Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ганаровая шыльда для Суботнікаў

23.02.2020 общество
Ганаровая шыльда для Суботнікаў

Да юбілею з дня нараджэння Янкі Пазьняка.

Беларускі грамадска-культурны дзеяч, адзін з заснавальнікаў БХД, выдавец і публіцыст Янка Пазьняк нарадзіўся 19 лютага 1895 года ў мястэчку Суботнікі (цяперашні Івейскі раён), піша harodniaspring.org.

Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-каталікоў: бацькі – Аляксандар і Ганна (з роду Тучкоўскіх) Пазьнякі. Дзед беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Зянона Пазьняка. Атрымаў агульную сярэднюю і музычную адукацыю. Рана далучыўся да беларускага руху.

Хата Пазьнякоў у Суботніках

У 1909-12 гадах браў удзел у працы беларускіх хрысціянска-асветніцкіх гурткоў. У 1913-15 гадах разам з Адамам Бычкоўскім, Баляславам Пачопкам і Антонам Лявіцкім (Ядвігіным Ш) выдаваў віленскую газету “Bielarus”. Служыў арганістам у Лаварышках каля Вільні, пазней у касцёле Святога Яна ў Вільні (1918-20 гады).

З 1917 года актыўна ўдзельнічаў у беларускім хрысціянска-дэмакратычным руху. Быў з 1928 года сакратаром Прэзідыуму ЦК Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, з 1936-га – старшынём Прэзідыуму Беларускага народнага аб’яднання. Арганізоўваў на вёсцы беларускія мастацкія калектывы, рупіўся пра адкрыццё беларускіх школаў. У 1928-36 гадах рэдагаваў газету “Bielaruskaja krynica”. З пачатку 1930-ых гадоў – старшыня Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту. Арганізатар беларускіх сялянскіх мастацкіх калектываў і стваральнік беларускіх вясковых школ.

За рэдактарска-публіцыстычную і палітычную дзейнасць пераследаваўся польскімі ўладамі Віленшчыны. На Яна Пазьняка была заведзена больш за 30 судовых спраў. Некалькі месяцаў правёў у вязніцы, штрафаваўся. У 1936 годзе тыраж газеты “Bielatuskaja krynica” 11 разоў канфіскоўвалі. У лістападзе 1936 года на кватэры Пазьняка паліцыя зрабіла вобшук. Каб зберагчы часопіс ад закрыцця, ён адмовіўся ад пасады рэдактара. Аднак, у красавіку 1937 года газета была закрытая ўладамі. Напрыканцы 1938 года ў звязку з закрыццём газеты “Biełaruskaja krynica”, стаў рэдактарам часопісу “Хрысціянская думка”. Дапамагаў выдаваць грамадскі часопіс “Самапомач”.

Ян Пазьняк выступаў у друку з артыкуламі, у якіх каментаваў бягучыя палітычныя падзеі, аналізаваў грамадскую, рэлігійную і культурную сітуацыю беларускай меншасці ў Польшчы, акрэсліваў кірункі яе дзеянняў для абароны сваіх правоў, растлумачваў ідэалагічныя асновы хрысціянскага дэмакратызму. Сярод напісаных ім працаў ёсць “Самаўрад вясковых гмін”, выдадзены ў Вільні ў 1929 годзе. Быў жанаты, разам з жонкай Марыяй Пазьняк меў трох дзяцей.

Пасля пачатку другой сусветнай вайны, у кастрычніку 1939 года Ян Пазьняк разам з Антонам Луцкевічам, Макарам Краўцовым, іншымі беларускімі дзеячамі, быў арыштаваны савецкімі акупацыйнымі войскамі і вывезены з Вільні. 22 красавіка 1940 года быў перавезены 226-ым палком 15-й брыгады войскаў НКВД з Чэрвеня ў Менск. Далейшы лёс дакладна невядомы. Аднак даследаваннем Польска-расейскага цэнтру дыялогу і згоды праз параўнанне спісаў польскіх грамадзян, зніклых на тэрыторыях, занятых СССР у 1939 годзе, з канвойнымі спісамі войскаў НКВД выяўлена, што Ян Пазьняк, верагодна, быў забіты НКВД паводле рашэння Палітбюро ВКП (б) ад 5 сакавіка 1940 года. Гэта азначае, што Ян Пазьняк мог быць расстраляны ў Катыні ці іншым месцы масавага расстрэлу польскіх грамадзян і знаходзіцца ў так званым “Беларускім катынскім спісе”, месцам яго смерці з вялікай верагоднасцю з’яўляецца Менск.

У Вільні ў доме па вуліцы Людвісарскай (Лейыклёс, 1), дзе жыў Янка Пазьняк, нобелеўскімі лаўрэатамі па літаратуры 2 кастрычніка 2000 г была адчынена шыльда ў гонар…паэта Іосіфа Бродскага, які спыняўся ў гэтым доме. Памятнай шыльды Пазьняку няма. У Беларусі Янка Пазьняк не ўшанаваны ніяк.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]