Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Раз на сто год здзіўляем свет

28.11.2020 политика
Раз на сто год здзіўляем свет

Масавасць пратэстаў, самаарганізацыя дэманстрантаў, рух салідарнасці і настойлівасць беларусаў у дасягненні сваёй мэты ўражваюць.

Раз на сто год беларусы здзіўляюць не толькі сябе, але і ўвесь свет. У лістападзе 1920 года расейскія бальшавікі не чакалі, што ў “папяровай” БНР раптам з’явіцца сапраўднае войска. Слуцкае паўстанне, дзякуючы намаганням палітыка Паўла Жаўрыда, падтрымала ідэалы БНР, учорашнія сяляне-жаўнеры ўзялі ў рукі бел-чырвона-белыя сцягі. А афіцэры начапілі на фуражкі цэшкі з “Пагонямі”.

У тыя гады па ўсёй еўрапейскай частцы былой Расейскай імперыі пракацілася хваля сялянскіх паўстанняў, якія выбухалі праз празмерную жорсткасць рэалізатараў “продразвёрсткі” і ў адказ на чэкісцкія рэпрэсіі. Але, у адрозненне ад Слуцкага паўстання, падобныя выступленні сялянаў мелі стыхійны характар, іх кіраўнікі былі часта самаабвешчанымі атаманамі, палітычны парадак дня, як правіла, не агучваўся.

Што да Слуцкага Збройнага Чыну — гэта была сапраўдная ўрачыстасць дэмакратыі. Органы кіравання паўстаннем, Часовая Рада Случчыны, мелі абсалютную легітымнасць, бо яе сябры абіраліся дэлегатамі ад грамадаў. Курс на падтрымку ідэалаў БНР, змаганне за Беларусь у яе этнаграфічных межах, стаўся магчымым праз спабороніцтва ідэй. Так атрымалася, што ў сэрцах случчакоў адгукнулася мара пра стварэнне свабоднай беларускай дзяржавы, дзе шанавалася б праца людзей, іх дабрабыт і маёмасць.

І не віна слуцкіх паўстанцаў, што яны прайгралі, бо іншага варыянта на той час не было. Перакананы, камандзіры СЗЧ выдатна ўсведамлялі свае мізэрныя шанцы ў супрацьстаянні з мільённай Чырвонай арміяй. Разам з тым, СЗЧ стаў адной з асноваў падмурку нацыянальнага міфа, які натхняе наступныя пакаленні беларусаў. Случчакі паказалі ўсяму свету, што даспелі да нацыянальнай дзяржавы, за якую яны нават гатовыя былі паміраць.

У тым, што нацыянальнае паўстанне адбылося менавіта на Случчыне ёсць многа прычынаў. Але, як сыходзяцца ў меркаваннях даследчыкі беларускага руху, маштабнасць падзеі стала магчымай, перш за ўсё, праз заможнасць і працавітасць сялянаў гэтага рэгіёна. Людзі на Случчыне адчувалі сябе ўпэўненымі гаспадарамі на ўрадлівай зямлі, разумелі, што пры нармальнай уладзе яны змогуць забяспечыць годнае існаванне сваім сем’ям. Зразумела, палітыка бальшавікоў з іх практыкай рэквізіцыі харчоў і запасаў у сялянаў выклікалі непрыманне і абурэнне.

Праз сто год цэнтрам беларускага паўстання невыпадкова стаў Менск — паспяховы ў эканамічным плане рэгіён, які пераўтварыўся за апошняе дзесяцігоддзе ў інвестыцыйнага донара для пазасталых абласцей Беларусі. Разам з узбагачэннем насельніцтва сталіцы імкліва ідуць працэсы ўзмацнення нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі ва Украіне ёсць Львоў, то ў Беларусі моду на нацыянальнае дыктуе беларускі мегаполіс Менск.

Праз сто год, у 2020-м, увесь свет са здзіўленнем заўважыў сотні тысяч беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі ў руках. Нягледзячы на беспрэцэдэнтны гвалт з боку сілавікоў, мірныя пратэсты не суціхаюць некалькі месяцаў, руйнуючы легітымнасць кіраўніка дзяржавы дазвання. Масавасць пратэстаў, самаарганізацыя дэманстрантаў, рух салідарнасці і настойлівасць беларусаў у дасягненні сваёй мэты ўражваюць. Колькі ні стараюцца праўладныя ідэолагі пераканаць грамадства ў тым, што ў пратэстоўцаў няма шансаў, у гэта ўсё адно не верыцца. То бок, прадчуванне блізкай перамогі, якое ахапіла масы, — асноўнае адрозненне народнага паўстання ў Беларусі ў 2020-м ад таго, што адбывалася 100 гадоў таму на Случчыне. І гэтае прадчуванне не такое ўжо беспадстаўнае.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]