Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Жнівень–2020 змяніў мяне, цяпер стала значна цікавей жыць»

07.08.2021 общество
«Жнівень–2020 змяніў мяне, цяпер стала значна цікавей жыць»

Хутка ў Беларусь прыйдзе сапраўдная вясна.

Па іроніі лёсу, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, а цяпер — фотакор «Новага часу» Дзмітрый Дзмітрыеў, у 2020 годзе сустрэўся са шмат якімі сваімі калегамі. І ў Партызанскім, і ў Савецкім РУУС. Экс-калегі з Савецкага РУСС забралі яго машыну нібы на праверку. А 9 жніўня з Партызанскага РУУС яго адвезлі на Акрэсціна, адтуль жа ён паехаў на 10 сутак пасля затрымання 1 лістапада.

Шлях да сябе сапраўднага пачаўся для Дзмітрыева не ў жніўні 2020-га. Але менавіта падзеі гэтага года паставілі ўсе кропкі там, дзе трэба. І ўсё тое, што адбылося з падпалкоўнікам міліцыі ў адстаўцы пасля 9 жніўня, канчаткова змяніла яго стаўленне да былых калег.

"Гэта было як у фільмах пра гестапа"

Першы раз Дзмітрыя Дзмітрыева затрымалі на выбарчым участку толькі таму, што ён хацеў даведацца вынікі выбараў. Замест пратаколу галасавання ўбачыў аўтазак і амапаўцаў.

Дзмітрый адпрацаваў у міліцыі 17 гадоў. Ён кажа, сышоў усяго за тры гады да пенсіі таму, што больш не мог трываць, што ўжо тады (а звольніўся ён у 2012 годзе) пачынаўся "зашквар".

— Хаця, канечне, такога, што я ўбачыў 9-15 жніўня, не было. Ніколі не было. Гэта было як у фільмах пра гестапа. У ноч на 12-га нам кінулі байкера. Яго з сябрам затрымалі недзе ў Смілавічах. Проста сцягнулі з матацыклаў. Білі і крычалі: "Дзе напалм, дзе выбухоўка?”. Сябра звезлі на хуткай. Быў у нас і дзед, якому пераламалі ўсе пальцы. Ён не мог сам ні ўстаць, ні хадзіць, нічога рабіць. Быў хлопец, якога прыцягнулі проста ў майтках… З кожным днём затрыманых білі мацней. Таму мне пашанцавала, што затрымалі 9-га і на выбарчым участку.

— Яны думалі, што закашмараць іх, тыя парасказваюць сябрам і ўсе пабаяцца выходзіць на пратэсты. Прычым білі таксама маладыя. Хоць яны і былі ўсе ў масках, але было бачна, што яны маладыя. А побач стаялі афіцэры і назіралі за ўсім. Яны іх натасквалі, так бы мовіць вучылі…

«Амапавец адну нагу паставіў мне на рэбры, другой прыціснуў маю нагу»

Дзмітрыева затрымалі каля 15 гадзін 1 лістапада. Ён працаваў на маршы. Фіксаваў усё, што адбывалася, у тым ліку брутальныя затрыманні мірных грамадзян. Яго збілі і адвезлі ў Партызанскі РУУС. Пасля далі 10 сутак.

Перажытае і ўбачанае на Акрэсціна, безумоўна, ніколі не будзе забытае, як і не будзе ўжо ранейшым жыццё Дзмітрыя. І яго стасункі з былымі калегамі.

— Я спыніў з імі ўсялякую камунікацыю, бо лічу іх дзеянні здрадай, здрадай іх сумленню, здрадай мне асабіста. Усе яны не шэрагоўцы, займаюць розныя кіруючыя пасады, усё бачаць і ведаюць, усё разумеюць. Але працягваюць аддаваць і выконваць злачынныя загады. Я не хачу больш мець з імі нічога агульнага.

“Ну што яны ўсё ходзяць, не даюць нам нармальна адпачываць”

У міліцыю Дзмітрый прыйшоў 21-гадовым студэнтам 4 курса Мінскага радыётэхнічнага інстытута (цяпер БДУІР). Было гэта ў 1995 годзе. Тады МУС узначальваў Юры Захаранка, чалавек, якога паважалі ўсе ад шэрагоўца да начальніка. Дзмітрый трапіў у інфармацыйную групу ГУУС Мінгарвыканкама, якая займалася стварэннем розных базаў даных, інфармацыйнай бяспекай. Працаваць было цікава. Не мінула хлопца і рамантыка: прага зрабіць свет лепшым шляхам барацьбы са злачыннасцю. Ён заспеў і мог на свае вочы пабачыць працу легендарных операў, якія змагаліся тады са шматлікімі крымінальнымі групоўкамі.

Пасля Дня Волі 1996 года я пачаў шукаць інфармацыю, пачаў разбірацца, што да чаго. Наогул, хто хацеў, той знаходзіў нфармацыю і разбіраўся. Асабліва калі з’явіўся “Зубр”. У іх быў не стандартны падыход да пратэсту, нам яны падабаліся, яны выклікалі інтарэс сваёй крэатыўнасцю. Мне задецца, у гэтага руху быў вялікі патэнцыял, які так і не раскрыўся.

У 1999-м Дзмітрыеў перайшоў на службу ў Партызанскі РУУС.

— У той час яшчэ працавалі тыя, хто сапраўды сумленна змагаўся са злачыннасцю. Я яшчэ заспеў, напрыклад, двух участковых інспектараў, якія сыходзілі на пенсію, адпрацаваўшы па 20 гадоў на адным участку. Яны ведалі ўісх і ўсё, што адбывалася на іх тэрыторыі. Іх паважалі і слухаліся. Яны маглі проста за вуха прывесці ў аддзяленне любога бандзюгана. Але такія людзі сыходзілі, а на іх месца прыходзілі іншыя, з зусім іншым узроўнем і адукацыі, і падрыхтоўкі. Паступова колькасць тых, хто працуе “на зямле” ў РУУС скарачалася, а вось колькасць начальнікаў у сістэме МУС наадварот расла.

Тое, што адбывалася ў сістэме МУС, і тое, што адбывалася ў краіне, не магло заставацца незаўважаным. У 2006-м годзе Дзмітрый Дзмітрыеў стаяў на Плошчы Каліноўскага, але не ў якасці праваахоўніка, а ў якасці ўдзельніка. Пасля прыносіў у намётавы лагер ежу, цёплае адзенне і іншыя патрэбныя рэчы. У гэты ж час пачаў цікавіцца фатаграфіяй. І нават зрабіў фотарэпартаж з Плошчы-2006.

— Я бачыў як знішчаюцца службы: вышук, патрулька… Сыходзіць участковы, а яго пасаду проста скарачаюць, бо няма кім замяніць. Затое штат МУС, ГУУС павялічваўся. Паступова ў сістэме заставалася ўсё менш прафесіяналаў. У выніку я проста не вытрымаў. Хаця мне заставалася ўсяго 3 гады да пенсіі.

Са службы Дзмітрый сышоў у 2012 годзе ў званні падпалкоўніка МУС, з пасады старэйшага аператыўнага дзяжурнага Савецкага РУУС.

БІЮ“Спачатку з’явілася злосць, пасля проста стала іх шкада”Б/ІЮ

Па іроніі лёсу ў 2020 годзе фотакор Дзмітрый Дзмітрыеў сустрэўся са шмат якімі сваімі калегамі. І ў Партызанскім, і ў Савецкім РУУС. Экс-калегі з Савецкага РУСС забралі яго машыну нібыта каб праверыць, ці не перабітыя нумары кузаву, а на самай справе за тое, што Дзмітрый быў занадта актыўным у выбарчай кампаніі, а на яго аўто былі прычэпленыя бел-чырвона-белыя сцягі. Пасля з Партызанскага РУУС яго адвезлі на Акрэсціна 9 жніўня, адтуль жа ён паехаў на 10 сутак пасля затрымання 1 лістапада.

Затрымання, дарэчы, жорсткага. Пасля яго Дзмітрый усё яшчэ лекуецца. Ад удараў па галаве, у тым ліку пашкодзілася барабанная перапонка.

— Калі б мне яшчэ год таму хто сказаў, што мае, так бы мовіць, калегі будуць рабіць такое… Хаця, калі падумаць, званочкі былі і раней, канечне. Можна было такое чакаць. Проста мне, напэўна, не хацелася ў такое верыць.

— Што ты адчуў, калі цябе затрымалі, калі ўбачыў усё тое, што адбывалася ў РУУСах, на Акрэсціна?

— Спачатку злосць. Злосць ад бяссілля: раз яны такое робяць, значыць ім далі на тое дазвол. Пасля прыйшло расчараванне. А пасля мне стала іх усіх шкада. Шкада ад таго, што яны не ў стане зразумець, што адбываецца, што нават не хочуць пра гэта падумаць… Што яны так і застануцца на гэтым узроўні, бо не хочуць ні ў чым разбірацца.

— Ці змяніў цябе жнівень 2020-га?

— Змяніў канечне. Я стаў менш думаць пра сябе. Стаў жыць цяпер і зараз. Стаў больш аналізаваць паводзіны іншых людзей. Мне стала значна цікавей жыць. Мне цікава ўсё, што адбываецца і цікава тое, як я ў гэтым магу паўдзельнічаць.

З былымі калегамі спыніў усялякую камунікацыю. Таму што яны не апошнія людзі ў сістэме, займаюць кіруючыя пасады. Яны ўсё бачаць і ведаюць і нічога не прадпрымаюць. Я лічу гэта здрадай, у тым ліку і асабістай.

Я безумоўна змяніўся. Цяпер вось буду асвойваць гэты свой новы стан. І новы стан грамадства. Кожны дзень прабіваецца дно, але кожны дзень адбываецца і шмат чаго добрага і станоўчага. Гэта трэба бачыць, гэта важна бачыць, гэтым трэба жыць. Зіма хутка пройдзе. А вясной будзе вясна...

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]