Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Прыходзьце праз тры месяцы»: Як беларуску з каранавірусам лячылі ў паліклініцы

05.06.2020 общество
«Прыходзьце праз тры месяцы»: Як беларуску з каранавірусам лячылі ў паліклініцы

Заявы афіцыйных асобаў і рэальная сытуацыя моцна адрозніваюцца.

Некалькі тыдняў таму мяне выпісалі зь лякарні на «амбуляторнае лячэньне COVID-19». І гэта аказалася яшчэ адной гісторыяй у стылі «чаканьне — рэальнасьць» — гісторыяй, поўнай маіх расчараваньняў і абыякавасьці з боку мэдыкаў, піша Наста Захарэвіч для «Радыё Свабода».

Ня тое каб я надта верыла расповедам афіцыйных асобаў пра тое, як добра ў нас клапоцяцца пра пацыентак і пацыентаў на амбуляторным узроўні. За апошнія месяцы я на сваёй скуры неаднаразова адчула, як адрозьніваюцца іх заявы і рэальная сытуацыя.

Калі я ляжала ў скурна-вэнэралягічным дыспансэры як кантакт другога ўзроўню і нам выдавалі ў найлепшым выпадку тры маскі на суткі, намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан казала, што ў гэтым шпіталі ляжаць тыя, у каго дакладна няма каранавірусу. Таму, маўляў, сродкі індывідуальнай абароны там не патрэбныя ўвогуле.

Калі лякарню хуткай дапамогі афіцыйна лічылі чыстай ад каранавірусу, з кардыялягічнага аддзяленьня рэгулярна вывозілі людзей з пацьверджаным COVID-19. Калі дзяржаўныя СМІ пісалі, што пацыенткі і пацыенты з каранавірусам атрымліваюць усебаковую дапамогу, да нас у палату за суткі мог не зайсьці ніводзін доктар.

У мяне няма ружовых акуляраў, але я чакала, што на так званым амбуляторным далечваньні будзе хоць актыўнае назіраньне. У рэальнасьці яно абмежавалася тым, што мэдсястра папрасіла двойчы на дзень пісаць ёй, якая ў мяне тэмпэратура.

Доктарку цікавіў толькі эпікрыз зь лякарні. Я сфатаграфавала яго і даслала ёй здымкі. Але так атрымалася, што ў графе «рэкамэндацыі» там не было рэкамэндацый. У лякарні мне сказалі, што тэрапэўтка ў паліклініцы з усім разьбярэцца і ўсё патлумачыць. Яна ж праз тэлефон сказала, што ня ведае, што са мной рабіць, і што ёй трэба пракансультавацца з загадчыцай аддзяленьня, пасьля чаго яна абавязкова мне ператэлефануе. Не ператэлефанавала.

Нядаўна я ўсё ж атрымала адмоўны вынік тэсту на каранавірус, і мэдсястра сказала, што трэба прыйсьці да тэрапэўткі на прыём. Што мяне агледзяць і, магчыма, прызначаць нейкія аналізы. Я спадзявалася, што мяне накіруюць на нейкае абсьледаваньне лёгкіх, бо менш за тыдзень таму лекар хуткай дапамогі сказаў, што дыханьне зьлева горш праслухоўваецца. Але тэрапэўтку зноў цікавілі толькі дакумэнты зь лякарняў.

Не было агляду, не было ніводнага пытаньня пра мой стан. Мы проста абмяняліся паперкамі — я аддала ёй копіі дакумэнтаў зь лякарняў, яна па маёй просьбе дала накіраваньне на адзін аналіз.

«Ну, раз вам сказалі праверыць сэрца і ныркі праз тры месяцы, прыходзьце праз тры месяцы».

Мае сымптомы, на жаль, дагэтуль ня зьніклі. У мяне па-ранейшаму субфэбрыльная тэмпэратура, часта баляць ногі і бывае тахікардыя, ёсьць праблемы з апэтытам, памяцьцю і канцэнтрацыяй увагі, а ад фізычнай нагрузкі лёгка зьяўляецца задышка.

А вось што пішуць пра лячэньне і рэабілітацыю на сайце Белтэлерадыёкампаніі:

«Увогуле ў Беларусі пацыентам з каранавірусам аказваецца ўсебаковая мэдычная дапамога. Санаторыі — гэта толькі адзін з пунктаў нашай трохузроўневай сыстэмы барацьбы з распаўсюджваньнем захворваньня. Зразумела, галоўнае і першаснае — гэта ўсё ж такі лячэньне ў мэдустановах. Ня менш старанна сочаць за тымі, хто пераносіць хваробу бессымптомна, назіраецца дома. На ўсіх этапах выздараўленьня і рэабілітацыі вядзецца найстражэйшы кантроль».

Дарэчы, пагаварыць у маёй паліклініцы з псыхолягам аказалася немагчымым.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]