Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Лекары працуюць па 12 гадзінаў, без выходных і магчымасьці задаволіць жыцьцёвыя патрэбы»

10.05.2020 общество
«Лекары працуюць па 12 гадзінаў, без выходных і магчымасьці задаволіць жыцьцёвыя патрэбы»

Як віцебскі арт-паб «Торвальд» дапамагае трымацца мэдыкам.

11 траўня споўніцца месяц, як каманда арт-пабу «Торвальд» пачала гатаваць ежу для лекараў з чатырох мэдычных установаў Віцебску. Агулам у валянтэрскай працы задзейнічаныя дзевяць супрацоўнікаў калектыву. Часам перавозіць прыгатаваныя абеды і вячэры дапамагаюць віцебскія таксісты, піша vitebskspring.org.

Гаспадар «Торвальду» Віталь Броўка кажа, што ідэя ўзьнікла адразу, як толькі стала відавочна, што горад сутыкнуўся з хуткім ростам каронавірусных захворваньняў, а лекары былі пераведзеныя ў надзвычайны рэжым працы.

«Лекары працуюць па 12 гадзінаў, без выходных і без магчымасьці задаволіць банальныя жыцьцёвыя патрэбы. Таму мы з калегамі з бізнэс-супольнасьці «Мы разам» падумалі, што было б файна бясплатна карміць урачоў абедамі. Спачатку гэта былі 38 порцый для інфэкцыйнай больніцы, але літаральна за пару дзён іх колькасьць вырасла. Мы пачалі адвозіць абеды і вячэры ў наваствораны шпіталь на 100 ложкаў пры абласной лякарні, у тэставую лябараторыю «Сівітал» і аддзяленьне кампутарнай тамаграфіі дыягнастычнага цэнтру», – расказвае Віталь Броўка.

На сёньняшні дзень, па словах Броўкі, сярэдняя колькасьць порцый, згатаваных для мэдыкаў, вагаецца ў межах 75-80 штук. Часам сягае і сотні.

Кіраўнік арт-пабу распавядае, што адразу пасьля абвяшчэньня збору сродкаў на molamola.by справы пайшлі больш энэргічна, але праз нейкі час актыўнасьць упала. На 9 траўня было сабрана 5014 рублёў, ініцыятыву падтрымалі 236 разоў.

«Так, цяпер падтрымка зьменшылася, але, зь іншага боку, людзі зьвяртаюцца і дапамагаюць прадуктамі, або прапаноўваюць транспартную дапамогу для дастаўкі. Звычайна я развожу сам, але бываюць сытуацыі, калі зь нейкіх прычынаў не магу гэта зрабіць, і тады хтосьці дапамагае», – кажа Броўка.

Віталь спадзяецца, што пік каронавіруснай інфэкцыі ў Віцебску будзе пройдзены і мэдыкі неўзабаве вернуцца да працы ў штатным рэжыме.

«Спадзяюся, што мэдыкі ў хуткім часе вернуцца да нармалёвага жыцьця, нармалёвых графікаў і нам паведамяць, што патрэба ў нашай дапамозе зьнікла, але пакуль яны маюць патрэбу ў падтрымцы», – упэўнены ўладальнік арт-пабу «Торвальд».

Кажа, што ахвяраваных грошай і прадуктаў хапіла на 15-18 дзён.

«Дык ужо дзён дзесяць працуем за свой кошт, дзякуючы адтэрміноўцы з боку пастаўшчыкоў і сваім запасам. Пакуль трымаемся», – падсумоўвае.

Віталь Броўка расказвае, што на самым пачатку збору сродкаў на калектыў арт-пабу выйшлі прадстаўнікі бацькоўскага калектыву выхаванцаў танцавальнага дзіцячага ансамблю «Зорка». Яны выказалі ўдзячнасьць і прывезьлі запас прадуктаў, якіх хапіла на некалькі дзён. Апошнім часам з Броўкам зьвязаліся і віцебскія таксісты, прапаноўвалі свае паслугі для развозкі ежы, некаторыя выказалі намер бясплатна падвозіць мэдыкаў.

«Прыгатаваную ежу перадаём двум чалавекам зь лякарні, але разыходзіцца яна сярод многіх. Потым ад іх атрымліваем электронныя падзякі за неабыякавы падыход да справы. Заўжды стараемся накарміць добрай, якаснай ежай, каб выклікаць у людзей пазытыўныя эмоцыі. Мэню самае разнастайнае», – дзеліцца сваімі ўражаньнямі Віталь.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]