Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пратэсты — знак часу

13.08.2021 политика
Пратэсты — знак часу

Жыве Беларусь з Богам.

Знакі часу — знакі прысутнасці або задумаў Божых. (Gaudіum et spes, 11. Душпастырская Канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце).

«Бо тое, што бачыш, прызначана яшчэ на пэўны час і гаворыць пра канец, і не ашукае… праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці». (Абк 2, 3-4)

Умоўна кажучы, год таму, 9 жніўня 2020, Беларусь выйшла на той этап развіцця гісторыі, па завяршэнні каторага наша краіна трывала і на доўгія гады наперад замацуе сваю незалежнасць або, як альтэрнатыва, гіпатэтычна кажучы, можа пазбавіцца нават свайго існавання, піша ксёндз Вячаслаў Барок для krynica.info.

Адметнасцю гэтага гістарычнага моманту ёсць і тое, што актуальны працэс тычыцца перадусім маральнага боку. Адны – прыхільнікі рэжыму, на словах заяўляюць, што ім не да закону, і на справах паказваюць, што і маралі для іх ніякай няма. Для іх усе метады добрыя дзеля таго, каб толькі ўтрымацца “пры карыце”, нават і пры такім карыце, якое у некаторых дашчэнту разбітае… А іншыя, другая частка грамадства, збольшага не маючы прыналежнасці не да якіх-кольвечы партый і без канкрэтных лідэраў палітычных, усе агулам характарызуюцца сваёй верай у тое, што насуперак усялякай логіцы можна паспрабаваць жыць, кіруючыся каштоўнасцямі духоўнымі, сярод якіх самая важная ёсць годнасць чалавека.

Вось тут, на гэтых межах людскіх светапоглядаў і адбываецца сёння супрацьстаянне ў Беларусі. Лінія фронту праходзіць у сэрцы чалавека, а таму і можна казаць, што гэта і ёсць Армагедон. Нутро чалавека, як аднайменная біблейская даліна Армагедон, і надалей з’яўляецца полем бітвы паміж дабром і злом, паміж сіламі святла і цемры.

Ведаеце, сярод іх, канешне, не магчыма прапусціць такія лічбы, як больш 30 тыс. пакараных беларусаў па адміністратыўных правапарушэннях, блізка 5 тыс. заведзена крымінальных справаў, тысячы чалавек асуджаныя на доўгія тэрміны і 8 смяротных ахвяраў, якія з’явіліся ў кантэксце грамадска-палітычнага крызісу. А таксама, падаецца, можна казаць пра дзесяткі, а то і сотні тысяч, уцекачоў па-за межы краіны.

І заўважце, гэта ўсё ахвяры рэпрэсій з-за палітычных матываў.

Да гэтых лічбаў можна дадаць мільёны беларусаў, якія мараць прачнуцца ў краіне без хлусні і насілля, а гэта значыць прагнуць змены дзяржаўнай ідэалогіі.

Хрысціянін, разважаючы пра гэтыя падзеі, бачыць знакі часу і важна іх правільна прачытаць.

Памятаеце Хрыстос абураўся на тых, хто не ўмеў, або не хацеў даваць уласцівую ацэнку падзеям у Евангеллі ад Лукі чытаем Яго словы:

“Крывадушнікі! аблíчча зямлí і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не распазнаяце́? Чаму ж вы і самі па сабе не судзіце, што́ правільнае?” (Лк 12, 56-57).

Як жа распазнаць, тое што правільнае? Правільнае там, дзе праўда. Правільнае там, дзе думаеш не толькі пра сваё дзіця і як яго пракорміш, але пры гэтым і ў чужога не забярэш кавалак хлеба, а яго бацьку і маці не пасадзіш за краты толькі таму, што яны хочуць перамен.

Правільнае там, дзе ты са зразуменнем падыходзіш да чалавек, які магчыма спаў аж чвэрць стагоддзя, але ж, калі прачнуўся, не дакараеш яго, што ён не так змагаецца за Беларусь, як ты, але падстаўляеш сваё плячо ў добрай справе і радуешся, што ён прачнуўся.

Правільнае, гэта калі ты, будучы членам Касцёла, Царквы, верыш у Госпада і не навязваеш сваіх формулаў малітвы таму, каго Бог знайшоў па-за сценамі храма, але славіш Бога, які дзейнічае так, як хоча і ў тым ліку ў жыцці беларуса, які абудзіўся.

Правільна і сёння, не гледзячы ні на што, захоўваць вернасць сумленню, Богу і Беларусі, бо як прыгадвае прарок Абакум, усяму будзе канец, а той, хто захавае вернасць, будзе жыць.

Жыве Беларусь. З Богам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]