Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Высокая палітыка часоў свінога грыпу

30.04.2009 политика
Высокая палітыка часоў свінога грыпу

Апошні дыктатар шукае сяброў. Гэта не адвольны пераказ вядомай аб’явы з мульцяшкі пра кракадзіла Гену. Гэта сённяшняя рэальнасць.

Тутэйшы рэжым, кваліфікаваны дэмакратычнай супольнасцю як апошняя дыктатура Еўропы, шукае і паспяхова знаходзіць палітычную падтрымку на Захадзе.

Яшчэ зусім нядаўна дзейнічалі санкцыі. Галоўнага начальніка і ягоных памагатых нават на парог туды не пускалі. Ён палахліва туляўся па правінцыйных гарналыжных курортах, рассоўваючы па прыватных гатэлях сваю шматлікую чэлядзь. А сёння яго прымаюць ужо ў рымскім палацы Кіджы. Перад ім расчыняюцца дзверы у Ватыкане. Чэзне нават славуты бліцкрыг побач з гэтым шалёным прарывам у Еўропу.

Зусім нядаўна раптоўны візіт Хаўера Саланы шмат каму здаваўся нечым неверагодным. А ягоныя словы пра тое, што ў Мінску лёгка дыхаць, падаліся тады абразлівай нетактоўнасцю. Але вось ужо і Берлусконі пасля сяброўскай вячэры са сваім адыёзным госцем спяшаецца выказаць упэўненасць у хуткім пераўтварэнні сумнавядомага рэжыму ў “поўную дэмакратыю”. А ўрэшце, і тая вячэра ўжо зусім не сенсацыя пасля афіцыйнага візіту ў Беларусь Карэла Шварцэнберга. Падумаць толькі, Чэхія, краіна, якая старшынствуе зараз у Еўразвязе, пасылае свайго міністра замежных спраў, каб перадаць запрашэнне на травеньскі саміт. Не дыпламатычнай поштай. А вось гэтак, асабіста. З рук у рукі. За якія заслугі такі высокі гонар? Пакуль яшчэ нават Анжэла Меркель не дачакалася афіцыйнага запрашэння ў чэшскую сталіцу, а саматужны калгасны дыктатар ужо фактычна атрымаў пасланне з Прагі. Так, быў нібыта хітры ход. У тым лісце не пазначылі, хто мусіць паехаць на саміт. Высветлілася, што далёка не ўсіх цешыць перспектыва экзатычнай прысутнасці. А таму няхай Мінск сам вызначыць, як развязаць няёмкую сітуацыю.

У незайздросным стане апынулася ў выніку гэтага незразумелага ўчынку высокае еўразвязвязаўскае кіраўніцтва. Цяпер не Брусэль і не Прага, а менавіта той “умоўна запрошаны” будзе сам вырашаць: ехаць туды ці не ехаць. Акрылены размовамі з Берлусконі, ён паблажліва заявіў, што могуць паехаць Пятроў або Сідараў. Тыя самыя, з вядомай расійскай прыказкі. Еўрапейскаму істэблішменту давядзецца неяк прызвычаіцца да гэткіх выбрыкаў. Ведалі, каго запрашалі.

Ён даўно зразумеў, што старая Еўропа ягонай агрэсіўнасці і нахабству нічога супрацьпаставіць не можа. Каб дамагчыся свайго, варта толькі крыху пачакаць. І ён дачакаўся. Еўразвяз ужо нават і не ўспамінае пра свае дванаццаць неверагодна рашучых патрабаванняў. Без выканання якіх яшчэ ўчора і гаворкі не было пра нейкія кантакты і дачыненні. А тут калі ласка – еўрапейскае партнерства. Без аніякіх рухаў насустрач. Так, выйшлі на волю палітычныя зняволеныя. Але ж на іх месца пасаджаны новыя. Што змянілася ў запаведніку татальнай паліцэйшчыны, няспыннага пераследу нязгодных і гвалту над усімі, хто жыць у агульнай камеры не жадае? Істотныя зрухі да дэмакратыі адбыліся толькі ў нейкай віртуальнай прасторы. У тых паперах, якімі абменьваюцца функцыянеры рэжыму з еўразвязаўскім чынавенствам. Выдатнае ўвогуле вынаходніцтва – варта паставіць знак роўнасці паміж краінай і рэжымам, як адразу ўсё набывае прыстойны выгляд. І звычайны цынізм ужо выглядае высокай палітыкай. Гэта не з дыктатарскай уладай вядуцца сумніўныя гульні. Гэта Еўропа далучае да дэмакратыі Беларусь. А таму і заходнія дыпламаты ўжо не надта цікавяцца акцыямі пратэсту. Іншы цяпер курс. На Чарнобыльскім шляху ніхто з іх заўважаны не быў. І ўлада цынічна дэманстравала дэмакратыю ў сваім разуменні – амапаўскія шыхты, спецтэхніку, снайпераў на дахах.

Той час, калі Еўропу хвалявалі правы чалавека, прайшоў. І не варта цешыць сябе ўспамінамі ды надзеямі на дапамогу адтуль. Кожны народ сам вырашае свой лёс. І за беларусаў рабіць тое не будзе ніхто. І няма сэнсу крыўдзіцца ні на папу, ні тым болей, на Берлусконі. І Еўропа ўсё тая ж. Проста ў заходніх палітыкаў цяпер іншыя прыярытэты. Крызіс, да якога прызвычаіліся паціху. Свіны грып, якога і ў страшным сне не чакалі. Ды яшчэ шмат чаго. А Беларусь з яе недарэчнай уладай у гэткіх варунках – усяго толькі зона пэўных эканамічных інтарэсаў. І не болей таго.

Еўразвяз перад усім – звычайная бюракратычная структура, у якой дамінуе палітычны прагматызм. А Ватыкан хоць і своеасаблівая, але таксама дзяржава. І тут усё той жа халодны разлік.

Аднак хоць і зрэдку, але здараліся выключэнні і з гэтай традыцыі. Калі Польшча часоў генерала Ярузельскага патанала ў беззаконні ваеннага становішча, тагачасны пантыфік Ян Павал Другі дазволіў сабе нашмат болей таго, што прадугледжвалася пратаколам афіцыйнага візіту. Ён не рабіў выгляд, нібыта нічога не ведае пра турэмныя пераследы нязгодных, брутальныя разгоны пратэстоўцаў і знікненні вядомых палітыкаў. Ён спусціўся ў таталітарнае пекла, каб дапамагчы людзям у іх неадольнай безнадзейнасці. І сказаў ім самыя неабходныя словы: “Не бойцеся!” Ці не яны, тыя простыя словы, вывелі тады польскі народ да свабоды.

А можа, сказаў ён тое не толькі палякам. Усім, хто ў роспачы і адчыі. Аднойчы і назаўсёды: “Не бойцеся!”

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]