасць наша моладзь, сем’і і „самыя апошнія з нашых братоў і сясцёр“ атрымліваюць надзею на лепшую будучыню. Таму падзякуем і ўзрадуемся: мы маем Папу — такога Папу!»

У другой частцы сваёй прамовы, ужо на беларускай мове, арцыбіскуп Габар Пінтэр распавёў прысутным пра сваю нядаўнюю сустрэчу з папам Францішкам.

«Дарагія сябры! Некалькі дзён таму я быў у Рыме і размаўляў са Святым Айцом. Ён адразу спытаўся пра „дарагі беларускі народ“, а пасля папрасіў перадаць сваё сардэчнае прывітанне — што я і раблю цяпер з вялікім задавальненнем, — а таксама просьбу аб вашай малітве за яго. І, вядома, не магу не сказаць пра яго (і НАШУ) надзею на візіт у Беларусь», — дадаў на заканчэнне Апостальскі Нунцый.

ФОто: catholic.by

У адказ на яго прамову са словам да прысутных звярнуўся намеснік намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка, які, далучаючыся да выказаных прадстаўніком Папы словаў спадзявання на ягоны прыезд у нашую краіну, у прыватнасці, сказаў:

«Мы чакаем кіраўніка Рыма-Каталіцкай Царквы з візітам у Рэспубліку Беларусь».

Няхай жа гэтая агульная надзея і моцнае жаданне беларускіх католікаў і ўладаў нашай дзяржавы як найхутчэй спраўдзіцца!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]