Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

В военном билете Франака Вячорки нет ни даты призыва, ни номера части

20.05.2009 политика

Сотрудники военкомата так спешили отправить молодежного лидера в армию, что забыли правильно оформить его военный билет.

Об этом он пишет в новой части своего дневника на «Белорусских новостях».

8 траўня. Бывае праўда ў вочы коле

Апошнія допісы ў армейскі дзёньнік выклікалі незразумела жорсткую рэакцыю камандавання брыгады. Дасталося ўсім — нашаму камбату, зампаліту, начальніку штаба, старшыню і некаторым афіцэрам. На паабедным разводзе камбат папярэдзіў, што калі я працягну весці дзёньнік — будзе ўзбуджана крымінальная справа. Падобна, ён не жартаваў. Што ж іх магло так зачапіць? Лёс пральнай машыны высьвятліўся. Неўзабаве яна паедзе ў Гомель у падпарадкаваную роту, абуткам для фізкультуры і спартыўных гульняў не забясьпечылі з брыгады. Тут віны нашага камбата няма.

Выклікае мяне начальнік штаба батальёна. Ён трасе «Нашай нівай» с перадавіцай «Хрыстос уваскрос!». «Гэтага тут не павінна быць. Гэта антыдзяржаўныя газеты і яны забаронены». Дык вось што іх вывела з сябе. Я спрабую патлумачыць, што «Народная воля», «Наша ніва», «Новы час» — зарэгістраваныя і афіцыйна распаўсюджваюцца, але безсэнсоўна. Мне аб’явілі чарговае спагнаньне — пазбаўленьне звальненьня, і загадалі прыбраць «антыдзяржаўныя» газеты з пакою для адпачынку і інфармаваньня. «Захоўвай іх у тумбачцы, каб ніхто не бачыў».

Да антыдзяржаўных быў залічаны і часопіс «pARTisan» Атура Клінава. Яго зблыталі з сайтам belaruspartisan.org. Маўляў, назва падобная, значыць тое самае. І ўсёткі цікава, чым кіруюцца вайсковыя ідэолагі, калі вызначаюць, што ёсць добра, а што забаронена. Ім паўсюль бачыцца падвох. Ну вось, хацеў напісаць дзёньнік беларускага салдата, а атрымалася як заўжды ў Беларусі — крымінальная справа.

10 траўня. Шыхтовыя песьні

Салдацкая песьня — асаблівы атрыбут вайсковай службы. Заклікана ўздымаць настрой і баявы дух вайскоўцаў. Не, гэта ня тыя франтавыя песні, з якімі калісьці кідаліся на амбразуру, гэта, хутчэй, як візітоўка кожнай асобнай часьці. Песьні сьпяваюць перад кожным прыёмам ежы — сьняданкам, абедам і вячэрай, а таксама падчас 15-хвіліннай вечаровай прагулкі перад праглядам «Панарамы». Яшчэ на каранціне сказалі, што «ў арміі песьні не сьпяваюць, а гарлаюць, і чым гучней — тым лепш». Там жа нас навучылі адной адзінай песьні «Мы — армия мира», матывам падобнай да гімна Савецкага Саюза. «Мы армия мира, добра и свободы, мы армия — Белой Руси часовой, мы дали присягу на верность народу, на верность республике нашей родной».

У мазырскай часьці гэту песьню ня любяць. Навучылі нас тром іншым, сярод якіх адна беларуская. «Красуйся Беларусь, твой шлях заліты золатам лясным. Ты нарадзілася ў баях, табе пяюць твае сыны» і гэтак далей. Але несумненным гітом ёсць спеў «Войска ПВО». Кажуць, яго напісалі ў далёкім 96-м годзе вайскоўцы нашай брыгады. Чытаецца рэпавым рэчытатывам: «Войска ПВО — это грозная сила, врасплох не застать нас врагу, клянемся отчизне — родной Беларуси, что будем всегда начеку. Не спит оператор, не дремлет локатор, в кабине дежурит расчет, свободное небо отчизне солдат ПВО сбережет. В ученьях, на стрельбах, за пультом куется твое мастерство, вчерашний учитель, колхозник, рабочий — сегодня ты труженик войск ПВО».

Я прынцыпова выконваю толькі беларускамоўную песьню. Прымушаць сьпяваць мяне не сталі. Я прапанаваў папоўніць рэпертуар беларускімі маршавымі сьпевамі. «Надта многа вучыць і без тваіх сьпеваў», — адазваліся салдаты.

13 траўня. Як гартуецца дысцыпліна

Са старэйшымі па званьню лепш не спрачайцеся, будь то сяржант, ці нават падпалкоўнік. Вы ўсё адно не маеце рацыі. Салдат — апошняе звяно ў армейскай вертыкалі ўлады, і так, ці інакш жаўнер апынецца крайнім. А спосабаў, каб вас пакараць, няхай сабе і ні за што, дастаткова. Аб’явяць вымову, пазбавяць звальненьня, паставяць у пазачарговы нарад, ці адправяць на гаўптвахту. Апошняе прымяняецца ў вельмі асаблівых выпадках, калі трэба паставіць на месца зусім зацятых бунтаўшчыкоў.

Мне аб’явілі два нарады па за чаргой — за неналежны парадак на рабочым месцы. Гэтак вырашыў начальнік штаба. Чаму мяне — для ўсіх загадка. Я не дзяжурыў, не працаваў на пазіцыі і ўвогуле ў час «беспарадку» быў у казарме. Ды ці быў беспарадак? Іх лёгіку не патлумачыш. А самае сумнае — не аспрэчыш. У «педагагічных» здольнасьцях асобным афіцэрам можна пазайздросьціць. Калі не ведаеш той ці іншы нарматыў, альбо артыкул статуту — ідзі ў клясу, ці стой ля тумбы і зубры. Пакуль не адкажаш — спаць ня пойдзешь. Пры гэтым заходзіць у клясу і правярае, каб ніхто не задрамаў. Але супраць фізіялёгіі не папрэш, і ў галаву нічога ня лезе. У салдата думка адна — як бы паспаць. Раніцай, нявыспаны і змораны, ідзешь у нарад ці на дзяжурства.

14 траўня. На парадку дня — дзёньнік Франака Вячоркі

Зампаліт і псіхоляг сабралі нечарговую нараду салдатаў. На парадку дня — пляны на выходныя і дзёньнік Франака Вячоркі. За пяць хвілінаў абмеркавалі пляны. Сорак хвілінаў — мае паводзіны. Зноў спрабавалі настроіць салдат супраць мяне. Маўляў, чым далей ён будзе весці дзёньнік, тым горш вам усім будзе. «Салдаты, гэта яскравы прыклад, да чаго прыводзіць свабода слова», — падсумаваў зампаліт, і ўсе пайшлі на вячэру.

15 траўня. Пашуковы батальён

Яшчэ месяц таму нам гаварылі, што прыедуць пашукавікі. Што за яны і навошта прыязджаюць, не ўдакладнялі. Пятнаццаць юнакоў, бальшыня з іх — вайскоўцы тэрміновай службы, пасяліліся на трэццім паверсе ў нашай казарме. Амаль штодня яны выязджаюць у суседнія Калінкавічы на раскопкі. Вайскоўцы вывучаюць вопыт баявых дзеянняў Першай і Другой сусьветных войнаў, раскопваюць верагодныя брацкія магілы і праводзяць перазахаванне людскіх парэшткаў. Трапляюцца і ўнікальныя знаходкі, іх даследуюць і перадаюць у музэй. Кажуць, Беларусь — адзіная постсавецкая краіна, дзе дзейнічае падобнае вайсковае падраздзяленьне. Задача асобнага спецыялізаванага пашуковага батальёна, а ён напрасткі падпарадкаваны Міністэрству абароны, — ушанаваць памяць палеглых і запоўніць прабелы ў вывучэньні войнаў на тэрыторыі нашай краіны.

17 траўня. Турнір па настольным тэнісе

У нас у казарме стаіць настольны тэніс. На дзіва, мы ніколі ў яго не гуляем — то няма шарыка, то часу. У нядзелю згулялі турнір супраць хлапцоў з пашуковага батальёна. Мы перамаглі ўсе адзіночныя партыі, але прайгралі ў парах. І я гуляў, падзяліў трэцяе-чацьвертае месцы. Пераможца — хлопец з камандна-тэхнічнага вузла, атрымаў пазачарговае звальненне.

18 траўня. Армія і здароўе

Я гляджу на свае далоні. За чатыры месяцы службы яны пастарэлі на год дзесяць. Скура ссохлася, агрубела, пакрылася тысячай дробных маршчынак і трэшчынак. Цяпер разумею, чаму пенсійны ўзрост для вайскоўцаў — 45 год, бо ў сорак пяць некаторыя зь іх выглядаюць на ўсе шэсьдзесят — сівыя, з залысінамі, маршчынамі і хрыплым барытонам.

Войска фізічна загартоўвае, і перастаешь зважаць на боль, дыскамфорт, холад ці хваробы. Ты перастаешь гэта ўсё адчуваць. Але фізічная загартоўка патрабуе належнага здароўя. Адсутнасьць сна і вялікія нагрузкі наколькі карысныя, настолькі ж і шкодныя. Які сэнс прызваць чалавека на службу, каб увесь час яго лячыць? Гэтыя нагрузкі я адчуў на сабе. Пачасьціліся галаўныя болі, болі ў сэрцы і стопах. Бывае, боль схопіць, аж цяжка прадыхнуць. Неаднаразова здымалі з нарадаў. Зьвяртаюся да фельдшара ці прапаршчыка. Мераем ціск. Высокі. У сярэднім 170 на 110. Павезлі ў гарадскую паліклініку. Урач памерала ціск, пашкадавала і выпісала чарговы гіпертэнзіўны прэпарат. Я штодня пью пяць розных відаў таблетак. Напісаў рапарт, каб забясьпечылі артапедычнымі вусьцілкамі. Чакаю адказу.

Тут шмат каму трэба нармальнае лячэнне. Ёсць памылковае меркаванне, што ў войску ўсе здаровыя, а каму баліць — ня хоча працаваць і аддаваць доўг радзіме. Таму і ня скардзяцца, пакуль не прыпячэ. Як кажа наш псіхоляг, «салдат лічыцца здаровым, пакуль не зваліцца без прытомнасці і іншыя яго не панясуць». Вось так і прывучаюць людзей трываць.

20 траўня. Непрабачальная памылка

«Таварышы» з ваенкамату так спяшаліся з маім прызывам, што забылі толкам аформіць ваенны білет. Вайскоўцы ламаюць галаву, што рабіць. У білеце няма ні даты майго прызыву, ні нумару часьці, куды мяне накіроўваюць.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2019 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]