Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларусь стала пляцоўкай для небяспечных атамных эксперыментаў?

24.01.2021 политика
Беларусь стала пляцоўкай для небяспечных атамных эксперыментаў?

Aдбываецца тое, пра што папярэджвалі не толькі беларускія эколагі, але і беларускія палітыкі.

Люблю корпацца ў старой тэхніцы, і ў тэхніцы ўвогуле. Нядаўна мне аддалі cтарую відэакамеру SONY. Усе, хто разбіраецца ў відэакамерах, кажуць: «Навошта? Цяпер тэлефоны здымаюць лепш, чым яна!» А мне цікава: ці змагу я яе прымусіць працаваць, як ёй належыць?

Але гэтая мая цікаўнасць да тэхнікі не ідзе ні ў якое параўнанне з аналагічнай цікаўнасцю прадстаўнікоў урада і Міністэрства энергетыкі. Дзеля сваіх забавак яны адгрохалі цэлую атамную станцыю. І цяпер ганяюць яе на розных рэжымах, спрабуючы зрабіць тое ж самае, што і я, — прымусіць яе працаваць так, як і належыць. І не толькі «як належыць», але і правяраюць яе на трываласць.

12 студзеня паведамлялася, што рэактар на АЭС выведзены на 100% магутнасці. Згодна з гэтым паведамленнем, «цеплавая магутнасць блока складае 3200 МВт, электрычная магутнасць — 1170 МВт. На гэтым узроўні магутнасці на энергаблоку, у адпаведнасці з праграмай этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі, працягнуцца статычныя і дынамічныя выпрабаванні», — канстатавала прэс-служба Мінэнерга Беларусі.

А ўжо ў суботу, 16 студзеня, тое ж Мінэнерга паведаміла пра аварыйнае адключэнне першага энергаблока БелАЭС ад энергасеткі «пасля спрацоўвання сістэмы абароны генератара». У паведамленні адзначалася, што радыяцыйны фон у раёне станцыі знаходзіцца ў норме, а адключэнне адбылося пры нагрузцы ў 1200 МВт.

Спадарства, АЭС — гэта не відэакамера SONY! Калі, згодна з першым паведамленнем, 1170 МВт — гэта 100% магутнасці станцыі, навошта вы разганяеце яе да 1200 МВт??? Вам Чарнобыля было малавата? Ці трэба нагадаць, што ЧАЭС выбухнула менавіта ў выніку эксперыменту, — выпрабавання так званага рэжыму «выбягання ротара турбагенератара», няслушных дзеянняў персаналу ў час гэтага эксперыменту, а таксама з-за канструкцыйных асаблівасцяў АЭС?

Варта адзначыць, што рэактар ВВЭР-1200, які працуе на беларускай станцыі, амаль не адпрацаваны, першы рэактар такога кшталту быў запушчаны на Новаваронежскай АЭС толькі ў 2017 годзе. То-бок, мы да канца не ведаем, як ён паводзіць сябе на практыцы. Згодна з Вікіпедыяй, яго «чыстая» магутнасць — 1110 МВт, а магутнасць «брута» — 1194 МВт. На якую тады халеру спадары з Мінэнерга разганяюць яго да звышпарогавых і «не прадугледжаных інструкцыяй па эксплуатацыі» 1200 МВт? Паглядзець, што атрымаецца? Зразумела, нічога добрага.

Дарэчы, у інструкцыі па эксплуатацыі любой прылады зазвычай пішуць: у выніку няслушнай і не адпавядаючай прызначэнню эксплуатацыі гарантыя на яе губляецца. Цікава, ці прапісаны такі ж пункт у дачыненні да АЭС?

Падаецца мне, у гэтай сітуацыі адбываецца тое, пра што папярэджвалі не толькі беларускія эколагі, але і беларускія палітыкі, — Сінявокая стала пляцоўкай для небяспечных атамных эксперыментаў. «Расатам», згодна з праектам якога пабудаваная станцыя, якраз і зацікаўлены ў тым, каб «паганяць» рэактар на розных магутнасцях, праверыць яго на трываласць і бяспеку, і вырашыць, якія канструкцыйныя асаблівасці трэба выправіць.

А нашы чыноўнікі — і рады старацца. Нягледзячы на тое, што гэта вельмі небяспечна для краіны.

У сувязі з АЭС ёсць яшчэ адна цікавая навіна. 18 снежня, у анамальныя маразы тое ж самае Мінэнерга паведаміла, што нашая краіна «ў рамках двухбаковага дагавора аб аказанні аварыйнай дапамогі» экспартавала ва Украіну 3,1 мільёна кВт/гадзін электраэнергіі. Пастаўкі выкананы з мэтай забеспячэння ўстойлівай працы энергасістэмы Украіны ў перыяд неспрыяльных умоў надвор’я.

Нагадаю, у час тэрміновых паставак АЭС была спыненая. Гэта азначае, што ў Беларусі не існуе праблем з электрычнасцю. Мы нават можам экстранна падзяліцца ёю з суседзямі. Дык навошта мы ўвогуле будавалі гэтую станцыю?

Адказ, падаецца, толькі адзін, і агучаны ён быў на пачатку артыкула: каб дзядзькі з Мінэнерга маглі пагуляцца з новай тэхнікай.

Яшчэ цікавосткі, ускосна звязаныя з АЭС, прыйшлі да нас з Белстату. Нягледзячы на «жэстачайшыя» патрабаванні Лукашэнкі забяспечыць рост эканомікі ў 2,8% у 2020 годзе, ВУП Беларусі ў за мінулы год упаў на 0,9% у адносінах да 2019 года. Згодна з той жа статыстыкай, у 2020 годзе аб’ём прамысловай вытворчасці Беларусі знізіўся за год на 0,7%. Запасы гатовай прадукцыі на 1 студзеня 2020 года склалі 65,3% да сярэднямесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасці.

Не будзем цяпер казаць, пра што гэтыя лічбы яскрава сведчаць: урад Беларусі пад кіраўніцтвам Галоўчанкі проста не ўмее падвышаць дабрабыт грамадзян і арганізаваць нармальны вытворчы працэс ды збыт створанай прадукцыі. Зрэшты, гэтага не ўмелі ўсе ўрады апошнім часам. І не будзем казаць, што такія лічбы пацвярджаюць тэзіс пра стагнацыю беларускай планава-адміністрацыйнай мадэлі эканомікі, якую не спішаш на «каронакрызіс», — бо з «каронай» мы жывем ужо без малога год, і ўсе нармальныя краіны перабудавалі сваю структуру вытворчасці з улікам гэтага крызіснага фактару.

У кантэксце АЭС важна іншае: калі ў нас падае вытворчасць і ВУП, гэта азначае, што наша прамысловасць спажывае менш энергіі — прынамсі, так яно павінна быць. А значыць, увядзенне новых энергетычных магутнасцяў, кшталту атамнай станцыі, нам і з гэтага пункту гледжання не патрэбнае. Бо мы проста захлынемся ў электрычнасці, якую няма куды будзе падзець.

А нам яшчэ і крэдыт за станцыю аддаваць. Прычым, ва ўмовах, калі краіна, і так не асабліва бліскучая наконт інвестыцыйнага клімату, увогуле стала «таксічнай» для замежнага бізнесу.

Балгарскі ўладальнік размешчанай у Лагойску кампаніі «Лекфарм» (Rompharm Company) мае намер прадаць фармацэўтычную вытворчасць у Беларусі. Працэс знаходзіцца ў пачатковай стадыі, Raiffeisen Bank абраны ў якасці кансультанта, паведаміў 19 студзеня тэлеграм-канал «Эканоміка». Продажы «Лекфарма» ў 2019 годзе склалі 70,9 мільёна долараў пры экспарце ў 21 працэнт.

Уявіце, наколькі «таксічнай» для бізнесу павінна быць краіна, каб уладальнік фірмы па выпуску лекаў у час пандэміі — калі лекі патрэбныя, як ніколі, — прадаваў такое запатрабаванае і выгаднае прадпрыемства! Відавочна, што інвестар проста не хоча мець справу з нашымі сённяшнімі ўладамі.

Сяргей Салаўёў, «Новы час»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]