Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

16 лістапада - Дзень Божай маці Вастрабрамскай

16.11.2019 культура
16 лістапада - Дзень Божай маці Вастрабрамскай

Вастрабрамскі абраз Божай Маці - адна з самых галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі.

16 лістапада адзначаецца свята Маці Божай Міласэрнасці Вастрабрамскай — вялікай святыні трох народаў. Сёння сайт catholic.by распавядзе пра некалькі цікавых фактаў з гісторыі гэтага цудадзейнага абраза Багародзіцы, які асаблівым чынам ушаноўваецца на нашых землях.

1. Як з’явілася Вострая Брама?

Фота: commons.wikimedia.org

Як цудадзейны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, так і капліца ў Вострай Браме, дзе ён знаходзіцца, маюць багатую гісторыю, што непарыўна звязаная з гісторыяй Вільні.

На пачатку XVI стагоддзя гараджане звярнуліся да караля Аляксандра з просьбаю абнесці горад каменным абарончым мурам. Гэта было звязана з тым, што ў тыя часы на нашыя землі часта нападалі татары, а таксама ўскладніліся адносіны з Маскоўскай дзяржавай.

Спецыяльным прывілеем, выдадзеным у 1503 годзе, кароль Аляксандр загадаў абнесці горад мурамі. Лічыцца, што іх краевугольны камень быў закладзены ў месцы, адкуль старадаўні тракт вёў з Вільні ў Меднікі, а далей праз Ашмяны на Мінск.

Пасля благаслаўлення і закладкі каменя распачалося будаўніцтва брамы і гарадскіх муроў.

У 1522 годзе ўвесь горад быў ужо абнесены абарончым мурам. У ім было зроблена дзевяць гарадскіх брам. Вострая Брама — адзіная з іх, якая захавалася да нашага часу.

2. Чаму Вострая Брама так называецца?

Напачатку Вострая Брама мела назву Медніцкай, або Крэўскай, бо праз яе вёў шлях у гэтым кірунку. Медніцкая брама ўпершыню ўзгадваецца пад 1514 годам, а назва Вострая Брама (на лаціне Porta Acialis) з’явілася толькі ў 1594 годзе.

Адна з версій з’яўлення такой назвы гаворыць, што літоўцы з ваколіц Вільні называлі гэтую браму па-літоўску Ašmens Vartai — «Вострая Брама».

Аднак ёсць меркаванне, што насамрэч назва азначала не «вострая», а паходзіла ад назвы беларускага горада Ашмяны (па-літоўску Ašmena), куды вёў гасцінец, што пачынаўся ад брамы.

Але хтосьці проста літаральна пераклаў назву брамы з літоўскай мовы на лаціну як «вострая», а не «Ашмянская». Такім чынам гэтая назва перайшла таксама ў іншыя мовы.

Цікава, што па-літоўску Вострая Брама цяпер называецца Aušros Vartai — Брама Заранкі. Калі і чаму яе пачалі так называць, дакладна невядома. Магчыма, гэтая назва з’явілася дзякуючы традыцыі, якая параўноўвае Найсвяцейшую Панну Марыю з ранішняю зоркаю, што прадвяшчае світанне — заранкаю.

3. Як на браме з’явіўся абраз?

У адпаведнасці са старадаўняй традыцыяй, на абарончых гарадскіх брамах часта змяшчаліся святыя абразы. На Вострай Браме з абодвух бакоў таксама былі абразы — з унутранага боку была выява Багародзіцы, а са знешняга — выява Збаўцы. Абедзве іконы былі ўласнасцю горада.

Першапачаткова ікона Маці Божай Вастрабрамскай знаходзілася не ў капліцы, а ў неглыбокай нішы з унутранага боку гарадскіх муроў.

Так было да 1626 года, калі ў Вільні з’явіліся кармэліты босыя, якія атрымалі надзел для будаўніцтва касцёла і кляштара акурат пры Вострай Браме.

Касцёл будаваўся вельмі доўга і быў асвячаны ў 1654 годзе пад тытулам вялікай кармэліцкай святой Тэрэзы ад Езуса (Авільскай). З самага пачатку кармэліты звярнулі ўвагу на абраз Маці Божай на браме: яны пачалі праводзіць каля яго набажэнствы, збіраючы на іх пабожных гараджанаў.

Такім чынам паступова Вострая Брама стала своеасаблівым месцам малітвы праз заступніцтва Маці Божай.

У 1668 годзе гарадскія ўлады Вільні даручылі апеку над абразом Маці Божай кармэлітам, і ў 1671 годзе намаганнямі айца Караля ад Святога Духа з паўночнага боку да брамы прыбудавалі драўляную капліцу. Падчас яе будаўніцтва ікона знаходзілася ў касцёле святой Тэрэзы, адкуль пазней была ўрачыста перанесена ў капліцу над брамай.

У 1711 годзе драўляная капліца была знішчана пажарам, і праз год яе адбудавалі ўжо ў мураваным выглядзе. З таго часу бярэ пачатак вялікі культ Маці Міласэрнасці Вастрабрамскай.

Пабожнае ўшанаванне цудадзейнага абраза яшчэ больш распаўсюдзілася пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі.

Праявай асаблівай пашаны да святыні была забарона вулічнага гандлю падчас набажэнстваў. Акрамя таго ўсе мужчыны, якія праходзілі пад Востраю Брамаю, незалежна ад іх веравызнання, павінны былі здымаць галаўны ўбор і ісці з непакрытаю галавою ажно да капліцы Пацеяў касцёла святой Тэрэзы.

4. Вастрабрамскі абраз: ікона, прывезеная з Крыма, ці партрэт Барбары Радзівіл?

Ікона Маці Божай, якая знаходзіцца ў Вострай Браме, мае даволі вялікія памеры (200х165 см) і першапачаткова была намалявана тэмперай на васьмі дубовах дошках. Пазней на старую выяву алейнымі фарбамі была нанесена новая, якая крыху змяніла выгляд Маці Божай. На перапісаным абразе знікла пасма валасоў, якая выбівалася з-пад хусты Марыі, а таксама сталі карацейшымі пальцы на далонях.

Творца абраза невядомы. Мастацтвазнаўцы лічаць, што ікона была напісана ў першай палове XVII стагоддзя на ўзор абраза, які належыць пэндзлю фламандскага мастака Марціна дэ Воса.

У наш час не пацвердзілася версія пра тое, што абраз быў прывезены з вайсковага паходу на Корсунь (Херсанэс у Крыме) Вялікім Князем Літоўскім Альгердам, хоць у Праваслаўнай Царкве ікона Маці Божай Вастрабрамскай традыцыйна называецца Корсунскай. Не знаходзяць пацвярджэння і звесткі адносна таго, што твар Маці Божай нібыта быў напісаны з Барабары Радзівіл, жонкі караля Жыгімонта ІІ Аўгуста, хоць пэўнае партрэтнае падабенства прасочваецца.

Фота: commons.wikimedia.org

5. Колькі карон у Маці Божай Вастрабрамскай?

Маці Божую ў Вастрабрамскім абразе вянчаюць дзве кароны.

Першая з’явілася напрыканцы XVII стагоддзя і ў ХІХ стагоддзі была аздоблена каштоўнасцямі, ахвяраванымі ў якасці вотумаў. Другую карону, зробленую са срэбра ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, падтрымліваюць два анёлы.

Урачыстая каранацыя абраза з дазволу папы Пія XI адбылася 2 ліпеня 1927 года. У гэты дзень Мітрапаліт Варшаўскі арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі ўсклаў на цудатворны абраз кароны, зробленыя з золата, ахвяраванага вернікамі.

У савецкія часы залатыя кароны зніклі, і іх лёс невядомы, а на абразе засталіся старадаўнія.

У 2018 годзе меншая карона, зробленая з пазалочанай медзі, была заменена залатой, якую благаславіў папа Францішак падчас свайго візіту ў Літву.

Старажытная карона цяпер захоўваецца ў скарбніцы Вастрабрамскай капліцы, што знаходзіцца непасрэдна за абразом.

6. Як Вострая Брама звязана з культам Божай Міласэрнасці?

Вострая Брама з абразом Маці Міласэрнасці непарыўна звязаная з культам Божай Міласэрнасці, які распачаўся ў Вільні.

Першы абраз Езуса Міласэрнага, намаляваны са словаў святой Фаўстыны Кавальскай і пад кіраўніцтвам благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі мясцовым мастаком Яўгенам Казіміроўскім, быў упершыню выстаўлены для публічнай адарацыі менавіта ў Вострай Браме з 26 па 28 красавіка 1935 года.

7. Якія паэты пісалі пра Вострую Браму?

Фота: travel.sygic.com

Наш славуты зямляк Адам Міцкевіч, ураджэнец Навагрудчыны, у сваёй эпічнай паэме «Пан Тадэвуш» на самым пачатку згадвае Вострую Браму.

Ствараючы галоўны твор свайго жыцця далёка ад родных мясцін, у эміграцыі ў Парыжы, паэт просіць Маці Божую вярнуць яго на Радзіму, як калісьці ў дзяцінстве Яе заступніцтва вярнула яму здароўе.

Святая Дзева, што бароніш Чэнстахову

І ў Вострай Браме свеціш, што ўзяла ў ахову

Наш слаўны Навагрудак з добрым верным людам,

Як мне жыццё ў дзяцінстве Ты вярнула цудам,

Так цудам зноў нас вернеш на Айчыны ўлонне.

(Пераклад Пятра Бітэля)

Вострая Брама як вобраз і ўвасабленне Айчыны з’яўляецца таксама ў вершы Максіма Багдановіча «Пагоня».

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За Краіну радзімую жах,

Успомню Вострую Браму святую

І ваякаў на грозных канях.

У творы, які, пакладзены на музыку, у 90-я гады мінулага стагоддзя нават разглядаўся ў якасці магчымага гімну Рэспублікі Беларусь, паэт звяртаецца да выявы старажытнага герба «Пагоня», змешчанага з вонкавага боку Вострай Брамы.

Такім чынам, у літаратурнай класіцы Вострая Брама з’яўляецца яскравым патрыятычным сімвалам Маці-Радзімы і нават магла «трапіць» у дзяржаўны гімн Беларусі. Дай Бог, калісьці так яно і будзе.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]