Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

У Менску ўшанавалі памяць амэрыканкі Рут Уолер

07.08.2019 общество

Рут Уолер прыехала ў Беларусь у 1945 годзе з першай місіяй ААН.

Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур выказала спадзяваньне, што налета ўжо амбасадар ЗША будзе выконваць ганаровы абавязак ушанаваньня памяці амэрыканскай грамадзянкі Рут Уолер, перадае «Радыё Свабода».

7 жніўня Джэніфэр Мур разам з пастаяннай каардынатаркай ААН у Беларусі Яаннай Казана-Вісьнявецкай, першым сакратаром сэктара ЗША і Канады МЗС РБ Дзьмітрыем Ільішыным і дырэктарам менскай сярэдняй школы № 130 імя Рут Уолер Дзьмітрыем Бякцяшкіным усклалі кветкі да магілы Рут Уолер на Вайсковых могілках.

Амэрыканка Рут Уолер, якая працавала ў місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня ААН, памерла ў Менску 4 жніўня 1946 году. Яна выратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры ў Лошыцы, а сама захварэла на запаленьне лёгкіх і памерла. Пахавалі яе на Вайсковых могілках у Менску.

«Гэта ўжо добрая традыцыя штогод прыходзіць сюды і ўспамінаць Рут Уолер, якая прыехала ў Беларусь, калі ва ўсім сьвеце панавала надзея на пабудову новага, квітнеючага і пасьпяховага сьвету на ўсёй плянэце», — сказала Джэніфэр Мур.

Яанна Казана-Вісьнявецкая расказала, што Рут Уолер прыехала ў Беларусь у 1945 годзе з першай місіяй ААН.

«Гэта быў складаны час для ўсіх пацярпелых пад час вайны краін. Рут Уолер працавала тут разам з 15 іншымі міжнароднымі сябрамі місіі UNRRА, якая з 1945-га па 1947 год мела свой офіс у Лошыцкім парку. Аднымі з самых буйных донараў і заснавальнікамі гэтай місіі былі ЗША. Пазьней на яе аснове зьвіліся новыя інстытуцыі ААН, якія аказваюць гуманітарную дапамогу. Мы памятаем пра тое, што рабілі тут супрацоўнікі місіі для Беларусі. Але і ўшаноўваем супрацоўнікаў ААН, якія памерлі на тых месцах, дзе працавалі і дапамагалі іншым».

Паводле Дзьмітрыя Бякцяшкіна, тое, што імя Рут Уолер далі менскай школе, «паказала сувязь часоў і дало выдатную магчымасьць дзецям бліжэй пазнаёміцца з дзейнасьцю ААН».

«Гэта стварыла выдатную магчымасьць, каб бліжэй пазнаёміцца з культурай амэрыканскага народу. Цягам ужо трох гадоў мы ладзім сумесныя імпрэзы з ААН і амбасадай ЗША. І гэта супрацоўніцтва мае вялікае значэньне, служыць большаму ўзаемаразуменьню і наладжваньню культурных сувязяў», — сказаў дырэктар менскай школы імя Рут Уолер Дзьмітры Бякцяшкін.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]