Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Хто самы «беларускі» навагодні чараўнік?

01.01.2024 культура
Хто самы «беларускі» навагодні чараўнік?

Дзед Мароз, Зюзя цi святы Мікола?

Падчас зімовых святаў па ўсім свеце дзеці (дый дарослыя) чакаюць добрага чараўніка (у некаторых месцах — чараўніцу) з вялікім мехам падарункаў. Сегацу-сан, Уўлін Уўгун, Пэр Ноэль, Ёлоупуккі, Крысткінд, Санта-Клаўс, Мікулаш, св. Васіліус, Бабба Натале, Вайнахтсман і іншыя персанажы нясуць калядныя і навагоднія падарункі для дзетак у розных краінах свету. І за кожным з іх хаваецца адметная гісторыя ці паданне таго ці іншага народа.

А каго чакаюць беларускія дзеткі? У нас выбар багаты: і Дзед Мароз (Ледзяны Дзед), і Зюзя, і святы Мікола... А хто ж з іх сапраўдны, «беларускі»? Давайце разбірацца.

Дзед Мароз

Многія адразу ўяўляюць сабе добрага дзядка ў сінім жупане, з доўгай барадой, у суправаджэнні ўнучкі і світы лясных звяроў. Гэта савецкі вобраз, які з’явіўся адносна нядаўна — у 30-я гады мінулага стагоддзя. Галоўны персанаж дзіцячых навагодніх ёлак.

Малюнак Андруся Такінданга

Яго гісторыя досыць сціплая: улетку жыве на поўначы, сочыць за паводзінамі дзяцей. Узімку мае шмат працы: перачытаць усе лісты, што дасылаюць яму дзеці, наведаць усе ёлкі, выратаваць свята ад якога-небудзь злыдня (Бабы-Ягі, Кашчэя, Чорта і г. д.), уручыць падарункі тым, хто добра сябе паводзіў увесь год (крытэрыі «добра сябе паводзіць» досыць размытыя, таму падарункі атрымліваюць усе).

І хаця гэты вобраз вельмі папулярны і шырока эксплуатуецца ў масавай культуры, ён не нясе ў сабе нейкіх глыбінных адметнасцей, культурных асаблівасцей. Такі Дзед Мароз аднолькавы на ўсёй постсавецкай прасторы.

Але сам персанаж Мароз (Дзед Мароз, Ледзяны Дзед) сыходзіць каранямі ў далёкую старажытнасць. У беларускім фальклоры гэты вобраз — увасабленне зімы: холаду, цемры, сцюжы. Як і любая прыродная з’ява, Мароз — не добры і не злы па сваёй сутнасці. З аднаго боку, ён увасабляе пякучы холад, цемру, смерць (ці «мёртвы» сон) прыроды. З іншага — ён мосціць масты на рэках, адкрывае шляхі праз азёры і балоты, прыбірае мух, камароў і іншую жамяру, дае магчымасць адпачыць ад палявых прац. І, каб задобрыць Мароза, яго клікалі на куццю: перад пачаткам святочнай вячэры гаспадар кідаў у акно ці расчыненыя дзверы лыжку рытуальнай кашы і клікаў: «Мароз, Мароз, хадзі куццю (кісель) есці!».

Уяўленні пра яго менавіта як пра дзеда звязаны з пашыраным на Беларусі культам продкаў. Пра гэта сведчыць абрад абыходу двароў на Каляды маскамі. Сярод гурта калядоўшчыкаў прысутнічаў грозны і маўклівы персанаж у берасцяной масцы — найстарэйшы продак. Яго так і звалі — Дзед. І галоўным падарункам было яго бласлаўленне сям’і на жыццё: каб усе чальцы перажылі зіму, каб быў новы багаты ўраджай і прыплод у свойскай жывёлы. Атрымаўшы такое бласлаўленне, гаспадары мусілі аддзячыць маскам і Дзеду, інакш продкі маглі і пакрыўдзіцца ды перастаць спрыяць ва ўсіх справах.

Зюзя

Лакальны беларускі (месцамі вядомы і на Украінскім Палессі) міфічны персанаж. Шмат хто сёння лічыць яго «кабінетным» персанажам, прыдуманым Паўлам Шпілеўскім.

Мастак: Яўген Кот. Фота: bestiary.us

Згодна з апісаннямі Шпілеўскага, Зюзя — увасабленне зімовай сцюжы і каляндарнага перыяду ад Калядаў (21 снежня) да Веснавога раўнадзенства (22 сакавіка). Яго ўяўляюць лысым дзядком з даўгой барадой і вялікай жалезнай булавой. Ходзіць ён у белым кажуху, але з непакрытай галавой і басанож.

Малюнак Андруся Такінданга

Адам Кіркор атаясамляў Зюзю з падземным богам холаду і цемры Карачуном і прыпісваў яму пакушэнні на жонку Перуна і іх дзіця — маладое сонца. І кожны год нашы продкі з трывогай чакалі, хто пераможа: Сонца ці Зюзя-Карачун. І дапамагалі маладому Сонцу як маглі: палілі вогнішчы, елі рытуальныя стравы, рабілі абыходы двароў.

Якой-небудзь сувязі Зюзі з падарункамі не зафіксавана.

Святы Мікола

Гісторыя гэтага персанажа сыходзіць у ІV ст. і да падарункаў ён мае найбольшае дачыненне. Згодна з хрысціянскімі жыццяпісамі святых, епіскап горада Мір (не, не той, дзе Мірскі замак) раздаў усе свае багацці простым сялянам, удовам, сіротам, і ўвогуле ўсё сваё жыццё дапамагаў ім. Менавіта адсюль традыцыя вешаць шкарпэткі ля каміна пад падарункі. Адно з паданняў пра св. Міколу распавядае наступнае. Даведаўшыся, што ў аднаго беднага селяніна дочкі не могуць пабрацца шлюбам, бо не маюць ніякага пасагу, святы закінуў ім мяшэчкі з золатам у камінную трубу. Падарункі якраз трапілі ў панчохі дзяўчат, што сушыліся каля коміна.

Беларускі ж св. Мікола па дахах не лазіць, у трубы нічога не кідае. Ён больш звязаны з прыродай. Вобраз хрысціянскага святога ва ўяўленнях нашых продкаў арганічна спалучыўся з язычніцкім Вялесам і стаў выконваць тыя ж функцыі. Клапоціцца пра ўраджай і дапамагае руплівым гаспадарам. Даглядае за свойскай жывёлай, абараняе яе ад ваўкоў. Дапамагае бацькам пераборлівай нявесты (калі ўжо зусім гублялі надзею знайсці жаніха, то казалі: «Мікола, Мікола, пашлі хоць якога!»). А таксама лічыўся правадніком душ памерлых у іншы свет.

Малюнак Андруся Такінданга

Паводле фальклору найноўшага часу, адметнасцю беларускага святога з’яўляюцца яго цуды па выратаванні з палону, ад няправільнага суда, а таксама — пакаранні сапраўдных злодзеяў.

А зрэшты — якая розніца, хто пакладзе чаканы падарунак пад елачку ці ў шкарпэтку? Галоўнае — радасць, святочны настрой, цяпло сям’і ці сяброўскага кола. Шчыра жадаю, каб у Новы год мы ўсе змаглі атрымаць той падарунак, якога больш за ўсё прагне сэрца!

Ева Вятрыскіна, budzma.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]