Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

«Слуцкае паўстаньне паказала сапраўдны характар беларусаў»

26.11.2020 политика
«Слуцкае паўстаньне паказала сапраўдны характар беларусаў»

Слуцкі збройны чын — прыгожы прыклад дэмакратыі і самаарганізацыі нашага народу.

Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, аўтарка кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 20-я гг. ХХ ст.» у інтэрвію «Радыё Свабода» з нагоды 100-й гадавіны паўстаньня разважае пра значэньне тых падзеяў для сёньняшніх пакаленьняў беларусаў.

Ніна Стужынская

Як беларусы пратэставалі супраць плянаў падзелу краіны

— Гэтымі днямі мы адзначаем 100-годзьдзе Слуцкага паўстаньня, якое прынята называць Слуцкім збройным чынам. У лістапада 1920 году беларусы пад бел-чырвона-белым сьцягам стварылі вайсковыя фармаваньні, абвясьцілі Случчыну тэрыторыяй БНР і выступілі супраць бальшавікоў. Наколькі шырокі розгалас у Беларусі тады набыло гэтае паўстаньне?

— Пра яго ведалі. Гісторыкі і краязнаўцы прызвычаіліся вывучаць менавіта гэты факт і кавалак гісторыі, які абмежаваны тэрытарыяльна і часова.

Але калі глядзіш крыніцы, то бачыш, што аналягічныя падзеі адбываліся і ў іншых месцах Беларусі. Напрыклад, на Барысаўшчыне — там былі тыя ж лёзунгі і бел-чырвона-белыя сьцягі. Трохі раней за слуцкія падзеі такія ж адбываліся на Ігуменшчыне (Ігумен — сёньня Чэрвень. — РС), там падчас паўстаньня сама меней у трох валасьцях былі тыя самыя заклікі: «Жыве беларуская Рада», «Жыве вольная, непадзельная Беларусь» і г. д. Тое ж назіралася і ў іншых мясьцінах.

Штуршок да ўсіх гэтых падзеяў даў Рыскі мір. Пратэсты адбываліся нават у многіх асобных вёсках, дзе праводзіліся сходы і прымаліся рэзалюцыі аб патрэбе сваёй беларускай арміі і свайго ўраду, аб тым, каб польскія войскі адыходзілі за Буг, а расейскія — за Дняпро.

Іншае пытаньне, наколькі ўдзельнікі гэтых акцыяў камунікавалі паміж сабой, наколькі пратэст быў адзіным. Але паглядзіце, амаль адначасова адбыліся Койданаўская рэспубліка, Слуцкае паўстаньне, захопы савецкіх установаў у раёне Радашкавічаў і гэтак далей. Так што гэтае пытаньне трэба яшчэ вывучаць.

Паўстаньне пацьвярджае права беларусаў на незалежную дзяржаву

— Прайшло 100 гадоў. Ці ўсё, на вашу думку, вядома гісторыкам пра Слуцкі збройны чын сёньня? Ці шмат яшчэ белым плямаў засталося?

— Белых плямаў хапае, на жаль. Хоць і прайшло ўжо 100 гадоў. Але сама гісторыя як навука была абмежаваная савецкімі стэрэатыпамі, імпэрскімі. У падручніках пра гэта амаль нічога не было. Быў кароткі пэрыяд у пачатку 90-х гадоў, калі пра Слуцкае паўстаньне пачалі пісаць больш, але час той быў кароткі і гэтага было мала, каб тая падзея паўплывала на сьвядомасьць людзей і стала шырокавядомай.

Я лічу, што мы наогул мала ведаем. Мы не зазірнулі ў 1919 год, каб разабрацца, што ж папярэднічала Слуцкаму чыну, а там было шмат усяго. Мы не глядзім у 1921 год, хаця, па сутнасьці, супраціў працягваўся ўжо ў форме партызанкі. Слуцкія паўстанцы-афіцэры ўзначалілі асобныя аддзелы і ваявалі ў Беларусі.

Я ўжо не кажу пра этычны, маральны бок праблемы. Гэтую гісторыю ня толькі трэба вывучаць, яе трэба абараняць. Бо яна — важкі гістарычны аргумэнт супраць усходняга суседа, супраць яго імпэрскіх амбіцый. Гэта той козыр, які істотна падмацоўвае права беларусаў на сваю дзяржаву і незалежнасьць.

Ці сапраўды беларусы рахманыя і памяркоўныя

— Калі я ўспамінаю пра Слуцкае паўстаньне, то ў мяне заўсёды зьяўляюцца адны і тыя ж думкі. Пра беларусаў прынята гаварыць, як пра памяркоўных, нават рахманых, талерантных людзей. Цяпер нават такія сьцьвярджэньні можна пачуць ад Сьвятланы Ціханоўскай. Але я як гісторык адукацыяй ведаю, што гэта ня так. Беларусы, калі маглі і дазваляла сытуацыя, з ахвотай браліся за зброю, каб абараніць сябе і свае правы, і не баяліся ваяваць. Некалі Тацяна Процька ў адной са сваіх кніг паказала, што толькі да 1925 году ў Беларусь адбылося 500 сялянскіх паўстаньняў супраць бальшавікоў. А вы паказалі, што і партызанка доўжылася да 1925 году. Што вы думаеце пра рахманасьць беларусаў?

— Гэта вельмі даўні стэрэатып. На яго працавалі ўсе савецкія ідэолягі. З нас зрабілі такую ўзорную савецкую нацыю. Пра розных расейскіх атаманаў — ворагаў савецкай улады — пісалі і здымалі фільмы, а пра беларусаў — не, маўчалі. Таму і ў Сьвятланы Ціханоўскай, якая, відавочна, мала ведае гісторыю Беларусі, склалася такое ўражаньне, што беларусы рахманыя і мірныя.

Ды што казаць? Я памятаю свае пачуцьці, калі адкрыліся гэтыя сакрэтныя архівы, як я дзівілася моцы гэтага ўздыму, моцы супраціву і думала: «Ну і беларусы!» Я сама доўга пераконвалася, што гэты рух збройнага супраціву быў такі шматлікі, маштабны і моцны.

Штандар случакоў

Слуцкае паўстаньне — проста такі яскравы прыклад, прыгожы прыклад, ён дае ўзоры дэмакратыі, самаарганізацыі і арганізацыі свайго беларускага фронту.

А папраўдзе карціна вызваленчага руху ў Беларусі значна шырэйшая. Таму я вашы, Сяргей, пачуцьці добра разумею.

Ці быў шанц на перамогу

— Ці быў у паўстаньня шанц перамагчы? Што для гэтага павінна было б здарыцца?

— Калі чытаеш паказаньні... Ну вы ж ведаеце, якія крыніцы найперш захаваліся — карных органаў. Дык вось, калі чытаць сьведчаньні ўдзельнікаў Слуцкага зьезду, які прыняў рашэньне ваяваць, абвясьціць Случчыну тэрыторыяй БНР і не дапусьціць Чырвоную армію ў Слуцкі павет і тым самым заявіць усяму сьвету, што Беларусь незалежная, мае сваю армію і мае правы — я думаю, у тых маладых палітыкаў былі аргумэнты, каб пераканаць удзельнікаў зьезду.

А гэта ўсё былі маладыя людзі. Самаму старому было 34 гады. 31 і 32 гады было кіраўнікам — Паўлу Жаўрыду і Ўладзімеру Пракулевічу. А асноўныя ваяры Слуцкай брыгады — людзі ва ўзросьце ад 17 да 21 году. Можна сказаць, што там прысутнічаў экстрэмізм маладых.

Але гэта была і гістарычная падзея. Я думаю, што калі б палітыкі і вайскоўцы знайшлі паразуменьне, калі б было менш амбіцый у тыя часы (і ў гэтым гістарычны ўрок), то можна меркаваць, што тэрыторыю яны маглі захаваць на пэўны час і выкласьці гэты аргумэнт на Рыскіх перамовах. Пры больш практычным падыходзе — менш палітыкі і больш вайны — нешта магло б атрымацца больш пасьпяхова.

Сьлёзы міністра БНР на парадзе ў Семежаве

— Калі я чытаю матэрыялы Слуцкага паўстаньня, то некаторыя факты, героі ці эпізоды выклікаюць асабліва эмацыйны водгук. Напрыклад, калі паўстанцы ўзялі Семежава і з гэтай нагоды там быў наладжаны парад. На трыбуне за парадам сярод іншых назіраў адзін зь міністраў БНР Кузьма Цярэшчанка. І вось калі пайшлі палкі з цэшкамі з Пагоняй і бел-чырвона-белымі паскамі на форме, Цярэшчанка ўголас разрыдаўся. Гэта, безумоўна, сьведчыць пра яго беларускі патрыятызм. Або ўспамін Уладзімера Пракулевіча, як беларускія войскі пакідалі адно з захопленых мястэчак і на пагорку каля дарогі ляжалі целы расстраляных контравыведкай Слуцкай брыгады чальцоў мясцовага рэўкому. З гэтага эпізоду робіцца зразумелым, якая насамрэч гэта была цяжкая і сур’ёзная барацьба беларусаў за сваю рэспубліку. Гэта былі сапраўдныя вайсковыя фармаваньні са сваёй выведкай, контравыведкай, і гэта ўражвае. А ў вас ёсьць такія героі ці падзеі, якія выклікаюць нейкі эмацыйны водгук?

— Ведаеце, я іх усіх люблю. Гэта натуральна. Калі дасьледчык 20-30 гадоў займаецца адной тэмай, то ставіцца да сваіх герояў зь любоўю і павагай. Згаданыя вамі сьведчаньні Пракулевіча мяне таксама ўразілі. Ён даваў іх у НКУС у 1930 годзе і ўжо згладжваў шмат што, асабліва мінімізаваў менавіта ваенны бок справы. І гэта натуральна, не расказваць жа сьледчаму, як білі бальшавікоў, або расказваць, што пад ружжо паставілі чатыры тысячы чалавек.

Таксама адчуваецца, што ён не вайсковец. Яшчэ на зьезьдзе ён казаў, што мы абыдземся толькі дэманстрацыяй сілы, зьвернемся да міжнародных арганізацый, напішам ліст у Лігу нацый аб прызнаньні Беларусі незалежнай. А вось моладзь і вайскоўцы ужо тады разумелі, што трэба ваяваць, інакш нічога не атрымаецца.

І калі Пракулевіч спачувае расстраляным членам рэўкому, у ім гаворыць не вайсковец. Але, прабачце, ён жа не сястра міласэрнасьці — гэта ж вайна, гэта ж фронт.

Слуцкі фронт БНР

— Так, Пракулевіч да рэвалюцыі быў у Слуцку судзьдзём. У мяне такое ўражаньне, што ня ўсе з нашай аўдыторыі, хто нас цяпер глядзіць і слухае, ведаюць і разумеюць, што такое Слуцкі збройны чын. Не маглі б вы ў некалькіх словах нагадаць, што гэта была за акцыя?

— Ёсьць пэўная дыскусія. Па сутнасьці, гэта ваенная антысавецкая і антыпольская акцыя 1920 году. Але самі ўдзельнікі называлі гэтую падзею Слуцкім паўстаньнем, а сябе — паўстанцамі. Сам гэты тэрмін вельмі шырокі, ён ахоплівае і партызанку, і падпольле, і іншыя формы змаганьня.

Па сутнасьці, слуцкія паўстанцы імкнуліся да стварэньня рэгулярнай арміі, усе атрыбуты гэтага навідавоку. Былі брыгада, палкі, батальёны, роты, 22 лістапада разьмеркаваныя пасады. Брыгаду ўзначаліў Сокал-Кутылоўскі, Слуцкі полк — Павел Чайка і так далей. У іх былі шпіталь, вайсковы суд, выведка, контравыведка, гаспадарчая частка — усё гэта было.

Частка тэарэтыкаў імкнецца да таго, каб называць акцыю Слуцкім збройным чынам, таму што сама падзея адбылася на неакупаванай тэрыторыі. Паўстаньне адбылося з мэтай не дапусьціць Чырвоную армію ў Слуцкі павет. Случчыну абвясьцілі незалежнай тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. І ўся мэта гэтай узброенай адзінкі была не дапусьціць Чырвоную армію на сваю тэрыторыю.

А з другога боку, калі ўжо ішлі баі за Вызну, занятую чырвонымі, то гэта ўжо тэрыторыя, акупаваная часткамі Чырвонай арміі.

Так што ня будзем заглыбляцца ў дыскусію, што гэта было. Гэта быў сялянскі фронт, гэта быў фронт за незалежнасьць, за дзяржаву.

— Значыць, можна сказаць, што гэта была вайсковая акцыя БНР у спробе не дапусьціць акупацыі часткі яе тэрыторыі бальшавікамі.

— Так, так. Цяпер ужо існуюць такія тэрміны, як мяцежавая вайна — яна апісаная добра тэарэтыкамі. Усе гэтыя падзеі добра кладуцца на такія тэорыі. У прыклад прыводзіцца чачэнская вайна за незалежнасьць, падзеі на Данбасе. Так што так ці іначай рысы лякальных войнаў тут прысутнічаюць.

— Мне падабаецца варыянт — Слуцкі фронт БНР.

— Так яно і ёсьць. Ведаеце, калі вось пачынаюць казаць, маўляў, Булак-Балаховіч ня надта дасканалы герой, ці варта яго ўключаць у нацыянальны пантэон і г. д, то чамусьці ня памятаюць, што палітыкі больш займаліся звадамі паміж сабой ва ўсе часы, а вось гэта была канкрэтная справа. Вайскоўцы зрабілі канкрэтную справу: узялі зброю, узброілі моладзь.

Я лічу, што тыя падзеі — гэта гімн моладзі. Калі глядзець на склад палкоў — гэта зусім маладыя людзі, студэнты, навучэнцы.

Беларусы не выключэньне, яны заўсёды хацелі свой нацыянальны дом

— Вы аўтарка кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 20-я гг. ХХ ст.» Таксама ў нас ёсьць выдадзеная ў 2006 годзе кніга Аляксандры Гесь, Уладзімера Ляхоўскага і Ўладзімера Міхнюка «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах». Але агулам выглядае, што кніжак і дасьледаваньняў недастаткова. Якія, на вашу думку, яшчэ павінны быць выдадзеныя кнігі пра Слуцкае паўстаньне? Чаго нам не хапае? Зборнікаў дакумэнтаў, зборнікаў біяграфій?

— Я лічу, што мы толькі кранулі гэтую тэму. Трэба выдаваць навуковыя манаграфіі, трэба дасьледаваць і выдаваць крыніцы.

Дарэчы, база крыніц кожны год павялічваецца. Напрыклад, апошнім часам я знайшла справы случакоў у турэмным фондзе архіву. Вельмі цікавыя дакумэнты. Яны памнажаюць сьпіс удзельнікаў, даюць цікавую карціну, хто быў хто, нават колер вачэй і рост паўстанцаў.

Трэба выдаваць папулярныя кнігі па-беларуску і па-расейску, для дзяцей трэба зрабіць кнігі з малюнкамі. Добра было б зьняць фільмы. Папулярызаваць гэтую гісторыі можна праз пэрсоны — вельмі цікавыя постаці бралі ўдзел.

— Мяне асабіста ўразіла, што НКВД вышуквала ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну ў краінах Эўропы нават пасьля Другой Сусьветнай вайны, амаль праз 30 гадоў пасьля паўстаньня. Выглядае, што для бальшавікоў гэта было вельмі важна, важна было схаваць праўду пра барацьбу случакоў.

— Так, сапраўды. Бо гэта былі людзі з абсалютна іншым бачаньнем будучыні Беларусі, незалежнікі. Яны былі носьбітамі ідэі іншай Беларусі, несавецкай. І яны разбуралі міт, як вы ўжо сказалі, пра талерантных і рахманых беларусаў, як казаў Барадулін, «авечкавую нацыю».

Гэтая гісторыя сьведчыць, што мы, беларусы, не выключэньне. Мы хацелі свой нацыянальны дом і шмат зрабілі для гэтага, ваявалі за гэта. Беларусь мае сваіх герояў, вартых нацыянальнага пантэону.

Слуцкіх паўстанцаў пачалі судзіць ужо ў 1921 годзе.

Але каму пашчасьціла вярнуцца ў Беларусь у гады вайны з высылкі — напрыклад, Уладзь Дубіна, які захаваў нават здароўе, спыніўся у Бабруйску, —дык вы думаеце, што ён стаў савецкім? Не, абсалютна.

— Можна сказаць, што гэта былі нацыянальна сьвядомыя незалежнікі, якія дзейнічалі некалькі дзясяткаў гадоў пасьля Слуцкага паўстаньня.

— Так.

Партызанскі аддзел капітана Лукаша Семенюка (Сяменіка) (стаіць у цэнтры), у 1920 годзе камандзіра другога, Грозаўскага палка Слуцкай брыгады, 1919 год

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]