Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Славамiр Адамовіч: Сядзім, як у цырку шапіто, пад купалам

10.08.2019 политика

Турэмны дзённік паэта.

У найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі так склалася, што ў месцах зняволення па палітычных матывах аказаліся многія палітыкі, грамадскія дзеячы, актывісты і літаратары, якія пакінулі дакументальныя занатоўкі, дзённікі, успаміны пра тыя часы. З аднаго боку, па сваёй важнасці гэта гістарычны матэрыял, з фактамі ўздзеяння ці ціску на апанентаў дзеючай улады, з іншага - літаратура нон-фікшн, творы, у якіх апісваецца ўласны вопыт аўтара.

«Белгазета» працягвае серыю публікацый пад рубрыкай «Турэмны дзённік»- у выглядзе ўрыўкаў з кніг, якія выйшлі ў нашай краiне ў мiнулыя гады.

Даведка. Паэт Славамір Адамовіч нарадзіўся ў 1962г. У 1986-92гг. вучыўся на філфаку БДУ; з 1991г. па 1995г. працаваў у «Настаўніцкай газеце». У лістападзе 1995г. напісаў верш «Убей президента!», за што быў арыштаваны. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз дзесяць месяцаў зняволення адпушчаны пад падпіску пра нявыезд. У зняволенні вёў дзённік, які затым выйшаў асобнай кніжкай «Турэмны дзённік». У жніўні 1997г. зрабіў акт індывідуальнага супраціўлення антыбеларускаму рэжыму - на адным з мітынгаў публічна зашыў сабе рот. У 2000г. Славамір Адамовіч знаходзіўся ў ЗША, працаваў на будоўлях Нью-Ёрку. З 2002 па 2009гг. жыў у Нарвегіі, у горадзе Буда, дзе атрымаў палітычны прытулак. У ліпені 2009г. вярнуўся на Беларусь. Як казаў пра сваю кнігу сам аўтар, «Турэмны дзённік» - гэта не мастацкі твор, а кніга-дакумент, кніга брутальная i непрыемная. Ад яе тхне парашай i чалавечай подласьцю, калгасным кароўнікам i дурной крывёю, вашывымі падлеткамі і... прэзідэнтам; але пры ўсёй сваёй д’ябальшчыне гэтая кніга мае адзін істотны пазітыў - яна аб’ектыўна праўдзівая. Чытач, ахунецца ў рэчаіснасць турмы, дзе дзейнічае закон: выйгрывае мацнейшы і больш наглы. Зразумее, што карцінка ў тэлебачанні далёка не рэчаіснасць наяве, што сённяшняя сістэма ў краіне - хворы вынік хворых амбіцыяў і шматгадовая пакута мільёнаў людзей, што на турэмных нарах можа апынуцца кожны, але не кожны зможа з годнасцю вытрымаць выпрабаванні. Тут пра паламаныя лёсы, пра рэдкія праявы чалавечнасці і бясконцыя гульні нялюдзкасці».

«ТУРЭМНЫ ДЗЁННІК»

…Маё затрыманьне прыпала на каталіцкі Вялікдзень. Салдаты (чуваць было нават у камеры), што называецца, на вушах стаялі, напіўшыся за грошы, якія ім удаецца адшманаць у пакістанцаў. Гэтых гаротнікаў ловяць ледзь ня кожны дзень. Вось i чацьвёртага затрымалі групу з чалавек 15, усе худыя, змарнелыя. Аднаго пасадзілі да мяне, спачатку бунтаваў супраць сала ў салдацкай кашы, але Голад, Голад вышэй за ўсе караны i бібліі. Хіба толькі чалавечая воля i можа паўстаць над законам інстынкту. Усе тры дні, што я ня еў, салдат выкідваў маю пайку ў парашу, якая была праз калідор насупраць.

…Быў на «медаглядзе», аглядалі дзьве кабеты, пра кваліфікацыю якіх гаварыць не прыходзіцца. Сказаў, што некалі хварэў саркаідозам Бека, што нешта нездаровіцца майму пенісу. Абяцала арганізаваць яшчэ адзін агляд (флюраграфія i уролаг).

Прайшоў дождж, проста лівень. Паветра пасьвяжэла. У фортку залятае чмель i, здаецца, авадзень. Атрымаў інфармацыю, што на «Валадарцы» (цэнтральная сталічная турма, якая прылягае да вуліцы імя Валадарскага) сядзіць за «хуліганку» Алесь Шадрын. Хворы, гніе (язвы на целе), на зону не паехаў.

Вечар, гадзін 7. У двары паміж турмой i будынкам міністэрства ўнутраных спраў салдаты ўнутраных войскаў i амапауцы бразгаюць шчытамі, чуваць каманды. Відаць, грузяцца на машыны. Што там адбываецца? Ці выстаялі нашы людзі? Ізноў дождж, Ізноў грымяць шчытамі. Надвор’е - толькі дзяўчат кахаць. Сядзім, як у цырку шапіто, пад купалам. Чуваць, як зомбі ў форме выкрыкваюць слова «фашысты». Цямнее, за кратамі сьмяюцца, сьмех.

…Сёньня сьніў дачку, якой у мяне няма, а ёсьць яна ў Сашкі-сотага, забойцы. Сьніў, нібы дачушка мая напісала верш, адзін радок асабліва ўдалы. Мы абдымаліся, я рады за яе. Шкада, што не запомніліся радкі. Сон у камеры - другая рэальнасьць: там i дачка, i вершы, i каханая жанчына, i Радзіма, вольная ад набрыдзі... Перачытваю раман «Угрюм-река». У нас тут усе змрочныя, спадылбастыя. Ніводнай роднай душы блізка, толькі душагубы ды мярзотнікі побач, ублюдкі, спадкі соцыюму, хоць жа таксама чалавекі.

…Адпаведны дзень выбраў мой сусед, каб ускрыцца. Выдабыўшы з аднаразовай жылеткі лязо i намачыўшы левае запясьце, чалавек пачаў рэзаць сабе вены. Рэзаў хвілін пяць-сем, я ляжаў на нарах, уткнуўшыся фізіяноміяй у шурпатую сьцяну камеры. Потым чалавек захроп, потым заціх. З абмяклай скрываўленай рукі ў пластыкавы жбан спакойна падалі чырвоныя кроплі. Гэта быў мне сігнал, што пара ўстаць i паклікаць вертухая.

Суседа забралі хутка i вярнулі ў камеру толькі вечарам. Спалатнелы, з зашытымі жыламі, ён упаў на шконку i не ўставаў да раніцы. Яму па-ранейшаму сьвеціць 15 гадоў турмы альбо выключная мера сацыяльнай абароны - расстрэл.

…Ужо каторы дзень знаходжуся ў шпіталі КДБ, што на вуліцы Макаёнка ў Менску. Доктар просіць, каб ужо пачаць есьці. Буду трымацца да 22-га. Даюць посны грэчневы ўзвар. Адзін раз была мінералка. 15-ы дзень галадоўкі.

Першыя двое сутак у шпiталі ляжаў пад кропельніцай, прыкаваны за руку й нагу да шпітальнага ложка. Цяпер на дзень кайданы здымаюць, але на ноч руку прыкайданьваюць. Доктара завуць Алег Міхайлавіч, нармальны чалавек, прыносіць мне газэты.

А дзясятай раніцы прыйшлі адвакат Гары Пятровіч і сьледчы, які ўсё лыбіцца, сука, яму сьмешна. Адыходзячы, заявіў, што, каб я не пайшоў на мяжу, то, можа, справа да суда i не дайшла б. Дамовіліся з адвакатам, што да азнаямленьня з матэрыяламі справы падключуся з наступнага тыдня. Вось прынесьлі пайку, ды ня мне. Шклянка вадкасьці, кавалак хлебу. А сьледчы межаў цынізму ня мае. Наконт майго знаходжаньня ў рэанімацыі заявіў, што мяне проста не было куды пакласьці ў іншым месцы. Вакно ў палаце прыадчынена, бачу зеляніну, прайшоў дождж. Хочацца волі i яды, сапраўднай мужчынскай яды.

…Падрыхтаваў маляву для перапраўкі на волю. Пачынаюць ныць зубы ў правым верхнім куце. Казлы, нават фрамугу не адчыняюць, каб праветрыць палату. I кайданы на левай. Зьявілася новая санітарка, смуглая, срачка i плечы - як у камбайна «Гомсельмашу». Ізноў у зьмену выйшла Сьвета, мая надзейная «паштовая экспедыцыя». Сьвятлана - студэнтка-першакурсьніца медінстытуту, родам з Гарадзеншчыны. Прыйшоў сьлядак, прынёс два тамы «Справы». Чытаю, перапісваю. Чаго толькі няма ў гэтай пісаніне! Вось, напрыклад, з паказаньняў Кірсанавай, супрацоўніцы «Настаўніцкай газэты»: «З часу знаёмства адносінаў з Адамовічам я фактычна не падтрымлівала. Сустракалася зь ім два-тры разы. Па характары Адамовіч замкнуты, эгаістычны чалавек, вельмі высока сябе ацэньвае. Неўраўнаважаны, успыльчывы».

…Пад’ём а шостай. Сарцір (туалет, клазэт, прыбіральня, дабл, нарэшце), а нас трох, а ўнітазы два. Выносім парашу i сьметніцу, у пластыкавыя бутэлькі набіраем вады. На апраўку даюць хвілін сем. Асабіста мне трэба дзесяць-пятнаццаць. Амаль заўсёды не пасьпяваю - вертухаі гоняць назад у камеру.

Перад прагулкай - «лазьня». Гарачай вады няма - грэюць на кухні. На кожнага - па вядры гарачай. Плёхаемся ў тазіках, палошчам свае ўкарэлыя майткі. 15 хвілін - i «лазьня» адбылася.

Прагулка: квадратны бокс тры на тры мэтры на трох, сьцены пад «шубай», зьверху - металічная сетка. Цвыркае птушка, яснае неба i бярозавы ліст ад веніка, якім падмяталі цумантовую падлогу-ток. На сьняданак далі аж тры батоны!

Зараз вечар, чуваць, як салютуюць гарматы. Дзень незалежнасьці. Лягавы, паскуда, называе нацыянальны сьцяг беларускім салам.

Мітынг апазыцыі адбыўся каля Палаца спорту. Тэлекампанія ГРТ паказала больш, чым тутэйшая тэлеперадача «Панарама». У кадры мільгануў твар маёй маці. За сьценамі турмы сёньня ціха.

…Я скажу табе, мая любачка, чаму некаторыя на свабодзе так раўніва падыходзяць да праблемы чысьціні рук. Па-першае, чыстыя рукі - здаровы арганізм.

Па-другое, не магу ж я хадзіць з бруднымі рукамі, пазбаўляючы цябе тым самым радасьці цалаваць іх. Мае рукі заўсёды павінны быць гатовыя для тваіх пацалункаў. Ведаеш, калі мужчына цалуе рукі жанчыне - гэта часьцей за ўсё традыцыя, этыкет, звычка. Калі наадварот - мужчына гэтай зьяве не знаходзіць найменьня.

Па-трэцяе, педантычнае ачышчэньне ад бруду - гэта найбольш эфектыўнае выкарыстаньне магчымасьці, якой заўтра можа й ня быць. Вось табе прыклад: камера, параша, нары, пацёкі на сьценах, турэмны смурод. Я больш не магу займацца воднымі працэдурамі, як гэта ўласьціва толькі мне. Усяго і засталося, што памяць пра халадок тваіх вуснаў, захаваная эпітэліем маіх далоняў...

Па-чацьвёртае, мая салодкая, нехта ўсё ж павінен мыць рукі, своечасова і на ўсіх пальцах падстрыгаць пазногці, здымаць завусенкі. Навокал столькі людзей з бруднымі рукамі, што проста... Гэты пункцік пачынаеш асабліва разумець тут, за кратамі, дзе ты мусіш кожны дзень назіраць, як нячыстая, азызлая рука кантралёра пры раздачы хлябалава ашчапервае жалезную шлёмку, сьлізгаючы вялікім пальцам у твой гастрытны супік. Адно суцяшае: брутальны палец кантралёра завісае пакуль толькі над пайкай зэка, а не над спускавым курком.

…Хата пяць дзевяць - жанчыны - вярнулася з прагулкi. Чуваць, як рыпяць шконкi. Турэмныя панi залазяць у свае бярлогi, ёрзаючы нясьвежымi срачкамi па цяжкiх камэральных матрацах. Матрас, матрас, дай хоць раз - кажуць у такiх выпадках як мужыкi, так i бабы. Некалi шэсьць нуль таксама была пад жанчынамi: у нас драўляная падлога i матрацы ў мэнструальнай крывi.

А пятай ранiцы схапiў жывот. Панос. Пакутую да абеду. Камэра пайшла на двор, а я - на дальняк. Адзiная магчымасьць застацца аднаму - не пайсьцi на прагулку, завiснуўшы на парашы.

Жанчыну хочацца - хоць самую апошнюю. Халаднее, ужо ня так душна ў камэры. Панядзелак - генпрыборка. Мыем падлогу, «лебедзя» - урыльнiк. Каб зараз дадому, шчакой прыхiнуцца да кары дубоў маiх, бярозаў, сасонак! Удыхнуць паветра ляснога, выйсьцi па грыбы, павалiцца ў мох аксамiтны, у iглiцу. I прайшлi б тады мае хваробы... Да «опера» запiсваюся шосты дзень, каб празь яго паспрабаваць адправiць лiсты на волю.

Вечар. Пяць восем дала на суткi тэлевiзар, а мы ёй - цывiльняк (цыгарэты). Зайшоў старлей, начальнiк апэратыўнай часткi. Размовы не адбылося, лiсты адправiць нельга. Начальства адмоўчваецца наконт пiсаных i няпiсаных правiлаў сваёй турмы. Самi, маўляў, кумекайце.

…Складана пiсаць пра жанчын-арыштантак. Яшчэ цяжэй чуць iхныя галасы днём i ноччу, iх любоўныя сьпевы. Невыносна ведаць, што ў хаце пяць дзевяць шконка рыпiць пад 33-гадовай Iрынай-душагубкай. Як i ты, яна сыходзiць жаданьнем, яна прагне хоць крышку любовi i пяшчоты. Зь Iркай-палiцайкай мы крыху пiшамся - абменьваемся малявамi. З Наташкай зь пяць сем перагаворваемся на прагулцы праз кабуру. Галасок у Наташкi, што хоць памры. I шыюць ёй 91-ю. У пяць адзiн сядзiць яе бацька, i кожны дзень яны перагаворваюцца-перакрыкваюцца праз рэшку-вакно. У гэты момант наша малалетка зацiхае i ўслухоўваецца ў голас Наты. Я думаю, чаму гэта ня голас маёй дачкi там, на волi.

…Сьнiўся бацька малады. Мы зь iм сярод знаёмых i блiзкiх, добра гаворым. У цокальных памяшканьнях дзесьцi пад Будславам. Потым бацька зьнiкае, дзеяньне пераносiцца ў раён Крывiчоў, што пад Вялейкай. Сонечны дзень, iду са знаёмымi па вулiцы, густа забудаванай культавымi гмахамi. Валяецца будаўнiчы друз, шчэбень. Раздаём нейкi вадзянiсты тварог, якi цячэ па сьценках посуду. Што ж гэта? Што там дома?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]