Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вольга Севярынец: Павел — вельмі моцны

27.04.2021 политика
Вольга Севярынец: Павел — вельмі моцны

A салідарнасць беларусаў проста ўразіла.

Жонка палітыка Паўла Севярынца Вольга Севярынец распавяла «Народнай Волі» пра тое, як яна з малым сынам пражыла без мужа амаль адзінаццаць месяцаў, пра неверагодную салідарнасць беларусаў і апошнія весткі ад Паўла.

Павел Севярынец быў затрыманы ў Мінску 7 чэрвеня мінулага года. Пасля гэтага ў дачыненні да яго былі вынесены як мінімум тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах за ўдзел у перадвыбарных пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.

Пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на волю, а перавялі ў СІЗА №1 у статусе падазраванага па арт.293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў).

Пазней яму было прад’яўлена абавінавачанне, а зараз стала вядома, што справу ўжо перадалі ў Магілёўскі абласны суд.

— Муж летам мінулага года прагназаваў свой арышт і быў падрыхтаваны да яго, — кажа Вольга. — Увогуле пачынаючы са студзеня 2020 года Паша паўсюль хадзіў з «трывожным чамаданчыкам», бо на ім «віселі» 30 сутак арышту за акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. У чамадане былі складзены рэчы першай неабходнасці для знаходжання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Адным словам, ён ведаў, што яго затрымаюць, але не думаў, што на такі працяглы тэрмін.

Меркаваў, што максімум могуць ізаляваць на перыяд выбарчай кампаніі. Магчыма, так яно і было б, калі б не акцыі пратэсту пасля выбараў. Тыя падзеі, відаць, паўплывалі на тое, што Паўла вырашылі не выпускаць на волю і «павесілі» на яго крымінальны артыкул.

— Як вам даводзілася першым часам, калі засталіся з малым сынам без падтрымкі мужа і бацькі?

— Шчыра кажучы, салідарнасць беларусаў проста ўразіла, падтрымка была вялікая. Іншая справа, што псіхалагічна было вельмі складана ўспрымаць тое, што адбылося. Думкі былі такія: «Цэлае лета Пашы не будзе! Яго выпусцяць толькі напрыканцы жніўня. Як перажыць гэты час?!»

Я бачыла, як людзі на возеры адпачываюць, купаюцца, смяюцца, і праводзіла паралелі з тым, што муж практычна ўсё лета адсядзеў у карцары — цёмным памяшканні без вокнаў. Спачатку эмацыйна было складана гэта ўспрымаць, але час ішоў. Прайшло тое лета, а хутка будзе і год, як Паша знаходзіцца за кратамі. І зусім не вядома, калі ён наогул выйдзе на волю.

— Вы ўспомнілі пра салідарнасць беларусаў… Людзі дапамагалі маральна, матэрыяльна?

— І тое, і тое адчувалася. Усё, што мне было патрэбна, умомант з’яўлялася. Людзі пыталіся праз сацыяльныя сеткі: «Вольга, скажыце, што вам патрэбна? Мы хочам хоць нечым дапамагчы». Нават у кватэры паставілі для Францішка гімнастычную сценку, хаця гэта для нас была не рэч першай неабходнасці. Знайшлі спецыялістаў, у зручны для нас час усё зманціравалі.

Дапамагалі перавозіць рэчы, адзін хлопец пастаянна нам робіць бясплатную дастаўку прадуктаў. Францішку столькі цацак надарылі, што мы ўжо не маем месца, дзе іх складваць. Зараз, калі да нас нехта прыходзіць у госці, то Францішак глядзіць на гэтага чалавека і адразу ў яго пытаецца: «Дзе падарунак?» Малы ўжо не ўспрымае тых, хто прыходзіць да яго з пустымі рукамі, настолькі яго падарункамі разбэсцілі за гэты час.

Хаця я разумею, што людзі з самымі шчырымі памкненнямі дапамагаюць.

— За дзесяць з паловай месяцаў вам так і не дазволілі ніводнага разу сустрэцца з мужам у СІЗА?

— Пра гэта нават і не марыла, хаця, магчыма, некаторыя думаюць, што спатканне з мужам — не праблема. Увогуле, за ўвесь час, што Паша быў за кратамі яшчэ раней, апошні раз спатканне з роднымі яму дазволілі ў 1998 годзе. Тады ён першы раз адбываў пакаранне. Усе наступныя гады ў спатканнях было адмоўлена.

Дзякуй Богу, што з верасня аднавілася перапіска з Паўлам, хаця да гэтага былі пэўныя праблемы. Таму сувязь з ім толькі праз лісты, а таксама праз адваката.

— Наколькі вядома, адвакат таксама не ўсё можа распавесці.

— Так, бо яна давала падпіску аб неразгалошванні пэўнай інфармацыі. Яна нават нам, блізкім, не можа нічога расказаць. Адвакат, дарэчы, і сама не ведала, што яе падабароннага збіраюцца перавозіць у Магілёў і што суд будзе там. Даведалася пра гэта ад Паўла.

Увогуле, усе разумеюць, што судовае рашэнне насамрэч будзе прымацца ў іншых кабінетах і паўплываць на нешта немагчыма. Сам Павел таксама добра ўсведамляе сітуацыю, а таму нічога не падпісваў і паказанняў не даваў.

Дарэчы, не так даўно ў адной дзяржаўнай газеце прапагандысты далі інфармацыю пра справу мужа. Калі я ўсё правільна зразумела, то судзіць мужа будуць за тое, за што ён ужо адсядзеў, — за акцыі супраць інтэграцыі. Маўляў, гэта была рэпетыцыя будучых масавых беспарадкаў у краіне, іх як быццам Паша і рыхтаваў загадзя.

— Што ў лістах апошнім часам ён піша? Лісты больш сумныя або аптымістычныя?

— Апошнім часам мы больш абмяркоўваем сітуацыю, калі Паша атрымае вялікі тэрмін. Гэта не выключана. Як тады трымацца? На што абапірацца? Павел рыхтуецца да горшага, але вера ў лепшае яго ўсё роўна не пакідае.

Кажа, што галоўнае апірышча ў гэтай сітуацыі — Бог. Больш ні на кога асабліва спадзявацца не даводзіцца.

Паша таксама дасылае розныя малюнкі Францішку, бо апошнім часам сын хварэў, і муж яго стараўся падтрымаць.

— Як Францішак перанёс хваробу?

— Яму стала дрэнна ў ноч на Вялікдзень, і ўжо зранку мы былі ў шпіталі з прыступам ларынгіту і вельмі высокай тэмпературай. А затым ужо паставілі дыягназ «пнеўманія». Ці то вірусная, ці то бактэрыяльная… Зараз пастаянна сачу за яго станам.

— 23 сакавіка сыну споўнілася тры гады…

— Дзень прайшоў у вельмі ўтульнай і цёплай абстаноўцы, хаця, натуральна, што без таты — гэта не тое. Прыйшлі сябры малога з бацькамі, павіншавалі.

І ў гэты дзень адбылася яшчэ адна даволі незвычайная гісторыя. Патэлефанавала незнаёмая жанчына Наталля і сказала, што хоча перадаць Францішку падарунак ад Паўла. І гэты падарунак вечарам прывезлі са словамі «Гэта табе тата перадаў». Натуральна, Паша пра гэта нічога не ведаў, такую ініцыятыву праявіла менавіта тая жанчына.

— У Францішка ўжо праяўляюцца нейкія здольнасці?

— Я бачу, што сын пайшоў у бацьку, у яго ёсць лідарскія якасці. Прыгожа спявае і нават трапляе ў ноты, хаця раней не атрымлівалася. Няня адзначае, што Франак — даволі артыстычны хлопчык.

За той час, што тата за кратамі, Францішак навучыўся маліцца, што Пашу вельмі парадавала. Малітву «Ойча наш» ужо чытае, як дарослы мужчына.

— Пра тату сын узгадвае?

— Апошнім часам усё менш, хаця Паша яму і размалёўкі дасылае, і лісты піша. Раней Францішак пастаянна пытаўся «Калі тата вернецца?», нешта ўзгадваў пра яго. Зараз, як ні сумна, менш.

Калі Павел быў на Акрэсціна, мы з Францішкам вазілі туды перадачы, і сын запомніў той будынак. Усім казаў, што «тата ў белым доме».

Зараз у размовах стала фігураваць турма, і ад сына праўду не хаваем. Але ён гэтую інфармацыю ўспрымае па-свойму і часам кажа так: «Тата ў турме гуляе ў машынкі».

— Няню вы даўно для сына знайшлі?

— Няню знайшлі некалькі месяцаў таму ў межах праекта тэлеканала «Белсат» «Беларус беларусу». Яна прыходзіць да нас не вельмі часта, хаця Францішак яе вельмі палюбіў. Дапамога, безумоўна, адчуваецца, бо ў мяне з’яўляецца больш вольнага часу, каб нешта зрабіць.

Сын навучыўся маляваць, няня спрабуе яго навучыць пісаць слова «тата». Хацелі ўжо весці ў дзіцячы садок, але ж захварэлі, а таму да мая не можам кантактаваць з дзецьмі. А там, відаць, пачнецца суд над Пашам, таму таксама будзе не да садка.

— У Паўла са здароўем усё добра?

— Паша — такі хлопец, які пра сваё здароўе паведамляе менш за ўсё, каб мы не хваляваліся. Але ў мяне ёсць адчуванне, што ён хварэў і са здароўем ў яго маюцца праблемы.

Я ведаю, што ў яго хранічныя галаўныя болі, і ў ізалятары, наколькі разумею, лепш не становіцца. Але муж пра гэта нічога не піша, стараецца нас не абцяжарваць сваімі пакутамі ў няволі. Павел — вельмі моцны чалавек, я нават не чакала, што настолькі моцны. Таму пра яго здароўе мы практычна нічога не ведаем.

— Што вы перадаяце яму ў СІЗА?

— У сталічным ізалятары ён знаходзіцца апошнія дні, у бліжэйшы час яго перавязуць у Магілёў. А раней перадавалі зеляніну, гародніну, нейкія іншыя прадукты. Зараз ідзе праваслаўны пост, таму папрасіў мяса і сала не дасылаць.

А вось матэрыяльнай падтрымкі не просіць, паколькі добразычлівыя беларусы пералічваюць пэўныя ахвяраванні на рахунак, з якога ён можа выкарыстоўваць грошы на набыццё прадуктаў у ізалятары.

— У бліжэйшы час адбудзецца суд над Паўлам, хаця дата пакуль невядомая. Якія ў вас прагнозы?

— Дата пачатку працэсу на самай справе яшчэ не агучваецца, хаця Паўлу працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай да 7 мая. Магчыма, да гэтага часу і вызначацца з пачаткам суда.

Што датычыцца маіх прагнозаў і прадчуванняў… Маральна я рыхтуюся да горшага, каб пасля рашэнне суда не стала моцным ударам. А калі ўсё будзе добра, то няхай гэта стане прыемным сюрпрызам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]