Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Лукашэнка і псыхоз

10.04.2020 политика
Лукашэнка і псыхоз

Абвяргаць наяўнасьць віруса як небясьпекі №1 - значыць, знаходзіцца ў адарваным ад жыцьця ілюзорным, нерэальным сьвеце.

Якая б тэма не абмяркоўвалася ў Вярхоўным Савеце ў пачатку 90-х — сельская гаспадарка, банкі, сродкі масавай інфармацыі, дэфіцыт жаночых панчохаў (ён існаваў, таму таксама абмяркоўвалі), вывад ядзернай зброі, школы, мэдыцына, дыпляматычныя адносіны — ля 5-га мікрафону з’яўлялася фігура дырэктара саўгасу «Гарадзец». Дэпутат Лукашэнка безапэляцыйна выказваўся літаральна па ўсіх пытаньнях.

Але калі вы чакаеце, што зараз я буду яго за гэта крытыкаваць — вы памыляецеся.

Шмат хто з нас, маладых дэпутатаў, каму тады было 30 плюс-мінус, выказваліся ну хай і не па такім бязьмежным спэктры тэмаў, як Лукашэнка, але па даволі шырокім. Не заўсёды кампэтэнтна, затое — заўсёды сьмела.

І гэта было правільна: грамадзтва мусіла распаволіцца, трэба было зламаць стэрэатып, які складваўся дзесяцігодзьдзямі, што толькі КПСС і больш ніхто валодае манапольным правам на ісьціну.

Але тое, што пасуе маладому дэпутату ў пераходны пэрыяд — не падыходзіць кіраўніку дзяржавы. Зусім іншая ступень адказнасьці і за словы.

Калі дзядзька Мікола з суседняга пад’езду кажа, што кранавірус — гэта псыхоз, у той час як для ўсяго сьвету вось ужо месяц гэта пытаньне жыцьця і сьмерці, — гэта праблема дзядзькі Міколы і яго блізкіх (праўда, блізкім пажадана ў такі час патрымаць яго ў ізаляцыі, каб не нашкодзіў сябе, блізкім і навакольным).

Калі ж кіраўнік дзяржавы з насельніцтвам у 9 з паловай мільёнаў кажа падобнае зь нейкай невытлумачальнай упартасьцю — ён ставіць пад пагрозу ня толькі сваё жыцьцё (зь ім якраз будзе ўсё нармальна), а жыцьці гэтых мільёнаў.

Больш як 80 выпадкаў пнэўманіі ў маленькіх Докшыцах адначасна — такога ніколі не было.

І абвяргаць наяўнасьць віруса як небясьпекі нумар адзін — значыць, знаходзіцца ў нейкім адарваным ад жыцьця ілюзорным, інфэрнальным, нерэальным сьвеце.

У раённых і абласных цэнтрах людзі паміраюць ад адсутнасьці належнай колькасьці апаратаў вэнтыляцыі лёгкіх, іншай апаратуры, патрэбных сродкаў.

Вось і адгукнуліся «царскія капрызы» — лядовыя палацы, «эўрапейскія» ды іншыя гульні, «славянскія базары» і парады. І гэта толькі пачатак — пік захворваньня ў Беларусі наперадзе.

Вышэйшая ўлада апынулася па-просту негатовай да надзвычайнай, экстрэмальнай сытуацыі. Як у свой час кумір кіраўніка Беларусі Сталін, які за некалькі гадзінаў да нападу немцаў пісаў лаянкі-рэзалюцыі на данясеньнях выведкі, бо ня верыў ім, а калі вораг напаў, разгубіўся і ня ведаў, што рабіць, зьвярнуўся да народа толькі на другі тыдзень, калі значная частка Беларусі і Ўкраіны былі ўзятыя нападнікамі.

Тут ужо ідзе ня першы і не другі тыдзень ідзе. А мы ўсё чуем — «Псыхоз!».

Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]