Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як бы ні хацелі ўзурпатары заставацца ва ўладзе, але іх зменяць

26.02.2020 политика
Як бы ні хацелі ўзурпатары заставацца ва ўладзе, але іх зменяць

Галоўнае — прага грамадства да пераменаў.

Займацца прадказальніцтвам у сумбурны час, калі ў свеце кардынальна памянялася стаўленне да праўды, сумленнасці, прыстойнасці ў вышэйшых эшалонах улады, сярод нацыянальных эліт і ў шырокіх масах, — справа няўдзячная, марная і небяспечная. Можна, як кажуць, сесці ў лужыну.

Мэта майго роздуму іншая, бо на місію прарока ніколі не прэтэндаваў, а проста адпаведна ўзроўню адукаванасці, культуры і вопыту выказваў свае меркаванні па праблемах тутэйшага жыцця і ўвогуле чалавечай існасці. Тое, што засцярогі, выказаныя ў канцы 80-х і ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя, спраўдзіліся, не прынесла задавальнення, а толькі вялікі душэўны смутак.

З такім настроем выслухаў нядаўна тэлефанаванне чытача «СНплюс», які прачытаў мае даўнія кнігі «Беларускае сэрца» і «Насустрач». Ён сказаў: «Нібыта сёння напісана. Прадбачанні наконт «цемрашальства, манкурцтва і дачасніцтва, якія накрозь прадзімаюць душы суайчыннікаў, маю родную Беларусь» і «не даюць пабудаваць свабоднае і разумнае жыццё», адносна «злачыннай хлусні, якая загоніць народ у аўтарытарную пастку», таго, што хутка будзем існаваць у «бананавай рэспубліцы», — гэта наша ганебная рэчаіснасць».

Якраз тое, што ўсе гады не маўчаў, у перыядычным друку і ў размовах з масавымі аўдыторыямі паказваў імклівы наступ аўтарытарызму, небяспеку апынуцца ў новым дзяржаўным рабстве, дае мне маральнае права разважаць без дыпламатычных эківокаў, бескампрамісна і жорстка.

Падзеі ў рэгіёне паказваюць, што аўтарытарныя правіцелі Беларусі і Расіі займаюцца не стымуляцыяй эфектыўнага развіцця дзвюх краін, а ўзмоцненай кансервацыяй застою. Разуменне, што такі безвыніковы стан апанаваў палітыку, эканоміку, адукацыю, сацыяльную сферу, ужо не выклікае сумнення нават у адданых прыхільнікаў А. Лукашэнкі і У. Пуціна.

У Расіі чарговы застой пачаў вымалёўвацца ў апошнія гады праўлення хворага, нямоглага Б. Ельцына. З прыходам пераемніка, офіцера КДБ, які паставіў амбітную задачу ўзняць краіну з каленяў і зрабіць яе гегемонам у свеце, знаходзячыся для гэтага ва ўладзе асабіста столькі, колькі запатрабуецца, працэс набыў незваротны характар.

Беларусь увайшла ў стан застою яшчэ раней, адразу пасля рэферэндуму 1996 года. Усталяванне рэакцыйнай сістэмы, якая стала «жалезабетоннай», адбылося з актыўным удзелам задубелай савецкай наменклатуры і «маладых палітычных ваўкоў» пры слабасці сапраўдных дэмакратычных, палітычных сіл, маўклівай абыякавасці мільёнаў звычайных грамадзян і злачынным патуранні ўзурпацыі ўлады з боку заходніх палітыкаў. Негатыўныя падзеі разгортваліся на нашых вачах, а таму не трэба, як кажуць, віляць і спіхваць віну на некага.

Да таго, як адбыўся развал СССР, грамадзяне Беларусі азнаёміліся з дакументамі, якія раскрылі значную частку праўды пра савецкае мінулае. Нельга спісваць сваю грубую памылку ў выбары кіраўніком папуліста з непамернымі амбіцыямі на няведанне, на існаванне ў абсалютна новых абставінах. За плячамі ў грамадства было асуджэнне культу Сталіна, страшных, трагічных наступстваў, якія нясе ўзурпацыя ўлады чалавекам, маніякальна зацыкленым на ёй.

Што ж адбылося ў Беларусі і Расіі? Адкуль з’явіўся застой? Яго грунт — гэта ліквідацыя канкурэнтных выбараў, адсутнасць незалежных судоў і непадцэнзурных, свабодных СМІ. Толькі ў гэтых умовах А. Лукашэнка і У. Пуцін могуць без праблем захоўваць уладу.

Тры пералічаныя прычыны — самыя галоўныя. Ёсць яшчэ безліч лакальных акалічнасцей, якія таксама ўплываюць на кансервацыю застою, але яны не такія істотныя.

Калі з аўтарытарнымі правіцелямі сітуацыя ў дадзены момант больш-менш ясная, то паводзіны мільёнаў беларусаў і расіян выклікаюць шмат пытанняў без адказаў.

Слова «свабода» аказалася для значнай часткі людзей чужым. Многія наогул не разумеюць, што гэта — аснова чалавечага жыцця.

Вопыт аўтарытарных гадоў паказаў, што і свядомасць чалавека можа быць рознай. Яна цяпер у адных грамадзян — адукаваная і свабодная, у другіх — карумпаваная, прыстасавальніцкая, а ў большасці — проста задушаная цяжкім матэрыяльным выжываннем. Сістэма адміністратыўным рэсурсам і масіраванай прапагандай навязвае свае «каштоўнасці». Згадайце мясцовых карупцыянераў, якія былі героямі мноства гучных скандалаў. Дзе яны? Паціху пакідаюць турэмныя нары, а многія і ўвогуле краіну, каб спакойна спажываць накрадзенае дабро.

Кіраўнікі і гэтак званая «эліта» не ў стане схаваць уласную раскошу ад абяздоленых, бедных людзей. Яны ўсё гэта бачаць. Але, на жаль, ніяк не прыходзяць да высновы, што трэба рашуча мяняць аўтарытарную сістэму, каб кожны чалавек мог самарэалізавацца, жыць намнога лепей, а толькі абураюцца або зайздросцяць хітрым прыстасаванцам.

Жыццё пад камандай і «на халяву» прытупляе людзей. Калі індывід нічога не зрабіў, каб стаць сапраўдным чалавекам, самастойнай і самадастатковай асобай з высокім пачуццём уласнай годнасці, то ён не будзе даражыць нічым, нават будучыняй сваіх дзяцей і ўнукаў.

Жаданне самому дакапацца да ісціны, выяўляць у жыцці добразычлівасць да іншых, працавітасць, шчырасць, адкрытасць, смеласць і мужнасць — гэта неабходныя якасці, якіх не хапае многім суайчыннікам.

Тым не менш мы нікуды не дзенемся, будзем палітычна, па-грамадзянску і па-чалавечы сталець. Хачу папярэдзіць, што лепшага часу, чым цяперашні, для нашага вызвалення не будзе.

У рэгіёне наперадзе чакаецца шэраг глабальных узрушэнняў. Валтузня У. Пуціна з Канстытуцыяй Расійскай Федэрацыі, махінацыі з канструкцыяй і структурай улады, якія адбываюцца паскоранымі тэмпамі, скончацца не манархічным абсалютызмам або сатрапіяй, як лічаць расійскія і замежныя незалежныя аналітыкі.

«Царызм» у новай мадыфікацыі доўга не праіснуе, але драматычныя падзеі ў расійскіх вярхах могуць прывесці да развалу шматнацыянальнай імперыі, яе падзелу на «ўдзельныя княствы». Барацьба за ўладу паміж даволі магутнымі кланамі, якія маюць не толькі значныя матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы, але і ўзброеныя групоўкі, здольная падштурхнуць насельніцтва да «гібрыднай грамадзянскай вайны».

Беларусь, якая павязана з Расіяй рознымі палітычнымі, эканамічнымі і ваеннымі путамі, можа быць уцягнута ў «безсэнсоўны і бязлітасны» разбуральны працэс. Нам гэта трэба?

Калі камусьці здаецца, што я нагнятаю сітуацыю, то раю згадаць гісторыю. Часта казаў і яшчэ паўтару, што ў многіх беларусаў і расіян нямала дурноты ў галовах і вельмі кароткая памяць. З гэтай прычыны народы пастаянна трапляюць у крывавы вір.

Хоць я маю за плячамі шмат гадоў, на памяць не скарджуся. За свой век пажыў пад уладаю самых розных нялепшых правіцеляў і вынес з сумнага вопыту адзін неабвержны пастулат: «Заўсёды павінна быць раўнапраўе чалавека і дзяржавы!» Іншых умоў для разумнага і годнага жыцця людзей няма і не будзе.

Як бы ні хацелі ўзурпатары бясконца заставацца ва ўладзе, але іх зменяць. Не былі вечнымі на высокіх тронах ні Цэзар, ні Напалеон, ні Гітлер, ні Сталін, а цяперашнія — тым больш. Галоўнае ў іншым — ці гатовыя самі грамадствы Беларусі і Расіі жыць свабодна і дэмакратычна?

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости плюс»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]