Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Будзем партызаніць зь песьнямі»

10.11.2020 политика
«Будзем партызаніць зь песьнямі»

Як беларускія музыкі робяць рэвалюцыю ў дварах.

Музыкі, якія граюць у менскіх дварах, расказваюць пра эмоцыі ад канцэртаў, паведамляе «Радыё Свабода».

«Праз 5 хвілін мужычок вярнуўся ў касьцюме мядзьведзя»

Музыка Сяргей Башлыкевіч, лідэр гурту Leibonik, пачаў выступаць у дварах у канцы верасьня і ўжо адыграў каля 30 канцэртаў. На дзіва, кажа Сяргей, пахаладаньне ня зьменшыла жаданьне людзей тусавацца ў дварах. Канцэрты адмяняюцца, толькі калі лье дождж.

«Абсалютная большасьць людзей у дварах слухае цябе ўпершыню, і да таго ж ёсьць частка людзей, для якіх увогуле жывая музыка — гэта адкрыцьцё, таму што яны прывыклі слухаць Баскава, Кіркорава ў тэлевізары, а тут, аказваецца, можна на гітары граць і сьпяваць. Гэта ў іх зьдзіўленьне нейкае выклікае».

Уражаньні і эмоцыі ад выступаў вельмі яскравыя, кажа Сяргей, публіка рознага ўзросту прымае вельмі цёпла. Таксама моцная і важная эмоцыя, зазначае музыка, — эфэкт навізны, як гледачы ўспрымаюць музыку, калі бачаць і чуюць упершыню.

Музыка кажа, што песьні слухачам падабаюцца розныя, а падпяваюць найчайсьцей тыя, дзе больш зразумелы тэкст.

«Мы самі любім песьню «Жакі» сьпяваць. У нас ёсьць месца, якое мы заўжды сьпяваем з гледачамі: «Вясёлы нам дзісь дзень настаў, якога кожны з нас чакаў». Там і тэкст такі, які дазваляе людзям асацыяваць сябе, нас усіх разам, ну і ён такі пявучы, вельмі прыемненька. Нам падабаюцца такія захады».

Падчас выступаў здараліся дзіўныя і цікавыя выпадкі

«Выступаў я недзе каля Малінаўкі, і там мужычок праходзіў, спытаў, што тут адбываецца ў двары, бо якраз нейкая майстар-кляса для дзяцей па лепцы ішла, нехта нешта паказваў. Сказалі, што такая вось суседзкая тусовачка. Пайшоў мужычок, праз хвілін 10-15 вярнуўся ў касьцюме мядзьведзя. Дзеці ўсе абалдзелі, — расказвае музыка. — Там жа жанчына кажа: «А ў мяне цымбалы дома ёсьць». Пайшлі, дапамаглі ёй вынесьці цымбалы, яна зайграла. Такія суседзкія конкурсы талентаў талентаў амаль што».

«Аднойчы да нас падышлі пасьля канцэрту і зрабілі камплімэнт: «Крута, што вы граеце ў дварах. Nizkiz, пакуль яны не пачалі ў дварах граць, таксама ніхто ня ведаў», — сьмяецца Сяргей.

Музыка кажа, што выступы ў дварах — гэта максымальная адкрытасьць, у адрозьненьне ад канцэртаў у клюбах, куды складана трапіць выпадкова.

«Людзі, ня ведаючы цябе, ня ведаючы наогул, што нешта заплянавана, праходзячы міма, вырашаюць застацца. Людзі, пачуўшы з вакна, могуць высунуцца, спусьціцца ўніз, у двор. Гэта такая агульнадаступнасьць, — кажа Сяргей. — Канцэрты ў дварах больш разьняволеныя: дзеці бегаюць, неяк людзі адчуваюць сябе больш свабодна і ў пляне размоваў з музыкамі, і ў пляне падтрымкі, неяк даволі цёпла атрымліваецца».

У момант выступу Сяргей заўсёды адчувае сябе камфортна, бо падчас песьні ня думае пра магчымае затрыманьне. Але былі і небясьпечныя выпадкі. «Жыхары сказалі: «Там у арачцы стаяць мянты, ціхарацца. Давайце мы вас іншай дарогай вывезем». То бок нейкія такія моманты былі, але менавіта пасьля канцэртаў, цьфу-цьфу, пакуль бегаць не даводзілася. Ну і, пакуль выступаў у Новай Баравой, на той момант проста стаяла машына, дзяжурылі прадстаўнікі аховы антыпарадку». Сяргей плянуе выступаць і далей, нягледзячы на масавыя затрыманьні музыкаў.

«Жыхары сказалі: «Там у арачцы стаяць мянты, ціхарацца. Давайце мы вас іншай дарогай вывезем». То бок нейкія такія моманты былі, але менавіта пасьля канцэртаў, цьфу-цьфу, пакуль бегаць не даводзілася. Ну і, пакуль выступаў у Новай Баравой, на той момант проста стаяла машына, дзяжурылі прадстаўнікі аховы антыпарадку».

Сяргей плянуе выступаць і далей, нягледзячы на масавыя затрыманьні музыкаў.

«Патроху будзем партызаніць зь песьнямі, але здаецца, што прыйшоў час для новых формаў»

Музыка ўпэўнены, што, нягледзячы на пахаладаньне, і нават пасьля перамогі пратэсту такія дваравыя зборы працягнуцца, бо наладжаныя за гэты час сувязі людзей нікуды не зьнікнуць.

«Мы больш знаёмімся зь людзьмі вакол сябе, больш разумеем, у якім грамадзтве мы жывём, і лепш усьведамляем, што разам мы можам зрабіць болей і што ад цябе залежыць вельмі шмат. Няма ж такой схемы, што музыка сам прапаноўвае зайграць ці навязваецца некуды, — тлумачыць Сяргей. — Людзі самі ў двары выбіраюць, што яны хочуць у сябе бачыць, каго запрасіць, што зрабіць. Вось гэтае асэнсаваньне, што ад цябе залежыць твой сьвет, як на мікра-, так і на макраўзроўні, — вельмі важная рэч, якая цяпер зьявілася з усёй гэтай кансалідацыяй», — кажа Сяргей Башлыкевіч

«Я буду выступаць, таму што не лічу, што парушаю хоць нейкую літару закону. Іграць — гэта мая праца»

Рыгор Лайкоў, саліст гурта PyLai, пачаў выступаць у дварах прыкладна месяц таму. Ужо пасьпеў шмат дзе зайграць у самім Менску, а таксама за горадам. Прапановаў і цяпер хапае, музыка імкнецца раз на дзень ладзіць канцэрт, акрамя нядзелі.

На самых першых выступах, прызнаецца Рыгор, было хваляваньне, бо, па-першае, людзі прыйшлі спэцыяльна паслухаць яго, а па-другое, думаў, што могуць забраць. Цяпер стала больш звыкла. «Людзі заўсёды рэагуюць клясна: слухаюць, пляскаюць у далоні, падпяваюць, дзякуюць за творчасьць, ціснуць руку, абдымаюць, фатаграфуюцца. І я шчасьлівы, і людзі шчасьлівыя. Гэта цудоўна, — кажа Рыгор. — Калі выступаеш у дварах, мне здаецца, блізкасьць такая адчуваецца паміж артыстам і людзьмі. Адчуваеш сябе ня проста артыстам, які дзесьці там на сцэне выйшаў, а сапраўды музыкам ад народу».

Зь песень, кажа музыка, людзям падабаецца больш за ўсё новая «Женщины не гуляют», яна любімая ва ўсіх. А што да незвычайных здарэньняў, то і іх было нямала.

«Калі за «Рыгай» на бульвары выступаў, там зладзілі «пярцовае пабоішча»: міліцыя і нейкая жанчына пярцовымі балёнчыкамі пшыкаліся. У кожным двары па-рознаму: дзесьці міні-кірмаш робяць, упрыгожваюць усе, у адным з двароў быў вялікі рондаль супу, дзесьці торт выдатны зробяць, недзе дзеці падпяваюць на сцэне. Шмат усяго».

Здараліся і небясьпечныя моманты падчас канцэртаў, кажа музыка, пад’яжджалі бусікі з так званымі «аліўкамі», даводзілася і ў добрых людзей пераседзець у кватэры; часам людзі на машынах вывозілі, але пакуль абыходзілася без затрыманьняў.

«Я буду выступаць, таму што не лічу, што парушаю хоць нейкую літару закону. Іграць — гэта мая праца. Трошкі вусьцішна, вядома, ня буду хлусіць, не хацелася б начаваць не ў сябе на канапе. Але што рабіць? У такі час мы жывём, у такой краіне».

Пра затрыманьні музыкаў Рыгор кажа проста:

«Тут ужо дна няма, проста падаем уніз, у бяздонную цемру. Спадзяюся, што нядоўга нам засталося падаць. Гэта ўсё несправядліва, гэта незаконна, гэта проста тупа і агідна».

Сярод плюсаў дваравых выступаў — максымальнае набліжэньне слухача да артыста і наадварот, поўная аддача, найчысьцейшыя эмоцыі, невымоўная атмасфэра. А мінусаў, кажа музыка, зусім ня шмат: бывае холадна і пальцы ня так актыўна па гітары бегаюць.

«Здараецца, двор разьмешчаны такім чынам, што які-небудзь «ябацька» выглядвае з акна і пачынае сваімі пальчыкамі ціскаць кнопачкі, каб выклікаць міліцыю».

Музыка ўпэўнены, што, калі пахаладае, людзі ўсё адно будуць зьбірацца, а ў моцны мароз можна зладзіць кватэрнікі. Таксама Рыгор перакананы, што такія дваравыя сустрэчы, такая кансалідацыя сапраўды важныя.

«Людзям гэта трэба. У людзей стрэс, перажываньні, боль, сьлёзы, псыхіка не жалезная, яна не вытрымлівае. Людзям трэба, як пасьля бою ці празьмернай колькасьці нэгатыўнай інфармацыі, проста пагаварыць адно з адным, паслухаць музыку, папіць гарбаты, супакоіцца, каб з новымі сіламі наступны дзень трымаць сябе ў руках, — кажа Рыгор. — Я думаю, такія сустрэчы ня толькі дзеля выкрыкаў, дзеля салідарнасьці, дзеля палітычных поглядаў нейкіх, гэта яшчэ і разгрузка, каб чалавек мог проста пастаяць, усьміхнуцца, пагаварыць з суседам, мірна пайсьці спаць дадому».

«Пачалося разьвіцьцё сапраўднай беларускай сучаснай культуры»

Алесь Лютыч, лідэр гурта :B:N:, выступае з кастрычніка і падтрымаў ужо 5 двароў. Зараз прапановаў шмат, але надвор’е не дазваляе часта граць, бо горла не жалезнае і пальцы моцна дранцьвеюць, кажа музыка. Алесь таксама адзначае, што з гледачоў у двары песьні :B:N: ведаюць толькі адсоткаў 10, але новая аўдыторыя — гэта заўжды добра.

Рэакцыя і эмоцыі людзей заўсёды станоўчыя. Можа быць, таму, што я выкладваюся цалкам, незалежна ад таго, 10 чалавек перада мной або 200. Уражаньні самыя кайфовыя, у дварах усё па-сяброўску, — кажа музыка. — Раблю тое, што ўмею, і раблю гэта з усёй душой, бачу аддачу людзей, і ад гэтага вельмі шмат пазытыўнай энэргіі. Адбываецца такі ўзаемаабмен добрай энэргетыкі«.

Гледачам на канцэртах і ў дварах, кажа музыка, «на ўра» заходзяць хіты :B:N: (песьня «Свой сьцяг», «Хвалі», «Крычыш», «Канюшня»); акрамя гэтага, Алесь выконвае хіт гурту N.R.M. «Тры чарапахі», бо яна бадзёрыць і натхняе.

«Яшчэ люблю ў акустыцы граць песьню «Простыя словы». Думаю, гэтая песьня магла б прэтэндаваць на тое, каб быць дзіцячай калыханкай у новай Беларусі, дзе будзе месца для роднай беларускай мовы».

Музыка кажа, што незвычайных выпадкаў падчас дваравых выступаў здараецца вельмі шмат.

«Падчас аднаго выступу падышла маленькая дзяўчынка і наклеіла мне карцінку на гітару: налепка рознакаляровая, з выявай нейкай казачнай цацачкі. Гэта ж так міла, мі-мі-мі!»

Па магчымасьці Алесь Лютыч працягне выступаць у дварах, каб падтрымліваць людзей. Музыка параўноўвае такія канцэрты са сваім юнацтвам (другая палова 90-х), калі граць у дварах было абсалютна нармальна.

«Памятаю выпадак, калі мы гралі ўночы ў сквэрыку і да нас падышлі два міліцыянты. Мы адразу пачалі сьпяваць вельмі ціха, на што міліцыянты «Сьпявайце-сьпявайце, у вас прыгожа атрымліваецца!» Вось такі выпадак быў у канцы 90-х. Хіба ж гэта дрэнна — граць у дварах, калі гэта нікому з жыхароў не перашкаджае?!» — пытаецца ён.

«Як і ўсім нармальным і адэкватным людзям, вядома, мне таксама страшна, але я лічу, што музыкі ня робяць нічога незаконнага, наадварот, цяпер пачалося разьвіцьцё сапраўднай беларускай сучаснай культуры», — мяркуе Алесь Лютыч.

«Цяпер затрымліваюць усіх, хто мае свабодную думку»

Андрэй Лугін і Алена Палачанская з дуэту Laudans адыгралі 7 канцэртаў перад сваім затрыманьнем.

«Кожны канцэрт меў нейкую сваю ўнутраную энэргетыку. Узровень актыўнасьці людзей уражвае. Было шмат дзяцей. Гэта надавала канцэртам яшчэ больш урачысты характар, а не правакацыйны, як казалі ў РАУС, — расказвае вакаліст Андрэй Лугін. — Калі хтосьці пачынаў выказваць які-небудзь нэгатыў, такога чалавека адразу прасілі адысьці. Многія людзі ўдзельнічалі ў канцэрце вызіраючы з вокнаў ці стоячы на бальконе. Абыякавых было мала».

Андрэй кажа, што небясьпечныя моманты здараліся і раней.

«Мы мусілі былі граць у Сеніцы, дасталі інструмэнты. І тут падыходзяць супрацоўнікі міліцыі, а затым АМАП. Людзі сталі паміж намі і імі і сказалі, што не аддадуць».

20 кастрычніка, перад затрыманьнем, Андрэй і Алена гралі на Ангарскай.

«Там проста цудоўныя людзі. Энэргетыка была на велізарным узроўні, нягледзячы на тое, што калёначка і гук зь яе былі проста мінімальныя. Мы сьпявалі, хлопалі, танчылі, прысьвячалі песьні людзям, якія глядзяць з вокнаў, — кажа музыка. — Такой свабодзе можна пазайздросьціць. Відаць, таму тыя, хто былі ціхарамі на гэтым канцэрце, не адчуваючы сапраўднай свабоды, вырашылі здаць нумар машыны і людзей, якія нас везьлі».

На МКАДзе музыкаў дагнала ДАІ, спыніла, супрацоўнік падсеў у машыну, і музыкі паехалі ў РАУС. Допыт быў спакойны, кажа Андрэй, склалі пратакол і ноччу павезьлі на Акрэсьціна. На наступны дзень адбыўся суд, на якім Андрэю і Алене далі па 15 дзён арышту.

«Мы збольшага былі гатовыя да гэтага, таму на канцэрт бралі толькі самае неабходнае і цёпла апраналіся. Найбольш перажывалі за сваіх родных, як яны гэта ўспрымуць у кантэксьце таго, як часам б’юць людзей, — кажа музыка. — У Жодзіне, дзе была большасьць асуджаных па артыкуле 23.34, мы пазнаёміліся з рознымі людзьмі. Я зразумеў, наколькі моцныя беларусы. Улады хочуць затрымаць лідэраў, а іх тут няма. Лідэрам сёньня зьяўляецца народ. І таму цяпер затрымліваюць усіх, хто мае свабодную думку».

«Вельмі кранула сэрца тое, што, калі мы выйшлі, даведаліся пра мурал з нашымі выявамі. Творчых людзей у нас вельмі шмат!»

Цяпер музыкі рыхтуюць новую песьню, прысьвечаную свабодным беларусам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]