Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Куды ён нас завёў?

Куды ён нас завёў?

Цікава, што ён кажа цяпер, праз 25 гадоў свайго кіравання.

Увесну 1994 года тады яшчэ дэпутат Лукашэнка агаломшыў сваіх калегаў лічбамі: каля мільёна беларусаў у той час жылі за рысай беднасці, «накіроўваючы ўсе свае бедныя даходы на харчаванне». Цікава, што ён кажа цяпер, праз 25 гадоў свайго кіравання, калі бачыць «Статыстычны штогоднік Рэспублікі Беларусь»?

Гэты дакумент падрыхтаваў Белстат. Паводле яго, 2 мільёны 667,1 тысячы беларусаў не могуць дазволіць сабе мінімальны набор тавараў і паслуг. Гэта тыя людзі, чые сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы ў 2018 годзе не перавышалі мінімальны спажывецкі бюджэт у разліку на аднаго чальца сям’і з чатырох чалавек у месяц — 344 рублі.

Мінімальны спажывецкі бюджэт — гэта выдаткі на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэбаў чалавека. МСБ прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў узроўню жыцця насельніцтва і ўзмацнення сацпадтрымкі тых, хто жыве ў нястачы. Сярэднедушавыя даходы трэба адрозніваць ад сярэдніх заробкаў.

Сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы не перавышалі МСБ у разліку на аднаго чальца сям’і з чатырох чалавек у 2018 годзе ў 29,4% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. То-бок, у 2018 годзе траціна (!) насельніцтва «накіроўвала свае бедныя даходы на харчаванне».

Не дзіва, што людзі выжываюць, як могуць. За два апошнія месяцы даўгі беларусаў перад банкамі выраслі больш чым на мільярд рублёў. Увогуле, паводле іншай дзяржаўнай арганізацыі — Нацбанка, — на 1 верасня беларусы завінаваціліся банкам 13 мільярдаў 72 мільёны рублёў.

Іншымі словамі, за два апошнія месяцы даўгі грамадзян выраслі на 1,14 мільярда рублёў. Для параўнання: за першыя шэсць месяцаў года сума доўгу вырасла на 975 мільёнаў рублёў.

Нагадаем, што з 2018 года Нацбанк імкнецца абмежаваць выдачу спажывецкіх крэдытаў насельніцтву праз розныя правілы і механізмы. У прыватнасці, была ўведзена норма, па якой выплата па крэдыце не павінна перавышаць пэўны працэнт ад заробку чалавека. Так рэгулятар, па-першае, спрабаваў перасцерагчы банкі ад праблем сплатаў па крэдытах, а па-другое, скасаваць такія ж праблемы ў насельніцтва.

Але гэта, як пішуць у СМІ, «слаба стрымлівае жаданне беларусаў купляць у растэрміноўку і браць мікрапазыкі». Дый як яно можа стрымаць, калі людзям больш нічога не застаецца, як браць крэдыты, — проста на выжыванне.

Пры гэтым адбываецца тое, пра што папярэджвалі эксперты, — праўда, пакуль яшчэ бачнае не па ўсёй краіне. Таму што нам пра гэта не расказваюць. А вось дзяржаўная (зноў жа) газета Шаркаўшчыны «Кліч Радзімы» прыўзняла покрыва таямніцы.

За першае паўгоддзе 2019 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў Шаркаўшчынскім раёне колькасць зарэгістраваных злачынстваў вырасла на 15%. Пры гэтым у грамадскіх месцах было здзейснена ў 2,6 разы больш злачынстваў, чым за першыя шэсць месяцаў 2018 года, а рост злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, склаў 80%.

Пры гэтым у Шаркаўшчынскім раёне вырасла колькасць людзей, якія стаяць на наркалагічным уліку: калі на 1 студзеня 2018 года такіх было 428 чалавек, то праз год стала ўжо 453 чалавекі. У 2017 годзе ў раёне рэалізоўвалася 3,65 літра алкагольных напояў на чалавека, а ў 2018 годзе гэты паказчык вырас да 3,85 літра.

Па словах пракурора Шаркаўшчынскага раёна Андрэя Вецюгова, у большасці выпадкаў злачынствы здзяйсняліся па прычыне адсутнасці грашовых сродкаў, неабходных для набыцця прадуктаў харчавання, у тым ліку па прычыне нізкай заработнай платы асуджаных, а таксама наяўнасці запазычанасці па выплаце заработнай платы!

Такім чынам, людзі ішлі на злачынствы з-за адсутнасці грошай на прадукты! Гэта ўжо не «мільён збяднелых» па Лукашэнку ўзору 1994-га, гэта ўжо людзі ў галечы і даведзеныя да адчаю! І вельмі цікава было б паглядзець — статыстыка злачынстваў па краіне паўтарае сітуацыю асобна ўзятага раёна?

Таму не вельмі здзіўляюць і дадзеныя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паводле якіх Беларусь увайшла ў ТОП-5 краін у свеце па самазабойствах сярод мужчын. Паводле лічбаў гэтай арганізацыі, першае месца па мужчынскіх самазабойствах займае Расія — 48,3 самагубствы на 100 тысяч чалавек. Другое месца ў дадзеным непачэсным рэйтынгу заняла Літва з 47,5 самагубцаў на 100 тысяч. Трэцяе — Гаяна з 46,6 суіцыдаў. За імі ідуць Казахстан з 40,1 самагубцаў, і Беларусь, дзе добраахвотна рассталіся з жыццём 39,3 мужчын на 100 тысяч чалавек.

Гэта надзвычай цікавая статыстыка. Таму што яна вельмі дзіўным чынам накладаецца на палітычную мапу свету. Лідары па самазабойствах сярод мужчын — тры краіны, найбольш уцягнутыя ў «інтэграцыйныя» працэсы на постсавецкай прасторы: Расія, Казахстан, Беларусь. Міжволі задаешся пытаннем: ці не звязана гэта з усялякімі ЕАЭС ды Мытнымі саюзамі? Ці не «інтэграцыя» прыводзіць да такіх сумных наступстваў?

На фоне такой статыстыкі цікавыя і беларускія «выбары», асабліва ў сэнсе «прызначэнцаў» у парламент. Ён у нас, калі хто не памятае, дзвюхпалатны. Пра другую палату — Савет Рэспублікі — зазвычай не згадвае ніхто. А між іншым Мінск ужо высунуў восем кандыдатаў у верхнюю палату парламента, адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкам і Мінгарсавет прынялі ў аўторак.

Цікава не тое, хто ў тым спісе ёсць, а тое, каго сярод вылучэнцаў няма. А няма там, напрыклад, экс-прэм’ера і спікера Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча. Сярод кандыдатаў на сенатарскае месца няма і Марыяны Шчоткінай, якая ў бягучым складзе Савета Рэспублікі працуе віцэ-спікерам. Ад сталіцы не вылучаны і старшыня ФПБ Міхаіл Арда — ён таксама працуе ў бягучым складзе СР.

Канешне, тое не азначае, што гэтых людзей у верхняй палаце не будзе, — васьмярых сенатараў прызначае кіраўнік краіны. Але вельмі падобна на тое, што гэтыя людзі, якія доўгі час былі ва ўладзе і запомніліся беларусам сваімі скандальнымі выказваннямі і ўчынкамі, вырашылі ціхенька сысці ў цень. Каб не быць адказнымі за катастрафічную сітуацыю, што склалася ў краіне ў час іх паўнамоцтваў.

Канешне, усе мы ведаем, што ў краіне ўсё вырашае адзін чалавек. Але галоўная хіба такой сістэмы — што адзін гэты чалавек і адказны за наступствы сваёй палітыкі.

Сяргей Салаўёў, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]