Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларуска пра выбух у мэтро: Мяне уразіла тое, што ўнізе ляжалі параненыя, а мужчыны ў цывільным выпытвалі нашы дадзеныя

10.04.2021 общество
Беларуска пра выбух у мэтро: Мяне уразіла тое, што ўнізе ляжалі параненыя, а мужчыны ў цывільным выпытвалі нашы дадзеныя

Алена Лебядзінская згадала падзеі 11 красавіка 2011 года.

10 гадоў таму, 11 красавіка 2011 году, выбух у менскім мэтро адразу забраў жыцьці 11 чалавек, а яшчэ 4 памерлі ў шпіталі ад ран. Тады дзясяткі чалавек атрымалі цялесныя пашкоджаньні рознай цяжкасьці, пацярпелымі было прызнана больш за 200 чалавек.

Аднак кампэнсацыю потым выплацілі ня ўсім — у шэрагу выпадкаў экспэртыза не прызнала, што здароўю была нанесеная шкода.

Сярод такіх пацярпелых ад выбуху і Алена Лебядзінская — тады працаўніца «Менсктрансу», цяпер пэнсіянэрка. Алена расказала «Радыё Свабода» пра тое, які сьлед у яе жыцьці пакінуў выбух у мэтро, ды згадала падзеі, што былі зь ім зьвязаныя.

«Усё зьнікла, акрамя інстынкту самазахаваньня»

У той дзень яна вярталася з працы, як заўсёды, на мэтро, — згадвае Лебядзінская. Ехала на «Спартыўную», таму на «Кастрычніцкай» трэба было памяняць лінію. Выйшла зь цягніка і пасьпела ўжо ступіць на эскалятар, як ззаду пачуўся выбух, эскалятар моцна тузанула. Алену штурханула наперад, на яе нешта пачало валіцца, раптам пагасла сьвятло, потым былі нейкія сполахі электрычнасьці ды запахла нібы гаручым плястыкам.

«Адразу падумала, што цягнікі сутыкнуліся, а што выбух — не прыйшло і ў галаву. Усе палезьлі па лесьвіцы наверх, я таксама. І, верыце, ніякага гераізму вакол не было. Памятаю, за мяне жанчына з параненай нагой учапілася. Стогне, просіць дапамагчы. Я затрымалася, нейкі раменьчык, ці што аказалася пад рукой, працягнула ёй, але адчуваю, яе рука слабее. А ў самой кроў залівае твар, без акуляраў бачу ўсё горш. І я падалася наверх — мацней за ўсё працаваў інстынкт самазахаваньня».

«А што вы рабілі ў мэтро?»

Калі Алена дабралася да верхняй пляцоўкі паміж двума станцыямі, адкуль ёсьць выхад на праспэкт Незалежнасьці, падлога вакол турнікетаў была запоўненая людзьмі. Там стаялі, сядзелі альбо ляжалі дзясяткі чалавек. Стогны, сьвятло ліхтароў, чорныя ад бруду і пылу твары.

Колькі часу там праседзела, пакуль выйшла на паверхню, дакладна ня памятае. «Можа, хвілін 10-15». Але добра памятае, як паміж людзей ходзяць нейкія мужчыны ў адносна чыстым цывільным адзеньні і задаюць дзіўныя пытаньні: «А вы адкуль прыехалі? А што рабілі ў мэтро? Дайце вашы дадзеныя».

«Мяне гэта ўжо тады ўразіла. Бо ўнізе і тут ляжаць параненыя, а гэтым справа — выпытваць нашы дадзеныя. І што за дурное пытаньне — „што я рабіла ў мэтро?“ Дамоў ехала — што яшчэ ў мэтро робяць!» — нанава перажывае мінулае Алена.

Калі зьявіўся першы сьпіс пацярпелых, яна ўбачыла ў ім сваё прозьвішча і для сябе адзначыла, што, магчыма, гэта дзякуючы тым мужчынам зь іх «дурнымі пытаньнямі». Але тады яны дакладна падаліся ёй недарэчнымі і несвоечасовымі. «Лепш бы тую жанчыну выцягнулі зьнізу».

«Агульнае захворваньне»

Алена згадвае, што выйшла на паверхню, пасядзела яшчэ на парапэце, і яе забрала машына хуткай дапамогі. Па дарозе ў 9-ы шпіталь мэдыкі апрацавалі ёй раны на твары і руках, супакоілі. Дасьледаваньне ў шпіталі не паказала ў Лебядзінскай пераломаў і цяжкіх траўмаў, але ўсё роўна прапанавалі застацца на лячэньне. Алена адмовілася. «Сказала, што дома чакаюць старая маці і сабака. Безь мяне ніяк. Падзякавала, падпісала паперу аб адмове і сышла», — кажа яна.

Асноўнымі відочнымі наступствамі выбуху ў Алены былі парэзы на твары. Як мяркуе, гэта ад аскепкаў разьбітых акуляраў. Таксама моцна балелі рука і сьпіна, нават былі сінякі — нешта на яе валілася са столі, пакуль лезла па эскалятары. Таксама адчувала атручваньне ад дыму і пылу. І, натуральна, жудасную стому, стрэс.

«Як цяпер кажуць — псыхалягічная траўма. Асабіста мяне ня цешыла, а прыгнятала адчуваньне, што яшчэ б некалькі сэкундаў на пэроне, і магла застацца там назаўсёды, як тыя, хто загінуў. Па сутнасьці, яны нас усіх там закрылі сваімі целамі, жыцьцямі закрылі», — мяркуе Алена і кажа, што да канца дзён будзе ім удзячная.

«Уся краіна грошы зьбірала, а дзе твае мільёны?»

Лекары з паліклінікі выдалі Алене ліст непрацаздольнасьці з прычыны «агульнага захворваньня», на падставе якога жанчына два тыдні прабыла дома на аплачаным бюлетэні. Экспэртыза, на якую яе выклікалі, прызнала ў яе «лёгкія цялесныя пашкоджаньні», якія не нанесьлі шкоды здароўю. У выніку камісія Менгарвыканкаму, якая прызначала дапамогу тым, чыё здароўе ад выбуху пацярпела, у матэрыяльнай кампэнсацыі Алене Лебядзінскай адмовіла.

«З усёй дапамогі атрымала, як казалі іншыя пацярпелыя, „прадуктовы набор Ладуцькі“ (тагачасны кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька. — РС). Гэта бутэлька алею, пачак цукру, яшчэ нешта такога ж кшталту. Усё. Пасьля бюлетэня прыйшла ў бухгальтэрыю з заявай, каб раней выдалі аванс, бо грошы заканчваліся, дык мне не паверылі. Кажуць, як так? Уся краіна вам грошы зьбірала, мільёны даляраў з-за мяжы даслалі, мы тут ліст падпісвалі, скідваліся — а ў цябе грошай няма?»

З такім недаверам Алена сутыкаецца і дагэтуль. «Людзі думаюць, на нас абрынуўся залаты дождж. Пытаюцца пра тыя мільёны, але хто іх бачыў, ня ведаю».

«Зьвярніцеся да Канавалава і Кавалёва»

Жанчына не адступала. Яна зьвярнулася ў ашчаднае прадпрыемства «Белэксімгарант», якое адказвае за страхоўку пасажыраў мэтро. Але і ў выплаце страхоўкі Лебядзінскай адмовілі. Зноў на той падставе, што нібыта не было нанесена шкоды здароўю. Між тым, акрамя здароўя, як разважала Алена, ёсьць яшчэ матэрыяльная шкода. Яна страціла дарагія акуляры, новае паліто. Агульны іх кошт жанчына ацаніла больш як у 600 даляраў.

Сьледчыя прапанавалі ёй адзін варыянт — зьвярнуцца па кампэнсацыю як пацярпелая з грамадзянскім пазовам наўпрост да Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, якіх прыцягнулі да адказнасьці за зьдзяйсьненьне тэракту. Але калі яе запыталі ў судзе, ці мае яна да Канавалава і Кавалёва прэтэнзіі, Алена выстаўляць пазоў прынцыпова адмовілася.

«Па-першае, не лічу іх вінаватымі. Другое, палічыла, што калі іх і прызнаюць вінаватымі, дык атрымаць кампэнсацыю ад іх будзе нерэальна. Гэтак і атрымалася — хлопцаў расстралялі праз два з паловай месяцы пасьля прысуду. Якая кампэнсацыя?» — кажа Алена Лебядзінская.

Яна дагэтуль лічыць, што гэта найперш зь дзяржавы варта было спытаць, чаму ў мэтро не запэўнілі бясьпеку грамадзян, чаму прапусьцілі чалавека з выбухоўкай, чаму раней ня ўгледзелі, чым займаецца гэты чалавек.

«Толькі ніякі суд гэтых пытаньняў не задаваў і разьбірацца ў гэтым не захацеў», — падсумоўвае Алена Лебядзінская.

Што было дзіўным на працэсе?

Як прызнаная ў справе пацярпелай Алена Лебядзінская давала суду паказаньні аб выбуху, прысутнічала на шмат якіх паседжаньнях суду, чула допыты сьведак і спрэчкі бакоў.

Жанчына згадвае, што Кавалёў да апошняга не прызнаваў віны, а Канавалаў прамаўчаў увесь працэс і нават ад апошняга слова адмовіўся. Ніхто са сьведак, паводле ўспамінаў Алены Лебядзінскай, не ўказаў на яго пэўна, што бачыў яго з торбай выбухоўкі ў мэтро, а паказанае на працэсе відэа яе не пераканала.

«Толькі адна дзяўчына сказала, што гэта ён быў на прыпынку, ды віцебскі таксіст запомніў, што пасажыр, якога ён адвозіў на вакзал, меў торбу. Але які пасажыр бяз рэчаў?» — кажа Алена. Яшчэ яна згадвае паводзіны судзьдзі, які, на яе думку, прыпыняў спробы пацярпелых разабрацца ў незразумелых момантах справы.

«Сярод нас быў такі Аляксандар Круты, ягонай дачцэ Інэсе вочы пашкодзіла, як мне, нават больш сур’езна. Ён задаваў пытаньні, задаваў, а ў выніку пасярод працэсу апынуўся ў Навінках у псыхушцы. Кампэнсацыі Інэса так і не атрымала, а потым яны, ведаю, увогуле зьехалі з краіны», — дзеліцца ўспамінамі Алена Лебядзінская.

Таксама важным момантам суду яна лічыць тое, што на працэсе так і не апыталі як сьведак спэцназаўцаў, якія нібыта затрымлівалі Канавалава і Кавалёва на арандаванай кватэры ў Менску.

«Маглі б іх твары закрыць, як цяпер робяць. Таму, як на іх выйшлі спэцслужбы, для мяне дагэтуль тайна», — ад часу суду мяркуе Алена Лебядзінская.

«Заткніся, сука, а то прыкапаем»

Праз год пасьля выбуху, 11 красавіка 2012-га, калі стрэлка гадзіньніка зноў набліжалася да 6 вечара, каля ўваходу на станцыю «Кастрычніцкая», за два мэтры ад месца, дзе год таму Алена Лебядзінская сядзела ўся ў крыві і пыле, сабраліся людзі з кветкамі. Пачалася жалобная імпрэза — адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі ў памяць аб загінулых. Алена ўсклала кветкі, сустрэлася з пацярпелымі, знаёмымі з судовага працэсу. Памятае, як адказала на пытаньні журналістаў, якія асьвятлялі падзею. Цяпер адзначае, што імпрэза была нейкая скамечаная, хуткая, не адпаведная гору людзей, якія сабраліся.

«Кшталту як цяпер ён казаў: „Давайце перагорнем гэтую старонку і пойдзем далей“. Перагарнулі. А я спусьцілася ў мэтро і паехала да сябе на „Спартыўную“».

Яна расказвае далей, што зь ёй адбывалася.

«Выходжу са „Спартыўнай“ у пераход, да мяне падыходзіць міліцыянт, просіць паказаць дакумэнты. Нібыта прыйшла нейкая арыенціроўка, шукаюць жанчыну-злачынцу. Зьдзівілася, паказала пашпарт і пайшла наверх. Цяпер разумею, дзеля чаго гэта было: яны проста правяралі, ці я гэта. Каб дакладна ведаць, каго хапаць».

Алена расказвае, што на выхадзе з мэтро на яе літаральна напалі двое мужчын у цывільным і, нічога не патлумачыўшы, пацягнулі ў бус. Яна закрычала: «Адпусьціце, вы хто?», але яе моцна ўдарылі галавой аб стойку машыны, потым закінулі ўсярэдзіну.

«Заткніся, сука, а то завязем у лес і прыкапаем, ніхто ня знойдзе», — гэтыя словы, паводле Алены, яна пачула ад невядомых нападнікаў. І на яе гэта падзейнічала.

«Як везьлі па горадзе, малілася не каб выпусьцілі, а каб хутчэй забілі і выкінулі цела дзе на ўзбочыне, бо калі закапаюць у лесе, ніхто ніколі ня знойдзе. А чаму і за што, пра гэта нават ня думала».

Алена дакладна памятае, што яе прывезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. «Здаюць мяне міліцыянту, а я шчасьлівая, што ня ў лес прывезьлі. Афіцэр-міліцыянт зьдзіўляецца: «І што мне зь ёй рабіць?» Кажу, што мяне скралі, пабілі. Ён нібы не разумее: «Пабілі? А па вас і ня скажаш».

Праз 4 гадзіны Алену Лебядзінскую адпусьцілі дамоў. Ужо з дому яна выклікала хуткую. Прыехалі лекары, аказалі дапамогу, паабяцалі пацьвердзіць зьбіцьцё, калі зьвернецца ў шпіталь па даведку.

«Ад болю ў мяне расколвалася галава, каленка дык і па сёньня ные. Наступным днём пайшла ў наш Фрунзэнскі райаддзел, напісала заяву аб выкраданьні, прасіла завесьці справу. І што? А нічога».

«Пашкоджаньні маглі ўтварыцца пры падзеньні з вышыні ўласнага росту»

Праверку заявы аб выкраданьні Алены Лебядзінскай усё ж правялі, бо яна дакладна ўказала нумар машыны, на якой яе везьлі. Але ў завядзеньні крымінальнай справы адмовілі.

«Выяўленыя цялесныя пашкоджаньні маглі ўтварыцца падчас падзеньня з вышыні ўласнага росту на плоскасьць», — гэтак было сказана ў пастанове намесьніка начальніка Фрунзэнскага РУУС, якую атрымала Алена.

«Невядомых», якія яе прывезьлі ў міліцыю, праверка лёгка знайшла. Імі аказаліся супрацоўнікі часткі спэцыяльнага прызначэньня С. і А. Зь іх нават узялі пісьмовыя тлумачэньні, Алена іх бачыла. Паводле гэтых міліцыянтаў, Лебядзінская нібыта «брала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», а «фізычная сіла да яе не ўжывалася». Яе проста даставілі ў міліцыю для складаньня пратаколу, які ў выніку так і ня склалі.

Раны на галаве зажывалі, але пакрыўджаны гонар не даваў супакоіцца. І тады Алена пайшла да праваабаронцаў. Там яе заяву прынялі, але адразу папярэдзілі, што трэба быць гатовай да захадаў у адказ.

«Як у ваду глядзелі», — пагаджаецца Алена. Яна памятае, як у канцы траўня да яе на працу прыйшлі двое мужчын, якія назваліся журналістамі ды напрасіліся на размову пра выбух у мэтро.

«Ну, ня першы раз, пагадзілася. Расказваю сваю гісторыю. А ў канцы яны раптам кажуць: „А мы ведаем, што ў вас пражывае пляменьнік памерлага мужа. А раптам у яго наркотыкі знойдуць? А яшчэ ў вас ёсьць дачка, яна вучыцца завочна ў Горках, там, як прыяжджае, жыве ў інтэрнаце. А было нядаўна, што студэнтка з вакна скокнула. Вы ня ведаеце, чаму?“»

Скончылася ўсё тым, што неўзабаве пасьля той размовы зь нібыта «журналістамі» Алена набрала нумар праваабаронцаў і адмовілася ад юрыдычнай дапамогі. Яе хаджэньне па ўстановах у справе выбуху ў мэтро на гэтым спынілася.

Засталіся на памяць паперы з суду, пракуратуры і міліцыі, дзе ёй раз за разам адмаўлялі, ды пусты пакунак, у якім пад пячаткай раней захоўвалася як рэчавы доказ яе паліто з плямамі крыві. Паліто яна даўно выкінула на сьметніцу, а пакунак пакінула. «Дагэтуль пахне тым днём. Нейкім гарам і пылам», — кажа Алена Лебядзінская.

Жанчына прызнаецца, што неяк не заўважыла, калі перастала баяцца спускацца ў мэтро, а на эскалятары чакаць, што ў любы момант ён спыніцца.

«Бывае, у мэтро на сэкунду-другую сьвятло адключаюць. Вось тады ўспаміны нахлынуць, стаю, як у ступары. А так — не, ужо не баюся. Адпусьціла».

«Гэта ў любы момант можа прачнуцца»

10 жніўня 2020 года Алена Лебядзінская на вуліцы заступілася за раварыстаў, якіх зьбівалі амапаўцы. Яе таксама затрымалі і зьбілі, білі па грудзях. Мінуў месяц, жанчына зьвярнулася да лекара, у яе выявілі небясьпечную пухліну. Людзі сабралі грошы, на якія яна прайшла курс лячэньня і рэабілітацыі ў санаторыі «Альфа радон».

«Нібыта хваробу стрымалі, але сказалі, што гэта можа прачнуцца ў любы момант», — непакоіцца Алена.

А ў лютым 2021 году Алену Лебядзінскую, як яшчэ некалькі пэнсіянэрак, затрымалі за чытаньне ў электрычцы беларускіх кніг. Іншых арыштавалі, яе пратрымалі суткі «ў нечалавечых умовах» ды аштрафавалі на дзьве пэнсіі.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]