Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш»

09.11.2020 политика
«Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш»

Размова зь легендарным выкладчыкам МДЛУ Юрыем Стулавым, які падтрымаў студэнтаў.

Юрый Стулаў на пачатку 90-х быў прарэктарам, цяпер кіруе катэдрай замежнай літаратуры. Ягоны выступ перад новай рэктаркай трапіў на відэа і разышоўся па тэлеграм-каналах, паведамляе «Радыё Свабода».

Юрыя Стулава называюць адной зь легендаў Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Ён сам вывучыўся тут і пачаў працаваць яшчэ ў 1966 годзе. Цяпер спадар Юрый узначальвае катэдру замежнай літаратуры.

«Я ня ведаў, што мой выступ нехта здымае на відэа»

Пасьля звальненьня і затрыманьня выкладчыцы МДЛУ Натальлі Дулінай, а таксама адлічэньня найбольш актыўных студэнтаў, каля сотні супрацоўнікаў унівэрсытэту падпісаліся пад лістом на адрас рэктаркі Натальлі Лапцевай. Сярод падпісантаў быў і Юрый Стулаў.

«Зварот да рэктара пасьля звальненьня Натальлі Дулінай і адлічэньня студэнтаў я падпісаў таму, што ўсё, што цяпер адбываецца, — гэта жудасна, — кажа выкладчык. — Калі 4 верасьня студэнтаў АМАП хапаў проста ва ўнівэрсытэце, як настаўнік можа гэта проста так прыняць? Людзі спрабуюць паказаць, што яны патрабуюць пераменаў, што яны ніякія не прастытуткі, а звычайныя людзі. Нічога не было пачута, на жаль. Беларусы вельмі спакойны народ, вельмі цярплівы. У мяне доўга было жаданьне зьехаць у Маскву працаваць, але на пэўным этапе жыцьця я зразумеў, што ў Беларусі лепш. Зусім іншы мэнталітэт. І калі цяпер такое робіцца кожную нядзелю, калі вось учора больш за тысячу чалавек затрымліваюць... Навошта? Што гэта мяняе? Гэта толькі павялічвае колькасьць незадаволеных».

Па словах спадара Юрыя, наступстваў праз подпіс пад лістом у абарону Натальлі Дулінай і адлічаных студэнтаў пакуль для яго не было. Відэазапіс ягонага выступу перад рэктаркай таксама пакуль застаўся «беспакараным».

«Я ня ведаў, што там у аўдыторыі нехта здымае відэа, — кажа спадар Юрый. — Але пра свой выступ я не шкадую. Ну што шкадаваць? Хтосьці мусіць гэта казаць. Калі мы чуем усе гэтыя заявы нашага кіраўніцтва пра тое, што гэтага вось не рабіце, так ня трэба... Нічога ж ня зьменіцца насамрэч. Я ня ведаю, ці пачула мяне кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Хацелася б спадзявацца, што пачулі. На відэа трапіў толькі фрагмэнт выступу, я закранаў і іншыя праблемы, унівэрсытэцкія. Спадзяюся, мяне пачулі».

У МДЛУ працуе каля 700 выкладчыкаў. Адкрыта ў абарону звольненай Дулінай і студэнтаў выступілі каля ста зь іх. Адносна невялікая частка заяўляе пра намер звольніцца на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі. Большасьць, аднак, ніяк не выказвае сваёй пазыцыі.

«Людзі баяцца, — тлумачыць Юрый Стулаў. — Гэта ўсё яшчэ ад савецкіх часоў ідзе. Людзі тады баяліся, а цяпер асабліва. Калі ты страціш працу, што будзе з табой, зь сям’ёй, дзецьмі? Гэта адна праблема. Другая — гэта тое, што ёсьць людзі, якія глядзяць дзяржаўнае тэлебачаньне. А там левае — гэта правае, а правае — гэта левае. Прамываньне мазгоў. Для чалавека, які прывык думаць крытычна, гэта адна справа. А ёсьць людзі, якія вераць таму, што кажуць у тэлевізары. І выкладчыкі такія ёсьць. Яны нічога ня будуць падпісваць, яны будуць гаварыць, што не разумеюць, чаго мы абураемся, чаго нам не хапае. Ёсьць і тыя, хто ні туды і ні сюды. Такім было заўсёды жыцьцё. На жаль».

Па словах выкладчыка, з унівэрсытэту людзей цяпер звальняюць на падставе парушэньня працоўнай дысцыпліны, прагулаў. Але, як ён кажа, іншага спосабу выказаць свой пратэст людзям проста не пакідаюць.

«Такіх, як я, у МДЛУ ўжо мала засталося»

«Увогуле я не зьбіраўся паступаць у Інстытут замежных моваў у Менску, зьбіраўся ў Маскву ехаць, — пачынае расказваць ён. — Хацеў італьянскую мову вывучаць, у нас тады яшчэ не было яе. Але тады складана было даведацца пра колькасьць месцаў у Маскве, вельмі позна дазнаўся, як там што будзе. Падаў дакумэнты ў Менску і паступіў. Хаця ў тыя гады паступіць было складана. А нам, пасьля школы, практычна немагчыма. Бралі вучыцца тых, хто ўжо працаваў, меў стаж ня менш за два гады. Нават калі на чатырох іспытах меў 19 балаў, то гэта яшчэ нічога ня значыла. Конкурс я цяпер ужо ня памятаю, але, здаецца, 12–16 чалавек на адно месца было. Курс у нас таленавіты быў. Шмат хто потым стаў выкладчыкам ва ўнівэрсытэце, дэканамі сталі, загадчыкамі катэдраў».

Спадар Юрый узгадвае, што ў 60–70-я гады вучыцца было складаней, чым цяпер. Былі зусім іншыя патрабаваньні да студэнтаў, палова зь ягоных аднакурсьнікаў навучаньня так і ня скончыла. Адзін іспыт 3–4 разы пераздаваць ніхто тады не дазваляў.

«У мяне бабуля была выкладчыцай у гімназіі, бацька пачынаў сваю кар’еру настаўнікам у школе, — працягвае ён. — Неяк так склалася, у мяне заўсёды былі схільнасьці да выкладаньня. Так і прапрацаваў на адным месцы. Хаця былі вельмі добрыя прапановы. Запрашалі выкладаць у Польшчы, у Маскву запрашалі. Але ўжо была сям’я, мяняць лад для ўсёй сям’і было вельмі складана. Магчыма, каб я быў іншай асобай, то зьехаў бы. Але тады я быў прарэктарам, думаў, як гэта я пайду? Хто будзе гэта рабіць, хто тое? Таму застаўся. З такім стажам, як у мяне, у МДЛУ вельмі мала засталося. Людзі сыходзяць. Я, магчыма, таксама сышоў бы. Але летам памерла мая жонка, і цяпер студэнты для мяне — гэта... Ёсьць дзеля чаго жыць. Гэта мяне трымае ў добрым стане».

«Жонка летам памерла ад COVID-19»

Гаворачы пра свае погляды, спадар Юрый згадвае рэпрэсаваных у сталінскія часы родных і маці, якая заўсёды шукала альтэрнатыву афіцыйнай пазыцыі. Сваю справу зрабіла і эпідэмія каранавірусу, якую ў Беларусі афіцыйна перамаглі акурат тады, калі сам Юрый Стулаў і ягоная жонка хварэлі на COVID-19.

«Я першы захварэў, — расказвае ён. — Два тыдні правёў дома, бо пазваніў у паліклініку і там мне сказалі, што калі тэмпэратура, то да мяне прыйдзе доктар. Прыйшоў малады хлопец, пазьней я даведаўся, што гэта быў студэнт-практыкант. Потым мне зрабілі рэнтген, аналіз крыві. Тры дні прайшло, вынікаў няма. Яшчэ прайшло тры дні, хлопец мне кажа, што забыў іх паглядзець. Затым ужо іншы прыйшоў. КТ можна было зрабіць толькі платна, два дні чаргі чакаць прыйшлося. А там сказалі, што двухбаковая пнэўманія, ковід, і трэба выклікаць хуткую. Мне пашанцавала, што трапіў у 2-ю бальніцу. А маёй жонцы, на жаль, не».

Па словах спадара Юрыя, лекары і мэдпэрсанал у шпіталі ўсяляк дапамагалі яму, стараліся вылечыць. А ягоную хворую жонку ў гэты час са стацыянару перавялі далечвацца дадому.

«Жонку адвезьлі ў трэці шпіталь, — расказвае ён пра падзеі ліпеня. — Акурат па тэлебачаньні сказалі, што каранавірус у Беларусі пераможаны. Тады ж трэці шпіталь закрылі, жонку адправілі дадому на самаізаляцыю. Я яшчэ быў у шпіталі, даглядаць яе не было каму. Прабыла дома 2–3 дні, стан пагоршыўся. Забралі зноў, цяпер у 4-ы шпіталь. Там яшчэ некалькі тыдняў. Я разумею, што мая жонка была інвалідам, хто там за імі стане глядзець. Выжывуць дык выжывуць. На жаль, яна памерла».

Гэта стала цяжкай стратай для самога спадара Юрыя і ўсёй яго сям’і. Выкладчыка абурае ня толькі тое, што пра эпідэмію ў Беларусі расказвалі ўлады, але і выказваньні кіраўніцтва на адрас мэдыкаў, якія спрабавалі рабіць, што маглі.

«Студэнты выйшлі, калі пачалася хлусьня»

Выкладчык прызнаецца, што масавыя пратэсты студэнтаў у верасьні сталі для яго нечаканасьцю. У тым ліку пратэсты навучэнцаў яго роднага ўнівэрсытэту.

«У 1990 годзе гэта было натуральным вынікам гадоў усёй працы, якая вялася ва ўнівэрсытэце, — тлумачыць ён. — Нашыя студэнты тады былі галоўнымі на плошчы Леніна. Яны не прымалі ілжывай савецкай сыстэмы. А тут я зусім ня бачыў, што нешта робіцца для крытычнай масы. Але вось як выйшла. Гэта ўжо іншае пакаленьне, яны не такія. Мне падавалася, што ўсё ціха. Што вось прыемны ўтульны Менск, кавярні, можна за мяжу паехаць, калі грошы ёсьць. Але калі пачалася гэтая хлусьня, то студэнты выйшлі. І плюс тое, як улады рэагавалі на падзеі. Ім трэба было разьлічваць свае крокі. Людзі чакалі, што будзе нейкі дыялёг. Але іх не пачулі».

Па словах спадара Юрыя, сёньняшнія студэнты моцна адрозьніваюцца ад тых, якія вучыліся ў «ін’язе» ў 60-я гады. Ён кажа, што тады былі іншыя адносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі. Больш блізкія і даверлівыя. Цяпер кантакт паміж імі іншы, значна слабейшы. Выкладчык наракае, што студэнты цяпер больш павярхоўна ўспрымаюць інфармацыю і веды. Разам з тым спадар Юрый кажа, што дзеяньні студэнтаў цяпер надаюць яму аптымізму.

«Гэта ўсё прыемна, канечне, — кажа выкладчык. — Я бачу, што людзі маюць галаву. Я не люблю, калі студэнты толькі паўтараюць тое, што ім скажаш, што яны ўзялі з падручнікаў. Вось калі студэнт думае — гэта тое, што трэба. Гэта тое, што можа ўсё зьмяніць. На занятках сваіх мне нават ня трэба неяк закранаць падзеі ў краіне. У мяне замежная літаратура. Кажу, каб чыталі кнігі, і ўсё. Прачытайце „Рычарда ІІІ“ Шэксьпіра, ці будуць у вас нейкія камэнты? Ніхто ня зможа спыніць прагрэс. Ён ідзе сам па сабе, кожнае пакаленьне будзе ісьці сваім чынам. Будзе крок наперад, два назад, але затым зноў будуць крокі наперад. Гэта немагчыма спыніць. Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш».

Спадар Юрый ня хоча звальняцца з унівэрсытэту, нават нягледзячы на магчымы ціск і новыя рэпрэсіі з боку адміністрацыі.

«Я лічу, што трэба заставацца працаваць, — кажа выкладчык. — Зразумела, звальняцца таксама цяжка, трэба шукаць новае месца. Але калі нехта будзе звальняцца, гэта будуць рабіць тыя, хто ўсьведамляе ўсе праблемы і бачыць, як можна гэтыя праблемы вырашаць. Я лічу, што трэба заставацца працаваць. Мы ня можам пакінуць нашых студэнтаў, ім таксама патрэбны нехта, хто падтрымае, хто дасьць нейкую параду, калі яе папросяць. У нас ёсьць досьвед, якога ў іх няма».

Юрый Стулаў перакананы, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца. Ён кажа, што рэпрэсіі і ціск ня могуць працягвацца бясконца, а людзі знойдуць іншыя спосабы пратэсту.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]