Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сваякі Паліны Шарэнды-Панасюк больш за месяц ня ведаюць, што зь ёй адбываецца ў калёніі

03.09.2021 политика
Сваякі Паліны Шарэнды-Панасюк больш за месяц ня ведаюць, што зь ёй адбываецца ў калёніі

Ні сябры, ні родныя не атрымлівалі ад актывісткі ніводнага ліста на працягу месяца.

Сваякі актывісткi «Эўрапейскай Беларусі» Паліны Шарэнды-Панасюк больш за месяц ня ведаюць, што зь ёй адбываецца ў калёніі. Пра гэта «Свабодзе» сказаў муж палітзьняволенай актывісткі Андрэй Шарэнда. «Ні сябры, ні родныя не атрымлівалі ад Паліны ніводнага ліста на працягу месяца», — кажа Андрэй.

Ён зазначыў, што такіх праблемаў з карэспандэнцыяй, як цяпер, раней не было.

«Калі, напрыклад, мне не заўсёды даходзілі лісты, то цешча альбо мая маці раз на тыдзень дакладна іх атрымлівалі, — кажа суразмоўца. — Вядома, што разам з Палінай этапавалі Аліну Муратаву і Вольгу Сыраватку (асуджаныя на 1 і 2 гады калёніі агульнага рэжыму ў справе аб блякаваньні чыгуначных шляхоў і разьвешваньні пудзілаў у Берасьці). Пры гэтым яны ўжо тэлефанавалі некалькі разоў з калёніі, а ад Паліны няма ніякіх навінаў».

Актывіст дадаў, што гомельская папраўчая калёнія № 4, дзе знаходзіцца ягоная жонка, адмаўляецца ісьці на кантакт.

«Маці Паліны спрабавала туды тэлефанаваць. Ёй сказалі, што праз тэлефон такой інфармацыі не даюць. Трэба зрабіць пісьмовы запыт. Тады я напісаў на мэйл, аднак мне адказалі тое самае, што і раней. Маўляў, званкі вязьням ажыцьцяўляюцца па рэглямэнце, — кажа Андрэй. — „Сарафаннае турэмнае радыё“ перадало, што Паліну адразу пасьля карантыну зьмясьцілі ў ШЫЗА, але, на жаль, пацьвердзіць гэтую інфармацыю немагчыма».

Паводле Андрэя, за ўвесь час, што Паліна ў калёніі, яна ніводнага разу не напісала заявы на сустрэчу з адвакатам. Актывіст падкрэсьлівае: і сваякі, і абаронца папярэджвалі Паліну, што гэта трэба зрабіць у першую чаргу, каб мець сувязь з роднымі.

«Фактычна жанчын там [у калёніі] катуюць, ствараючы невыносныя ўмовы. Усіх, хто мае сталую пазыцыю, проста зьневажаюць і саджаюць у карцар ці ў КЗТ (камэру зачыненага тыпу). Такое проста недапушчальна ў цэнтры Эўропы ў 21 стагодзьдзі», — кажа Андрэй Шарэнда.

Маці двух малалетніх сыноў, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі на самым пачатку 2021 году. За кратамі яна ўжо 8 месяцаў. Вырак Паліне агучылі 9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця. За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Лукашэнкі і іншых службоўцаў судзьдзя Яўген Брэган пакараў жанчыну 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яна таксама мусіць выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам.

Праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.

Муж Паліны, Андрэй Шарэнда, ад крымінальнага перасьледу зьехаў зь Беларусі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]