Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Івонка Сурвіла: Мы годныя сыны і дочкі нашых Слуцкіх герояў

27.11.2021 политика
Івонка Сурвіла: Мы годныя сыны і дочкі нашых Слуцкіх герояў

Старшыня Рады БНР звярнулася да суайчыннікаў з нагоды Слуцкага Збройнага чыну.

У чарговую гадавіну Слуцкага Збройнага чыну старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да суайчыньнікаў, паведамляе «Радыё Свабода».

«Бязьмежна ганаруся маім народам, які ў лістападзе 1920-га году ўзяў зброю ў рукі, каб бараніць сваю зямлю ад чужой навалы, – піша Івонка Сурвіла. – Тады яшчэ перад дзясяткамі гадоў прамываньня мазгоў прапагандай савецкай улады, народ наш адчуваў сябе гаспадаром свайго краю і ведаў цану свабоды. Першае войска БНР – 10 000 случчакоў – не пашкадавала свайго жыцьця, каб бараніць Бацькаўшчыну».

Старшыня Рады БНР заўважае, што беларускі народ ізноў апынуўся пад пагрозай чужой няволі, «але гэтым разам чужакам памагаюць свае «паліцаі» на чале з узурпатарам улады. Заміж каб бараніць свой народ, яны намагаюцца зьнішчыць яго. Яны трымаюць яго ў палоне, баронячы не сваю зямлю, а інтарэсы расейскай імпэрыі».

«Дарагія суродзічы, давайце разам 27-га лістапада аддамо даніну павагі нашым героям-случакам, якія разумелі, што няма большай каштоўнасьці, як свой вольны незалежны край. Пакажам сьвету, што мы іх памятаем і імі ганарымся, гэтак як імі ганарыліся вольныя беларусы ў сьвеце ад 1920 году. Прыйшоў час заявіць сьвету, што мы годныя сыны і дочкі нашых Слуцкіх герояў, і што мы таксама гатовыя бараніць свой край, пакуль не здабудзем нашай вольнай, справядлівай беларускай дзяржавы», – піша старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.

У лістападзе 1920 году тэрыторыя Случчыны апынулася па-за кантролем як польскіх войскаў, якія адышлі на захад, так і савецкіх, якія яшчэ на Случчыну не прыйшлі. У сярэдзіне лістапада ў Слуцку сабраўся зьезд Случчыны з удзелам 107 правадзейных дэлегатаў з усіх валасьцей і мястэчак рэгіёну. Зьезд абраў Раду Случчыны, абвясьціў Случчыну тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі і заклікаў да ўзброенага змаганьня за незалежнасьць Беларусі.

Пачалася мабілізацыя. Усяго за некалькі дзён пад кіраўніцтвам прафэсійных вайскоўцаў-беларусаў была створаная рэгулярная вайсковая брыгада ў складзе двух палкоў – Першага Слуцкага і Другога Грозаўскага. Агульная колькасьць брыгады складала чатыры тысячы чалавек. 26 лістапада брыгада ўступіла ў першы бой з бальшавікамі.

Няроўнае змаганьне за Случчыну зь пераважнымі сіламі савецкай Расеі працягвалася крыху больш за месяц. У канцы сьнежня случакі перайшлі дэмаркацыйную лінію да палякаў і былі раззброеныя. Але ня ўсе. Некаторыя аддзелы як партызанскія атрады ваявалі з бальшавікамі ў БССР да сярэдзіны 20-х гадоў.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]