Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Польшчы памёр вядомы мастак Анджэй Струміла, які называў Беларусь сваёй Бацькаўшчынай

09.04.2020 общество
У Польшчы памёр вядомы мастак Анджэй Струміла, які называў Беларусь сваёй Бацькаўшчынай

Разам з Чэславам Мілашам і Томасам Вэнцлавам ён быў адным з аўтараў канцэпцыі «Кнігі Вялікага Княства Літоўскага».

Сёньня раніцай у Сувалках, у паўночна-ўсходняй Польшчы, памёр прафэсар Анджэй Струміла. 93-гадовы польскі мастак зь беларускімі каранямі адчуў сябе ўчора дрэнна. Яго шпіталізавалі, але лекарам не ўдалося яго выратаваць, перадае «Радыё Свабода».

Струміла нарадзіўся 23 кастрычніка 1928 году ў Вільні. Дзяцінства правёў у Сьвянцянах над Жэймянай, у Вільні і Лідзе, юнацкі пэрыяд — на наваградзкай зямлі. Скончыў мастацкую вучэльню ў Лодзі і Акадэмію выяўленчых мастацтваў у Кракаве.

У творчай біяграфіі мастака больш за сто індывідуальных выставаў у Токіё і Бэрліне, Маскве і Пэкіне, Нью-Ёрку і Брэмэне. Неаднаразова яго выставы праходзілі і ў Беларусі. Падчас сустрэчы са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2017 годзе ён падкрэсьліў, што зьяўляецца «грамадзянінам ВКЛ» і лічыць Беларусь сваёй Бацькаўшчынай.

— Беларусь, менская зямля — гэта мая Бацькаўшчына. Мой дзед і мой бацька нарадзіліся ў Менску. Я ў Менску сам бываў, ёсьць у мяне сябры, аўтары, дзеячы культуры. Беларуская мова вельмі блізкая майму сэрцу.

Анджэй Струміла неаднаразова наведваў беларускія імпрэзы ў Польшчы, сябраваў зь дзеячамі культуры зь Беларусі.

Разам з Чэславам Мілашам і Томасам Вэнцлавам Струміла зьяўляецца адным з ініцыятараў выданьня і аўтарам канцэпцыі «Кнігі Вялікага Княства Літоўскага» — тома эсэ (дваццаці аўтараў з Польшчы, Літвы і Беларусі), перакладзеных на літоўскую, беларускую і ангельскую мовы.

Фільм «Сума» («Summa») беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы пра Анджэя Струмілу прызнаны найлепшай сярэднемэтражнай стужкай на адным з найпрэстыжнейшых у Эўропе фэстываляў дакумэнтальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]