Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Сустрэча з кіраўніком Фрунзенскага раёна скончылася скандалам

20.10.2020 политика
Сустрэча з кіраўніком Фрунзенскага раёна скончылася скандалам

Лукашыст спужаўся размаўляць з грамадзянамі.

Каля 70 чалавек прыйшло ў будынак школы на Бірузова, каб пагаварыць з кіраўніком адміністрацыі раёна Сяргеем Шкрудневым. Сустрэча была анансаваная загадзя. Але чыноўнік заявіў, што праз каранавірус фармат змяніўся, цяпер гэта не сустрэча, а прыём. Гэта значыць, што Шкруднеў сядзе ў кабінеце і будзе запрашаць жыхароў па адным, паведамляе nn.by.

Людзей гэта абурыла: «Мы хочам чуць вашы адказы!»

«Бачна, што вы не настроеныя на дыялог», — заявіў ім Шкруднеў. І прапанаваў: «Хай адзін заходзіць, пасля вам пераказвае!»

Людзі загулі: «Мы народ! Вы — наш слуга!»

«Халоп, атрымліваецца?» — скрывіўся чыноўнік. І кінуў тым, хто здымаў яго на мабільныя: «Не тыкайце мне гэтымі мыльніцамі!»

Людзі вырашылі, што такія ўмовы ім не вельмі падыходзяць, большасць вырашыла байкатаваць фармат, на якім настаяў Шкруднеў.

«Ці ўсе заходзім, ці ніхто», — вырашылі людзі.

«Не трэба мне тут камандаваць!», — сказаў чыноўнік і зашыўся ў кабінеце.

Раззлаваныя людзі выйшлі ў фае, да чыноўніка зайшоў толькі адзін мужчына з пытаннямі пра спілаваныя дрэвы і «алканаўтаў».

Тым часам у фае намаляваліся двое міліцыянтаў. Па словах жыхароў, іх выклікала памочніца чыноўніка.

Абураныя людзі пачалі выказваць прэтэнзіі міліцыі.

Скарыстаўшыся момантам, карэспандэнт «Нашай Нівы» спытаў у памочніцы, навошта яна выклікала міліцыянтаў.

— Я нікога не выклікала, — адказала жанчына.

— А як вас завуць?

— Гэта няважна.

У выніку большасць народу проста сышла, абураная «прыёмам». Засталося з дзясятак чалавек і работніцы школы, якія ў адказ на пытанні толькі паціскалі плячыма: маўляў, актавая зала і спартзала занятыя, што мы можам зрабіць? Заўсёды ў людзей вінаватая школа!

Засталася бадзяцца па пустым фае і парачка міліцыянтаў.

Адзін з жыхароў зайшоў да чыноўніка і нагадаў яму: «Лукашэнка ж казаў, што віруса няма. Чаму тады нельга сабрацца і выслухаць людзей?

Чыноўнік прадказальна адказаў: «Гэта меры прафілактыкі, мы абмежаваныя ў правядзенні масавых збораў».

Мужчына падняў пытанне непрынятых подпісаў за Бабарыку і Цапкалу. Шкруднеў паведаміў, што пытанне не да яго. «Я крэпкі хазяйственік, а не палітык», — адказаў чыноўнік.

Тады той жа мужчына спытаў: «Як вы ставіцеся да таго, што па раёне бегаюць людзі ў чорным без апазнавальных знакаў і хапаюць усіх, каго захочуць? Хто яны?»

«Яны вас крыўдзяць? — спытаў Шкруднеў. — Магчыма, іх унутранымі дакументамі гэта рэгулюецца. Гэта аператыўныя службы, я мяркую, якія абараняюць грамадзян».

«Дзякуй ім, што мяне абаранілі ад мяне», — пракаментаваў іншы жыхар, той самы, які калісьці быў прызнаны на судзе вінаватым, бо меў дамову з адвакатам, адпаведна рыхтаваўся да правапарушэння.

Зайшла размова і пра выбары.

«На Каменай Горцы са мной не размаўляюць, бо ў іх навязлівая ідэя, што выбары не сапраўдныя… А для мяне доказ сапраўднасці выбараў — паведамленне ЦВК», — паведаміў Шкруднеў.

Што тут дадаць.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2020 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]