Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У белспорту ёсць універсальная адмазка, каб нічога не бачыць і нічога не чуць

03.11.2021 спорт
У белспорту ёсць універсальная адмазка, каб нічога не бачыць і нічога не чуць

Вось чаму яна дурная і недарэчная.

Ёсць фраза, якая нязменна выклікае ўва мне лёгкую злосць і жаданне зрабіць саркастычную заўвагу. Звычайна да яе звяртаюцца, калі тлумачаць або сваю бяздзейнасць, або нейкі ўчынак, які ідзе насуперак сумленню, але, тым не менш, робіцца пад ціскам абставін.

Да жніўня мінулага года я чуў гэтую фразу ў асноўным ад беларускіх спартоўцаў. Напрыклад, калі яны наважваліся на нейкі неадназначны трансфер і траплялі пад крытыку заўзятараў. Але ў апошнія месяцы яе можна пачуць ад самых розных людзей:

– Ну, ты ж разумееш, у мяне сям’я, мне трэба яе карміць.

Звычайна гэта гаворыцца з разлікам на спачувальны адказ:

– Ну, так, сям’я – гэта святое.

У спорце «прыкрыццё сям’ёй» працягвае захоўваць свой каларыт, калі да яго звяртаюцца людзі, якія – ты ведаеш дакладна – штомесяц атрымліваюць на картку не менш за восем сярэднямесячных заробкаў звычайнага працаўніка, а то і больш. Нядаўна Аляксей Бага тлумачыў, чаму ён пагадзіўся на прапанову «Шахцёра». Пытанне яму задавалі без палітычнага кантэксту, але адказ атрымаўся ўніверсальным. Дакладна такія ж фармулёўкі выкарыстоўваюць футбалісты, калі ў іх цікавяцца, чаму яны маўчаць або нават падпісваюцца за гвалт у краіне.

«У мяне ёсць сям’я, якую трэба забяспечваць, паднімаць на ногі дзяцей. Можам рэзюмаваць: працую ў «Шахцёры», таму што я карміцель сваіх родных», – адказаў Бага.

Слова «карміцель» асабіста мяне ўводзіць у зман. Калі чую яго, адразу ўяўляю сялянскую хату з земляной падлогай. Вялізную сям’ю на сем дзяцей, якой пагражае то голад, то сухоты, то яшчэ якая трасца, а доктар далёка, ажно ў мястэчку. Бацька – у лапцях ад усходу да світання арэ зямлю і моліцца на ўраджай, бо без яго ўзімку будзе зусім цяжка. Але калі зямліца ўродзіць, можна і да крапівы дацягнуць, а там ягады пойдуць. Карацей, перад вачыма паўстае беларуская сялянская драма ў стылі Коласа і Мележа.

Але сярод спартоўцаў усё насамрэч не так трагічна. Калі браць больш-менш запатрабаваных у Беларусі футбалістаў і трэнераў, то гаворка не ідзе пра жыццё ад заробку да заробку. Нічога такога. І калі б прадстаўнікі спорту былі больш шчырымі ў сваіх матывах пазбягання публічных выказванняў, мы б чулі штосьці такое: «Кватэра ёсць, але ж збудаваў і дом, трэба рамонт зрабіць, набыць мэблю. Ну, шкада людзей, але чаго мне вытыркацца наперадзе ўсіх? І што гэта зменіць? А так плацяць, і ўвогуле я не цікаўлюся палітыкай».

Мне, калі што, такі адказ быў бы больш даспадобы, чым проста маўчанне, але гэта не азначае, што я прыняў бы яго з паразуменнем.

Можна з галавы да пят апрануць дзяцей у Mothercare, але як у сённяшняй Беларусі пазбавіцца адчування, што гадуеш вязняў у канцлагеры? Можна будаваць катэдж у Драздах, але як не думаць пра тое, што гэта ўсяго толькі барак павышанай камфортнасці, з якога цябе ў любы момант могуць выкінуць? Як вучыць дзяцей адрозніваць дабро ад зла, калі сам баішся ўслых называць рэчы сваімі імёнамі?

Увогуле, я да цяперашняга часу перакананы, што выхаванне дзяцей і ўвогуле сям’я – гэта штосьці большае, чым накарміць. Гэта штосьці большае, чым мець да стала ды яшчэ шмоткі ў шафе. Сям’я – гэта і прынцыпы, і каштоўнасці, і памкненні. Да чаго імкнецца наш спорт акрамя спажывання? Шчыра кажучы, я не ведаю, але вялікіх прафесійных або грамадзянскіх амбіцый не бачу. Ну, хіба што ў тых, хто быў змушаны з’ехаць за мяжу, пакуль калегі рупяцца пра сем’і.

І можа стацца так, што ўжо праз некалькі гадоў дзеці пойдуць у школу і атрымаюць падручнік гісторыі, у якім будзе і пра Акрэсціна, і пра гвалт над беларусамі. I дома, у прыстойным катэджы, можа прагучаць няёмкае пытанне: мама/тата, а што вы рабілі ў той час? Не ведаю, ці будзе гучаць пераканаўча адказ пра тое, што гулялі ў футбол/хакей/штосьці яшчэ. А можа, увогуле падпісваліся за катаванні, бо лічылі, што так і трэба? Ну а што, сведкі, якія чулі стрэлы ў Курапатах, казалі даследчыкам і такое.

Хаця будзе яшчэ больш сумна, калі гэтае пытанне не прагучыць, а падручнікаў з апісаннем здзекаў у лукашэнкаўскіх турмах не надрукуюць. І ў адказе за гэта таксама будзем мы, бацькі. Хавацца ў бягучых патрэбах – гэта яшчэ і крадзеж будучынi ў сваіх дзяцей. Перакладанне на іх адказнасці, таму што мы, бацькі – дарослыя, моцныя, разумныя, – баімся вырашыць вельмі важнае пытанне. Баімся адкрыць рот, баімся гаварыць тое, што думаем.

Яшчэ зраблю невялікую заўвагу, якая, магчыма, здзівіць маўклівую частку спартыўнай супольнасці і ўвогуле ўсіх, хто прыкрываецца клопатам пра блізкіх: сем’і ёсць не толькі ў вас. Яны ёсць і ў іпэшнікаў, якія выходзілі на пратэсты. І ў рабацяг, што падтрымалi стачку. І ў Сашы Герасімені. У любога, хто не хавае сваю пазіцыю, ёсць сям’я – або муж/жонка з дзецьмі, або бацькі. У прынцыпе, гэта зручна. Той жа Саша Івулін меў усе падставы сказаць: буду маўчаць, бо мне трэба стварыць сям’ю, я проста хачу размножыцца. Але ці гучыць гэта цалкам па-чалавечы?

Нашыя бацькі, калі абіралі Лукашэнку ў сярэдзіне 90-х, хацелі проста карміць свае сем’і, а не ствараць беларускую краіну магчымасцяў. Пакуль кармілі, не заўважылі, як адбудавалі ўзорны савецкі канцлагер і для сябе, і для тых, каго так хацелі накарміць.

Алег Гаруновіч, «Трыбуна»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]