Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Танцы ў Курапатах?

26.10.2012 общество
Танцы ў Курапатах?

Усе спахапіліся, ўсе абураюцца.

Ля Курапатаў дабудоўваецца рэстаранна-забаўляльны комплекс “БульбашЪ-хол” -- аграмадны рэстаран, лазня з банкетнай залай, домікі для больш інтымнага адпачынку, дзіцячая пляцоўка. Ужо і рэклама вісіць -- “Хутка адкрыццё”.

Забаўляльны комплекс рыхтуецца адчыніць дзверы побач з тым самым месцам, дзе знаходзяцца безыменныя магілы -- апошні прытулак тых, хто трапіў у жорны савецкай сістэмы і быў растраляны ў Курапацкім лесе. Навіна, якая выклікала сапраўдны шок!

Прычым нават не для ўсіх вестка стала навіной.

Як высвятляецца, яшчэ каля двух месяцаў таму да навуковага кіраўніка мемарыяльнай зоны «Курапаты» і дачкі рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага Маі Кляшторнай завіталі госці, якія прывялі з сабою прадстаўніка інвестара рэстараннага комплексу.

-- Маладзёны хацелі, каб я паставіла свой подпіс на іх праекце -- дала згоду на будаўніцтва іх аб’екта ў ахоўнай зоне, -- расказала Мая Кляшторная газете “Новы час”. -- Зразумела, я нічога не падпісала. А вось Міністэрства культуры ім дало дазвол. Паўтаралі мне ўсё: «А хто зараз ведае пра вашыя Курапаты? Мы пыталіся ў суседзяў, сяброў -- ніхто нічога не ведае!»

Калі на наступны дзень я даведалася, які ж аб’ект дакладна яны збіраюцца адкрыць каля месца масавых расстрэлаў і пахаванняў, то захварэла -- у мяне адняліся ногі, -- расказала жанчына праз слёзы. -- Мы жывыя -- і на нашых вачах такое робіцца!.. Жах! Толькі нядаўна здолела ўстаць з ложка, зараз ужо па хаце хаджу.

Зразумела, што Мая Тодараўна вельмі моцна абураная. Яна тлумачыць журналістам, што цяпер толькі прэзідэнт можа спыніць гэтую будоўлю.

Абураны і лідар партыі КХП--БНФ, чалавек, які фактычна адкрыў беларусам праўду пра Курапаты, -- Зянон Пазьняк.

-- У краіне, дзе ўлада праводзіць антыбеларускую палітыку, гэта не можа быць выпадковасцю -- гэта сістэматычная праява антыбеларускай палітыкі, праяўленне этнацыду. На жаль, гэта не адзінкавы выпадак: за апошнія дзесяць гадоў было некалькі спробаў знішчыць Курапаты. Самая скандальная спроба, калі ў 2001 годзе будавалі аўтастраду, у 2002 годзе зрабілі адвод вады пад крыж, выкапалі 40-метровую траншэю і хацелі зрабіць вадасцёкі. І тады пад крыжам у Курапатах было балота і твань, сябры КХП--БНФ прыйшлі з рыдлёўкамі і за адзін дзень засыпалі гэты роў. У 2006 годзе быў запраектаваны “Горад Сонца” каля самых Курапатаў -- гэта быў бы комплекс для заможных людзей, прадугледжвалася пабудова катэджаў. З цяжкасцю ўдалося гэтага пазбегнуць. Трэба адзначыць, што грамадскасць, якая бараніла Курапаты, здолела дамагчыся таго, што была створана ахоўная зона вакол. Мала таго, што Курапаты прызнаны помнікам, але існуе зона, дзе нельга нічога будаваць і рабіць. І ёсць зона рэгуляванай забудовы, дзе можна будаваць не вышэй за адзін-два паверхі, але не вызначана, якія функцыі мусяць быць у гэтых будынкаў. Акурат гэта і выкарыстаў рэжым, там пачынаюць будаваць аб’екты, якія супярэчаць мемарыяльнай памяці, павазе да народа і гісторыі. Справа цёмная, што там пабудуюць, -- магчыма, і патаемны бардэль. Хаця ў краіне прастытуцыя пад забаронай. Больш за тое, гэты рэстаран у праектнай дакументацыі называецца “БульбашЪ” з цвёрдым знакам -- гэта ў першую чаргу праява ксенафобіі і нацыянальнай нянавісці на бытавым узроўні. Гэта знявага нацыянальнага гонару. Толькі за адну такую назву трэба падаваць у суд. Але пабудова гэтага комплексу -- толькі пачатак, плануецца рэалізацыя яшчэ аднаго праекта гандлёвага цэнтра, гэта чарговая знявага нацыянальнай святыні.

Нагадаю, што менавіта з артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты -- дарога смерці» мы ўпершыню даведаліся праўду пра гэтае месца массавых расстрэлаў. Улады з памяці людской нават слова такое спрабавалі знішчыць, і назва “Курапаты” наўпрост знікла з усіх карт. Урочышча афіцыйна назвалі “Брод”: каб ніхто і не шукаў, і не меў надзеі знайсці гэтыя калектыўныя магілы. Але знайшлі. Ведаем. Помнім. Схіляем галовы.

Сам Зянона Пазьняк даўно жыве за межамі Беларусі, але Курапаты асабліва апякаюцца сябрамі ягонай партыі КХП--БНФ. І калі не кожны тыдзень, то кожны месяц дакладна мы, у газеце, атрымлівалі прэс-рэлізы, справаздачы, паведамленні ад КХП--БНФ і розных іншых суполак пра тое, што ў Курапатах адбылася чарговая талака. Прыбралі смецце, ўшанавалі памяць, аднавілі крыжы... Пісалі і пра праблемы -- пра вандалаў, пра бамжоў, пра міліцыю, якая не жадае ахоўваць мемарыял. Але як жа атрымалася, што ніхто не бачыў рэальную будоўлю побач з крыжамі?

Зянон Пазьняк адтуль, з Амерыкі, сёння дэманструе сваю дасведчанасць і папярэджвае пра тое, што ёсць і новыя жадаючыя танчыць канкан на магілах, што ёсць і іншыя праекты. Яму баліць тэма Курапатаў, яму баліць Беларусь, ён адгукаецца артыкуламі і заявамі на самыя розныя падзеі беларускага жыцця, але не было ніякіх заяў Пазьняка наконт гэтых будоўляў. Ён усё ведае, усё прадбачыў, ён трымае руку на пульсе… Але…

Два месяцы таму да Маі Кляшторнай прыйшлі за подпісам на дазволе будаваць рэстаран. Чаму яна анямела? Чаму не здолела зрабіць хоць бы адзін тэлефонны званок -- ці ў незалежную газету, ці сваім аднадумцам з партыі?

Калі меркаваць па назвах, то ў нас нямала грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, якія вывучаюць гісторыю, рэпрэсіі, шукаюць дакументы, спісы, архівы, сведчанні, рапартуюць, што працуюць дзеля захавання памяці… Цяпер паўстае пытанне: чаму ніхто своечасова не звярнуў увагу на тое, што не трэба было шукаць, што відаць няўзброеным вокам?

Не сумняваюся, у гэтыя дні ўжо не адзін аўтар сядзіць ля камп’ютара і рыхтуе чарговы артыкул да трагічнага юбілею. Піша з болем, з абурэннем пра тое, як 75 гадоў таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, былі расстраляны больш як сто беларускіх пісьменнікаў, навукоўцаў, святароў… Што ў тую страшную ноч знішчылі лепшых, знішчылі гонар Беларусі. Што, магчыма, там, у Курапатах, яны і знайшлі свой апошні прытулак.

Пісаць артыкулы -- гэта правільна, страшныя даты сваёй гісторыі народ павінен ведаць і помніць. Але ніхто, ніколі, ні разу не прапаноўваў нам артыкул у рубрыку “SOS!” пра тое, што ў Курапатах пачалося маштабнае будаўніцтва.

Цяпер усе спахапіліся, заварушыліся. З’явіліся рэзкія інтэрв’ю, правільныя заявы, подпісы пад зваротам пратэсту збіраюцца. Але там ужо будыніны паўсталі, дарожкі ды клумбы парадкуюцца. А значыць, цяпер трэба ўжываць бязлітаснае слова -- “позна”!

Нехта прызнаецца, што бачыў будоўлю, толькі і падумаць не мог, што гэта будзе забаўляльны комплекс. Нехта разгублена тлумачыць, што ў Курапаты заходзіў не з таго боку, а што за праца там, далей, ідзе, і не здагадваўся. Асабіста ў мяне таксама ёсць апраўданне: я ў той частцы Мінска амаль ніколі не бываю, у мяне там ні сваякоў, ні сяброў. А паколькі не было вестак, што ў Курапатах адбываецца нешта надзвычайнае, то і мне як журналісту не было нагоды туды ехаць…

Ва ўсіх ёсць і будуць апраўданні. Але як жа так атрымалася? І што зараз рабіць?

Святлана Калінкіна, "Народная воля"

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]