Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ян Павел ІІ: Папа, які быў са сваім народам на шляху да свабоды

17.05.2020 общество
Ян Павел ІІ: Папа, які быў са сваім народам на шляху да свабоды

Артыкул пасла Польшчы Артура Міхальскага.

18 мая спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Папы Яна Паўла ІІ. Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі даслаў у «Нашу Ніву» з гэтай нагоды свой артыкул. Ён пісаў яго не як дыпламат, а як сведка і ўдзельнік тых гістарычных падзей, якія былі звязаныя з абранннем першага папы-славяніна:

- Вечар 16 кастрычніка 1978 года быў вечарам здзіўлення і радасці. Тады не было мабільных тэлефонаў, інтэрнэту, сацыяльных сетак, і ўсё роўна не было, бадай, ніводнага чалавека ў Польшчы, да якога не дайшла ў гэты вечар ашаламляльная навіна — кардынал Караль Вайтыла, архіепіскап Кракаўскі, стаў папам рымскім. Гэта навіна перадавалася з вуснаў у вусны, у чэргах, у аўтобусах, у трамваях. Людзі хутчэй вярталіся дадому, каб уключыць тэлевізар. Гэта не было грамадскае тэлебачанне, гэта было дзяржаўнае, партыйнае тэлебачанне, якое дзесяцігоддзямі карміла грамадства догмамі сацыялізму, які называўся прагрэсам, якое свабодны свет, свет свабодных еўрапейскіх народаў паказвала як гнілы Захад, якое змагалася са светам хрысціянскіх каштоўнасцей, якое насуперак перакананням большасці грамадзян усхваляла свет без Бога, дзе панавала ідэалогія, навязаная палякам насуперак іх волі, супярэчная з іх традыцыямі і гісторыяй. Аднак…

Аднак у гэты вечар нават кантраляванае камуністычнай партыяй тэлебачанне прызнала, што гэта не той момант, калі можна змагацца з народам, што гэта момант, калі ўсе адчуваюць гонар, нават прадстаўнікі навязанай улады. Нечакана была зменена праграма, гэты вечар быў прысвечаны адной тэме, у гэты вечар мы адчулі ў Польшчы супольнасць, мы сядзелі перад тэлевізарамі, глядзелі на тое, што адбывалася ў Рыме, на Караля Вайтылу на балконе, ужо папу рымскага Яна Паўла ІІ, які вітаў натоўп на плошчы Святога Пятра, і запомнілі гэты вобраз: раскрытыя абдымкі і яго заклік: «Не бойцеся шырока расчыніць дзверы Хрысту». Такі заклік быў глыбока евангельскім, але ў свеце, у якім мы тады жылі, больш за 40 год таму, калі ўлада лічыла нармальным панаваць над сумленнем людзей, якая нахабна ўрывалася ў прастору свабоды сумлення чалавека, у сямейнае і грамадскае вымярэнні нашага жыцця, быў заклікам, які меў рэвалюцыйнае адценне, меў палітычнае вымярэнне.

Рэвалюцыйнае, але мірнае, рашучае, але пазбаўленае насілля. І так ужо засталося на гады ў нашым польскім успрыманні, што словы яго казанняў, прамоў мы чыталі і ў палітычным сэнсе, мы бачылі, што яго словы патэнцыяльна здольны злучыць у адзін струмень наша імкненне да свабоды і незалежнасці, права на фарміраванне нашага жыцця згодна з нашымі перакананнямі і традыцыямі. Насамрэч навучанне Яна Паўла ІІ мела перш за ўсё рэлігійнае, духоўнае вымярэнне, палітычны пасыл не быў асноўным. Але кантэкст, у якім мы жылі, у дзяржаве з навязаным нам звонку ладам, у дзяржаве, дзе ігнараваліся асноўныя свабоды, правы чалавека, нават фундаментальныя ісціны мелі палітычнае вымярэнне. Бо чым менш было індывідуальнай і грамадскай свабоды, тым большая частка нашага жыцця, нашых паводзін, пазіцый набывалі палітычнае вымярэнне.

Пасля першых хвілін душэўнага пад’ёму, гонару, прыйшоў час роздуму, час працы, доўгая ўверцюра да вялікіх перамен, грамадскіх, палітычных, але перш за ўсё перамены сэрцаў, расло пачуццё нацыянальнай супольнасці, якая мае права жыць згодна з уласнымі ўяўленнямі, якая можа сказаць «не» навязанаму чужой ідэалогіяй парадку, якая мае права будаваць сваю будучыню як свабодны народ, у свабоднай дзяржаве, якая мае права адчуваць сябе часткай супольнасці свабодных еўрапейскіх народаў. Так я адчуваў настрой тых дзён, складана было канкрэтна ўявіць, да чаго гэта ўсё прывядзе, але подых свабоды, гордасці і радасці мы ўжо адчувалі ў сваіх сэрцах. Ужо было вядома, што не будзе так, як было раней, што гэта падзея — гэта толькі пачатак перамен, вялікіх перамен. Такім я запомніў той памятны вечар 16 кастрычніка 1978 года.

Ужо праз паўгода Ян Павел ІІ да нас прыехаў — у чэрвені 1979 года ён наведаў сваю радзіму.

У Варшаве было цудоўнае надвор’е, самалёт італьянскіх авіяліній прызямліўся ў аэрапорце «Акенце». З’явілася белая постаць чалавека, які, узняўшы рукі, прывітаў сваіх землякоў, а пасля, схіліўшыся ў глыбокім паклоне, пацалаваў родную зямлю. Пазней ужо на адкрытай платформе грузавіка Ян Павел ІІ ехаў па сонечных вуліцах сталіцы і вітаў вялізны натоўп людзей, якія віталі яго.

Гэты натоўп сапраўды быў вялізны. На працягу дзесяцігоддзяў людзей заганялі на розныя грамадскія акцыі, на першамайскія дэманстрацыі, прымушалі ўдзельнічаць у іх, як у школах, так і на працы, і нягледзячы на гэта, многія не прыходзілі. А тут ніхто нікога не прымушаў, а быў натоўп, спантанны натоўп. Тэлебачанне, якое перадавала ўрачыстасць з плошчы Перамогі ў Варшаве, адчувала сябе вартаўніком афіцыйнай ідэалогіі. Яно рабіла, што магло, каб паказаць пераважна пажылых людзей, жанчын, святароў. Панарамных ракурсаў не было. Кадры старанна падбіраліся, аднак падмануць рэчаіснасць не атрымалася, людзі, якія ў той час былі на плошчы, ведалі — мы ўсе там былі: і святары, і звычайныя грамадзяне, жанчыны і мужчыны, моладзь і дзеці, быў народ. Я помню, як нехта тады сказаў: паглядзі… бачна, дзе народ, а дзе ўлада…

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]