Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Загадка «Трох чарапах»

13.10.2020 культура
Загадка «Трох чарапах»

Як гімн рэвалюцыі ператварыўся ў культурны код.

"Тры чарапахі" сталі часткай беларускай гісторыі, якую мы пішам проста цяпер. З іранічнай песенькі твор культавага рок-гурта N.R.M. ператварыўся ў гімн Беларускай рэвалюцыі, які спяваюць на маршах, мітынгах і, на жаль, за кратамі. Адзначаем дваццатую гадавіну альбома, дзе "Тры чарапахі" ёсць загалоўным творам.

12 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў, як выйшаў альбом NRM «Тры чарапахі». Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку нагадаў Лявон Вольскі — вакаліст, музыка і аўтар песень першага склада гурта.

Сёння хваля рэвалюцыйных падзей у Беларусі вынесла песню "Тры чарапахі" на пік папулярнасці, зрабіўшы несумнеўным гімнам рэвалюцыі; а спадара Лявона — за мяжу.

Пра загадку любімай песні Naviny.by паразмаўлялі з відавочцам яе нараджэння музыкам Аляксандрам Памідоравым, цяперашнім лідарам гурта N.R.M. Пітам Паўлавым, а таксама з Сяргеем Падсасонным — доктарам гуманітарных навук Варшаўскага універсітэта.

У камеру з-за песень

Музыка Аляксандр Памідораў, праспяваўшы пад гітару "Тры чарапахі", трапіў на восемь сутак арышта. Яго затрымалі 19 верасня ў Мінску у скверы каля вуліцы Ангарская, дзе праходзіў дваравы канцэрт, арганізваны праз лакальны тэлеграм-чат. Пасля выканання "Трох чарапах" хорам са слухачамі, прапелі "Простыя словы" — і прыехалі аўтазакі.

Аляксандр Памідораў. Фота svaboda.org

Восемь сутак Аляксандр Памідораў правеў у камеры на Акрэсціна. Ён узгадвае, як пратэстоўцы рабілі пераклічку песняй, салідарызаваліся:

"Дзяўчаты, якія сядзелі ў камеры насупраць маёй, спявалі "Тры чарапахі". Людзі ў ІЧУ перапяваюцца паміж камерамі. Гэта як свой-чужы. З адной гучыць "Гэ-э-эй ла-ла-ла-лай". А з іншай адказваюць: "Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе". Яе спяваюць не толькі на маршах і мітынгах, а нават і ў турме пад пагрозай, што іх пазбавяць прагулкі ці чаго іншага. Гэта ўжо культурны код".

Тое ж адбываецца і ў жодзінскім ІЧУ, расказвае музыка. Ён гэта ведае з перапіскі з палітычнымі арыштантамі. Музыка перакананы, што "Чарапах" не спяваць немагчыма.

"Гэта песня з тых, якія рухаюць цябе. Даюць надзею. Вось гэтыя словы "ты не чакай, сюрпрызаў не будзе, чаканне дастала" — гэта пра нашае жыццё. Гэта пра тое, на чым мы стаім: глобус Беларусі — "наша месца на трох кітах". Гэта сапраўдны гімн Беларусі ў рокавай версіі".

У цягніку дуркавалі над Ельцыным, а ранкам Лявон прынес песню

"Тры чарапахі" нарадзіліся ў цягніку Познань — Мінск у чэрвені 1999 года. Музыкі вярталіся дадому з выступу ў Францыі. Песня з’явілася за год да афіцыйнага рэлізу альбома, тлумачыць спадар Памідораў. Таму ёй не 20, а 21 год.

"Сумеснае дуркаванне ў купэ. Мы парадыравалі тагачаснага расейскага прэзідэнта Барыса Ельцына, вычвараліся, размаўляючы яго голасам, пра трох кітоў. А нараніцу Лявон прыйшоў з паперкай: "А песенька гатова!", — прыгадвае музыка паездку дваццацігадовай даўніны.

Піт Паўлаў. З гітарай на АМАП

Лідар сённяшняга гурта N.R.M. Піт Паўлаў праспяваў "Трох чарапах" на пратэстным маршы перад кардонам з узброеным АМАПам.

Піт Паўлаў. Фота vk.com/petepaff

Пра гэта музычны крытык Сяргей Будкін сказаў: "Гэтае фота з Пітам Паўлавым найбольш яскрава перадае для мяне паняцце "культурнага супраціву".

Песню пяюць на кожным пратэстным маршы простыя людзі. У чым загадка народнай любові?

Піт Паўлаў бачыць дзве прычыны. Па-першае, рэпутацыя гурта. Пастаянна граючы на апазіцыйных мерапрыемствах і канцэртах незалежных творцаў, N.R.M. стаў асацыявацца з сімваламі незалежнасці.

"Гэта лагічны ланцужок: "Жыве Беларусь!", сцяг, герб і N.R.M. А "Тры чарапахі" — наша самая гітовая песня", — тлумачыць Піт Паўлаў.

Па-другое, "Чарапахі" — самая меладычная песня гурта, вельмі простая, гітовая, паслядоўнасць акордаў. Аднак галоўнае, зазначае музыка, сам тэкст вельмі самаіранічны і глыбокі:

"Мы не любім песні-агіткі, яны прывязаныя да нейкіх падзеяў. А "Тры чарапахі" накіраваныя ў вечнасць. Песня апісвае, як людзі ўяўялі будаванне сусвету, гэта пляскатасць сусвету, які стаіць на трох чарапахах, якіх цягнуць тры кіты. Песня адлюстроўвае застыласць, у якой мы знаходзіліся 26 год. А чыста фізічные апісанне камунальных пахаў, з чаго пачынаецца песня, — гэта на 100 адсоткаў пра нас, гэта выклікае асацыяцыі ў кожнага. Людзі сэрдцам адчуваюць, што гэта так і ёсць, таму і любяць".

Доктар пра "Чарапах": "Божа, якія мы старыя!"

Сяргей Падсасонны, доктар гуманітарных навук Варшаўскага універсітэта, здзіўлена ўсклікнуў "Божа, якія мы старыя!", даведаўшыся, што гіту "Тры чарапахі" больш за дваццаць гадоў. Ён прыгадаў сваё знаёмcтва з творчасцю N.R.M.

"Народная Рэспубліка Мроя мне нічога не казала тады — нейкая пласцінка, купленая ў Буда-Кашалёве ў кніжнай краме. Купілі з братам, бо танна было, слухалі потым на прайгравальніку. А потым быў студэнцкі вар'яцкі канцэрт, прыгажун Піт Паўлаў; гэта ж я пазней усвядоміў, хто гэта ды што, ніякага нацыяналізму не было. Мы ў інтэрнаце запісвалі на паперку словы, і я вучыў".

Зараз песня — сімвал рэвалюцыі цяперашняй Беларусі. Чаму?

"Ключ у словах "ты не чакай, сюрпрызаў не будзе" і "чаканне дастала". Бо беларусы чвэрць стагодззя чакалі. І сёння пратэст з прасторы кухні выйшаў на вулічную прастору, нараджаецца грамадства. Мы адчуваем годнасць за сябе, пра нас кажа ўвесь свет. І фраза "чаканне дастала" пра тыя пачуцці, якія рухаюць людзей да перамен", — тлумачыць спадар Падсасонны.

Песня нам ўсім такая блізкая, таму што ў ёй закладзеныя архетыпы сусветнай культуры, уяўленне пра пабудову свету. Гэта універсальныя сімвалы — гэта міф пра трох чарапах, кітоў, ваду, змаганне. Гэта песня пра універсальныя, простыя, ясныя для кожнага рэчы. Архетып—тое, што мы ўспрымаем на падсвядомаці. Таму кожны, не асэнсоўваючы прычын, ў гэтай песні адчувае блізкасць, расказвае доктар гуманітарных навук.

Спадар Падсасонны звяртае ўвагу на патрыятычны куплет "Каб любіць Беларусь, нашу родную маму". Паволе яго словаў, гэта важны адбітак часу — постмадэрністцкая цытата з беларускай класікі, якая з’явілася ў рок-культуры. Гэта рэвалюцыйная на той момант прыкмета.

Нерухома стаяць

Піт Паўлаў зазначае, што песня застанецца актуальнай і пасля Лукашэнкі: і пры дэмакратыі, і пры рэформах. Бо яна накіраваная ў вечнасць. Музыка Аляксандр Памідораў перакананы, што "гэтую песню ўжо нікуды не падзець як з гісторыі беларускай музыкі, так і з беларускай гісторыі ўвогуле".

Загнаныя Лукашэнкам ў камеры разам з пратэстоўцамі "Тры чарапахі" сведчаць пра вечныя каштоўнасці, на якіх прынамсі і стаіць беларускі пратэст.

Таццяна Бублікава, naviny.by

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2020 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]