Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Язэп Янушкевіч: Мы абсалютна здольныя трымаць абарону, як трымаў яе славуты гетман Астрожскі

30.11.2019 политика
Язэп Янушкевіч: Мы абсалютна здольныя трымаць абарону, як трымаў яе славуты гетман Астрожскі

І зарокам гэтаму пароль, які актуальны дасюль: «Каго любіш? Люблю Беларусь!».

8-га снежня Лукашэнка і Пуцін запланавалі падпісанне пакету дарожных мапаў у рамках праекту па інтэграцыі Беларусі і Расеі. Вялікую трывогу сярод беларусаў выклікае ўжо сам факт паглыбленай інтэграцыйнай дамовы паміж дзвюма дзяржавамі.

Госць Рацыі Язэп Янушкевіч – беларускі грамадска-палітычны дзеяч, пісьменнік і нацыянальны актывіст – распавёзў, як беларусы могуць супрацьстаяць пагрозе з Усходу.

- Тэма нашай гутаркі – паглыбленая інтэграцыя з Расеяй. Ці гэта будзе азначаць канец Беларусі як незалежнай дзяржавы? Іншыя кажуць – нічога страшнага, гэта толькі тычыцца эканомікі. Але людзі баяцца.

Тое, што людзі баяцца, – гэта натуральна. Тое, што некаторыя кажуць, што гэта канец дзяржаўнасці, то, ведаеце, на нас ужо ставілі крыж вялікі і чорны з канца 18 стагоддзя. Той нават факт, што палякі маюць тры славутыя падзелы Рэчы Паспалітай, а мы іх перажылі чатыры, бо яшчэ ўключна з Тыльзіцкім мірам 1807 года, калі ўжо Беласточчына была адарвана і ўвайшла ў склад Расейскай імперыі.

Проста тое, што можа здарыцца, гэта чарговая спроба ненажэрнага расейскага імперыялізму паглынуць нас. Ён ніяк інакш не можа развівацца, як толькі экстэрытарыяльна пашыраючы свае межы.

Але цяпер за вакном 21 стагоддзе. І мы абсалютна здольныя трымаць гэтую абарону, як трымаў яе славуты гетман Кастусь Астрожскі пад Воршай. Таму што ў нашых магчымасцях зусім іншая інтэлектуальная, інтэрнэтная зброя.

- Некаторыя з аналітыкаў гавораць пра некалькі варыянтаў паглыбленай інтэграцыі. Адзін з варыянтаў, калі прэзідэнт Расеі Пуцін хоча быць прэзідэнтам новай дзяржавы – Расеі – Беларусі. Але ён хоча быць такім прэзідэнтам, каб мець такую ўладу, якую зараз мае ў Расеі. Значыць, амаль абсалютную.

- Гэтых уладароў над намі было, пачынаючы ад Кацярыны ІІ і да Мікалая ІІ, то не хапала на нашу галаву яшчэ Уладзіміра. Мы павінны ўсвядоміць адно: дзяржава – гэта мы. Тыдзень таму, хто прысутнічаў на перапахаванні Кастуся Каліноўскага ў Вільні? Улады Беларусі ці беларускі народ? Народ паказаў, што ніякія міністры, ніякія новыя падпісанты, нішто не абмяжуе нашай волі ісці да нашага незалежнага нацыянальнага існавання.

- Мне прыгадваецца перад падпісаннем гэтай паглыбленай інтэграцыі сітуацыя Расеі і Украіны некалькі гадоў таму, якая прывяла да Майдану. Калі Расея захоча падпарадкаваць сабе Беларусь, тады можа быць і ў Беларусі Майдан? Ужо некаторыя пра гэта гавораць…

- Бясспрэчна, існаванне беларуса як грамадзяніна, як гаспадара сваёй зямлі, як галавы свайго роду, я б прасіў лепей не кранаць. Таму што да пары мы можам трываць. Але мы мусім мець супраціў духоўны. І на нашай зямлі, падараванай нам Богам, будзе грэх, калі мы дазволім, каб тут панавалі іншыя ўладары.

- Будзем спадзявацца, што Беларусь надалей будзе незалежнай, самастойнай, а можа ў недалёкай будучыні і дэмакратычнай дзяржавай.

- Так і будзе. І зарокам гэтаму пароль, які нарадзіўся больш за стагоддзе таму і актуальны дасюль: Каго любіш? Люблю Беларусь!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]