Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Народны «прысак» чакае свайго часу

22.01.2020 политика
Народны «прысак» чакае свайго часу

Беларусы трываюць да пары, да часу, каб затым раптам палыхнуць агнём справядлівага гневу.

У роднай мове ёсць выдатнае, глыбінна наша слова — прысак. Многія беларусы нават не ведаюць, што яно азначае. А назву маёй кнігі вершаў і паэм «Прысак часу», якая выйшла ў 1986 годзе, выдаўцы пераклалі на рускую мову як «Горячий пепел времени», але гэта далёка ад дакладнасці.

Прысак — не толькі попел, а і прыгаслы жар, які пад ім хаваецца, дрэмле. Варта пакласці на кастрышча сухое галлё і затым дзьмухнуць чалавеку або ветру — адразу ўгару ўcкінецца полымя.

Аглядаючы айчынную гісторыю, я, калі быў яшчэ студэнтам, узяў жывое, напоўненае нечаканасцю слова за метафару, якая характарызуе беларусаў. Мы — як прысак. Трываем, тлеем да пары, да часу, каб затым раптам палыхнуць агнём справядлівага гневу. Сведчанне гэтага — паўстанне 1863—1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага або Слуцкі збройны чын.

Гаворку пра нацыянальныя рысы вяду нездарма. Змушаюць падзеі, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне. Правіцель Расійскай Федэрацыі У. Пуцін распачаў «фундаментальные изменения в Конституции РФ». Ні палітолагам, ні журналістам, якія абслугоўваюць аўтарытарныя рэжымы, не трэба рабіць з гэтай прычыны здзіўленыя, вельмі зацікаўленыя міны на «наіўных» абліччах. Узурпацыя ўлады і яе легітымізацыя псеўдаюрыдычнымі, «кручкатворчымі» метадамі даўно не з’яўляюцца нечаканкай. У Беларусі нахабны працэс, пра які я пішу пастаянна, пачаўся ў 1996 годзе, а ў Расіі — у 1999 годзе.

Папраўкі, якія ўносяцца ў Канстытуцыю Расійскай Федэрацыі, — злавесныя. Калі нехта думае, што ў ХХІ стагоддзі з яго адкрытасцю межаў, развітай навукай і высокімі тэхналогіямі не можа быць сталінізму, то ён памыляецца. Расійскі аналітык А. Мазур падкрэслівае: «Современное оружие стало высокотехнологичным, численность армии стала менее важна, нежели ее оснащенность и профессионализм. И к этому добавились средства контроля за людьми. Смартфоны, интернет, видеокамеры, системы распознавания речи и лиц. Мы можем в скором будущем увидеть, что часть мира погружается в новое рабство.

И речь не о КНДР, где скорее заповедник сталинизма (странно, что почитатели Сталина не едут в КНДР столь же массово, как сторонники либерализма в страны Запада). Речь о «промежуточных» режимах, куда относятся такие крупные и важные (особенно для нас) страны, как Россия и Китай.

Законы об ограничениях в интернете, «иностранных агентах», закон «Яровой» и так далее — это все звенья одной цепи. Потом, через много лет, историки будут задаваться вопросом — где была та точка невозврата, после которой Россия бесповоротно стала страной нового рабства? И ответят — в 2020-м».

Час «Х» настаў і для нас. Кароткую, але ёмкую ацэнку сітуацыі дае расійскі эканаміст Д. Балкунец: «Беларусь вступает в новое десятилетие в условиях неопределенности и высокой турбулентности. Двадцатилетие существования Союзного государства оказалось временем упущенных возможностей, скандалов и интриг».

Але небяспека падпільноўвае беларусаў не толькі з эканамічнага боку. Перавага расійскіх законаў над міжнароднымі нормамі поўнасцю развязвае рукі агрэсіўнай суседцы, якая за апошні час не раз адзначылася захопамі і ваеннымі дзеяннямі на чужых тэрыторыях. Не выключана, што Расія пад выглядам паглыблення інтэграцыі з Беларуссю захоча перанесці сваю мяжу заходней. А чым адкажам мы?

Наша нацыя знаходзіцца ў незгуртаваным, расслабленым стане. Справа не толькі ў ненармальным сацыяльным, маёмасным, а таксама адукацыйным, рэлігійным размежаванні. У выніку доўгай русіфікацыі, знішчэння або паслаблення мясцовых традыцый і звычаяў як у складзе Расійскай імперыі, так і ў савецкі час, у ёй пануе нізкая нацыянальная свядомасць. Амаль нічога не змянілася да лепшага за гады незалежнасці. Тое, што патрыёты зрабілі ў канцы 80-х і ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя, затаптана аўтарытарызмам. Што гэта сапраўды так, сведчаць паводзіны правіцеля краіны, які не валодае роднай мовай, каб размаўляць на ёй. Нядаўна ён заклікаў прэм’ер-міністра Латвіі часцей прыязджаць у Беларусь, каб вучыцца «лучше говорить на русском, на нашем языке». Дзе яшчэ ў свеце пачуеш такое ад кіраўніка монанацыянальнай краіны?

У навагоднія дні чыноўнікамі з трыбун шмат нагаворана пра ўмацаванне беларускай нацыі, пра захаванне «того, что отличает нас от других, — гостеприимство, миролюбие, доброжелательность, отзывчивость». Па-першае, пахвальба нацыянальным здароўем — абсалютна дэмагагічная, якраз сітуацыя правальная, а па-другое, няўжо іншыя народы не валодаюць пералічанымі якасцямі?

Дэнацыяналізаваныя, зрусіфікаваныя чыноўнікі, прадстаўнікі сілавых структур, многія буйныя бізнесоўцы, сярэднія і малыя прадпрымальнікі, банкіры, айцішнікі — гэта не лепшая база для абароны незалежнасці Беларусі. Мільёны звычайных грамадзян таксама не адчуваюць небяспекі, якая побач. Частка з іх наогул думае, што ў складзе Расіі яны будуць жыць лепш, хоць рэаліі сведчаць зусім пра іншае. Толькі свядомыя грамадзяне выходзяць на вуліцы з пратэстам супраць інтэграцыі, якая можа абярнуцца анексіяй, заклікаюць да пільнасці.

Аўтарытарная ўлада адміністратыўным рэсурсам і шматлікімі рэпрэсіўнымі сілавымі структурамі мае цяпер магчымасць гэтак званым «кропкавым падаўленнем» ізаляваць за турэмнымі кратамі, запалохаць фізічным збіццём або задушыць штрафамі любога іншадумца і апазіцыянера, каб «не баламуцілі народ». Але трэба памятаць, што нечакана наступае момант, калі ніякія гвалтоўныя, стрымліваючыя меры не здольныя падавіць народны гнеў.

Трыванне людзей не бывае бясконцым. Рэвалюцыі або сучасныя «майданы» нараджаюцца не на пустым месцы. Страшэнная стомленасць ад нахабства, якое пры аўтарытарызме выяўляюць нават самыя дробныя чыноўнікі, карупцыянеры, махляры, штурхае да супраціву.

Беларусы і расіяне ўбачылі яўны рух дзяржаўных сістэм да неасталінізму. Такі паварот ні ў якім разе нельга дазволіць. З-за двух зацыкленых на ўладзе, самаўлюбёных, фанабэрыстых індывідаў, якія лічаць сябе незаменнымі, хоць згодна ўзросту ім пара на пенсію, не павінны пакутаваць у рабстве цэлыя народы.

Верагодна, што ў адказ на нахабную палітыку ўзурпацыі ўлады ў розных рэгіёнах Расіі і Беларусі пачнуць адбывацца стыхійныя масавыя ўзрушэнні. Народны гнеў можа загуляць па дзвюх краінах так шырока, як пажары па Аўстраліі...

Святкаванне 75-й гадавіны Перамогі над фашысцкай Германіяй — гэта таксама не завеса ад праблем, якія не рашаюцца. Мы не можам прыкрывацца тым гераічным і стваральным, што здзейснілі нашы прадзеды, дзяды і бацькі. Дарэчы, нагадваю — не пры Сталіне, а ў час хрушчоўскай «адлігі» ў два разы вырас валавы ўнутраны прадукт СССР, быў створаны ракетны шчыт і выйграна касмічная гонка…

Пад уплывам унутраных і знешніх абставін у кожным народзе пастаянна адбываюцца змены і, як паказвае гісторыя, часта не ў лепшы бок. Але мне здаецца, што на працягу стагоддзяў нішто не змагло да канца знішчыць у беларусах прыхаваны стрыжань жыццёвай мудрасці, апантанай упартасці ў адстойванні свабоды, праўды і справядлівасці. Дай Бог, каб я не памыліўся.

Народны «прысак» чакае свайго часу.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]