Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мы мусім дамагчыся перамогі сваімі рукамі»

19.06.2021 общество
«Мы мусім дамагчыся перамогі сваімі рукамі»

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы».

На працэсе па «справе студэнтаў», які праходзіць у Савецкім раённым судзе, cкончыўся допыт сьведак і вывучаюцца матэрыялы справы. За 17 чэрвеня пасьпелі вывучыць 10 тамоў, 18 чэрвеня разгледзелі ня менш, перадае «Радыё Свабода».

«Матэрыялаў каля 30 тамоў, ня менш за тры дні спатрэбіцца, але тады яшчэ спрэчкі не пачнуцца. Яшчэ будзе допыт абвінавачаных», — паведаміла крыніца з суду.

10 студэнтаў, выкладчыца і выпускніца, якіх судзяць за «арганізацыю пратэставых акцый», яшчэ не давалі паказаньняў і не акрэсьлілі публічна сваю пазыцыю адносна абвінавачаньня. Вядома толькі, што сама меней адзін з падсудных прызнаў віну цалкам.

Вось што прагучала ў судзе 18 чэрвеня.

Пракурор пачаў зачытваць матэрыялы справы з 11-га тома. Фігуруюць тэлеграм-каналы «БДУ 97%», «МГЛУ за Свободу», «Вольный профсоюз БГУ» і «Мирный БГУИР». На іх адрас гучыць фармулёўка «канал для арганізацыі мерапрыемстваў». Фігуруюць фота і скрыншоты пра акцыі пратэсту, якія ладзілі студэнты менскіх ВНУ. Прыкладам, як каля БДУ перагароджвалі вуліцу Ленінградзкую, альбо як студэнты МДЛУ скандавалі «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Таксама згадваўся ТГ-канал Ціханоўскай, яе зварот да студэнтаў і выкладчыкаў.

Агучаныя матэрыялы дазваляюць скласьці ўражаньне, наколькі масавымі і працяглымі былі пратэсты студэнтаў БДУІР.

Вось што зачытваў пракурор пра прыкладзеныя да справы відэа.

«Маладыя людзі скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам», «Кожны дзень».

Наступны запіс: «Скандуюць «Пакуль мы адзіныя, мы непераможныя». Пракурор дадае, што праход у галоўны корпус БДУІР «перакрыты фактычна цалкам».

Відэа ад 30.09.2020: «На галоўнай лесьвіцы БДУІР ня меней за 60 чалавек. Усе пляскаюць у ладкі і скандуюць „Адпускай“ ды „Жыве Беларусь“».

Пра відэа ад 5 кастрычніка: «Пляскаюць ня меней за 40 чалавек».

6 кастрычніка: «Ня меней за 40 студэнтаў каля будынку галоўнага корпусу скандуюць „Адпускай“, „Жыве Беларусь“, „Пераможам“».

8 кастрычніка сытуацыя фактычна паўтарылася: «Каля БДУІР скандуюць „Кожны дзень“, пляскаюць, крычаць „Адпускай“ і трымаюць у руках плякаты».

26 кастрычніка. «Удзельнічаюць 30 чалавек. Скандуюць „Да-лу-чай-ся“. Іх папярэджваюць, каб паводзілі сябе цішэй. Але тыя не сьціхаюць. Пачаўся моладзевы марш па тэрыторыі. Рухаюцца па калідорах, скандуюць, пляскаюць у ладкі. Ідуць да галоўнага корпусу. Там ня меней за 70 чалавек. Сярод іх жанчына, падобная да Філатчанкавай».

«Слыхавы кантроль» — гэта праслухоўваньне

Наступным суд вывучае 12-ы том справы.

Гучыць пра пратакол, складзены на абвінавачаную Марыю Каленік. Сказана, што адносна яе праводзілі «слыхавы кантроль» — то бок спэцслужбы праслухоўвалі тэлефон дзяўчыны. Фігуруе запіс размовы ўдзельнікаў відэаканфэрэнцыі — прадстаўнікоў стачкамаў ВНУ, сярод іх і Марыя Каленік.

Пракурору дрыль не замінаў

У 13 томе сабраныя дакумэнты, якія тычацца студэнткі БДУ, актывісткі ЗБС Ксеніі Сырамалот.

У першым агучаным дакумэнце згадваецца, што Ксенія Сырамалот нібыта ўдзельнічала ў акцыі 6 кастрычніка. «Але гэтая акцыя не фігуруе ў справе», — папраўляе пракурора адвакат Ксеніі. Судзьдзя абяцае даць ацэнку «ўсім прадстаўленым доказам».

Пракурор працягвае зачытваць дакумэнты, як раптам за сьцяной пачынае гучна вібраваць будаўнічы дрыль. У залі голас пракурора амаль не чуваць, аднак судзьдзя не спыняе працэс, і пракурор далей зачытвае матэрыялы справы. Празь некалькі хвілін цішыня вяртаецца, але потым зноў грыміць дрыль. Працэс між тым працягваецца.

Праз шум удаецца пачуць дадзеныя з прыватнай перапіскі Ксеніі Сырамалот. Студэнтка абмяркоўвае пераарыентацыю беларускіх ВНУ на адукацыю эўрапейскага ўзору. «Якая вышэйшая адукацыя патрэбна Беларусі?» — тэма, прапанаваная ёй для дасьледаваньня. Перапіска вядзецца па-беларуску.

«Мусім адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю»

Яшчэ адзін дакумэнт — рэзюмэ Ксеніі Сырамалот.

З наступнага дакумэнту вынікае, што Ксенія цікавілася зваротам аб адмене сьмяротнага пакараньня.

Агучваецца размова Ксеніі Сырамалот з Марыяй Каленік. Адна студэнтка кажа другой: «Трэба лепш падрыхтавацца». Яшчэ цытата: «Тое, што да нас прыяжджаюць нейкія чынушы, гэты вынік папярэдніх акцый».

Згадваюць відэазварот студэнтаў і выкладчыкаў БДУ: «Мы ня будзем маўчаць, а будзем казаць праўду», — цытуе пракурор. На 4 хвіліне выступае Ксенія Сырамалот. Пракурор прыводзіць яе словы: «Унівэрсытэт — гэта месца, дзе мы ня толькі набываем веды, тут мы мусім таксама набываць і адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю».

У 14-м томе — таксама пра Ксенію Сырамалот. Зь сябрам яны абмяркоўваюць зьвесткі пра затрыманых студэнтаў і суды над імі.

Таксама гучаць парады, што рабіць студэнтам 1 верасьня.

Наступныя зьвесткі зь перапіскі студэнткі: «Прапаноўвала рабіць улёткі і плякаты для жаночых ініцыятыўных груп».

З 15-га тома справы пачынаюцца дакумэнты, якія тычацца выпускніцы МДЛУ Аланы Гебрэмарыям.

Да арышту супрацоўнікамі КДБ 12 лістапада Алана была дарадцай Сьвятланы Ціханоўскай па працы з моладзьдзю. У судзе агучваюць перапіску Аланы Гебрэмарыям. «Мы мусім дамагчыся перамогі сваімі рукамі, бо ніхто за нас гэтага ня зробіць», — цытуецца адказ.

«Я працую са студэнтамі», — адказвае Алана чалавеку па прозьвішчы Лаўрэцкі. Далей зь дзяўчынай абмяркоўваюць дапамогу студэнтам, якія падпалі пад рэпрэсіі. Алана тлумачыць, што такое праграма Каліноўскага. Некаму раіць выехаць ва Ўкраіну і там прасіць візы ў Эўразьвяз.

Яшчэ адна гутарка ў Тэлеграме. Абмяркоўваюць «народны ўльтыматум» і зноў дапамогу рэпрэсаваным студэнтам, у тым ліку працяг вучобы за мяжой.

З далейшай перапіскі: «Галоўнае — прыбраць Лукашэнку, а потым усё іншае».

12 лістапада Алану Гебрэмарыям затрымалі, згадваецца пратакол яе затрыманьня, а потым зварот Аланы да старшыні КДБ.

Далей пракурор пералічвае рэчы і дакумэнты, якія забралі пасьля вобшуку кватэры, дзе жыла Алана. Дзяўчына сьцьвярджае, што забралі ў тым ліку тэхніку і лісты, якія ёй не належаць. Адвакат Аланы Гебрэмарыям зьвярнуў увагу суду на тое, што ў справе ёсьць матэрыялы пэрыяду 2018–2019 гадоў, які не фігуруе ў абвінавачаньні.

«Двойчы давялося праходзіць мэталашукальнік»

На паседжаньні 18 чэрвеня прысутнічалі больш за 20 наведнікаў, у тым ліку сваякі і сябры падсудных.

«Нас прапусьцілі ў суд без праблем, але давялося прайсьці праверку ажно праз два мэталашукальнікі», — расказала маці аднаго з падсудных. Непрыемнае ўражаньне ў жанчыны засталося ад іншага: яе родную сястру судзьдзя выдаліла ўжо на першай хвіліне працэсу.

«Павітала рукой пляменьніка ў момант, калі ў залю ўваходзіла судзьдзя, але працэс тады яшчэ не пачаўся. Выдаліла адразу. У чым тут парушэньне, незразумела», — сказала жанчына, якая да перапынку мусіла чакаць у калідоры.

Працэс з 17 чэрвеня праходзіць у новым будынку Савецкага і Першамайскага раённых судоў на вуліцы Францыска Скарыны.

На паседжаньні прысутнічалі адразу па 4 ахоўнікі ў бронекамізэльках, з начэпленымі на іх відэарэгістратарамі. Ахоўнікаў пэрыядычна замянялі. Акрамя гэтых міліцыянтаў, за наведнікамі ў залі сачыў чалавек у цывільным, які напярэдадні паседжаньня быў сярод міліцыянтаў, што абслугоўваюць мэталашукальнікі.

Адна з наведніц ацаніла абстаноўку на лаве падсудных як пазытыўную. «Яны ж амаль усе зусім маладыя, амаль дзеці. Вітаюцца, шлюць нам усьмешкі і пацалункі. Пераглядаюцца і відаць, што нават жартуюць. Ніхто зламаным не выглядае», — сказала наведніца.

Паводле даведак з «Валадаркі», ніхто зь фігурантаў справы на каранавірус не захварэў.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]