Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Не цэніць герояў мая Беларусь»

20.02.2020 культура
«Не цэніць герояў мая Беларусь»

Чым сёння жыве легендарны рэпер Kroŭ.

Палітычныя падзеі сярэдзіны 2000-х цяжка сабе ўявіць без рэпераў з «Чырвоным па белым». У чым быў поспех праекта? Галоўнае — яны былі аднымі з першых, хто стаў чытаць па-беларуску хіп-хоп. Апроч таго, у іх былі максімальна радыкальныя і палітызаваныя тэксты. Ну і нарэшце, музыканты захоўвалі вакол сябе таямнічасць не называлі імёны, не паказвалі твары.

«Сёння маўчым, а заўтра лёгка прадацца. Кум ідзе на кума, а брат ідзе на брата. Беларуская Ідэя — тэма для спекуляцый. Аддаем дзяржаву, а хутка страцім нацыю! За краіну крыўдую, а ў героі не рвусь, Бо не цэніць герояў мая Беларусь!», — мабыць, многія помняць гэтыя і іншыя трэкі рэпера Kroŭ, які быў лідарам «Чырвоным па Белым».

У 2007 годзе ЧпБ выдаў свой апошні альбом «Крывавы сакавік». У 2010 годзе выйшла яшчэ адна песня ад Кроў, на гэтым творчасць гурта спыніліася. «Наша Ніва» паразмаўляла з лідарам «Чырвоным па белым» пра яго цяперашняе жыццё.

Жыве ў Варшаве

Нават у артыкуле ў Вікіпедыі не называецца сапраўднае імя рэпера Кроў, а таксама не пазначанае ягонае месца нараджэння. Дый увогуле мала інфармацыі пра ягонае асабістае жыццё.

«Мяне завуць Павел Карпеш. Я нарадзіўся і жыў у Гродне. Мая мама паходзіць з гэтага горада, бацька — з Брэстчыны.

У Гродне рос, хадзіў у школу. Таксама гадаваўся на радзіме бацькі ў Пружанскім раёне. Можна сказаць, што я выхадзец з Заходняй Беларусі, сэрца Чорнай Русі. Гродна ляжыць побач з Польшчай, і так атрымалася, што вялікая частка маёй сям’і пераехала ў гэтую краіну. Нават напрыканцы жыцця ў Польшчу пераехалі мае дзядуля з бабуляй. Дзядуля трошкі па палітычных абставінах. Справа ў тым, што яшчэ да прыходу да ўлады Лукашэнкі ён займаў дастаткова высокую пасаду ў Гродне. Не хачу называць прозвішча», — расказвае Павел.

Праз колькі дзён рэперу споўніцца 37 гадоў. Большую частку жыцця ён пражыў у Польшчы. «Мае бацькі дактары. Калі мне было пятнаццаць гадоў, вырашылі, што трэба з’язджаць у Польшчу. Яны палічылі, што за мяжой змогуць даць сваім дзецям лепшую будучыню. Выехалі спачатку ў Беласток, а пасля ў Варшаву».

«Дзевяць класаў я скончыў у Гродне, а потым вучыўся ў ліцэі ў Польшчы. Пасля школы пайшоў вучыцца на міжнародныя фінансы, але не скончыў, кінуў. Мне не падабаецца сістэма адукацыі як у Беларусі, гэтак і ў Польшчы. Вырашыў не губляць час, а лепш практыкаваць», — кажа Кроў.

Займаецца бізнэсам

«Нейкі час я развіваўся ў маркетынгу і журналістыцы. Працаваў на адным з найбуйнейшых польскіх тэлеканалаў TVN. Я там быў прадзюсарам. Папрацаваў на «Белсаце», дзе вёў перадачу YoLife!. Але на тэлеканале нам чамусьці не працягнулі кантракт. Ведаю, што потым «Белсат» зрабіў вельмі-вельмі падобную праграму, але з іншымі асобамі. Гэта ўжо была кепская копія, можа, там бюджэт быў меншы. Я лічу, што на той час мы рабілі абсалютна ўнікальную перадачу, аналагаў якой у Польшчы не было», — расказвае Павел.

На сёння ён мае бізнэс. «У мяне разам з партнёрам з Беларусі ёсць невялікая польска-беларуская кампанія, фабрыка, якая гандлюе піламатэрыяламі. У Беларусі такім чынам даем працу трыццаці людзям», — кажа Павел.

Як прыйшоў у рэп

«Маё захапленне хіп-хопам пачалося з Дэцла.

Мы з Кірылам аднагодкі, пазнаёміліся з ім у Маскве, ён прыязджаў у Польшу. Былі дастаткова прыязныя адносіны. Разумееце, у той час не было такіх магчымасцяў, як цяпер. Мы мелі толькі тую музыку, якую прадавалі на касетах у гродзенскіх шапіках. Увогуле ў Беларусі вельмі шмат хто ўцягнуўся ў рэп-культуру якраз праз Дэцла. Быў непрацяглы перыяд, калі я зацікавіўся панкам, хутчэй, камерцыйным панкам, як The Offspring. Але мне заўсёды быў цікавы найперш хіп-хоп».

Калі Павел вырашыў паэксперыментаваць у музыцы, то, канечне, у рэпе. «Мне здавалася, што існавала такое пустое месца на музычнай мапе Беларусі — гэта беларускамоўны, патрыятычны хіп-хоп. Я вырашыў паспрабаваць, брат рабіў музыку, я спачатку карыстаўся чужымі вершамі, а потым сам пачаў пісаць. Быў форум brat.info, дзе збіраліся прыхільнікі культуры хіп-хопу, я там шмат з кім знаёміўся.

Беларускую мову вучыў сам. Мы неяк пачалі ў сваёй тусоўцы варшаўскіх беларусаў гаварыць па-беларуску. Памылка на памылцы, але навучыліся з часам.

Праўда, цяпер мне цяжка размаўляць па-беларуску, я ёй амаль не карыстаюся, паўсюль польская. Ёсць толькі некалькі знаёмых, з якімі пастаянна стасуюся на беларускай».

Быў страх, што арыштуюць

«Калі выходзілі мае альбомы, то я жыў у Польшчы.

Але гэта не значыць, што я не прыязджаў у Беларусь, я там бываю і цяпер, і не толькі ў кантэксце працы. У Польшчы была троху іншая інфармацыйная прастора, чым у Беларусі, больш незалежных крыніц.

Я лічу сябе патрыётам Беларусі, люблю сваю радзіму, ганаруся, што беларус. З мяне часам смяюцца сябры праз тое, што я ўвесь час гавару пра беларусаў.

Скажам, абмяркоўваем каралёў Польшчы, і я заўсёды кажу, што вось Ягайла быў беларусам ці ў каго іншага беларускія карані», — кажа Кроў.

Ці не было ў рэпера страху праз сваю творчасць, калі ён прыязджаў у Беларусь? «Баяўся, канечне, арышту. Першы канцэрт у Мінску не адбыўся таму, што быў страх, што арыштаваць могуць не толькі мяне, але і шмат каго яшчэ. Калі збіраліся людзі, мы пабачылі шмат левых лысых хлопцаў, на руках у якіх былі спецназаўскія пальчаткі. Мы зразумелі, што будуць правакацыі і, магчыма, бойка. Гэта была нікому непатрэбная рызыка, таму канцэрт не адбыўся.

Калі табе дваццаць гадоў, то ты максімаліст, калі ў цябе ўжо ёсць дзеці, то глядзіш на гэта ўсё іншымі вачыма. Гэта нармальна. Юнакам здаецца, што ім няма чаго губляць. Калі маеш сям’ю, дзяцей, кватэру, працу, то ўжо разумееш, што можаш згубіць».

Чаму Кроў?

«Бо беларуская кроў цячэ ў маіх венах, насамрэч неяк хутка ўзнікла такая ідэйка. Плюс да ўсяго па-англійску Crow — гэта крумкач. Гэта заўсёды быў такі сімвал для мяне».

Тлумачыць Павел і чаму абраў такую тактыку таямнічасці вакол гурта. «Я заўсёды займаўся рэкламай, маркетынгам, таму выкарыстоўваў таямнічасць у сваёй творчасці. Канечне, з аднаго боку, мне не хацелася свяціцца і падстаўляць сям’ю, але з іншага — я цудоўна разумеў, што такая закрытасць прыцягвае ўвагу людзей. Калі проста рабіць музыку, то гэта не заўсёды цікава. Ёсць шмат музыкаў, якія робяць шыкоўную музыку, але не могуць прыцягнуць да сябе ўвагу, бо не маюць нейкай фішкі. Я разумеў, што ўмею рабіць шум вакол сябе».

Погляды не памяняў

Як сёння рэпер глядзіць на свае тагачасныя тэксты? Ці не здаюцца яны яму па-дзіцячаму наіўнымі? «Я амаль ніколі не змяняў сваіх поглядаў. Перад тым як нешта сказаць ці напісаць, я доўга абдумваю, ці правільна я раблю альбо не. Сёння я гляджу на сітуацыю вельмі падобна, як і раней».

«Не, да Лукашэнкі я не стаўлюся па-іншаму. Але, можа, крыху змяніўся ракурс. Вядома, Лукашэнка ў мяне не выклікае ні павагі, ні даверу, а з іншага — няма лідара, якога б я мог падтрымаць.

Я ніколі не галасаваў за Лукашэнку, але адначасова адчуваю патавасць сітуацыі, што не бачу іншых лідараў. Украінскі канфлікт шмат у чым прымусіў не глядзець на рэчы аднабакова. Пасля гэтага я не кажу, што Лукашэнка на 100% усё робіць няправільна. Можа, на 90% так і ёсць, але ёсць яшчэ 10% правільных учынкаў. Магчыма, ён робіць гэта ў сваіх інтарэсах, але гэта супадае з інтарэсамі краіны», — кажа Павел.

У 2010 Кроў прызнаўся, што ён лібертарыянец, у той год ён падтрымаў кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. «Я не дэмакрат, мне ад краіны патрэбная знешняя бяспека (войска), унутраная бяспека (паліцыя) і мінімальная адміністрацыя. Я лічу, што людзі самі павінны займацца сваімі справамі.

Падаткі павінны ісці на моцную армію і паліцыю, а ўсё астатняе я магу сам зрабіць. Людзі не разумеюць, калі б яны не плацілі частку падаткаў, то маглі б сабе дазваляць прыватных дактароў, адукацыю і шмат чаго іншага. Як я быў пятнаццаць гадоў таму лібертарыянцам, так і застаюся сёння».

Чаму ЧпБ разваліўся?

«Перасталі існаваць праз грошы. Калі ты студэнт і цябе ўтрымліваюць бацькі, можна дазволіць сабе займацца тым, што не прыносіць грошай. Пазней табе трэба карміць сям’ю, а музыка не дае заробку, і трэба шукаць іншую працу. Без гэтага ніяк. У нас проста не было часу на творчасць.

Людзі павінны разумець гэта. Калі гэтым займацца, то трэба рабіць добра, а каб рабіць добра, то трэба аддаваць 100% свайго часу. Таму музыка ў Беларусі цяпер у глыбокім заняпадзе. І цяпер шмат гуртоў перастаюць існаваць праз тую ж прычыну. Калі б мы нармальна зараблялі, маглі б здымаць класныя кліпы, набываць якасныя інструменталы, наняць добрага прадзюсара. А ў нас музыкі занятыя тым, што думаюць, за што хаця б паесці. Таму і музыка з Беларусі ў асноўным нецікавая».

Корж і Алёна-Алёна

«Я лічу, што і Макс Корж, і Алег ЛСП малайцы. Яны знайшлі свой шлях, робяць добрую справу. Я з Каржом пазнаёміўся некалі на здымках YoLife!. Хлопцы прыйшлі пазнаёміцца, пафатаграфавацца, прайшло столькі часу, цяпер бы я з радасцю паразмаўляў з Каржом, спадзяюся, яшчэ будзе нагода. Мне ад яго нічога не патрэбна, проста цікава было б паразмаўляць, як на вечары сустрэчы выпускнікоў.

Нядаўна хадзіў з дзяўчынай на ўкраінку Алёну-Алёну, яна, канечне, вельмі файная. Яна б не стрэльнула, каб не рабіла файнага рэпу, а да ўсяго яна такая пухлая дзяўчына, што прыцягвае да яе ўвагу. Гэта тое, што я казаў: дадатковая фішка, якая дапамагае ў раскрутцы. Калі ты ўнікальны і адрозніваешся ад іншых, то ты выстрэльваеш. Тое ж было і з ЧпБ, якія першыя сталі чытаць рэп па-беларуску. Я не кажу пра Аляксандра Памідорава, які там нешта падрыфмоўваў, але гэта не была ягонай культурай».

Ці хоча зноў чытаць рэп?

«Канечне, пішу тэксты. Калі нехта сядзіць у хіп-хопе, то ён заўсёды ментальна будзе там. У мяне ёсць тэксты на беларускай мове, якія былі напісаныя раней, я іх дапрацаваў, а таксама я стаў пісаць на польскай мове.

У свой час я заракаўся, што ніколі не буду гэтага рабіць. Мне здавалася, што я не змагу гэтага рабіць так, як польскія рэперы, якія жывуць у гэтай мове ад нараджэння. Але паспрабаваў з падачы вядомага польскага рэпера Pezet'а, гэта такая ікона польскага рэперу, мы перасякліся на здымках ягонага кліпа. Ён цікавіцца і рускамоўным рэпам, а таксама калісьці слухаў ЧпБ. Ён і пераканаў мяне спрабаваць, пакуль мне цікава. Мне здаецца, што атрымліваецца пісаць у сваім стылі».

Чэмпіён Польшчы па амерыканскім футболе

«Я гуляю ў Warsaw Eagles — гэта самая старая ў Польшчы каманда па амерыканскім футболе, нядаўна нам споўнілася дваццаць гадоў. Тры-чатыры апошнія гады гуляю ў асноўным складзе. У 2018-2019 быў чэмпіёнам Польшчы.

Як занесла? Здымаў пра амерыканскі футбол серыю ў YoLife!. Я там трапіў на трэніроўку каманды, пасля гэтага стаў заўзятарам, хадзіў на гульні.

Потым прыспеў час, калі я зразумеў, што трэба брацца за сябе, за здароўе. І я пайшоў на трэніроўкі, мне гэта вельмі дапамагло ў плане здароўя, я кінуў паліць, пачаў займацца стала спортам. Каманда раз на год робіць набор гульцоў, я так і прыйшоў. Калі ты ім падабаешся, то трапляеш у асноўную каманду. Гуляю на пазіцыі корнербека — гэта абарона крыла. Скажам, у атацы ёсць гульцы, якія ловяць далёкія пасы, а мая работа заключаецца ў тым, каб не даць прыняць гэтыя пасы ці ў ідэале перахапіць.

Сёлета мы будзем удзельнічаць ва Усходнееўрапейскай лізе, дзе гуляем супраць «Зуброў» і «Ліцвінаў». Амаль дакладна, што сёлета мы будзем гуляць у Мінску, так што запрашаю ўсіх на гульні. У мяне на шлеме Пагоня».

Сям’я

Кроў у разводзе, ад шлюбу ў яго засталіся дзеці. «У мяне два сыны. Аднаму восем гадоў, другому — шэсць. Заўсёды актыўна бавім час, я не люблю сядзець дома. Ганаруся сваімі хлопцамі», — кажа рэпер.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]