Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларускi студэнт з Гарварду ствараe мабільную аплікацыю MOVA

Беларускi студэнт з Гарварду ствараe мабільную аплікацыю MOVA

Максім Багдановіч распавеў, навошта такая аплікацыя і чым яна адрозьніваецца ад звычайных слоўнікаў.

Хлопцы ствараюць мабільную аплікацыю MOVA — слоўнік сучаснай і «слэнгавай» беларускай мовы. Ім можна дапамагчы.

Увечары 7 студзеня ў сацыяльных сетках зьявіўся заклік: студэнты Гарвардзкага і Ельскага ўнівэрсытэтаў распрацоўваюць мабільную аплікацыю — слоўнік сучаснай і «слэнгавай» беларускай мовы. Аўтар ідэі — студэнт другога курса Гарвардзкага ўнівэрсытэту Максім Багдановіч. «Радыё Свабода» спытала ў Максіма, навошта такая аплікацыя і чым яна адрозьніваецца ад звычайных слоўнікаў.

«Так, гэта сапраўднае імя, — сьмяецца Максім Багдановіч у адказ на пытаньне пра псэўданім. — І я б нават пакрыўдзіўся зараз на бацькоў, калі б яны назвалі інакш!»

«Гэта праграма для такіх момантаў, калі вы думаеце: „Крута гучыць!“»

Мабільная аплікацыя «MOVA» — слоўнік накшталт ангельскага Urban Dictionary (нефармальны онлайн-слоўнік ангельскага слэнгу. — РС) — мае быць арганізаваная падобна да Вікіпэдыі. Кожны можа дадаць сваё слова, яго апісаньне, прыклад ужываньня і крыніцу. Мадэратары — самі ўдзельнікі: чым больш словаў і камэнтароў пакідаеш, тым вышэйшы твой узровень карыстальніка і тым больш правоў.

«Мая асноўная ідэя — зрабіць так, каб людзі, якія размаўляюць па-беларуску, маглі самастойна ўплываць на разьвіцьцё беларускай мовы», — кажа Максім.

Максіма натхніла «Радзіва Прудок» Андруся Горвата. А дакладней, занатоўка пра «попелку»: галоўнаму герою не падабаецца слова «попельніца», але ён ня можа прыдумаць, як сказаць лепш, і раптам стрыечны брат просіць у героя «попелку». Так зьявілася непрыдуманае слова ў адказ на неагучанае пытаньне. Герой Горвата ўсьцешыўся, а зь ім усьцешыўся і Максім.

«Гэта праграма для такіх момантаў, калі вы думаеце: „Крута гучыць!“» — кажа Багдановіч. — Мы хочам, каб у момант, калі вы так падумалі... Ня ведаю, напрыклад, вы разьбілі машыну дзеда і ён вас так аблаяў, што вы падумалі: «Гэта запісаць трэба». Вось вы ўваходзіце ў аплікацыю, запісваеце, і вам ад гэтага прыемна«.

У аплікацыі будуць і лайкі, і тэгі, і «ачыўкі» (ад англійскага «to achieve» — дасягаць). Словы можна будзе пазначаць тэгамі «палянізм» ці «русізм», каб пазьней правесьці дасьледаваньне крыніцаў пэўных словаў і выразаў. Або напішаш дзесяць словаў пад тэгам «праграмісты» і атрымаеш ачыўку «адарваны ад народу» ці «зажэрся» — гэта ўжо каб павесяліцца. Але мэты ў стваральнікаў усё ж сур’ёзныя: пашырэньне ўжываньня і паскарэньне эвалюцыі мовы.

«Беларуская мова штосьці згубіла, калі мы прынялі слова „цішотка“?»

«Я ня згодны, што слэнг зьнішчае сэнс беларускай мовы, — кажа Максім. — І я супраць палітыкі моўнага пурызму, таму што кожная мова ў сваім разьвіцьці запазычвае аднекуль. Нават тая ж „цішотка“. Я проста ўжываў гэтае слова і думаў, што гэта аўтэнтычнае беларускае слова. Сур’ёзна, я ня ведаў! А насамрэч узялі англійскае слова T-shirt і зрабілі зь яго „цішотку“. Беларуская мова штосьці згубіла, калі мы прынялі гэтае слова, ці не? Мне здаецца, што не».

Але мабільная аплікацыя будзе ня толькі пра новыя ці запазычаныя словы. Стваральнікі хочуць вярнуць аўтэнтычныя беларускія дыялекты ў мэйнстрымнае ўжываньне. І калі хочацца новага слова, не абавязкова ісьці па яго да ангельскай ці расейскай мовы — можна зьвярнуцца, напрыклад, да палешукоў.

Асноўная каманда стваральнікаў — тры хлопцы. Апроч Максіма, гэта Мікіта Шпакаў, студэнт чацьвёртага курсу БДУІР, і Мікіта Клімента, студэнт-архітэктар зь Ельскага ўнівэрсытэту. Зроблена ўжо каля 40% працы з кодам, але дакладнай даты выхаду аплікацыі яшчэ няма.

«Статыстыка паказвае, што такія праекты на энтузіязьме больш за тры месяцы не жывуць. Адзін месяц ужо прайшоў, засталося яшчэ два», — усьміхаецца Максім.

«Ці патрэбная вам такая праграма?» — спыталі стваральнікі ў сацыяльных сетках два дні таму. Адказалі больш за 200 чалавек, і абсалютная большасьць ідэю ўхваліла.

«Яшчэ быў пункт „Прапановы, ідэі“. І 70 чалавек напісалі! — дзеліцца статыстыкай Максім. — Гэта кожны трэці патраціў свой час, каб сесьці і сказаць: „Крута, я хачу дапамагчы“. Былі такія адказы: „Кірую па Эўразьвязе, але калі спатрэбіцца дапамога, заўжды рады!“, „А-а-а! Гэта нерэальна крута! Жадаю павалянтэрыць“, „Я не праграмістка, але магу дапамагчы зь перакладам альбо стварэньнем кантэнту“, „Не праграміст, але нарадзіўся і вырас у Беларусі. Жыцьцёвы вопыт 49 год“».

«І вось вы седзіце, шаснаццацігадовы хлопец, і разважаеце, што на вас больш за ўсё паўплывала ў жыцьці»

Такую статыстыку можна выкарыстоўваць ня толькі каб падтрымліваць уласны імпэт, але і каб шукаць праектнае фінансаваньне. Цяпер хлопцы могуць абапірацца і на дадзеныя ўласнай апытанкі, а дагэтуль — на дасьледаваньне Курта Вулгайзэра пра сучасных беларускамоўных людзей. Яно пацьвердзіла: партрэт сучаснага беларускамоўнага — урбанізаваны, добра адукаваны чалавек зь сярэдняй ці вышэйшай клясы, які нарадзіўся ў сям’і расейскамоўных. Гэта і ёсьць асноўная мэтавая аўдыторыя аплікацыі.

«Самае цікавае, што хтосьці (Курт Вулгайзэр у сваім дасьледаваньні. — РС) фармалізаваў маё адчуваньне, што партрэт сярэдняга беларускамоўнага чалавека зьмяніўся, і вельмі моцна, — разважае Багдановіч. — Калі 60 год таму вы ўяўлялі чалавека, які размаўляе па-беларуску, гэта быў бы калгасьнік, які размаўляе так, як навучылі. А цяпер гэта ўяўны праграміст у Wargaming, які мае грошы, час, сябруе з тэхналёгіямі і якому проста цікава. І я не апісаў нейкага рандомнага чалавека, гэта літаральна адзін з маіх лепшых сяброў».

Сам Максім спачатку размаўляў па-расейску, але вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі. Дадаткова пераасэнсаваць сваё стаўленьне да беларускай мовы дапамагло паступленьне ў Гарвард. Шаснаццацігадоваму хлопцу трэба было напісаць тузін арыгінальных эсэ на тэмы накшталт «Як вы сябе ўсьведамляеце?» або «Што на вас больш за ўсё паўплывала ў жыцьці?».

Максім жартуе, што пакуль іх пісаў, пасталеў на некалькі год, бо такога паглыбленьня ў сябе ў яго яшчэ ніколі не было. Менавіта тады хлопец пачаў разважаць пра ідэнтычнасьць, пра тое, дзе нарадзіўся, пра сваю супольнасьць і пра Беларусь агулам.

Ідэя паступаць у Гарвард пайшла ад стрыечнага брата: маўляў, колькі можна хваліцца сваімі выдатнымі адзнакамі і перамогамі на спартовых спаборніцтвах, паспрабуй зрабіць штосьці круцейшае. Ідэя аказалася цалкам рэалістычнаю.

Акрамя эсэ, трэба было здаць агульны іспыт SAT і некалькі профільных (Максім здаваў хімію, біялёгію і матэматыку). Самае цяжкае — гэта ангельская мова, але і яе можна падцягнуць на адмысловых онлайн-курсах у Khan Academy. Самі іспыты можна здаць у Менску, абыдзецца гэта максымум у 1000 даляраў. Але і гэтыя выдаткі можна кампэнсаваць пры дапамозе праграмы Opportunity Education USA. Максім паступіў бясплатна і бясплатна вучыцца на прыкладной матэматыцы і эканоміцы — ягоная стыпэндыя пакрывае ўсе выдаткі.

Рыхтуючыся да паступленьня, Максім Багдановіч шмат разважаў і пра тое, што хоча зрабіць. І прыйшоў да высновы: дапамагаць людзям. «MOVA» — таксама прадукт такога памкненьня.

«Кожны раз, калі я адчуваю: „Блін, якое крутое слова, хачу падзяліцца“, — кажа Максім, — я думаю: калі гэта адчуюць яшчэ тысяча, дзьве, дзесяць тысяч чалавек — гэта будзе проста выдатнае адчуваньне для мяне. Такая мая асабістая матывацыя».

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2020 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]