Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларусы ва Ўкраіне адзначылі Дзень вайсковай славы

08.09.2021 политика
Беларусы ва Ўкраіне адзначылі Дзень вайсковай славы

Акцыi прайшлi ў Львове і Кіеве.

У Львове і Кіеве беларусы, якія сталі вымушанымі ўцекачамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, разам з украінцамі адзначылі Дзень вайсковай славы — сёньня споўнілася 507 гадоў перамозе войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваньнем Канстанціна Астроскага над маскоўскім войскам пад Воршай, паведамляе «Радыё Свабода».

У Львове сьвяткаваньне пачалося з ускладаньня кветак да помніка паўстанцам Кастуся Каліноўскага на Лычакоўскіх могілках.

Асноўныя мерапрыемствы праходзілі ў цэнтры Львова, на плошчы Рынак. Адсьвяткаваць перамогу войска ВКЛ разам зь беларусамі прыйшлі прадстаўнікі розных палітычных сілаў, а таксама гарадзкіх уладаў.

«Мы дакладна разумеем цану свабоды і незалежнасьці, бо ведаем па сабе, як гэта, калі краіну разрываюць на часткі. Таму Львоў заўжды быў тым горадам, які падтрымлівае, памятае, разумее і будзе ўхваляць тыя рашэньні, якія дазволяць вольным людзям атрымаць вольную краіну», — працытавала прэсавая служба Львоўскай гарадзкой рады першага намесьніка мэра Львова Андрэя Маскаленку.

Пры падтрымцы гарадзкіх уладаў і мэмарыяльнага музэю таталітарных рэжымаў «Тэрыторыя тэрору» з ініцыятывы Free Belarus Center на плошчы Рынак адкрылася выстаўка «Год супраціву: Як паўстае Беларусь» — раней, зь сярэдзіны жніўня, яна экспанавалася на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве. У Львове яе можна будзе пабачыць да 15 верасьня. А ўвечары 8 верасьня адбудзецца сьвяточны канцэрт.

«Мы прайшлі маршам ад помніка Тарасу Шаўчэнку да помніка Сьцяпану Бандэру зь вялікім бел-чырвона-белым і блакітна-жоўтым сьцягамі. Нас прыйшлі падтрымаць прадстаўнікі розных палітычных сілаў», — сказаў Свабодзе кіраўнік Беларускага крызіснага цэнтру ў Львове Аляксей Францкевіч. Ён выказаў удзячнасьць львоўскім уладам за падтрымку беларусаў.

У Кіеве на памятны знак, усталяваны ў сакавіку 2016 году ў памяць беларусаў, якія загінулі за Ўкраіну, дадалі яшчэ адно прозьвішча — Міколы Ільіна. Ён загінуў 13 ліпеня 2020 году. Прэзыдэнт Украіны сваім указам узнагародзіў яго пасьмяротна ордэнам «За мужнасьць» III ступені — за асабістую мужнасьць і самаадданыя дзеяньні, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Кіраўнік дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка (фракцыя «Эўрапейская салідарнасьць») у сваім тэлеграм-канале напісаў, што перамога 8 верасьня 1514 году пад Воршай стала найгучнейшай перамогай над Масквой «ва ўкраінскай гісторыі».

«Сябры, Расею можна перамагаць. Мы гэта ўжо рабілі і зробім абавязкова яшчэ раз. Але яшчэ лепш у нас выходзіць разам з нашымі сябрамі зь Літвы, Польшчы, Балтыі. Патрэбна разьвіваць супрацу ў межах Люблінскага трохкутніка, дапамагаць Беларусі стаць свабоднай і ў пэрспэктыве стварыць Балта-Чарнаморскі саюз. Разам мы сіла!» — напісаў Аляксей Ганчарэнка.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]